У нядзелю 30 верасня у вёсцы Залессе, што ў Кобрынскім раёне, адбыўся фестываль аўтэнтычнага фальклору «Вераснёвым днём у рэўню». Спецыяльным госцем мерапрыемства стаў народны майстар Мікалай Тарасюк, які праславіўся сваімі драўлянымі кампазіцыямі «на злобу дня».
Фэст адбыўся ў другі раз пры падтрымцы нямецкага фонда «Памяць, адказнасць і будучыня» у межах праекта «Вёска, якая не павінна згінуць».
Удзел у мерапрыемстве прынялі каля 100 чалавек. Усе яны змясціліся на падворку аднаго з дамоў вёскі Залессе. Для мясцовых жыхароў спявалі і танчылі ансамблі з Маларытчыны, Кобрыншчыны і Бярозаўшчыны, а таксама фальклорны калектыў «Жэмэрва» з Бельска-Падляскага (Польшча). Цікавасць да фальклорнага свята выказалі і маладыя вандроўнікі з Нямеччыны, якія прыехалі пазнаёміцца з краінай і скарысталіся магчымасцю наведаць такое каларытнае мерапрыемства.
На фестывалі таксама працавалі выставы творчасці народных майстроў. Шырока вядомы Мікалай Тарасюк прадставіў свае кампазіцыі з драўляных фігурак. Майстар ахвотна распавядаў пра сябе і сваю творчасць, тлумачыў, які сэнс ён укладвае ў свае працы.
Дэманстравала рэдкі для Беларусі від творчасці — жывапіс па шкле — народны майстар з Пружан Марыя Кулецкая.
Наступным пунктам на культурным шляху наведвальнікаў фэсту стала выстава-кірмаш разьбяра па дрэве Вячаслава Дароцька з Кобрыншчыны. Яго драўляныя лыжкі і фігуркі ласёў асабліва прываблівалі замежных гасцей, якія адразу ж і набылі сабе сувеніры.
На сцянах хаты арганізатары зладзілі выставу жывапісу польскіх і беларускіх мастакоў «Ваколіцы і людзі вёскі Залессе».
Пасля агляду экспазіцый і знаёмства з удзельнікамі фэсту фальклорныя калектывы зладзілі карагод вакол вёскі. У нацыянальным убранні яны крочылі па вёсцы і спявалі песні. Згодна са старадаўняй традыцыяй карагод вітаў танцам кожнага мясцовага жыхара, які выходзіў з хаты паглядзець, хто там ідзе.
Скончыўся фестываль канцэртам, дзе прагучалі абрадавыя і народныя песні розных мясцовасцей Брэстчыны, а таксама польскага Падляшша.
Фабрикация дел, многолетние сроки и ликвидация греко-католической общины — что стоит за кампанией режима Лукашенко…
У Баранавіцкім раёне перад барочнай царквой спілавалі старыя дрэвы. Мясцовыя жыхары не разумеюць, навошта гэта…
В Борисове на аукцион выставили здание бывшей школы №6. Стартовая цена — всего 90 рублей.…
Мінчанка плаціць за камуналку ў тэрмін, але пеня ўсё роўна з’яўляецца. На фоне росту тарыфаў…
У Клімавіцкім раёне будуюць сучасны свінакомплекс з аўтаматызацыяй і ростам вытворчасці. Але разам з амбіцыйнымі…
Оршанский мясокомбинат теряет самостоятельность и сокращает сотрудников. Похожая ситуация уже была в Слуцке — реакция…