Прислать новость
Коллаж БГмедиа

Алесь Бяляцкі: Беларуская мова ад простых вясковых людзей значна багацейшая за нежывыя канструкцыі рускай мовы

29.03.2024 02:16

Наш віхурны час актуалізаваў моўнае пытанне. «Па-беларуску не гавару, але ўсё разумею». Мы папалі ў тупік ці будзе дух — знойдзецца і слова?

На Бацькаўшчыне роднае слова цяпер прыглушанае з-за асцярогі, што праз яго можна апынуцца пад увагай сілавікоў. А эмігрантаў стрымлівае звужэнне магчымасцяў ужытку мовы. Дык што – тупік? Досвед нашых славутых сучаснікаў і папярэднікаў сведчыць пра іншае.

Так, асяродак рускамоўны, але ж гены беларускія!

Тут можна прывесці шмат розных прыкладаў, але згадаем адзін толькі сюжэт. Што праўда, ён знітоўвае адразу некалькі эпох і выбітных асоб.

Мінск, Траецкае прадмесце, Музей Багдановіча. Над яго экспазіцыяй пашчыравала шмат рупліўцаў беларускай літаратуры і гісторыі. Аднак найбольшы ўнёсак належыць хіба Алесю Бяляцкаму, які кіраваў установай дзясятак гадоў на самым пачатку яе стварэння.

Музей Максима Богдановича в Минске
У адным з самых прыгожых месцаў у Мінску – Траецкім прадмесці – размясціўся музей, прысвечаны жыццю і творчасці паэта, які амаль ўсё жыццё пражыў удалечыні ад Бацькаўшчыны, але ўсе творы якога былі прасякнуты любоўю да сваёй Радзімы. Фото: bagdanovich.museum.by.

Пра тое шмат хто ведае, але ці спрабавалі вы праводзіць паралелі паміж беларускім набеліянтам і геніем нашае паэзіі менавіта з моўнага гледзішча?

Іх падзяляе амаль век, але колькі падабенства абставінаў і дзеянняў, учынкаў!

Максім хоць і нарадзіўся ў Мінску, аднак рос і вучыўся ў Яраслаўлі і Ніжнім Ноўгарадзе. А вось радзіма Алеся – паўночна-заходні ўскраек Расіі, Карэлія. То бок, абодва зведалі моцны ўплыў рускамоўнага асяродку. Аднак генная памяць бацькоў-беларусаў не спала.

Максим Богданович
Малады Максім – Максім Багдановіч, фотаздымак 1910-1911 г.г., крыніца – Вікіпедыя.

У Багдановіча яна сілкавалася найперш праз кніжкі, бо тата меў выдатную бібліятэку, у тым ліку і беларускія выданні. А яшчэ адбіваўся лад жыцця: гаспадары дома, іхныя госці з эмігранцкага асяродку часцяком карысталіся беларускімі прымаўкамі, расказвалі народныя казкі, адзначалі святы па-беларуску…

Чытайце таксама: «Хочацца, каб мы скарылі ўвесь Беласток сваімі строямі». Ці складана вышыць традыцыйную кашулю сваімі рукамі

Што да Бяляцкага, то яшчэ да школы сям’я вярнулася на родную Гомельшчыну, атабарыліся ў Светлагорску. Але ж і тут панавала зусім не родная мова. Аднак яе плынь была бліжэй: сваякі бацькоў жылі ў вёсцы, і калі Алесь прыязджаў туды гасцяваць, то апынаўся ў зусім іншым свеце:

«Там не проста гаварылі па-беларуску, там гаварылі танальна, павышаючы ці паніжаючы тон голасу ў канцы ці напачатку фразаў. Гэта было чыста эстэтычнае захапленне ад беларускай мовы. І таму пазней ніколі не ўспрымаў тое, што чуў часам пра яе: грубая, маўляў, немілагучная, неразвітая. Ды поўная лухта! Беларуская мова, якую я чуў ад простых вясковых людзей, была прыгожая, метафарычная, значна багацейшая за квадратныя, бедныя, нежывыя канструкцыі рускай мовы, на якой размаўлялі ў горадзе перавучаныя беларусы».

Алесь Беляцки
Алесь Бяляцкі. крыніца – Вікіпедыя

«Па-беларуску не гавару, але ўсё разумею»

Амаль гэткія самыя пачуцці адчуваў Багдановіч, калі ўрэшце прыехаў пасля расійскай гімназіі ў Вільню, а адтуль на запрашэнне братоў Луцкевічаў у фальварак Ракуцёўшчына пад Маладзечна, дзе пражыў лета. Пабачыў беларускія краявіды, пазнаёміўся з тамтэйшымі вяскоўцамі, іх побытам, пачуў жывую народную гаворку.

Гэты яго перыяд – вельмі важны ўрок для нас, цяперашніх.

Хто не чуў такое прызнанне: «Па-беларуску не гавару, але ўсё разумею!». Дык вось Максім на момант свайго прыезду ў Беларусь хоць і быў прызнаным у нацыянальным асяродку паэтам, які з падтрымкі Купалы шмат друкаваўся ў «Нашай Ніве», аднак гаварыць не мог. Ён вучыўся размаўляць на роднай мове ўжо ў 20-гадовым узросце!

Дырэктар музею спадар Бяляцкі тлумачыў: гэтак нават праз вельмі доўгі час змушанага стрымлівання Асоба расшыфравала закладзены ў яе прыродай нацыянальны, беларускі код. Але ў выпадку Багдановіча вельмі важна, што і ў Расіі па-беларуску ён думаў.

Фактычна Алесь рабіў тую выснову, бо абапіраўся і на свой уласны досвед: таксама прынцыпова загаварыў на роднай мове амаль 20-гадовым, калі быў студэнтам. Вучыўся беларускаму гаварэнню фактычна сталым чалавекам. Праўда, у адрозненне ад Максіма, не ў Вільні з яе выразнай беларушчынай, а ў цалкам зрусіфікаваным на той савецкі час Гомелі.

Зараз многім цяжка паверыць, аднак калі Бяляцкі сказаў сваім сябрам-студэнтам, што пераходзіць на матчыну мову, дык яму не паверыў нават трохі старэйшы Анатоль Сыс: «Кінь, не выдурняйся, усё адно ў цябе нічога не атрымаецца!» Але ж адбылося па іншаму. Як і ў Сыса, што праз дзясятак гадоў стане слынным беларускім паэтам.

Будучы набеліянт пазней напіша:

«Вядома, мова была толькі вяршыняй айсберга, пад якой хаваўся значна большы, аб’ёмнейшы кантэкст. Мова была відавочнай, легальнай маркаю, праз якую выразна адчувалася: мы хочам бачыць Беларусь сапраўды беларускай!”

Бачыце, як паўтараецца сітуацыя: Максім на пачатку стагоддзя, Алесь з Анатолем ды іншымі сябрамі-студэнтамі пры яго канцы апынуліся амаль у адной моўнай пастцы, але ўсе вырваліся з яе, дзякуючы ўпартай і цяжкай працы над сабой, сваімі ведамі.

Чытаць таксама: Тэст: Напіцца піва і выбраць самы доўгі агурок. Пазнай мясціны па гастранамічных брэндах Беларусі

Багдановіч моўна і літаратурна пачынаў расці на ранняй паэзіі Купалы, Бяляцкі прасякаўся беларускасцю на творчасці Караткевіча, які «паказаў чароўны і таямнічы свет схаванай ад мяне, амаль страчанай радзімы… Праз Караткевіча і захапіўся сваім, родным, нацыянальным – і мовай, і гісторыяй, яшчэ не ведаючы добра ні адной, ні другой, але ўжо глыбока эмацыйна адчуваючы ўсю веліч храма беларушчыны».

Алесь Бяляцкі.  Foto: Stina Stjernkvist

Роднае слова звычайна ідзе за Беларушчынай

Тут дарэчы лёс яшчэ адной яскравай асобы – аўтаркі нацыянальнага гімна «Магутны Божа» Наталлі Арсенневай. Бо яна таксама некалькі гадоў пражыла ў Яраслаўлі і там захапілася творчасцю Багдановіча, шмат у чым менавіта пад яго ўплывам пачала пісаць вершы па-беларуску. Хаця сама – руская, род яе ад Лермантава.

Алесь Бяляцкі не аднойчы згадваў тое вось з якой прычыны.

Калі Максім быў у Вільні, то пазнаёміўся з выбітнымі дзеячамі нацыянальнага адраджэння – баратамі Луцкевічамі, пісьменнікам Ластоўскім, мовазнаўцам Эпімахам-Шыпілам… Волаты беларускага духу моцна натхнілі бліскучага маладога паэта.

Нешта падобнае здарылася і з Арсенневай: яна таксама ўрэшце апынулася ў Вільні, стала вучыцца ў славутай Беларукай гімназіі.

Літаратар Уладзімір Арлоў так тлумачыць адметнасць гэтага перыяду ў жыцці абодвух:

– Тут выпадак, вельмі добра знаёмы нам, сённяшнім, калі найперш выхоўваецца беларушчына, а мова, валоданне ёю нават на самым высокім, віртуозным узроўні ідзе ўжо ўслед за беларускім духам. Тое магутна адбілася на творчым лёсе як Багдановіча, так і Арсенневай.

Што да апошняй, дык яна найяскравы прыклад таго, як можа пераўтварыць моладзь, у тым ліку і нашу цяперашнюю, добрая беларуская адукацыя: Наталлі выкладалі розныя дысцыпліны Адам Станкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч… Невыпадкова з гімназіі таго часу выйшлі Максім Танк, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Валянцін Таўлай, Кастусь Акула, Раман Семашкевіч, Лявон Луцкевіч… Выснова наступная: каб жылі беларуская мова і дух, мы мусім нарэшце стварыць Беларускі нацыянальны ўніверсітэт, правобразам якога і сталася гімназія. Тым больш, высокакваліфікаваных нацыянальных кадраў цяпер за мяжой досыць. Як і моладзі, так і ўжо сталых людзей, што адчуваюць пакліканне роднага слова.

Наталля Арсеннева: аўтарка знакамітага верша, які ледзь не стаў гімнам Беларусі
Наталля Арсеннева: аўтарка знакамітага верша «Магутны Божа». З сярэдзіны 1980-х гадоў творы Наталлі Арсенневай становяцца вядомымі і папулярнымі, асабліва верш «Малітва за Беларусь», які стаў з музыкай Мікалая Равенскага гімнам «Магутны Божа». У 1993 годзе гэтую песню нават прапаноўвалі зрабіць дзяржаўным гімнам.

Ідэя вартая ўвагі грамады. Могуць запярэчыць, напрыклад, што летась у Магілёве ў беларускамоўныя класы запісаліся толькі шасцёра вучняў. Але мы памятаем і тое, што 30 гадоў таму 80 працэнтаў першакласнікаў пайшлі ў класы з выкладаннем на матчынай мове. А далей адкат: адразу рэанімацыя «чырвонага чалавека», зараз – татальны наступ на ўсё нацыянальнае.

З іншага боку, маем досвед суседзяў: у акупаваных расійцамі тэрыторыях Херсонскай і Запарожскай абласцей ці не кожны другі школьнік заявіў пра жаданне вучыцца на ўкраінскай мове – тут найперш уплыў бацькоў. І хто сказаў, што ў нас усё роднае ўрэшце задушаць?

Каб не мелі веры ў Беларушчыну, у беларускае слова Багдановіч і Арсеннева, то мы не мелі б ні «Слуцкіх ткачых», ні «Магутнага Божа».

А каб зняверыўся Бяляцкі, то засталіся б і без дзясятка беларускамоўных кніг самога Алеся, і без музею вялікага нацыянальнага паэта.

Чытайце таксама: Стваральнік бібліятэкі «Камунікат»: «Вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі з успамінамі, біяграфічныя кнігі»

Дарэчы, адкрыўся ён 8 снежня 1991 году. Пад апладысменты паўтары тысячы чалавек у Тэатры оперы і балета старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч абвясціў: вуліца Горкага пераймянуецца ў вуліцу Максіма Багдановіча… Апладысменты, хор выконвае славутую «Пагоню». А на наступны дзень у Белавежскай пушчы моўчкі ляснуў Савецкі Саюз. Хіба маглі тады сучаснікі ўявіць такое?

Па праўдзе – не спадзяваліся. Але ж працавалі на тое!

І размова тут не толькі пра Бяляцкага з паплечнікамі, але і пра Багдановіча, і пра Арсенневу.

Бо ўсіх іх, такіх розных па лёсе і часе, на грунце нацыянальнага, моўнага яднае жывая вера ў беларускае адраджэнне, усвядомленую адраджэнскую місію. Гэтаму ўвесь час нешта замінае: войны, рэпрэсіі, іншыя забурэнні, але, як бачым, сувязь не перарываецца. Зараз эстафету перадалі нам.

 

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.