Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкім супрацоўніцтве, расказаў BGMedia пра свой шлях да беларускасці і перспектывы вырашэння «моўнага пытання».
«Бацькі не пакінулі мне выбару»
— Па вялікім рахунку, у мяне і не было выбару. Я нарадзіўся ў беларускамоўнай сям’і, у беларускамоўным атачэнні, таму для мяне шлях да беларушчыны быў зусім кароткі. Як толькі вылупіў вочы, глянуў на гэты свет – мае бацькі ўжо зрабілі выбар. Так што для мяне ўсё было проста, коратка і гарманічна.
Праўда, па жыцці сустракаліся выклікі. Першы, бадай, самы моцны выклік, калі я стаў студэнтам і трапіў у цалкам рускамоўны асяродак. Тады беларуская мова калола вочы гарадскім, а беларускамоўныя былі «деревенщиной» — не трэндавае, не моднае. І гэта быў сур’ёзны выклік: ты ж не хочаш быць лузерам, асабліва сярод сваіх равеснікаў, таму і ў мяне былі хібы ў гэты час. Але ўсё роўна я прыязджаў дахаты, трапляў у родны асяродак – там заўсёды гаварылі па-беларуску, а вяртаўся ў Мінск – падстройваўся пад студэнтаў, з якімі гулялі ў футбол, хадзілі ў кавярню ды на танцы.
Мова вярнулася ў мой ужытак і стала неад’емнай часткай мяне ўжо ў парламенце, у Вярхоўным Савеце, бо там працавалі іншыя чыннікі. Ты выязджаеш у камандзіроўку ў Сейм Польшчы, чуеш, што дэпутаты размаўляюць не на іспанскай ці нямецкай мове, а на сваёй, тое ж самае і ў нацыянальным сходзе Францыі.
Канешне, твой асяродак вельмі моцна ўплывае на моўныя паводзіны: ці ты робіш нешта з задавальненнем, ці табе трэба з нечым змагацца.
Чытайце далей: Аляксандр Фрыдман. Ці выратуе моўнае пытанне постлукашэнкаўскую Беларусь?
«Лукашэнка – ад пачатку да канца – быў савецкім, тут ён застаўся паслядоўным»
— Вы досыць рана пачалі палітычную кар’еру ў Вярхоўным Савеце. І Лукашэнку ведалі асабіста. Ці спрабаваў нехта беларусізаваць яго?
— Я не думаю, што Лукашэнку нехта спрабаваў падштурхнуць на беларускамоўныя рэйкі. Ён жа сам быў у парламенце (гэта месца татальнай публічнасці), ён таксама меў магчымасць кантактаваць з дэпутатамі з іншых краінаў, але на яго гэта не ўплывала. Лукашэнка – ад пачатку да канца – быў савецкім, і тут ён застаўся паслядоўным.
— Чаму Лукашэнка, таксама выхадзец з вёскі, карыстаецца не беларускай мовай, а трасянкай, якую, відаць, лічыць за рускую? Якія чыннікі паўплывалі на яго?
— Ведаеце, вёскі таксама розныя. Я з Заходняй Беларусі, ён з Усходняй Беларусі. Мне здаецца, у заходніх вёсках паўсюль людзі гаварылі па-беларуску, а вось ва Усходняй Беларусі, куды саветы прыйшлі раней, пагаспадарылі і пакінулі пасля сябе «спадчыну», сітуацыя іншая. Не ўсе беларускія вёскі беларускамоўныя, заходнія — так, але Лукашэнка, наколькі мы ведаем, рос ва Усходняй Беларусі. Ні школа не была беларускамоўнай, ні сям’я – і гэта безумоўна адбілася.
— У вашым палітычным жыцці пераважала беларуская ці руская мова? Як вы выбіралі мову стасункаў?
— Я арыентаваўся на аўдыторыю. У палітыцы так: калі ты хочаш, каб твае мэсэджы, пасланні дайшлі да людзей, то ты мусіш лічыцца з гэтым. Калі я прыходзіў на заводскую прахадную ці на нейкую сустрэчу і да мяне звярталіся па-руску, я адказваў таксама на рускай. Бо заўсёды існуе прыярытэт. Для мяне вельмі важна, каб людзі прынялі дэмакратыю, а не дыктатуру. І калі на рускай мове мне ўдасца лепш давесці ім, што дэмакратыя гэта добра, то я буду гаварыць па-руску. Бо толькі тады, калі большасць беларусаў стануць прыхільнікамі дэмакратыі, у нас адбудуцца дэмакратычныя змены, тады і вернецца беларушчына. Трэба прызнаць, што галоўная роля выбару накірунку развіцця ўсё ж належыць дзяржаўным інстытутам. Мы гэта бачым і па сённяшняй Беларусі: тыя, хто сёння кіруе краінай, праводзяць русіфікацыю Беларусі.
Больш за тое, чалавек з дэмакратычнымі поглядамі значна лепш разумее, навошта патрэбная нацыянальная ідэнтычнасць, навошта мова. Дэмакратыя – добрая глеба для беларушчыны, дыктатура знішчае Беларусь, гэта трэба ўлічваць.
Калі ў Беларусі большасць людзей будуць за дэмакратыю, то яны не будуць за вайну, за дыктатуру, яны не будуць за савецкае мінулае.
Чытайце далей: Кацярына Ваданосава: «Мы жылі ў вельмі камфортным, спакойным свеце — і думалі, што так яно і будзе далей»
«У выгнанні я значна больш карыстаюся беларускай мовай, чым якой іншай»
— Зараз я цалкам перайшоў на беларускую мову. Тыя беларусы, з якімі я камунікую, альбо самі размаўляюць па-беларуску, альбо хочуць размаўляць на беларускай мове. І само знаходжанне за межамі Беларусі таксама накладвае пэўныя абавязкі. Тут я значна больш карыстаюся беларускай мовай, чым якой іншай.
— Што чытаеце з беларускага?
— Папяровыя кнігі я не чытаю, але ў інтэрнэце праглядваю ўсё: з задавальненнем гляджу і «Нашу Ніву», і Радыё Свабода, і Белсат. Усе, праўда, экстрэмісцкія, але жыццё такое.
— Бачна, што часцяком вы прымаеце ў госці сваю ўнучку. Як з ёй размаўляеце?
— З ёй мы пачалі вучыць беларускую мову. У яе ёсць яшчэ магчымасць падвучыць беларускую мову ў садочку. Таму, калі яна прыязджае да мяне, мы развучваем словы: я называю слова па-руску, яна мне гаворыць пераклад.
— На якой мове, дарэчы, вядзецца камунікацыя ў вашай сям’і?
— У бацькоўскай хаце заўсёды на беларускай. У нас гібрыдны варыянт — у залежнасці ад сітуацый. Сын ведае беларускую, але па працы больш карыстаецца рускай.
«Сукамернікаў за дзве гадзіны ўдавалася пераканаць, што патрэбна адна дзяржаўная мова»
— Гісторыя сведчыць, што ніводная дыктатура не існуе вечна. Прыйдзе час, ляснецца і гэты рэжым. Як будзем вырашаць моўнае пытанне?
— У праекце новай канстытуцыі Беларусі моўнае пытанне мы жорстка не прапісвалі, улічваючы ролю рускай мовы ў жыцці краіны сёння.
Але я магу выказаць свой асабісты погляд. Я за тое, каб зафіксаваць у праекце канстытуцыі новай Беларусі, што адзіная дзяржаўная мова – беларуская, і зафіксаваць пераходны перыяд, цягам якога мы пяройдзем да адной дзяржаўнай, беларускай мовы. Я думаю, што так прыйдзецца рабіць, улічваючы сённяшняшнюю сітуацыю, якую можна назваць татальнай русіфікацыяй. Каб не ствараць дадатковыя лініі напружання, трэба вельмі ясна сказаць людзям: за 7—8 гадоў мы падрыхтуем якасныя падручнікі, прафесійныя кадры – за гэты час любы можа вывучыць беларускую мову. Але пераходны перыяд з яснымі правіламі гульні трэба закласці. Перспектыва – адзіная дзяржаўная беларуская мова.
Чытайце далей: Дарадца Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр пра беларусізацыю ў дэмакратычнай Беларусі: «Дзяржаве трэба пачынаць з сябе»
З чаго я зыходжу? Апошні раз я правёў на Акрэсціна 15 сутак, пасля ўвесну – яшчэ 30 сутак. Тады я актыўна абмяркоўваў праект канстытуцыі новай Беларусі са сваімі сукамернікамі. А там, у трохмеснай камеры, сядзела па 16 чалавек. Мы гадзінамі дэбатавалі, у тым ліку, і па моўным пытанні. Да пачатку дыскусіі ўся камера падзялялася на тры опцыі: павінна быць толькі адна, беларуская мова, затым – абавязковае дзвюхмоўе, колькасць прыхільнікаў дзвюхмоўя дасягала ледзь не да паловы камеры. Але пасля завяршэння дыскусіі я не памятаю, каб нехта выступаў за дзвюхмоўе. Людзі станоўча ўспрымаюць варыянт пераходу на адзіную дзяржаўную беларускую мову пасля падрыхтоўчага этапу.
У камеры пераважна сядзелі рускамоўныя людзі, якіх за дзве гадзіны можна было пераканаць. А калі б была магчымасць размаўляць не толькі з сукамернікамі, дык, думаю, гэта магчыма і ў маштабах краіны. Толькі трэба папрацаваць на гэта, канешне.
Ці давайце возьмем нацыянальную сімволіку, якая стала дзяржаўнай. Мы ж не прыйшлі ў парламент і сталі націскаць на ўсе кнопкі. Працяглы час, кропкава, давялося працаваць з дэпутатамі, навукоўцы праводзілі круглыя сталы; калі ты прыводзіш разумныя аргументы, то беларусы ўспрымаюць іх, гэта не тая нацыя, якая становіцца ў позу.
— Вопыт сярэдзіны 90—ых гадоў таксама аказаўся досыць станоўчы: мову не навязвалі, але за яе выкарыстанне рабілі невялікія даплаты.
— Эканамічныя чыннікі моцна працуюць. Зноў жа ўзгадаем Вярхоўны Савет, дзе напачатку адзінкі размаўлялі на беларускай мове: Ніл Гілевіч, Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі, Зянон Пазьняк. А калі заканчвалася ўжо кадэнцыя, то ўсе кіраўнікі камісій падавалі свае даклады па-беларуску. Сапраўды, гэта яшчэ адзін аргумент за тое, што канцэпцыя, якая прапануецца мной, можа спрацаваць.
Чытайце далей: «Я не этнічны беларус, але з беларускасцю ніколі не парываў». Моўнае пытанне Аляксандра Фрыдмана
Даведка. Анатоль Лябедзька нарадзіўся ў вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў школу у 1978 годзе. У 1985 годзе скончыў факультэт гісторыі і французскай мовы Мінскі педагагічны інстытут.
Жанаты, мае сына.
У 1990 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета 12 склікання. Падчас выбараў прэзідэнта 1994 года працаваў у камандзе А. Лукашэнкі. У лістападзе 1996 годзе рэферэндум не прызнаў і пры роспуску Вярхоўнага Савета ў Нацыянальны сход перайсці адмовіўся.
З 2000 па года па 2018 гады — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі
З 2020 года з’яўляецца прадстаўнікам Святланы Ціханоўскай па пытаннях канстытуцыйнай рэформы.
Выехаў з Беларусі ўвосень 2021 года.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: