Categories: Культура

Андрэй Хадановіч: Не плакацца трэба, а рабіць, што можна зрабіць

Варта пазбягаць катэгарычных падзелаў, нібыта і лагічных: «мы – яны», «засталіся – з’ехалі»

– Усе гады існавання прэміі ёй дапамагае польская дзяржава. А беларуская ці не ад пачатку Гедройця ў лепшым выпадку проста ігнаравала гэты працэс. Абсурд? Ёсць у вас нейкі іншы адказ-тлумачэнне, чым звычнае – пра ватэрлінію «свае-чужыя» і «рускі свет»?

– Прэмія Гедройця прыдумлялася Беларускім ПЭНам, незалежным Саюзам пісьменнікаў разам з Польскай амбасадай, Польскім інстытутам у Мінску для падтрымкі нашых незалежных пісьменнікаў і пісьменніц, якія не прыслужваюць рэжыму і не гуляюць па правілах лаяльнай рэжыму літаратуры. Гэта не значыць, што сярод прэтэндэнтаў не было людзей, звязаных на тым ці іншым этапе з чаргінцоўскай камандай, з нейкімі афіцыёзнымі СМІ…

Читайте также: Алесь Лапко: «Не трэба ствараць у Варшаве Зыбiцкую. Трэба супрацоўнiчаць, абменьвацца досведам, гаварыць пра Беларусь»

– Згадаем, напрыклад, Людмілу Рублеўскую…

– Для арганізатараў і журы Гедройця найперш прынцыповая якасць літаратуры. Таму ў адным лонг- ці шорт-лісце разам з кніжкамі незалежных выдавецтваў – «Логвінава», «Галіяфаў» ці пазней «Янушкевіча» – маглі з’явіцца кніжкі, скажам, выдадзеныя ў «Мастацкай літаратуры». Так што крытычнага падзелу на «сваіх-чужых» не мелася. Было нежаданне гуляць па правілах літаратурных «дажынак».

– А што да лініі іншага, афіцыйнага боку? Там адпаведная карэктнасць ёсць?

– Мне здаецца, некаторыя асобы з уладных літаратурных структур, прарэжымных Саюзаў адначасова і хацелі яе мець, і пабойваліся. Вось і знаходзілі часам прычыны для самаадводу.

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч чытае лекцыю ў ЕГУ. Вільня, Літва. 2022 год. Фота: Белсат.

– Няўжо «чаргінцоўскія» літаратары цалкам прагнуліся пад «генеральную лінію»? Хіба здаровы пісьменніцкі сэнс можа спакойна прыняць капітуляцыю перад расійскай культурнай агрэсіяй?

– Сфармулюем так: у кожнага з нас ёсць і будзе свой «страшны суд», незалежна ад таго, вернікі мы ці атэісты. Таму не бяруся судзіць канкрэтныя выбары канкрэтных людзей. Калі фізічна знаходзішся ў бяспецы, ты абавязаны браць на сябе незвычайныя для мірнага часу абавязкі: інфармаваць свет пра тое, што робіцца ў Беларусі, крычаць пра бяспраўнасць і злачынствы, пра тэрор і прыхаваную акупацыю… А тым, хто знаходзяцца ў Беларусі, нават за адно падобнае выказванне давядзецца заплаціць, трапіць пад рэпрэсіі. Таму нікога не асуджаю за маўчанне… Іншая рэч, мне робіцца сорамна і смешна, калі гляджу на людзей, якія пішуць і паводзяцца так, нібыта нічога вакол не адбываецца і ў нас мірныя, бесклапотныя часы. Яны працягваюць жывапісаць буслоў, гульню месяцовага святла на цудоўнай роўнядзі беларускага возера ці рэчкі…

І пры тым іх асабістыя знаёмыя, магчыма, знаходзяцца ў зняволенні. А вось жа робяць выгляд, што нічога не адбываецца – такая сітуацыя для мяне непрымальная. Тут гаворка нават не пра гераізм, а пра звычайны здаровы сэнс. Але разам з тым варта пазбягаць катэгарычных падзелаў, хоць яны знешне такія лёгкія і зручныя: «мы – яны», «тыя, хто засталіся – тыя, хто з’ехалі»… Любы такі разлом, асабліва ў распальванні асабістых крыўдаў, вельмі выгадны варожым беларусам сілам. Таму заклікаю прытомную частку грамадства гэтага пазбягаць.

Наадварот, варта звяртаць увагу, што ёсць людзі, якія і засталіся дзеля таго, каб рабіць даступныя ім рэчы дзеля культуры, Беларусі, дзеля беларусаў і беларусак. Я далёка не ўсё ведаю пра такую дзейнасць – тым лепей, значыць, яна адбываецца ў падполлі. Значыць, пра яе не ведае і прапаганда. Значыць пра яе не ў курсе і карныя органы.

Я веру ў здольнасць нашчадкаў партызан арганізаваць культурную імпрэзу без вонкавых абвестак, з дапамогай «сарафаннага радыё», паведамленняў сярод правераных сяброў, знаёмцаў. Гэта ёсць, і таму спадзяюся: цікавыя творы і цікавыя аўтары з такога працэсу паўстануць. Апроч таго, ніхто не адмяняў праверанае стагоддзямі пісанне ў шуфляду. Не ведаю, што менавіта пісьменнікі і пісьменніцы не публікуюць зараз з прычынаў бяспекі. Але ўпэўнены – неўпрыкмет ствараюцца вельмі цікавыя дакументы нашага часу.

Читайте также: Святлана Курс: «Людзі цягнуцца цяпер да беларускага, як не бачыла ніколі раней»

Не верце, што літаратары – самыя добрыя, эмпатычныя людзі, гэткія анёлы, замешаныя на любові і ўсёдараванні

– Гедройць – гэта лакмусавая паперка на што? На талент аўтара? На сталенне і якасць нашай літаратуры? Ці можна інакш сфармуляваць: у тэорыі мэта прэміі, зразумела, зусім не ранжыроўка аўтараў – найперш, відаць па ўсім, тут падтрымка, папулярызацыя літаратуры менавіта ў цэлым. Ну а ў рэальным супярэчлівым жыцці Гедройць – люстэрка для літаратуры ці подыум для аўтара?

– Для ўсяго. Гедройць ствараўся з разумення недасфармаванасці беларускага кніжнага рынку. З неабходнасці дапамогі нашым пісьменнікам, якія шмат працуюць, але мала ці наагул нікому не цікавыя. Альбо, можа, і цікавыя добрым чытачам, якіх хапае, але няма інстанцый, што пракладваюць масткі іх сустрэч з аўтарамі. Я пра літаратурных агентаў, літаратурныя інстытуты і г.д. Калісьці з’яўленне прэміі Гедройця ў некалькі разоў актывізавала незалежных кніжных выдаўцоў. Некаторыя кніжкі, паводле злых языкоў, наагул пачалі пісацца «пад Гедройця».

А зараз прэмія сведчыць пра рэпрэсаванасць нашай культуры, цяжкасць працы пісьменнікаў і зусім невыноснае быццё выдаўцоў. Шмат каго затрымлівалі, адбіралі ліцэнзіі, зачынялі, змушалі прамым тэкстам да эміграцыі. У выніку маем сёлета антырэкорд кніжак, намінаваных на Гедройця. Іх крышачку болей, чым у лонг-лісце – трошкі больш за дванаццаць. Гэта вельмі мала: раней налічвалі і пад 50 твораў. Але, з іншага боку, можна захапляцца, што нават у такі час паўсталі некалькі адметных кніг, і мы сёлета маем цалкам годны шорт-ліст. Як сябра журы, адказна сведчу: як мінімум тры кнігі вельмі годныя.

– Сакрэт Полішынеля – за прэміяй цягнецца скандальны шлейф. З гэтай прычыны шмат народу, нават выбітных у нашай культуры людзей – напрыклад, спадар Халезін, адхрысціліся ад Гедройця, а некалькі аўтараў адмовіліся надалей удзельнічаць у ім. Налёт жаўцізны не пляміць вобраз беларускага Букера?

– Праблема ў тым, што такіх прэмій у нас вельмі і вельмі мала. А каб узнагародаў было ў разы больш – і прэстыжных, і грашова напоўненых, – то гэтых сварак, зайздрасці і крыўдаў адпаведна паменела б. Але, у прынцыпе, пісьменніцкае асяроддзе, безумоўна, таксічнае. Не даводзіцца сцвярджаць, што літаратары – самыя добрыя, эмпатычныя людзі, гэткія анёлы, створаныя з усёдаравання, шчырага жадання радавацца поспехам калегаў і сяброў.

Мае расчараванні ў нашых творцах пачаліся з першай пары гадоў уручэння Гедройця. Я раптам зразумеў, што для ладнай колькасці ўдзельнікаў беларускага літаратурнага жыцця было б лепей, каб у нас наагул не было Гедройця, чым сітуацыя, калі ён ёсць, але дастаецца не ім. У суседа радасць – значыць у мяне гора… Крышачку карыкатызую сітуацыю, але ёсць такое. З іншага боку, на нашым культурным полі абмежаваная колькасць гульцоў. Каб па-беларуску размаўлялі мільёны, а пісалі тысячы людзей і хаця б сотня ўдзельнічала ў літаратуразнаўстве і ў літаратурнай крытыцы, гэта б дазваляла лепш арганізаваць інстытут незалежнай экспертызы. Зразумела, што ад бяды, ад нястачы рэсурсаў робіцца сітуацыя, калі тыя самыя людзі ў адны гады ўдзельнічаюць у літаратурных прэміях, а ў другія абмяркоўваюць сваіх калегаў.

І нават чыста тэарэтычна складана выключыць момант вось такіх развагаў: калі летась я нічога не атрымаў, пазалетась таксама, то чаму сёлета мушу шчыра дапамагаць ёй ці яму? У ідэале, канечне, сябры журы не павінны былі б прэтэндаваць на ўдзел у прэміі як аўтары. Так менавіта і арганізавана справа ў краінах з большым рынкам, з большай колькасцю аўтараў. Мне здаралася працаваць у міжнародным журы Прэміі Віславы Шымборскай у Польшчы, дык там бы моцна здзівіліся, каб нядаўняга сябру журы ў іншы год намінавалі на гэтую ўзнагароду. Але, так бы мовіць, калі вёска маленькая, інакш ставішся да шлюбаў дваюрадных і траюрадных сваякоў.

Андрэй Хадановіч. Фотаздымак з Facebook.

Як аб’ект настальгіі Беларусь на адлегласці выглядае сімпатычна, але не ідэалізуйце ранейшае!

– Выцісканне з Бацькаўшчыны, змушаная эміграцыя ўплываюць на творчасць вашых сяброў, знаёмцаў? Заўважаеце змену іх светапогляду, а мо й духоўны крызіс? Ці ўсім па плячу выстаяць, як, скажам, Чэслаў Мілаш? Вы неяк сказалі: «Ён быў бы грамадзянінам розных краін». А мы?

– Канечне, усе мы ахвяры гэтага працэсу, але пазіцыя ахвяры ўпадніцкая і дэструктыўная. Калі мы апынаемся ў новых месцах, то і паўстаюць новыя выклікі. Можна замкнуцца ў чатырох сценах і наракаць на долю, можна казаць пра адлучэнне чытачоў, але калі нядаўна пачуў ад калегі скаргу, што вакол чужая мова, то… Людцы добрыя, я разумею – Беларусь на адлегласці выглядае сімпатычна як аб’ект настальгіі, але не ідэалізуйце ранейшае! Мы і дома ў найлепшыя, самыя вегетарыянскія часы не чулі, так каб хорам усе навокал размаўлялі па-беларуску – моцна трэба было шукаць гэткіх асяродкаў.

А цяпер беларуская мова пачынае часцей гучаць менавіта тут, за мяжой, сярод соцень тысяч, а некаторыя нават пра мільён і болей беларусаў гавораць… Гэта найбольш актыўная і неабыякавая да беларускіх спраў частка грамадства. На вуліцах Кракава ці Беластока, Гданьска ці Варшавы або Вільні і Батумі бачу сваіх і чую сваю мову. Нават часцей, чым гэта адбывалася некалі ў Мінску. Гэта адзін аспект. А вось і другі. Кожны з нас несучы сваю культуру робіць гэта дзеля Беларусі, аптымістычна трымаючы на мэце сваё вяртанне. З уласнымі вершамі, з уласнымі перакладамі, песнямі, карцінамі, тэатральнымі пастаноўкамі, фільмамі, операмі і гэтак далей. Але ж ніхто не адмяняў кантакты з тым асяроддзем, сярод якога мы апынаемся.

Здаецца, Валянцін Акудовіч калісьці напісаў: чытаю творы беларускіх эмігрантаў і, можа быць, за выключэннем Янкі Юхнаўца, не бачу ўплыву новых гарадоў і мастацкіх адкрыццяў – тых Нью-Ёркаў, тых Парыжаў, тых Берлінаў на іх саміх й іхную ўласную творчасць… Найгоршае, што можа быць, – гэта спыніць час на моманце, калі ты з’язджаў, і замкнуцца ў самаразвіцці. Не, безумоўна, трэба вучыць мовы краін, дзе мы апынуліся, сустракацца з творцамі, цікавіцца мясцовай культурай у гарадах, дзе мы ёсць. Трэба падглядаць, падслухоўваць, вучыцца – выцягваць усё найлепшае з гэтых кантактаў. Безумоўна, робячы гэта дзеля сваёй мовы, сваёй культуры, іх мадэрнізацыі. А проста плакаць можна доўга, аднак гэта бясплённа.

Читайте также: Уладзімір Арлоў: Палітыка без культуры ператвараецца ў цынічны прагматызм

Варта не проста сфармаваць бібліятэчку прэміі, а давыдаць у яе лепшае і тое, што апынулася недаацэненым

– Вы маеце польскую прэмію Ежы Гедройця, якую ўручае польская газета «Rzeczpospolita». Ну а калі возьмеце Гедройця беларускага? Няма планаў праверыць свае сілы ў прозе? Ці сканцэнтравацца на эсэістыцы, сабраць ужо напісанае, дадаць нешта і выдаць асобнай кнігай у дадатак да паэтычных зборнікаў?

– Прозай займацца не збіраюся, але не ўпэўнены, што тут чалавек гаспадар становішча. Калі штосьці пачне пісацца, думаю – заўважу і спецыяльна супрацьдзейнічаць гэтаму не стану. А штучна выдумляць сабе занятак, калі няма нейкіх сур’ёзных імпульсаў і патрэбаў, матывацый, таксама не бачу прычынаў. Мяне і так многа ў розных іпастасях і праявах. Апошнія паўтара году шмат часу, напрыклад, забірала падрыхтоўка літаратурных лекцый для ютубу. Ну і пераклады, вядома ж, але ў гэтым якраз не хочацца спыняцца. Не заракаюся і ад вершаў, якія пішуцца і, спадзяюся, будуць далей пісацца.

– Вось каб была бібліятэка прэміі Гедройця з усіх падаваных на яе кніг – а гэта пад паўтысячы найменняў, то хто мог бы стаць ганаровым бібліятэкарам? Хто гэты чалавек, найбольш заангажаваны ў 12-ці гадовы ўжо праект – ці не Андрэй Хадановіч?

– У гэтай ідэі ёсць добрае зерне: няблага сабраць серыю твораў пераможцаў і прызёраў прэміі за розныя гады. І хіба толькі іх? Шорт-лістары, якія часам нават не траплялі ў тройку, але рабілі найлепшае ўражанне. Давайце згадаем “Яна Ялмужну” Антона Францішка Брыля – абсалютна класную прозу, замяшаную на літоўска-беларускай гісторыі, ірландскіх міфах і антычнай паэзіі! Давайце згадаем самую мастацкую, самую не-публіцыстычную кніжку Сяргея Дубаўца «Сіні карабель у блакітным моры плыве». Гэта ж цуд! Можна наракаць, што «Дзеці Аліндаркі» Альгерда Бахарэвіча ў той год не выйгралі… Але прынамсі трапілі ў тройку, а гэтых дзвюх кніг нават там не было. Таму і шорт-лісты маглі б быць гэткімі вехамі адметнага развіцця беларускай прозы. Усё гэта варта перавыдаць.

Будзе рухацца выдавецкая справа, з’явіцца большы попыт – і можна будзе пра такую бібліятэчку падумаць. А хто будзе ўкладальнікам, мяне турбуе ў апошнюю чаргу. Былі б чытачы, якіх бы гэта цікавіла. Дзеля іх, па вялікім рахунку, мы ўсім гэтым і займаемся.

Avtor7

Recent Posts

Брестчанина задержали за комментарии, на границе вернулись автобусные очереди: что произошло в Бресте и области 1 июля

А в Брестской и Гомельской областях продолжается внезапная проверка боеготовности. Подробности этих и других новостей…

4 часа ago

Что снится Лукашенко? Петкевич в ответе за переизбрание, фальшивый сигнал Западу и в доску свой Крутой

Лукашенко возобновляет игру на два фронта: последние кадровые решения показаны как сигнал Западу, но на…

1 день ago

Тэст. Шампіньёны ці пячýрыцы? Апяты ці апéнькі? Як гучаць на беларускай мове назвы вядомых грыбоў беларускага лесу?

Баравікі, абабкі, імшарнікі... Назвы грыбоў мы часцей за ўсе засвойваем ад бабуляў-дзядуляў ці бацькоў разам…

2 дня ago

Не реалполитик: Беларусь за одну неделю лишилась сразу двух «министров иностранных дел»

Последнее заявление министра Алейника. Европа обсуждает стену на границе с Беларусью. Чего хочет Макрон? Координационный…

2 дня ago

«О, цяпер буду табе казаць: забі зяпу!» Як мільёны беларусаў вывучаюць каларытныя выразы дзякуючы блогеру з Гомеля

У Тыктоку Васіля Ядчанкі за мінулы месяц было паўтара мільёны ўнікальных праглядаў, прычым 61% —…

3 дня ago

Что означает флаг Германии и почему у ФРГ и ГДР были свои версии флага? Вспоминаем интересные факты из истории

Комбинация черного, красного и золотого известна со времен Средневековья, а в Германии флаг с такими…

3 дня ago