Таццяна Малашчанка. Фота: https://www.svaboda.org

Беларуска з Баранавічаў: у Расеі мне хацелася супрацьстаяць іхняй пыхлівасці, і мы размаўлялі па-беларуску

21.01.2025 11:02 Таццяна Малашчанка. Архiўнае фота. Источник фото

Таццяну Малашчанка з мужам захапляла і натхняла старэйшая дачка. Яна выбрала навучанне ў класе ў Баранавічах з ухілам на беларускую мову.
Читайте BGmedia в:

Актывiстка з Баранавічаў Таццяна Малашчанка бароніць родную мову на ўласным прыкладзе: уся шматдзетная сям’я — муж і тры дачкі — загаварылі па-беларуску. Пра свой шлях і адносiны да беларускай мовы яна распавяла журналiстам BGmedia.

Алег i Таццяна Малашчанкi. Фота з іх асабістага архіва
Алег i Таццяна Малашчанкi. Фота з іх асабістага архіва

Чытайце таксама: Як лепш: «страхарка» і «бляхарка» ці «страхарыня» і «бляхарыня»? Відэаблогер захапляе моладзь роднай мовай

«Нам вельмі падабалася, што расейцы не разумеюць нашай мовы і пра што мы размаўляем. Мы іх разумелі, а яны нас не»

— Мы пачалі размаўляць па-беларуску, калі вярнуліся ў Баранавічы з Валгаградзкай вобласці Расеі. Гэта быў пачатак 2000-х гадоў. А дагэтуль мы былі звычайнай расейскамоўнай сям’ёй з беларуска-украінскімі каранямі.

— Як вы патрапілі і чым займаліся ў Расеі?

— Мой муж быў авіацыйным тэхнікам-вайскоўцам, яго накіравалі служыць і там жыла ўся нашая сям’я. У нас была дачка і яна нават паспела закончыць пачатковую расейскую школу. Я працавала ў штабе, друкавала рапарты, загады штабістаў і тады пабачыла якія яны непісьменныя! Я выпраўляла памылкі — гэта быў страх. І я тады думала: Божа, якія мы больш адукаваныя за расейцаў. Яны самі не ведаюць сваёй расейскай мовы, не ведаюць як пісаць чытэльна, без памылак і пры гэтым любяць свой «язык» — ажно да шавінізму.

Вось тады мая родная мова мне і адгукнулася, дзесці з глыбіні маёй беларускай сутнасці, калі я апынулася на чужыне — сярод расейцаў, якія не ведалі толкам сваёй мовы. Любяць яны сваё, але яшчэ і ўзносяцца па-над усім. У гэтым яны былі шмат мацнейшыя за нас. І мне хацелася супрацьстаяць гэтай пыхлівасці.

— Гэта было ўвогуле магчыма?

— Гэта былі 90-я гады і тады ў Беларусі адбываліся добрыя змены, выходзіла шмат беларускай літаратуры, газет і часопісаў. Я прывозіла іх з дому і чытала — кнігі па гісторыі Міколы Ермаловіча, Усевалада Ігнатоўскага, іншую добрую літаратуру. «Наша Ніва» тады выходзіла на тарашкевіцы і была вельмі цудоўнай газетай.

І так я наноў вывучала беларускую мову, ведала пра ўсе палітычныя партыі, рухі, пра беларускіх палітыкаў. І ўсё гэта дапамагала зразумець, наколькі мы глыбокія і мацныя ў гэтай нашай нацыянальнай сутнасці, у імкненні да свабоды і незалежнасці.

У тым гарадку, дзе мы жылі — нас, беларусаў, было не шмат. Мы ведалі адзін аднаго і разумелі, што нам трэба гуртавацца, трымацца бліжэй і хоць крыху размаўляць на сваёй мове. Гэта атрымоўвалася і нам вельмі падабалася, што расейцы не разумеюць нашай мовы і пра што мы размаўляем. Мы іх разумелі, а яны нас не.

Як я цяпер разумею, я і тады была ў эміграцыі, і тады прыйшло разуменне, што жыць далей мы будзем у Беларусі і дзяцей выхоўваць па-беларуску. Бо Беларусь была ў мяне і ў душы, і ў сэрцы.

Таццяна Малашчанка. Фота: «Радыё Ўнэт»
Таццяна Малашчанка. Фота: «Радыё Ўнэт»

Чытайце таксама: Думаеце, быць гідам — проста? Давайце праверым, ці сапраўдны вы знаўца Беларусі

«Нас, беларусаў, вельмі мала і мы хаця б акцэнтам мусім адрознівацца»

— Такое пачуццё беларускасці і прага ўсяго роднага не з’яўляюцца на пустым месцы. Адкуль яно ў вас?

— Беларуская мова мая родная і шанаванне ўсяго беларускага ў мяне з маёй сям’і. Я нарадзілася ў Баранавічах, выхоўвалі мяне бабуля з дзядулем — такое было жыцьцё, бо бацькі працавалі — і яны размаўлялі па-беларуску.

Мой тата, нават калі размаўляў па-расейску, то адмыслова з моцным беларускім акцэнтам. Мне гэта было не зразумела, бо я ведала, што ён можа, але чаму тады не размаўляе па-расейску? А ён так казаў: нас, беларусаў, вельмі мала і мы хаця б акцэнтам мусім адрознівацца, бо нічога больш не застаецца.

І мне гэта вельмі запала ў душу: магчыма, гэта і не так прыгожа выглядае, але гэта нас робіць адметнымі. І тата заўсёды выхоўваў нас у духу, што сям’я, родныя карані — гэта каштоўна. Шанаванне сваёй беларускасці, радзіннай спадчыны — гэта ўсё мой тата. Я ацаніла ягоную навуку пазней, калі таты ўжо не было.

У мамы жыццё склалася крыху інакш і ў яе была іншая гісторыя. Яна была выхаваная вельмі моцна зрусіфіікаванай школай у 50-я гады. Хоць таксама беларуска і таксама размаўляе з моцным беларускім акцэнтам.

— То да расейскай мовы вы прызвычаіліся праз маму?

— Не, перапынак у маёй беларускасці пачаўся, як толькі я пайшла ў садок, а затым ў школу. Гэта быў 1974 год і там не было нічога беларускага. Беларускую мову пачыналі вывучаць з 3-й класы як замежную. Многія бацькі вызвалялі сваіх дзяцей ад вывучэння беларускай мовы. Настаўнікі ўвесь час змяняліся і беларускую мову выкладала нават расейка, якая прыехала з цаліны. Яна выкладала так дрэнна, з такім жудасным расейскім акцэнтам, кшталту «чяго», «чяму», што проста слых рэзала. Гэта шмат горшы акцэнт, чым у беларусаў, калі размаўляюць па-расейску.

Не модна, не прэстыжна, не патрэбная беларуская мова — такія пасылы ішлі ў грамадзтва. Таму родная мова і не была часткай нашага жыцця. Былі камуністычная партыя, камсамол — месца беларускай мове ў тым жыцці не было.

Адзінае, дзе было гэтае месца, — у маіх бабуляў і дзядуляў, калі я да іх прыязджала. А яны — мае бабулі і мае цётачкі — вельмі добра размаўлялі па-беларуску. І я не магла зразумець, чаму ў мяне так не атрымоўваецца — я такая ж, як яны, гэта ж мая «кроў».

Толькі шмат пазней я гэта зразумела, дзякуючы правапісу Тарашкевіча. Бо ў школе нас адвучалі ад аўтэнтычнага мяккага беларускага маўлення. «Сьнег», да прыкладу, ці «сьвятло» — яны пісаліся без мяккага знака і, адпаведна, чыталіся, як цвёрдыя — нас навучылі чытаць і прамаўляць з чужым акцэнтам. Гэта была расейская фанетыка, і яна ёсць вялікай шкодай для беларусаў, як носьбітаў беларускай мовы, і для нашай мовы агулам.

Таццяна Малашчанка на вечарыне з нагоды дня нараджэння Паўла Севярынца чытае вытрымкі з ягонай кнігі. Варшава, 2024 год.
Таццяна Малашчанка на вечарыне з нагоды дня нараджэння Паўла Севярынца чытае вытрымкі з ягонай кнігі. Варшава, 2024 год

Чытайце таксама: Беларуская мова як мірная зброя: асабістая гісторыя былога каліноўца, палітыка Аляксандра Клачко

«Многія дзівіліся, што мы прыехалі з Расеі, а размаўлялі па-беларуску»

З вашым досведам, напэўна, не складана было вярнуцца да роднай мовы і размаўляць па-беларуску?

— Нас з мужам захапляла і натхняла нашая старэйшая дачка. Яна выбрала навучанне ў класе з ухілам на беларускую мову, бо поўнасцю беларускамоўнага класу ў Баранавічах тады не было. Яна «беларусізавалася» імгненна, літаральна за месяц. Пазней пайшла ў беларускі ліцэй імя Якуба Коласа, які на той момант быў ужо забаронены, і так атрымала сярэднюю адукацыю ў «партызанскай школе».

Бо я чытала, пісала па-беларуску, але мы з мужам усё роўна заставаліся збольшага расейскамоўнымі. Акрамя таго, мой муж — этнічны ўкраінец. У дзяцінстве ён пераехаў з сям’ёй у Беларусь і так засвойваў у маленстве ўкраінскую і беларускую мовы. І калі мы вярнуліся з Расеі, то не было праблемаў і ў яго з беларускай мовай — ён вельмі прыхільна ставіцца і да беларускай, і да ўкраінскай мовы.

Але, што да размовы, то ў дарослых людзей так жа ж працуе: складаней за ўсё пачаць размаўляць. Ды і з кім было размаўляць, калі беларускамоўных людзей амаль не было.

— І з кім вы размаўлялі па-беларуску, акрамя сям’і?

— У Баранавічах мы адкрылі свой бізнес: у нас была крама — салон водаачысткі. І ўсю дакументацыю мы вялі па-беларуску, абвесткі, расклады — усё гэта было на беларускай мове і размаўлялі мы па-беларуску. Канечне, многія дзівіліся, што мы прыехалі з Расеі, а ў нас усё па-беларуску. У мяне на гэта быў просты адказ: мы беларусы, жывем у Беларусі, то на мове гэтага народу і гэтай краіны і размаўляем. А што вакол нас гэтага не робяць, то гэта не нашыя праблемы і клопаты.

І да таго ж ў нас, у Баранавічах, быў цудоўны асяродак беларускамоўных людзей. Перадусім гэта Таварыства беларускай мовы, грэка-каталіцкая парафія, пазьней іншыя суполкі: мы праводзілі шмат розных імпрэзаў, да нас прыязджалі госці — жыццё віравала.

І вось тады ўсё і пайшло: і размаўляць пачалі, і адчулі, што вось нашае месца, дзе ўсе і ўсё сваё. І мы ў гэтым асяродку разам: я, муж, дзеці. У Баранавічах у нас нарадзілася другая дачка і мы яе выхоўвалі ўжо на беларускай мове.

Калі мы ехалі ў транспарце, яна так лёгка і проста «балбатала» па-беларуску, што ўвесь аўтобус слухаў. А пасля людзі са слязьмі на вачах падыходзілі і дзякавалі за родную мову.

Так мы адбудоўвалі сваё жыццё на радзіме і ўжо па-беларуску. Тое жыццё, якое мы на некаторы час згубілі, і яно, нібыта, было замарожанае і прыпыненае ўнутры нас. Тое, пра што кажуць — на генным узроўні.

Таццяна Малашчанка ў эфіры дзяржТВ. Скрыншот відэа
Таццяна Малашчанка ў эфіры дзяржТВ. Скрыншот відэа

Чытайце таксама: «Паважаюць толькі тых, хто сам сябе паважае»: Ігар Случак пра мову як крытэрый нацыі

«Гэта непаўторнае пачуццё годнасці і ўпэўненасці ў сваіх сілах, нават фізічна чалавек пачуваецца мацней»

— Што змянілася ў вашым жыцці пасля таго, як вашая сям’я стала беларускамоўнай?

— У нас усё зрабілася толькі лепш. Бо чалавек, які не размаўляе на сваёй роднай мове — ён, нібыта, хворы. Ён перажывае нейкую няўпэўненасць, недаацэненасць, слабасць у рэшце рэшт. Бо мусіць падладкоўвацца да чужой моўнай прасторы, каб быць «як усе». А гэты расейскамоўны асяродак — як усе — ён чужы, ён супярэчыць нашай сутнасці, якая ад бабуль і дзядуль ад вякоў ідзе. І калі чалавек вяртаешся ў свой натуральны стан — гэта і ёсць аздараўленне. Гэта непаўторнае пачуццё годнасці і ўпэўненасці ў сваіх сілах, нават фізічна чалавек пачуваецца мацней.

І не толькі ў асабістым жыцці гэта важна. Калі я была намеснікам старшыні Таварыства беларускай мовы, то разам з іншымі бацькамі мы сем гадоў запар адкрывалі ў Баранавічах беларускія класы ў школах і не дзесці там на «задворках», а ў цэнтральных школах горада. Мы патрабавалі і змушалі ўлады працаваць на карысць беларушчыны.

Пазней я і сама двойчы балатавалася на выбарах у мясцовыя органы ўлады, каб мець больш магчымасцяў беларусізаваць наш горад і наш рэгіён, як кажуць, свабодна і безпакарана. Ну, але вядома, як у нас праводзяцца выбары.

— У 2023 годзе вы сталі пераможцай ў напісанні беларускай дыктоўкі у Варшаве з нагоды Дня роднай мовы. Гэта значыць, што і ў эміграцыі вы не пакідаеце беларускую мову і працягваеце грамадзкую дзейнасць?

— Так, і беларуская дыктоўка — гэта толькі маленькі прыклад і духоўнае задавальненне. Я па-ранейшаму застаюся ў супольнасці Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і ў Варшаве. Мы сабралі сродкі і перавыдаём кнігу Паўла Севярынца «Люблю Беларусь». А яшчэ хаджу на беларускія каталіцкія і ўніяцкія службы, хаджу ў беларускія пілігрымкі з парафіяй беларусаў-каталікоў у Варшаве. І так — спяваем, размаўляем па-беларуску, чытаем.

Беларусы ў замежжы ёсць і такія, якія выраслі выключна з пратэстаў і з расейскамоўнага асяродку. Але яны хутка падцягваюцца — цяпер у замежжы сорамна не ведаць беларускую мову. Бо гэта нашыя еднасць, сутнасць і «зброя».

Хто яшчэ не размаўляе па-беларуску — значыць яшчэ трымаюцца за сваё мінулае, за сваё дзяцінства ці маладосць. Гэта звычка, ад якой давядзецца адвыкнуць, як ад летаргічнага сну. Бо на якой мове б яны ні размаўлялі — на польскай, нямецкай, ангельскай — яны ніколі не стануць палякамі, немцамі ці ангельцамі. Гэтае разуменне прыйдзе рана ці позна — тады людзі і вяртаюцца да сваіх каранёў.

Таццяна Малашчанка. Фота з яе асабістага архіва
Таццяна Малашчанка. Фота з яе асабістага архіва

Чытайце таксама: Гультай, пячэнька, граблі. Наколькі добра ты ведаеш беларускую мову? Правер сябе ў займальным тэсце

«Мы — асобны народ і самабытная нацыя з усімі яе атрыбутамі і сымбалямі. Тут і абмяркоўваць няма чаго»

— А тым, хто хоча пачаць размаўляць па-беларуску, але з нейкіх прычынаў гэтага яшчэ не зрабіў, з чаго распачаць?

— Калі пачынаць размаўляць па-беларуску, то трэба разумець, што памылак не пазьбегнуць, як напачатку любой іншай справы, і гэта натуральная з’ява. І калі вас выпраўляюць, успрымайце гэта, як станоўчы момант — адкіньце пыху і вучыцеся. Бо калі не прымаць заўвагаў, то як тады навучыцца? І, калі адразу складана — кажыце на «трасянцы».

І таксама трэба пачаць думаць па-беларуску — дайце прастор роднай мове напачатку ў сваёй галаве — развагах і думках. Гэта добры пачатак, а пазней гэта будзе проста і прыемна.

— Як вы бачыце будучыню беларускай мовы ў Беларусі, гэта можа быць адна дзяржаўная мова?

— Беларуская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай і ніякага іншага варыянту «адрадзіцца» тут няма. Гэта датычыцца дзяржавы і школы. Ніякіх дзвюх ці чатырох дзяржаўных моваў.

Гэта не забарона на выкарыстанне іншых моваў. Але законы і справаводства мусяць быць па-беларуску, а школа павінна быць цалкам беларускамоўная. І тады ніякага «пераходнага перыяду» на гады ня трэба.

Мяне вельмі ўражвала і ўражвае, што беларусы на сваёй радзіме размаўляюць чужой мовай, спяваюць чужыя песні, а прыязджаюць у Беларусь дыпламаты, як швед Стэфан Эрыксан, і пачынаюць размаўляць па-беларуску.

Але я і не асуджаю людзей, якія зараз адкрыта не ідуць супраць сістэмы і не перабудоўваюцца. Бо гэта — спадчына страху, што калі пазначаць сябе па-беларуску, то гэта небяспечна.

Я ведаю гэта па сям’і маёй мамы. Калі яна жыла да пяці гадоў у вёсцы, то яе бацькі не хацелі ісці ў калгас. У іх быў добры дом, але іх выгналі ў нейкі хлеў і яны жылі там разам з жывёлаю, а ў іх доме зрабілі сельсавет. Пазьней, у 1950-я, прыйшлі яшчэ і «раскулачваць» і бабуля схавалася ў стозе сена. А гэтыя бальшавікі віламі калолі гэты стог, каб адшукаць іх маму.

І вось вёска, беларуская мова ў мамы асацыяваліся з тым жахам і страшнай галечай, якая тады прыходзіла ў вёску. Яе беларускасць засталася ў той страшнай вёсцы з тым стогам сена. І тыя беларусы, якія выраслі ў падобных умовах — для іх беларуская мова не была ўжо той асалодаю. Яна была… як у Быкава — «Знак бяды».

Але, калі ў Беларусі ўсё будзе па-беларуску, то ўсе хутка зразумеюць беларускую мову. Так, як калісці хутка засвоілі польскую, калі гэтага вымагалі ўлады, ці пазней расейскую.

Я таксама не люблю, калі кажуць, што Беларусь — гэта мост паміж чымсці там, кшталту, усходам і захадам. Ніякі мы не мост! Мы — асобны народ і самабытная нацыя з усімі яе атрыбутамі і сымбалямі. Тут і абмяркоўваць няма чаго.

Чытайце таксама: Пісьменніца Ева Вежнавец: Наша задача – здабыць праўду з-пад зямлі

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: