“Бязмежжа” ў Беластоку: “…І ўсё менш ува мне мяне, і ўсё больш бязмежжа…”

30.12.2023 19:21 «Бязмежжа». Бардаўскі выступ Уладзіміра Хільмановіча. Фота: Радыё Рацыя. Источник фото

Міжнародны інтэлектуальна-літаратурны фестываль “Бязмежжа” праз трохгадовы змушаны перапынак адбыўся ў сталіцы падляшскай зямлі – Беластоку. Выдатны фінал паэтычнага 2023-га!
Читайте BGmedia в:

Бяссменны рухавік імпрэзы – рэдактар і выдавец Яўген Вапа сабраў у Беластоку некалькі дзясяткаў літаратараў, культурных менеджараў, журналістаў, рэжысёраў, музыкаў, навукоўцаў…

Сярод іх – Міхась Андраюк, Ганна Кандрацюк, Галіна Тварановіч, Юры Плютовіч, Алег Латышонак, Яўген Янчук, Марцін Рэмбач, Мікола Ваўранюк, Кацярына Сянкевіч, Міра Лукша з Падляшша, а з беларускага боку – Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Валянціна Аксак, Андрэй Хадановіч, Таццяна Нядбай, Ціхан Чарнякевіч, Уладзімір Хільмановіч, Марына Шода, Віктар Сямашка ды іншыя.

Бязмежжа мінуўшчыны

Стартавала «Бязмежжа» ў 1996-м. Гэта быў час, які колішняя амбасадарка Эльжбета Смулэк ахарактарызавала так: «Беларусь – малавядомы сусед Польшчы».

Сітуацыя пачала мяняцца ў другой палове 1990-х. І не толькі таму, што Беларусь сталася самастойнай. Аднаго палітычнага чынніка тут мала: куды важней актыўнасць з абодвух бакоў грамадзянскай, культурнай супольнасці, эканамічных кантактаў. У тым ліку і праз літаратурныя, мастацкія высілкі арганізатараў і ўдзельнікаў «Бязмежжа».

– Нам удалося тады ўвайсці не толькі ў літаратурнае асяроддзе Беластоку, але і выйсці з беларускай літаратурай у Польшчу. Мяжа між Падляшшам і той самай Берасцейшчынай ці Гарадзеншчынай насамрэч вельмі ўмоўная, бо Беларусь – бязмежная, у прыватнасці, праз сваю культуру, – лічыць Яўген Вапа.

Читайте также: Включил не ту песню — жди «гостей»: в ресторанах Бреста запрещено исполнять песни Сердючки и еще 86 групп и артистов

На фестывалі было вельмі многа згадак пра тое, як яна развівалася і паглыблялася. Пра выбітных асоб літаратурнага, нацыянальна-культурнага адраджэння расказвалі літаратарка Міра Лукша, прафесарка Галіна Тварановіч, кінадакументаліст Мікола Аўранюк… У аповядах, кінакадрах ажывалі такія постаці, як Сакрат Яноўскі, Надзея Артымовіч, Аляксандр Баршчэўскі, Ян Чыквін…

А якой велічэзнай падзеяй сталася некалі класічная «Антыгона» ў выкананні драматычнага тэатра з Крынак з дапамогай беластоцкіх артыстаў, мясцовых уладаў! Асабліва ўражвала гледачоў незвычайнае ўпляценнне ў класічны твор тэмы польска-беларускага лёсу з яго пасляваенным канфліктам падзелу праз новыя пасляваенныя межы…

Уладзімір Някляеў і Яўген Вапа
Уладзімір Някляеў і Яўген Вапа. Фота: «Радыё Рацыя».

Даўні ўдзельнік «Бязмежжа» Уладзімір Някляеў згадвае тую пастаноўку:

– Яна проста касмічная, грандыёзна-маштабная! Чаго толькі вартая ідэя афармлення, прапанаваная і выкананая славутым падляшскім творцам, слынным беларусам Лёнікам Тарасевічам… І хоць спектакль потым паўтаралі на розных знакавых сцэнах Беластоку, Варшавы, іншых гарадоў, аднак першы паказ быў непаўторным – падзеяй еўрапейскага маштабу. Мы зусім не выпадкова згадваем тое сёння, бо на нашых вачох ізноў драма падзелу людзей і народу праз платы на мяжы, праз выгнанні з Бацькаўшчыны сотняў тысяч беларусаў…

Пралятае апалены вецер
Цераз Крэва, Ашмяны, Смаргонь…
Мая хата стаіць ва ўсім свеце –
Ва ўсім свеце палае агонь.
Як зямля гэты свет яшчэ носіць?
Як трывае ягоны цяжар?
Не касцы поле жытняе косяць –
Поле жытняе косіць пажар.
Косіць неба маланкамі Божа,
І чытаюцца знакі Яго:
«Той, хто выжыве, той пераможа!»
…Але хто
пераможа
каго?

Бязмежжа духа месца

Старшыня беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай:

– «Бязмежжа» – гэта слова, якое надзвычай добра характарызуе сённяшнюю сітуацыю, калі даводзіцца гаварыць не толькі пра межы між дзяржавамі, але пра жорсткі цяперашні падзел беларусаў унутры краіны, пра тое, як суседзі адгароджваюцца ад нас платамі, пра пераадольванне межаў у нас саміх… І тут, на Падляшшы, мы адчуваем: пераслед рэжыму небывала збліжае тых, хто змушана з’ехаў з радзімы, з падляшскімі сябрамі. Тое яднанне, паразуменне нам вельмі патрэбнае… Дарэчы, большасць вершаў маёй кнігі «Сірэны спяваюць джаз» былі ў свой час напісаныя якраз за мяжой: так здарылася, што я 10 гадоў вымушаная была пражыць у Польшчы. Але тыя радкі – хаця фармальна гэта гісторыя кахання – таксама і пра беспрытульнасць, пра імкненне да сваёй краіны і свайго месца ў ёй.

…Затрымалі і адпусцілі без пратакола
Добра, што толькі тры дні, але не штраф
Добра, што не білі
Добра, што штраф, а не суткі
Добра, што суткі, але хаця з матрацам
Добра, што 15 сутак, але не 30
Добра, што не білі
Добра, што 90 сутак, а не крыміналка
Добра, што крыміналка, але не білі
Добра, што 2-3 гады, а не дзясятак
Добра, што ў СІЗА, а не ў калоніі
Добра, што агульны рэжым, а не ўзмоцнены
Добра, што ёсць лісты, хоць і ўзмоцнены
Добра, што ў калоніі, а не ў ПКТ
Добра, што ў ПКТ, а не ў ШЫЗА
Добра, што ў ШЫЗА, але здаровы
Білі, але хаця б здаровы
Добра, што выйшаў, цяпер плануем лячэнне
Яшчэ сядзіць, але хаця б жывы

Разважанні сваёй каляжанкі падзяляе і Уладзімір Арлоў:

– Для выкінутых з Беларусі сёння, на жаль, больш падышла б назва «Замежжа»… Толькі ў выгнанні ўсведамляеш глыбіню сваёй радзімы, таямніцу яе прыцягнення.

Кантэкстуальна з размоваў вынікала: зараз беларускае мовы як і беларускага духу болей менавіта за мяжой. І справа не толькі ў тым, што ў Беластоку, напрыклад, імкліва ўтварылася вялікая дыяспара, якой важна зацвердзіць сваю адметнасць і нават адрознасць ад рускіх і ўкраінцаў менавіта праз моўны аспект. Рэч яшчэ ў тым, што выступоўцы назвалі Падляшша духам месца, у якім мова, культура бацькоў і дзядоў можа дадаць тутэйшым адметнасці і нават прэстыжу. А ў Беларусі з гэтым якраз стала вельмі складана і нават небяспечна.

Читайте также: Ассоциация белорусского бизнеса за рубежом провела рождественский аукцион в поддержку детей политзаключенных

З іншага боку, не варта ідэалізаваць рэчаіснасць: агульная эканамічная сітуацыя падштурхоўвае моладзь Падляшша да пераезду ў багацейшыя рэгіёны Польшчы і Еўропы. А гэта зусім не стымулюе цікавасць да традыцый, культуры, роднай мовы сваіх бацькоў і дзядоў.

Гаспадары фестывальнай пляцоўкі падзякавалі тым беларускім літаратарам і музыкам, якія нядаўна апынуліся ў Падляшшы і пачалі сустракацца з мясцовай моладдзю – гэта Андрэй Хадановіч, Андрусь Такінданг, Уладзімір Арлоў…

Бязмежжа паэтычнага чытання

У юбілейны год Андрэя Сцепанюка – 60! – са спрадвечнай падляшскай культурнасці прыплыла да чытачоў яго новая кніжка «Зямля над белай ракой». Яўген Вапа так выказаўся пра новыя вершы свайго даўняга сябра:

– Хуткасць, шматлікасць і маланкавасць злабадзённых спраў адбірае ў нас ахвоту стаць вока ў вока з выклікамі больш маральна-экзістэнцыяльнага характару. Бо ж цяжар цярпенняў і нагрузкі для душы і сэрца многім здаецца старасвецкім і аджытым у часы камп’ютарных інтэлектаў. Аднак старацца адкрыць і апісаць душу дадзенага народа патрабуе аўтарскага ахвяравання і пакутнага маўчання, каб выбудаваць моц свайго дому з літар…

Аўтар кніжкі пачаў свой выступ на вечарыне якраз з чытання такіх вось сваіх радкоў:

– пабудую табе дом з літар алфавіта нашай мовы
выкіну ўсе ётавыя каб не пагражалі канструкцыі
а ў падмурку выкарыстаю толькі мяккія і шыпячыя
вокны будуць у форме «о» а дзверы вялікага «Н»
у купальні будзеш плаваць пасярод мяккіх знакаў
а на кухню заходзіць разам са знакамі прыпынку
толькі не ведаю як апісаць дзіцячы пакой
у якім будзеш чакаць новага жыцця

Тэма «новага жыцця ў новых умовах» так або інакш закраналася большасцю выступоўцаў. У змушанай блуканкі паміж Беларуссю і Падляшшы Валянціны Аксак хапае прычыныў для песімізму, аднак лейтматывам яе новай кнігі «Уцёкі з Палесься» стаўся загад самой сабе: жыць навырост!

– Любая,
і нават стогадовая вайна,
калісь закончыцца,
а кветкі застануцца, —
казала мама
і спадчынныя клубні
перахоўвала, як скарб,
цераз усе гады
чужынскае навалы…
А хіба я,
Твая дачка,
Змылюся ў гэтым
ланцугу
шляхетнай канцавітасці?

Бязмежжа нашага змагання

Яўген Вапа:

– Нягледзячы на тое, што дэмакратычная Польшча зусім не сённяшняя зрусіфікаваная Беларусь, захаваць беларускі дух Падляшша зусім не простая задача. Як жыд – вечны бадзяга, так беларус – вечны прашальнік. Мы ў 1990-х сабралі 10 тысяч подпісаў, каб прабіць 15-мінутную перадачу на сваёй мове, 30 гадоў патрацілі на тое, каб адкрыць Цэнтр беларускай культуры. Колькі паездак было ў Варшаву – не злічыць, абрыдла цягацца па кабінетах, пераадольваць бюракратычную цягамоціну…

Прафесар Алег Латышонак:

– Так, змаганне за Беларускае – складаная справа. Высілкі часам патрабуюцца неймаверныя: скажам, за беларускі садок тузаліся аж два гады… Аднак жа пакрысе дабіваемся свайго – вось і лёс Цэнтра беларускай культуры нарэшце акрэсліўся: Варшава «за», надціхаюць і мясцовыя палітычныя бітвы. Ёсць надзея, што Цэнтр можа мець фінансаванне. У тым ліку і для літаратараў, на выданне іхных кніжак. Што важна, не будуць адчужаныя і тыя, хто не нарадзіўся, а апынуўся ў Беластоку. Мясцовыя ўлады пачалі звяртаць увагу на дыяспару – напрыклад, зусім нядаўна ўганаравалі Уладзіміра Арлова.

Алег Латышонак
Прафесар Алег Латышонак. Фота: «Радыё Рацыя».

Пра ўвагу да тых дзеячаў беларускіх культуры, што змушана апынуліся ў Польшчы, казаў і кіраўнік «Камунікату» Яраслаў Іванюк:

– Мы за два гады выдалі амаль 30 кніг, і больш за 30 – у рамках выдавецкай кааперацыі! А яшчэ запісваем беларускія аўдыёбукі – больш за 30 таксама. Гэта за 300 гадзін гучання. Пачалі з Аркуша, затым Арлоў, Федарэнка. Апошняе – аўдызацыя акторамі-купалаўцамі пяцікніжжа Святланы Алексіевіч.

Читайте также: «Лукашенко формирует новую беларускую идентичность». Фридман — про «геноцид беларуского народа»

Маем таксама  два кнігазборы, спадзяюся, яны знойдуць месца ў Цэнтры спадара Латышонка – размова пра 15 000 асобнікаў, вялікая бібліятэка.

Андрэй Хадановіч са свайго боку таксама адзначыў важнасць узаемадапамогі:

– Асобна трэба падзякаваць Яраславу Іванюку за падтрымку ўнікальнай серыі “Паэты планеты” – яе новыя зборнікі апошнім часам з’яўляюцца ў Беластоку, бо ў Мінску цяпер такой магчымасці няма…

Бязмежжа памяці і сучаснасці

Ганна Кандрацюк стала сёлета першай аўтаркай з Падляшша, якая ўзяла першае месца ў галоўнай беларускай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Зборнік “У прысценках старога лесу” распавядае пра побыт і лёс жыхароў Белавежскай пушчы па абодва бакі мяжы, яго выдала праграмная рада беластоцкага тыднёвіка “Ніва”.

Яўген Вапа:

– Кніга Ганны – не проста пра духоўную культуру пушчанцаў, гэта наша ўдзячнасць тамтэйшым людзям. Асобны момант – памяць пра землякоў з другога боку, з Камянеччыны. Нягледзячы на цяперашнія абставіны, на тое, што цяпер большасці з нас туды ўезд забаронены, усё роўна жыве ўсведамленне: мы па-ранейшаму родныя, нашыя душы тоесныя…

Ганна Кандрацюк:

– Тая кніга – своеасаблівая спроба архівізацыі памяці дзеля захавання беларускага космасу Падляшша. Хоць памяць, трэба прызнаць чэсна, і не вельмі захавалася нават у маёй роднай Катлоўцы, ці не самай старажытнай у гэтых мясцінах, у самым прыгожым кутку Еўропы… Тым больш важна задакументаваць сведчанні рэальных людзей пра духоўную культуру жыхароў Белавежжа.

Як пішаш пра роднае, пасля тых зялёных падарожжаў дадому, то напісанае атрымліваецца жывым…

– А ці не страшна адной ісці глухой дарогай пешкі 30 кіламетраў?

– Даводзілася падарожнічаць па рознаму, але ні пушчы, ні ваўкоў не баялася.

– Што асабліва ўразіла?

– Шмат чаго. Напрыклад, прападаюць важныя даўнія традыцыі. Ведаю, зараз многія адмоўна ставяцца да праваслаўя. Балючая праблема, шмат дыскусій пра канфесійныя нюансы… Але калі я падыходжу да роднай царквы, то адчуваю метафізіку. Царкоўны хор дае маёй душы спакой… І ён знікае, калі бачу: ужо няма з кім арганізаваць кросны ход на традыцыйным фэсце – не хапае людзей… Ці такое, напрыклад: ва Украіне заўважыла, як муж сядзеў у машыне, а жонка і дзеці тры гадзіны былі ў царкве на задоўгай службе…

Пра ўсё гэта трэба гаварыць і пісаць, прыцягваць увагу да важных момантаў у нашым жыцці. Не баяцца пры гэтым вастрыні праблемаў, мець свой погляд на іх.

Вось, скажам, праўда пра дзеянні атраду Бурага ў мінулую вайну, калі загінула шмат вяскоўцаў – толькі за тое, што беларусы. Для шырокай польскай грамадскасці партызаны – героі, не гледзячы ні на што… Калі пра трагедыю згадалі і пачалі абмяркоўваць уголас, то паехала ў тыя вёскі. І з чым сутыкнулася? Людзі напачатку баяліся гаварыць, засцерагаліся, каб пра іх пісалі ці фатаграфавалі – чакалі, што ізноў могуць прыйсці і спаліць. Маўчалі і многія важныя асобы, хоць у іх тады ні за што паляглі сваякі… Але цуд здарыўся – ахвяр урэшце кананізавалі. І сёлета я напісала эсэ, дзе разбудавала гэтую гісторыю. Пакуль людзі жывыя – можна паасобна ўсе трагедыі запісаць, занатаваць памяць.

І праблем нямала не толькі ў гісторыі. Іх поўна і ў сучаснасці. Ці маем мы права заплюшчваць вочы на тое, што зараз хапае дзяцей, якія не хочуць вывучаць беларускую мову ў Беларускім ліцэі? Я спецыяльна працую з тымі, якія бачаць сябе журналістамі. Гавару з імі па-беларуску, каб паказаць, што гэтай мовай можна нават лепш нешта сказаць, чым па-польску. Дапамагаю ступіць на шлях у беларускасць. Знаёмлю з пушчай праз расповеды пра славутых людзей з Падляшша…

Уладзімір Някляеў:

– Якія мы ні ёсць слабыя, усё ж дух наш мацней за нашае цела. А гісторыя даводзіць: беларусы не слабейшыя ні за каго ў гэтым свеце і адстаяць у ім сябе і сваю зямлю:

Што б ні казалі, ні плялі,
Мы не ў зямлі, а – на зямлі!

Ну і напрыканцы – радкі неаднаразова згаданага на фестывалі Алеся Разанава:

…палову жыцця расту ад зямлі, палову –
расту з зямлёю:
і ўсё менш ува мне мяне, і ўсё больш
бязмежжа…

«Бязмежжа». Пленарнае паседжанне - круглы стол
«Бязмежжа». Пленарнае паседжанне — круглы стол. Фота: «Радыё Рацыя».
«Бязмежжа». Бардаўскі выступ Уладзіміра Хільмановіча
«Бязмежжа». Бардаўскі выступ Уладзіміра Хільмановіча. Фота: «Радыё Рацыя».
«Бязмежжа». Ціхан Чарнякевіч.
«Бязмежжа». Ціхан Чарнякевіч. Фота: «Радыё Рацыя».

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: