«Цэгла — гэта жывы сведка старых часоў». Берасцеец плануе адкрыць музей цэглы

01.10.2017 18:15 У калекцыі Сяргея Грыня больш за 300 асобнікаў цэглы. Ён плануе арганізаваць музей на ўласным падворку. Фота: Вадзім ЯКУБЁНАК. Источник фото

У калекцыі Сяргея Грыня больш за 300 асобнікаў цэглы. Узрост некаторых з іх дасягае 400 гадоў.
Читайте BGmedia в:

Не так даўно берасцеец пачаў збор сродкаў на краўдфандынгавай платформе talaka.org, каб адкрыць музей цэглы. «БГ» пазнаёмілася з калекцыяй і распытала, што будзе ўяўляць сабой музей.

Пакуль экспазіцыю Сяргей Грынь размясціў на ўласным двары. У калекцыі можна знайсці цэглу, якую выраблялі на крэпасным цагляным заводзе, асобнікі з калоніі Варбурга і нават цаглінку з англійскага Ньюкасла.

— Калі ў вас з’явілася цікаваць да цэглы?

— Я пачаў збіраць цэглу каля 3-4 гадоў таму, спачатку як элемент дэкора. Думаў выкарыстаць яе дзесьці пры будаўніцтве сваёй хаты, проста замураваць — хай будзе прыгожая цаглінка. А гады два таму да мяне дайшло, што гэтая цэгла — носьбіт гістарычнай інфармацыі. Хутка Берасце адзначыць тысячу год. Але са старых муроў засталіся толькі руіны Бернардынскага кляштару і вось гэтыя цаглінкі, якія я знаходжу на прыватных падворках. Бывае, ідзеш па Кіеўцы і бачыш, што валяецца цаглінка. Перавярнуў яе, глядзіш, а гэта пальчатка, якой пад 400 гадоў.

Мяне зацікавіла гэтая тэма, я пачаў збіраць цэглу і больш позніх перыядаў, напрыклад, польскага. Таксама ў нас няшмат будынкаў засталося. Кожны дзень іх усё менш і менш, руйнуюць і руйнуюць. Застаюцца, канешне, паперы, фотаздымкі, але цэгла — гэта жывы сведка старых часоў.

Цэгла з надпісам Ramsay, вырабленая пад ангельскім Ньюкаслам (злева), і падробка, якую выпусцілі ва Украіне

— Ці ёсць характарыстыкі, па якіх вы адбіраеце цэглу ў калекцыю?

— Яна павінна быць пазначана нейкім кляймом, надпісам, следам. Гэта можа быць след сабакі, ката, казы. У маёй калекцыі ёсць нават цэгла з адбіткам ножкі дзіцяці. Такая цэгла не лічылася бракам. Раз яе абпалілі, значыць, нармалёва.

Ёсць цэгла з нецэнзурным надпісам, якую я знайшоў у інтэндантскім гарадку. Ёсць цаглінкі, пазначаныя ініціяламі ці прозвішчам вытворцы. Некалькі асобнікаў з надпісамі «Парыж» і «Лондан». Яны, відавочна, былі зроблены не ў Парыжы і не ў Лондане, а хутчэй за ўсё на Валыні ва Украіне. Прычым цікава, што на некаторых цаглінках слова «Лондан» напісана цалкам лацінскімі літарамі, а на некаторых — на сумесі кірыліцы і лацініцы. Не ведаю, з якой мэтай былі зроблены такія адбіткі. Магчыма, гэта быў рэкламны ход.

Асобнікі з надпісамі «Парыж» і «Лондан»

Ёсць у мяне цэгла, якая выраблена ў Ангельшчыне, пад Ньюкаслам. Гэта арыгінал, які быў знойдзены на Камянеччыне. А ёсць падробка пад гэтую цэглу, якую зрабілі на Валыні. Можна пабачыць, што на кляйме больш грубыя літары.

Калі я пачынаў збіраць калекцыю, то імкнуўся збіраць тое, што звязана з Берасцейшчынай, іншыя рэгіёны мяне не моцна цікавілі. Зараз я вырашыў, што ў мяне могуць быць асобнікі, якія звязаны з этнічнымі беларускімі землямі. Але ёсць і цэгла з Львова — я там адпачываў, пазнаёміўся з калекцыянерамі цэглы і вырашыў, што грэх будзе не прывезці штосьці львоўскае.

Цэгла з кляймом БЛК — «Брест-Литовский крепостной завод». Асобнік пазначаны 1867 годам

Сустракаецца і цэгла з датамі. У асноўным гэта БЛК. Гэта значыць, што асобнік зрабілі на «Брест-Литовском крепостном заводе». У мінулым годзе я знайшоў самую старую цэглу з кляймом БЛК. Да гэтага часу ўсе калекцыянеры мелі цэглу, якую выпусцілі не пазней за 1868 год. Мне ў рукі патрапілі тры штукі, пазначаныя 1867 годам.

— Як і дзе вы шукаеце цэглу?

— Міма будоўляў не праходжу. Калі бачу, што штосьці пачынаюць руйнаваць, то абавязкова іду туды і пытаюся ў прараба, ці можна паглядзець цэглу. Некаторыя супраціўляюцца, а некаторая згаджаюцца: «Вы ж шмат не будзеце браць». Не, мне шмат не трэба, колькі ў заплечнік уцягну.

Бывае, што знаёмыя прывозяць. Часам мяняемся. Напрыклад, у мяне ёсць добры знаёмы калекцыянер з Ліды Аляксей Чысцякоў. Ён перыядычна бывае ў Берасці і, калі прыязджае, штосьці прывозіць мне, а я штосьці яму перадаю.

Цэгла з калоніі Варбурга. Будынкі былі драўляныя, але ў іх былі печкі, каміны

— Якія, на ваш погляд, найбольш цікавыя асобнікі ў калекцыі?

— Ёсць цэгла, якую я выцягнуў з правага берага Мухаўца, на ёй можна ўбачыць адбітак рукі чалавека і дзірку. Я не ведаю, што гэта і для чаго выкарыстоўвалася. Магчыма, калі ёсць дзірка, яе хацелі падвешваць.

Мне падабаецца пальчатка. Яна салідная, па вазе адрозніваецца ад іншых цаглінак. Пальчатцы з маёй калекцыі пад 400 гадоў будзе. У Берасці ёсць краязнаўца Анатоль Нікітчык, які займаецца адмыслова пальчаткай. Перыядычна ён прыязджае да меня, фатаграфуе, вымярае, уносіць у каталог. Таксама ўзрост асобнікаў дапамагае вызначаць археолаг з Гародні: я яму скідваю фота, і ён піша, да якога перыяду можа адносіцца знаходка.

На фота паказана, як раней выраблялі цэглу

Значэнне надпісаў на цэгле спрабую знайсці ў расейскіх і польскіх крыніцах. Напрыклад, асобнікаў з літарамі L і AL шмат, але што яны значаць, невядома. Ёсць меркаванне, што гэта Ліберман, яго цагельня была пад Берасцем. Але дакладна невядома.

Часта сустракаецца цэгла з літарамі KG — Казімір Гранцоў. У архівах была яго афіша, дзе напісана, што ён вырабляў і пад якім знакам. Цагельня знаходзілася пад Варшавай.

Ёсць цэгла, якую я выцягнуў з калоніі Варбурга. Будынкі былі драўляныя, але ў іх былі печкі, каміны. Некалькі цаглінак я знайшоў.

— Ці саступае сучасная цэгла ў якасных характарыстыках старой?

— Так, старая была адназначна лепшай. Калі я разбіраў старую хату (яна была пабудавана ў 1917 годзе), то палажыў цэглу са старой печкі на зямлю. Яна праляжала адну зіму, дзве, тры. А сучасная, з якой я хату будаваў, праляжала сезон і пасыпалася.

— Што, акрамя цэглы, ёсць у вашай калекцыі?

— Я збіраю цікавыя кафлю і дахоўку. Напрыклад, у калекцыі можна пабачыць кафлю з зоркай Давіда, яна розных колераў. Таксама ёсць цікавая рамка з Лунінеччыны, у якой выраблялі цэглу. Гэта пачатак ХХ стагоддзя. У ёй можна было зрабіць дзве цаглінкі адначасова.

— Раскажыце пра праект музея. Як ён будзе выглядаць, дзе размесціцца?

— Я планую, што музей размесціцца на маім падвор’і. У мяне ёсць гараж, які я хачу ўзмацніць і паставіць паверх палескую хату. Планую знайсці прыдатны варыянт на Лунінеччыне, там выраблялі хаты з добрага бруса.

Я хачу, каб гэта быў не традыцыйны музей, а месца, дзе можна правесці нейкую вечарыну, майстар-клас. Цэгла зручная тым, што яе можна размясціць уздоўж сцен, а памяшканне застанецца вольным, там можна будзе праводзіць невялічкія камерныя сустрэчы. А пад музеем, у гаражы, можна зрабіць рэтра-майстэрню, дзе будуць дзяліцца вопытам ткачыхі, ганчары, дзеці будуць рабіць нешта самастойна. Магчыма, турыстам будзе цікава вырабіць і абпаліць імянную цагліну. Я думаю, што гэты музей быў бы цікавы для берасцейцаў і турыстаў, тым больш што аналагаў у краіне, па сутнасці, няма. Толькі ў Лідзе выдзялілі невялічкае памяшканне пад цэглу.

Рэч, знойдзеная на правым беразе Мухаўца. На ёй можна ўбачыць адбітак рукі чалавека і дзірку

Не так даўно я пачаў збор сродкаў на краўдфандынгавай платформе talaka.org. Шчыра кажучы, я не тое каб спадзяваўся, што людзі будуць ахвяраваць грошы, бо зараз у многіх цяжкае фінансавае становішча. Але я дэклараваў, што праект будзе, буду шукаць варыянты. Можа, ён будзе даўжэй будавацца, але буду рабіць. Было б цікава адкрыць музей да 1000-годдзя. Паўтары гады яшчэ ёсць.

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.