Уяві: ты прачынаешся раніцай, па звычцы цягнешся па смартфон — а яго няма. Як і разеткі каля ложка. Кававаркі таксама няма. За акном крычыць певень, у хаце пахне дровамі. Віншуем, ты трапіў у беларускую вёску. На календары — 1926 год! І цяпер табе трэба не проста пражыць тут дзень, але і не стаць галоўнай забавай для мясцовых жыхароў.
Звыклыя правілы больш не працуюць. Хочаш піць? Бяры вядро і ідзі да калодзежа. Прагаладаўся? Каша ў печы, толькі паспрабуй дастаць яе, не апёкшыся. А гаспадыня ўжо падрыхтавала для цябе новыя заданні: зрабіць масла, разгладзіць ручнік і спячы хлеб. І ніякіх ШІ, інструкцый на YouTube ці званкоў сябру! Адзіны твой памочнік — чорна-белы кот Барсік. Праўда, ён пакуль больш схільны назіраць за тваімі пакутамі, чым дапамагаць.
Чытаць таксама: Не дранікам адзіным. Ці добра ты ведаеш беларускую кухню? Тэст для гурманаў
Мы падрыхтавалі сем выпрабаванняў з жыцця беларускай вёскі сто гадоў таму. Паспрабуй справіцца з імі і даведайся, кім бы ты стаў у 1926 годзе: бездапаможным дзіцем цывілізацыі, перспектыўным вясковым стажорам ці сапраўднай легендай, якую паважае нават Барсік.
Ну што, гатовы памяняць смартфон на маслабойку? Тады пачынаем!
Шэсць раніцы. Ты прачынаешся ў вясковай хаце. Яшчэ цёмна. Электрычнасці няма. Чым асветліш пакой?
Смартфон не патрэбны. Ты ўжо ўключыў святло па-вясковаму! Лучына — тонкая драўляная трэска, якую запальвалі і замацоўвалі ў спецыяльным трымальніку — лучніку. Так асвятлялі хату яшчэ да шырокага распаўсюджвання газавых лямпаў і электрычнасці.
Гаспадар пасылае цябе па ваду. Каля калодзежа стаіць дзіўная драўляная канструкцыя з доўгай жэрдкай. Што рабіць?
Віншуем! Вада здабытая, суседзі не смяюцца. Калодзежны журавель — гэта доўгая жэрдка на апоры з процівагай. З яе дапамогай можна было апускаць і падымаць вядро з вадой без вялікіх намаганняў. Ніякіх электрычных помпаў — затое працуе без Wi-Fi, падзарадкі і абнаўленняў!
Ты вяртаешся з вадой. У печы стаіць цяжкі гарачы чыгунок з кашай. Як яго бяспечна дастаць?
Каша выратавана! І рукі, што асабліва прыемна, таксама. Ухват — спецыяльная металічная прылада на доўгай драўлянай ручцы, якая дазваляла захопліваць цяжкія чыгункі і перамяшчаць іх у гарачай печы. Без яго прыгатаванне ежы магло ператварыцца ў сапраўдны экстрэмальны спорт.
Пасля сняданку гаспадыня дае табе смятану і драўляную пасудзіну з доўгай ручкай. Кажа: «Збівай!» Што ад цябе хочуць?
Вось так выглядаў фітнес да вынаходніцтва трэнажораў! Маслабойка — драўляная прылада, у якой збівалі вяршкі або смятану, пакуль тлушч не збіраўся ў камячкі масла. Працэс патрабаваў часу, цярпення і нядрэннай фізічнай падрыхтоўкі.
Табе даручылі прывесці ў парадак ільняны ручнік. Праса няма, затое ёсць качалка і драўляная дошка з рэбрамі. Што будзеш рабіць?
Віншуем! Ты толькі што асвоіў прасаванне без электрычнасці! Рубель — драўляная дошка з папярочнымі рэбрамі, якой разгладжвалі бялізну. Тканіну намотвалі на качалку і з націскам пракатвалі па ёй рубелем. Заадно можна было добра падкачаць рукі!
Пад вечар табе даверылі самае адказнае — паставіць хлеб у печ. На чым адправіш бохан у гарачую печ?
Віншуем! Хлеб у печы, а ты пакуль не падсмажыўся. Хлебная лапата — доўгая драўляная прылада з шырокай плоскай часткай. На яе клалі падрыхтаваны бохан і асцярожна адпраўлялі ў гарачую печ. Галоўнае — не пераблытаць хлебную лапату са звычайнай!
Гаспадары клічуць вячэраць і прапануюць табе пачэснае месца на покуці. Дзе сядзеш?

Ты трапіў у беларускую вёску сто гадоў таму — і хутка зразумеў, што без электрычнасці, вадаправода і інтэрнэту жыццё ператвараецца ў суцэльны квэст.
Ваду трэба здабываць, кашу — ратаваць з гарачай печы, а каб атрымаць масла, давядзецца добра папрацаваць рукамі. І дзе тут кнопка, каб усё зрабілася само?
Але гаспадары цябе не пакінуць у бядзе. Навучаць, накормяць і, магчыма, нават давераць якую-небудзь нескладаную справу. Праўда, пад пільным наглядам Барсіка. Ён тут, здаецца, разбіраецца ва ўсім лепш за цябе!

Ты трапіў у беларускую вёску сто гадоў таму — і, здаецца, ужо пачаў асвойвацца ў жыцці без сучасных выгод. Не ўсё атрымліваецца з першага разу, але цяжкасцямі цябе не напалохаць!
Ваду з калодзежа здабудзеш, з гарачым чыгунком неяк разбярэшся, а вось маслабойка ці рубель яшчэ могуць падкінуць сюрпрызаў. Галоўнае — ты не здаешся, нават калі нічога не разумееш!
Гаспадары ўжо бачаць у табе патэнцыял і гатовыя даверыць нескладаную працу. А Барсік хоць і працягвае назіраць за кожным тваім рухам, але ўжо амаль прызнаў цябе сваім.

Ты трапіў у беларускую вёску сто гадоў таму — і прайшоў усе выпрабаванні так, нібы тут нарадзіўся! Ні адсутнасць электрычнасці, ні гарачая печ, ні загадкавыя прылады цябе не збянтэжылі.
Ваду здабудзеш, кашу прыгатуеш, масла саб'еш, хлеб спячэш. З такімі здольнасцямі табе не страшны нават канец цывілізацыі! Здаецца, яшчэ крыху — і суседзі пачнуць прыходзіць да цябе па парады.
Гаспадары ўжо лічаць цябе членам сям'і і запрашаюць на самае пачэснае месца за сталом. А галоўнае — ты заслужыў найвышэйшую ўзнагароду: любоў і павагу Барсіка! Ён цяпер нават дазваляе сябе абдымаць.
Яшчэ па тэме:
Беларускі код»: ад саламянага павука да Vogue — як спадчына выходзіць у свет
«Замоўлянні пад біт»: як беларускі фальклор выйшаў з музея і стаў часткай сучаснай культуры
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: