Добры знак для класнай беларускай кнігі. Як беларуская кнігарня «Кнігаўка» знайшла шлях да еўрапейскага чытача

08.07.2024 01:57 . Источник фото

Беларуская кнігарня «Кнігаўка» заваёўвае еўрапейскіх чытачоў, прапануючы кнігі праз «Амазон». Поспехі продажаў і навінкі 2024 года ад выдавецтва «Янушкевіч».
Читайте BGmedia в:

Адзіная ў Варшаве ды і наагул у еўрапейскім замежжы беларуская кнігарня «Кнігаўка», якая працуе па паўнавартасных правілах, — эксклюзіў-2024 ад выдавецтва «Янушкевіч». Яшчэ адна яго сёлетняя навацыя — арганізацыя продажу праз «Амазон». Такім чынам, адбыўся выхад на шырокую чытацкую аўдыторыю новай эмігранцкай хвалі. Што паказалі рэйтынгі продажаў: якія творы і чаму становяцца хітамі, ці ўдаецца айчынным аўтарам канкураваць з перакладамі папулярных замежных творцаў, як і дзе набыць выдатную кнігу на роднай мове?

Год-паўтары таму беларускае кніжнае поле эміграцыі было амаль незасеяным — дзяржава актыўна паспрыяла выдавецкаму крызісу. Нешта з’яўлялася, але даволі спарадычна. Андрэй Янушкевіч стаў адным з тых першых, хто паспрабаваў выправіць сітуацыю.

Хто перамагае: класікі ці аўтары новых хітоў?

Ужо ў студзені 2023-га ў Польшчы ён прапанаваў чытачам першую кнігу пад маркай новага выдавецтва — раман Эрнеста Хэмінгуэя «І ўзыходзіць сонца», далей — «Чорны абеліск» Эрыха Марыя Рэмарка. Дэбют на новым рынку аказаўся ўдалым: літаратура “загубленага пакалення” выстраліла.

«Чорны абеліск» Эрыха Марыя Рэмарка — дэбют на новым рынку.
«Чорны абеліск» Эрыха Марыя Рэмарка — дэбют на новым рынку. Літаратура “загубленага пакалення” выстраліла. Фота: https://t.me/newknihauka

Не выпадкова і сёння рэйтынг продажаў ачольваюць перакладныя творы, але зараз гэта ўжо кнігі з патэнцыялам новай класікі: безумоўныя сусветныя бестселеры апошняга часу — «Вядзьмар» Анджэя Сапкоўскага і «Валадар Пярсцёнкаў» Джона Толкіна.

Апошняя гучная навінка ў гэтым шэрагу — «Ззянне» Стывена Кінга. Раман, які прынёс аўтару агульнапрызнаную славу. Ён выдадзены ў шыкоўным калекцыйным выглядзе — над афармленнем папрацавала Настасся Пазняк, а пераклад зрабіла Наста Карнацкая.

Першая беларуская кніга Стывена Кінга
Першая беларуская кніга Стывена Кінга — ужо рэальнасць! https://t.me/newknihauka

Яна працуе ў «Кнігаўцы» разам з выдаўцом, Андрэем Янушкевічам. Абодва хвалююцца: як прымуць чытачы гэты раман? Хоць імя, рэпутацыя аўтара маюць вялікае значэнне, але зараз нават папулярнасць жывога класіка зусім не азначае, што чарговы твор аўтаматычна стане хітом.

Сярод іншага, прычына ў тым, што мала-памалу замежны беларускі кніжны рынак насычаецца. І калі раней любая навінка на ім аўтаматычна станавілася падзеяй, то зараз ёсць магчымасць выбару. А па-другое, не ўсе чытачы – фанаты хорару.

Дарэчы, Кінг адмовіўся ад супрацы з расійскімі выдаўцамі. У планах выдавецтва – адзін з апошніх твораў «караля жахаў», якіх няма ў рускамоўным фармаце.

Пісьменнікі-эмігранты набіраюць тэмп

Выдаўцоў цешыць, што ў апошнія паўтары гады ў першай пяцёрцы-дзясятцы рэйтынгу продажаў стабільна трымаюцца менавіта беларускія аўтары. Дома, у Беларусі, раней такога не назіралася. Верхнія радкі займалі традыцыйна перакладныя бестселеры. А цяпер Альгерд Бахарэвіч стаіць нароўні з Маркесам і Хэмінгуэем, Рэмаркам… Тое ж самае можна сказаць пра Еву Вежнавец, Ганну Янкуту, Камілу Цень.

А зараз на трэцюю прыступку рэйтынгу продажаў уварвалася кніга пра гісторыю нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга.

"Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць"
Кніга «Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць» уварвалася ў топ-5 продажаў выдавецтва. Фота: https://t.me/newknihauka

Тлумачэнне Андрэя Янушкевіча кароткае:

– Тут няма чаму дзівіцца – гэта прамы адказ на запыт грамадства. Я адчуў: чытачу патрабуецца «свая», аднак проста лёгкая, займальная кніга, якая захапляе нейтральным абязбольваючым сюжэтам. Тут вельмі пасуе дэтэктыў. А з ім у нашай літаратуры не дужа каб складвалася і раней. У выніку вырашыў выдаць аўтарку, пра якую практычна нічога не ведаў – нават сапраўднага імя, толькі псеўданім – Каміла Цень. Звязваўся, перамаўляўся па электронцы… Я рызыкнуў – чытач ацаніў. Выдатны вынік для ўсіх трох бакоў.

Топ-5 кніжак за май выдавецтва "Янушкевіч"
Ў апошнія паўтары гады ў першай пяцёрцы-дзясятцы рэйтынгу продажаў стабільна трымаюцца менавіта беларускія аўтары. Фота: https://t.me/newknihauka

– Але гэта не супербестселер?

– У нашых умовах прэтэндаваць на такую вышыню прызнання можна толькі з брэндавым імем. Гэта – неверагодна складаны і таямнічы працэс.

Аднак апошнія кнігі Альгерда Бахарэвіча сваім прыкладам даказваюць, што неверагодна запатрабаванай можа апынуцца нават высокаінтэлектуальная, складаная проза.

Дарэчы, Бахарэвіч выдаў зараз прыгодніцкі раман «Капітан Лятучая Рыба» – ён з прыемнасцю чытаецца, навінка якраз пад лета, адпачынак. Лёгкая проза сур’ёзнага аўтара – адно гэта ўжо прываблівае. Выдатнае чытво, як для дарослых, так і для дзяцей.

Прыгодніцкі раман «Капітан Лятучая Рыба» Альгерда Бахарэвіча — навінка якраз пад лета.
Прыгодніцкі раман «Капітан Лятучая Рыба» Альгерда Бахарэвіча — навінка якраз пад лета, адпачынак. Выдатнае чытво як для дарослых, так і для дзяцей. Фота: https://t.me/newknihauka

Наагул «Янушкевіч» надае шмат увагі дзіцячай літаратуры. За апошні час, напрыклад, прапанаваў дзве кнігі пра «Ката Шпрота» Ганны Янкуты, на падыходзе працяг, трэцяя кніжка. Варта адзначыць з навінак цудоўную кнігу Эльгі Паповай “Мора ў горадзе”. Гэтаксама чытачам падабаецца цэлая серыя фэнтэзі Валера Гапеева для падлеткаў і дарослых «Вольнеры».

Сярод навінак – яшчэ зусім нераскручаная кніга для малодшага ўзросту беларускай аўтаркі Эльгі Паповай «Мора ў горадзе». Сюжэт просты і адначасова захапляльны: мору надакучыла заставацца ў сваіх берагах, і яно вырашыла пайсці ў адпачынак – падалося ў горад. Тады й пачынаюцца неверагодныя прыгоды…

Навінка выдавецтва — цудоўная кніга Эльгі Паповай “Мора ў горадзе”
Навінка выдавецтва — цудоўная кніга Эльгі Паповай “Мора ў горадзе”

Аднак вернемся да рэйтынгу продажаў… Андрэй Янушкевіч расказвае:

– Стабільным поспехам карыстаецца «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец. Феномен: чатыры гады высокага чытацкага попыту!

А кніга выйшла ў 2020-м. Найперш раман цікавы шырокай аўдыторыі сваёй тэмай – яна патрапіла ў яблычка. Ну і якасць прозы, безумоўна. Нагадаю: раман узяў найвышэйшую беларускую літаратурную ўзнагароду – прэмію Гедройця. Прычым з абсалютнай згодай журы і чытачоў: гісторыя ўнікальная для любога творчага конкурсу, што нацыянальнага, што міжнароднага. Аб’ектыўны паказчык якасці – пераклады на некалькі еўрапейскіх моваў. Безумоўна, тут важную ролю адыгрывае актыўнасць выдаўцоў Евы Вежнавец, але заходнія калегі не стануць укладваць свае грошы ў твор з сумнеўнай якасцю і перспектывай.

Наагул, для мяне па ранейшаму сакрэт папулярнасці той ці іншай кнігі цікавы сваёй непрадказальнасцю. Гэта нібыта інтрыга сюжэта ў класнага аўтара… Як толькі навінка расчытваецца, яе продажы і папулярнасць становяцца свайго роду кругамі па вадзе – кожны новы ўсё шырэйшы і падштурхоўвае чарговы.

– А як узяць апошнія кнігі «Янушкевіча»: ад якой заўважныя тыя самыя кругі?

– Ад «Часа пустазелля» Ганны Янкуты.

Дарэчы, пра непрадказальнасць. Здараюцца і адваротная гісторыі, калі і аўтар знаны, і ёсць медыйны розгалас, і ў рэкламу грошы ўкладзеныя, а ніякага руху няма – кніга незаслужана застаецца па-за попытам.

– Варта ўдакладніць: не кожны твор можа быць разлічаны на шырокую аўдыторыю, – разважае Андрэй Янушкевіч – І, на жаль, шырыню гэтую ты можаш вымераць толькі практыкай. Паводле адукацыі я гісторык, таму цягне да нон-фікшну. Напрыклад, лічыў, што «Слюнькоў» Дзяніса Марціновіча павінен займець безумоўную папулярнасць. Але выйшла па іншаму, хоць вузкая зацікаўленая аўдыторыя проста ў захапленні.

Кніга «Мікалай Слюнькоў. Палітычная біяграфія» Дзяніса Марціновіча
«Мікалай Слюнькоў. Палітычная біяграфія» — з такой назвай у выдавецтве «Янушкевіч» выйшла першая біяграфія савецкага дзяржаўнага і партыйнага дзеяча, кіраўніка БССР Мікалая Слюнькова. Аўтар грунтоўнай працы — гісторык, крытык і журналіст Дзяніс Марціновіч. Фота: https://t.me/newknihauka

Тое самае здарылася і з таленавітым раманам папулярнага ўкраінскага пісьменніка Сяргея Жадана «Месапатамія». Аднак ці то адбілася блізкасць нашых моваў і раман многія прачыталі ў арыгінале, ці то рэч у той самай вузкасці аўдыторыі, але ў выніку мы пралічыліся з выбарам .

Выдаўцы зрабілі з таго выснову: патрэбна мэтанакіраванасць працы з нішавымі аўдыторыямі, важна больш даходліва і настойліва тлумачыць, што гэтыя кнігі вартыя ўвагі менавіта зараз, яны найактуальная сёння, а не заўтра, калі іх хутчэй за ўсё прызнаюць класічнымі творамі.

Як выбар шырэй, то працаваць і купляць – цяжэй

За плячыма «Янушкевіча» – 10 гадоў плённай працы, рэпутацыя лідара на беларускамоўным кніжным рынку. Капітал чытацкай увагі – гэта рэч, якая вельмі дапамагае ў развіцці выдавецтва. Яно пастаянна імкнецца ўдасканальваць працу з чытачамі.

Па наведвальніках «Кнігаўкі», інтэрнет-замовах выглядае, што аўдыторыя пашыраецца. Людзей, якія чытаюць па беларуску, становіцца больш. Адначасова выразна прасочваецца тэндэнцыя: рынак дыферынцыруюцца. Адны мэтанакіравана шукаюць адну літаратуру, другія – іншую. Спадзявацца па інерцыі, што купяць кнігу толькі з-за мовы, можна хіба тады, калі гутарка пра універсальныя супербестселеры. Скажам, той самы «Воўча» Евы Вежнавец, ці як калісьці Андрусь Горват з «Радыё Прудок», а Віктар Марціновіч з «Мовай». Але тут як і з любой унікальнасцю: адна кніга на два-тры гады. А так спрацоўвае закон: нішавая аўдыторыя для кожнага твора.

На практыцы тое азначае неабходнасць абнаўлення прапаноў, каб было да чаго прыцаніцца. Цяпер «Янушкевіч» выдае прыкладна 25 кніг у год. Хаця ідэй у партфелі ці не ўтрая больш. Але не хапае рэсурсаў.

Кніга «Зэкамерон» — голас Максіма Знака, палітычнага зняволенага.
Кніга «Зэкамерон» — голас Максіма Знака, палітычнага зняволенага, які з 9 лютага 2023 г. застаецца без права ліставання і спатканняў са сваякамі і абаронцамі. Насуперак абставінам, у цеснай камеры і цяжкіх умовах Максім захаваў сілу духу і творчую свабоду. Фота: https://t.me/newknihauka

Не менш важны і такі складнік, як распаўсюд накладаў. Выдавецтва напоўніцу карыстаецца шырокімі магчымасцямі польскай сістэмы кніжнага гандлю: апроч «Кнігаўкі», мае ўласную інтэрнет-краму, гандлюе праз маркет-плэйсы кшталту «Алегра», таксама карыстаецца дапамогай партнёраў – прадукцыю «Янушкевіча» прадаюць паралельна выдавецтва «Гутэнберг», віленская крама «Гартайка».

– У сваю чаргу мы прапануем чытачам навінкі літаральна ўсіх тых дзевяці беларускіх выдавецтваў, якія працуюць у эміграцыі. Запрашаем: можаце набыць у нас любую кнігу на матчынай мове, якая выходзіла ў замежжы апошнім часам. Цікавасць да іх расце: пастаянна бачу ў нашай краме новых людзей – гэта добры знак.

Хай не па максімуму, але ўжо ёсць з чаго выбіраць: чытач знойдзе ў «Кнігаўцы» амаль 150 пазіцый. Хоць з-за абмежаванай плошчы на паліцы выстаўлена не ўсё тое багацце. Дык пытайцеся ці глядзіце папярэдне на сайце.

Што да інтэрнет-продажу, то апроч замоваў з Варшавы найбольш актыўныя гарады – Вроцлаў, Гданьск, Кракаў і Беласток. Калі гаварыць пра краіны, то гэта Германія і Літва.

Кнігі даступныя і на еўрапейскім Amazone, прычым у некаторых краінах нават з хуткай бясплатнай дастаўкай Amazon Prime.
Кнігі выдавецтва «Янушкевіча» можна заказаць на Amazon у ЗША, Канадзе і Мексіцы. Таксама кнігі даступныя і на еўрапейскім Amazone, прычым у некаторых краінах нават з хуткай бясплатнай дастаўкай Amazon Prime. Фота: https://t.me/newknihauka

Геаграфія падштурхнула «Янушкевіча» да партнёрства з сусветным гандлёвым лідарам – «Амазонам». Гэта вельмі складаная справа, бо там разлік на буйны бізнес. У выніку служба тэхпадтрымкі гіганта і міні-каманда «Янушкевіча» змучылі адзін аднаго, але знайшлі паразуменне: фактычна беларусы маюць зараз свае магазіны на італьянскім, іспанскім, шведскім, брытанскім «Амазоне»… Калі нехта з Глазга, Манчэстэру ці Лондану з Дублінам хоча замовіць кнігу, то яна аператыўна перапраўляецца туды, так далёка, з найбліжэйшага – нямецкага склада. Сёння замовіў – паслязаўтра атрымаў. Вось такая аператыўнасць. А яшчэ таннасць: усяго тры — пяць еўра за дастаўку. А ў перспектыве яна плануецца увогуле бясплатнай. Выгада з усіх бакоў! Невыпадкова таму ў Германіі, а далей у Францыі, Іспаніі продажы растуць, што называецца, на вачах.

Яшчэ адзін добры знак для класнай беларускай кніжкі.

 

Адрас кнігарні «Кнігаўка»:
ul. Kłopotowskiego 4
03-717 Warszawa

Час працы:
Аўторак — чацвер 11.00-18.00
Пятніца — субота 11.00-19.00
Нядзеля 12.00-18.00. Панядзелак — выхадны.

Тэлефон: +48782459189
E-mail: knihauka.books@gmail.com

Aдрас выдавецтва для карэспандэнцыі:
Andrei Yanushkevich Publishing
ul. Podleśna, 8/10, m. 28
05-091 Ząbki
NIP: 1251743532

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: