«А хто сказаў, што расейская мова галоўная, а беларуская другасная? А чаму не наадварот?»
Сяржук Доўгушаў распачаў «Спеўныя сходы» беларусаў у замежжы напрыканцы мінулага году. На першы беларусы сабраліся ў «Карчме 1863» — знакавым месцы для беларусаў Вільні. А ў новым годзе музыка ладзіў Калядныя гастролі для беларусаў у ЗША.
Гэтак Сяржук Доўгушаў папулярызуе і развівае беларускую мову і нацыянальную культуру. Цяжка паверыць, але яшчэ колькі гадоў таму актыўны папулярызатар роднай мовы і культуры сам не размаўляў па-беларуску.
Больш за тое — на Аршаншчыне, дзе нарадзіўся, беларускай мовы ў сваім асяродку амаль не чуў.
— У школе і грамадскім асяродку ўсё было пастаўлена так, што беларуская мова — гэта штосьці другаснае і «калгаснаватае», а беларускамоўныя людзі «калгаснікі», таму яе і не было. Мне падаецца, гэта спадчына савецкіх часоў, калі беларуская мова і ўсё беларускае высмейвалася.
Да роднай мовы Сяржук далучыўся ў дарослым узросце, калі пачаў навучанне ў Акадэміі музыкі. Штуршком стала вывучэнне нацыянальнай музычнай спадчыны.
Чытаць таксама: «Паважаюць толькі тых, хто сам сябе паважае»: Ігар Случак пра мову як крытэрый нацыі
«Поўнасцю перайсці на беларускую мову было складана і асабліва ў Менску»
— Усё з песні пайшло. Мы ездзілі ў фальклорныя экспедыцыі, збіралі песні, і калі людзі пачыналі спяваць, так душа пачынала іграць, так унутры станавілася хораша, што стала зразумела — вось яно, маё, вось яно роднае.
У тых экспедыцыях я слухаў, як размаўляюць мясцовыя людзі — яны амаль не падладжваліся «пад гарадскіх», як гэта часта бывае, яны размаўлялі па-свойму — як ім зручна. І так тады думалася: з нас стагоддзямі выбівалі ўсё беларускае, усю нашу нацыянальную ідэнтычнасць, а мы ўсё роўна да яе вяртаемся.
Сяржук кажа, што так паступова ўсё вяло да таго, каб вярнуцца да сваіх каранёў.
— Памятаю такі момант: на возеры я плыву адзін у чоўне і думаю — а хто сказаў, што расейская мова мая галоўная, а беларуская якасці другасная? А чаму не наадварот?
Але Сяржук прызнаецца, што перайсці на беларускую мову было складана і асабліва ў Менску.
«Важна памятаць, што родная мова — гэта частка мяне, майго роду, маёй культуры і гісторыі»
— Ты ўжо размаўляеш па-беларуску з сябрамі, даеш інтэрв’ю. Але вось прыходзіш у банк ці яшчэ якую адміністрацыйную ўстанову, і на цябе глядзяць, як на нейкага дзівака. Памятаю, як спрабаваў запаўняць нейкія паперы па-беларуску, і мне казалі: не, у нас няма нічога па-беларуску.
Сяржук узгадвае, што здараліся нават канфлікты: маўляў, усе па-расейску размаўляюць і расейская мова — асноўная, а на беларускай размаўляйце дзесці там — у сваіх «тусоўках».
І так, беларуская мова стала нібыта пазнакай: беларускамоўны — значыць звязаны з «апазіцыяй» ці з палітыкай.
— Цудоўна памятаю часы, калі толькі ў экспедыцыях у вёскі і хацелася размаўляць па-беларуску. А ў Менску гэтае жаданне проста «адрубалася» — настолькі непрыязная энергетыка была. А зараз дык увогуле небяспечна, бо родная мова ўспрымаецца, як штосьці экстрэмальнае.
Падобны ціск і ёсць сярод прычын, чаму беларусы і засвоілі звычку азірацца: а што людзі скажуць, а што падумае сусед?
— Дык вось не трэба думаць пра суседа, а думаць пра сябе і сваіх нашчадкаў. Важна памятаць, што родная мова — гэта частка сябе самога, свайго роду, культуры і гісторыі.
«У беларускай мове і культуры — асабліва народных песнях — захаваны нацыянальны культурны код»
Сяржук кажа, што за пераадоленне «беларускага комплексу» і змагаўся на радзіме.
— Сустрэчы «Спеўных сходаў» — гэта якраз і было супрацьстаянне ганебнаму стаўленню да роднай мовы ў Беларусі.
А таксама ў Беларусі быў вельмі папулярным гурт «Vuraj», які Сяржук стварыў, каб выконваць аўтэнтычныя беларускія спевы.
— У беларускай мове і культуры — асабліва народных песнях — закладзены і захоўваецца нацыянальны культурны код, альбо інфармацыя пра народ. І нашыя продкі перадавалі яго з пакалення ў пакаленне максімальна дакладна, даслоўна і нязменна.
Музыка мяркуе, што продкі, нават самі таго не ўсведамляючы, так і захавалі гэты самы культурны код — пра беларускія народныя песні.
— Гэтая багацце стагоддзямі назапашвалася, і можна нічога асабліва не рабіць, каб спазнаць гэтую беларускую самабытнасць і яе глыбіню — варта проста пачаць слухаць ці спяваць народныя песні.
Менавіта таму многія народы стараюцца захаваць свой фальклор, збіраюць яго, захоўваюць, вывучаюць і папулярызуюць.
— Я шмат цікавіўся армянскай культурай і аднойчы бабулька-армянка мне кажа: ты такі добры сын армянскага народу, але ты ніколі не станеш армянінам. І тады я зразумеў, наколькі глыбокі сэнс і змест нацыянальнага этнасу. І што родная мова — найгалоўнае, што патрэбна, каб знайсці сваю прыналежнасць да свайго народу і месца ў гэтым свеце.
Чытаць таксама: «Гультай», «пячэнька» ці «граблі»? Праверце свае веды пра беларускую мову!
«Не сумуем па тым, што вось як класна калісьці было, а ствараем новую беларускую культуру»
Сяржук Доўгушаў кажа, што для яго беларуская мова — адзін з найгалоўных «маркераў» агульнай культуры яе носьбіта. І перакананы, што ў людзей, якія размаўляюць па-беларуску, змяняецца жыццё: лад мыслення і самаацэнка, з’яўляюцца іншыя зацікаўленасці, мэты і планы.
— Нават такі містычны момант: як толькі я пачаў размаўляць па-беларуску, пачаў спяваць, вызначыўся, хто я і што я хачу, — увесь сусвет пачаў спрыяць таму, каб гэта атрымлівалася. І на сцэне, і ў асабістым жыцці.
Тры гады як Сяржук жыве ў Варшаве, і за гэты час стварыў Дом творцаў для беларускіх мастакоў, музыкаў ды літаратараў.
— Не сумуем па тым, што вось як класна калісьці было, а ствараем новую беларускую культуру. І максімальна стараемся дапамагаць творцам, якія пакінулі радзіму, але хочуць працягваць служыць беларускай мове і культуры.
Неўзабаве мусіць выйсці кніга беларускіх калыханак, якую Сяржук пачаў рыхтаваць яшчэ ў Беларусі і прысвячае сваёй дачцэ — «яшчэ адна кропля ў беларускае мора», — кажа аўтар.
Чытаць таксама: Цікавы тэст. Кашуля, сукенка, каралі: што вы ведаеце пра беларускі старажытны касцюм?
«У Беларусі размаўляць па-беларуску было шмат цяжэй»
Летась музыка стварыў у Варшаве беларускі мужчынскі спеўны гурт «Касары».
— Думалі так, што — ну паспрабуем, паглядзім, што з гэтага атрымаецца. А зараз без гэтых спеваў ужо нельга ўявіць сваё жыццё. І нават тыя спевакі, якія не размаўлялі па-беларуску, паволі пераключаюцца на родную мову.
Сяржук Доўгушаў цешыцца, што бачыць шмат людзей, якія не выракаюцца роднай мовы і не пакідаюць сваёй культуры нават у эміграцыі.
— Памятаю, калі першы раз паляцеў да беларусаў у ЗША ў 2018 годзе, то яшчэ распавядаў пра Каляды, пра казу, чаму яна памірае. А цяпер ведаюць і пра Каляды, і як Куццю гатаваць. Я быў у розных штатах Амерыкі і бачыў шмат беларускіх суполак, якія праводзяць і Каляды, і Купалле, і на гэтыя святы збіраюцца сотні чалавек.
Прага беларускасці ў землякоў, яшчэ больш ахвочых размаўляць па-беларуску, натхняюць таксама і творцу, каб надалей працаваць у накірунку культуры.
— Тыя людзі, якія маюць стрыжань, якія не выпадкова апынуліся ў эміграцыі, якія і раней трымаліся беларускасці, яны не страцяць сваёй самаідэнтычнасці нават у эміграцыі. І гэта вельмі цешыць і дае сілы.
І, дарэчы, у Беларусі размаўляць па-беларуску было шмат цяжэй.
«Вельмі важна не сумнявацца: мы адметныя, у нас ёсць векавая гісторыя, унікальная мова, самабытныя песні»
Сяржук Доўгушаў перакананы, што ў новай Беларусі павінна быць толькі адна дзяржаўная мова — беларуская.
— Бо ў людзей, якія размаўляюць па-беларуску, змяняецца жыццё: яны больш цікавяцца сваёй культурай, песнямі, роднай мовай, яны любяць і шануюць сваю радзіму.
Як кажа творца, нацыянальная мова — гэта каштоўнасць, якую не трэба тлумачыць тым жа палякам ці літоўцам. І спрэчак у гэтым пытанні не мусіць быць.
— У цяперашняй сітуацыі дзяржаўная мова мусіць быць толькі адна: ёсць беларускі народ і ёсць дзяржава. А ў дзяржавы ёсць правілы: ёсць беларускамоўная адукацыя і справаводства, і ёсць мова побыту, дзе кожны мае права размаўляць, як яму хочацца, — і спрэчкі скончацца.
Сяржук кажа, што для жыцця ў Польшчы яму дастаткова дзвюх моваў: польскай і беларускай. Польская — для дзяржаўных устаноў, а беларуская — для сяброў і сям’і. Гэтаксама мусіць быць і ў Беларусі.
Ёсць добрыя прыклады іншых народаў, як габрэяў, якія праз стагоддзі захавалі сваю мову, традыцыі і культуру. Бо шанавалі, любілі, збіраліся, размаўлялі, спявалі і танчылі. І не сумняваліся.
— Гэта вельмі важна не сумнявацца: мы адметныя, у нас ёсць векавая гісторыя, унікальная мова, самабытныя песні, якія ёсць толькі ў нас. Гэта каштоўнасці, якіх трэба трымацца, шанаваць, берагчы і несці далей — вучыць і паказваць сваім дзецям і наступным пакаленням.
Калі чалавек шукае сваю мову, свой род і свае карані, ён знаходзіць вялікія скарбы.
Каб пачаць размаўляць па-беларуску, Сяржук Доўгушаў дае простыя парады: дакладна вызначыць сябе як беларуса, якому патрэбная родная мова, не баяцца памыляцца і пазбавіцца залежнасці ад чужых меркаванняў.
— На шчасце, зараз у пачаткоўцаў, асабліва моладзі, ёсць шмат больш магчымасцяў. У YouTube, іншых сацыяльных сетках вельмі шмат беларускамоўнага кантэнту — песняў, фільмаў, падкастаў, аўдыёкніг. Шмат вельмі сучаснага і якаснага, і шмат лепшага за расейскае.
А яшчэ Сяржук раіць не апраўдвацца, маўляў, вось я памыляюся, таму не размаўляю па-беларуску.
— Не, гэта толькі апраўданне ўласнай ляноты. Я б назваў гэта інфантыльнасцю нават. Калі цяжка адважыцца размаўляць адразу «на людзях», то размаўляйце дома, у побыце, спявайце сабе песенькі, чытайце вершы самі сабе. Беларуская мова, як і беларускія песні, не адразу былі на сцэне, напачатку яны былі ў полі, у хатах, на бяседах і над калыскамі. І калі чалавек шукае сваю мову, свой род і свае карані, ён знаходзіць вялікія скарбы.
«Паспрабуйце месяц паразмаўляць па-беларуску і паглядзіце, што зменіцца»
На будучыню беларускай мовы Сяржук Доўгушаў мае вельмі аптымістычныя прагнозы: калі за гэтулькі стагоддзяў не выкаранілі і не адабралі ў нас нашу мову, то ніколі ўжо не знішчаць.
— Але не трэба спыняцца і чакаць, што нехта прыйдзе і ўсё захавае ці зменіць. Трэба пачынаць з сябе і трэба працаваць у гэтым кірунку — такі мой заклік.
Мне вельмі хацелася змяніць Беларусь. Зараз я ў эміграцыі і ўжо не замахваюся на перамены ва ўсёй Беларусі. І цяпер мой прыклад — пачні з сябе. Я гэта раблю ў сваёй творчасці, сваім атачэнні і ў сваёй сям’і.
Сяржук не раіць сумаваць і марыць «як я змяню Беларусь» і чакаць, пакуль улада зменіцца, «а тады я прыеду і ўсё змяню». Змены вакол сябе трэба рабіць сёння, нават учора.
— Калі вакол мяне будзе гучаць беларуская мова, у якой краіне я б ні быў, калі буду размаўляць па-беларуску, даваць беларускія канцэрты, выдаваць кнігі — вось гэтыя змены вакол мяне ў будучыні нешта зменяць і ў Беларусі. Калі мы будзем ствараць свае «беларускія куточкі», у якой краіне мы б ні былі, то вось гэтыя малыя ручаінкі сыдуцца ў адзін акіян, які прынясе змены і ў Беларусь.
Сяржук Доўгушаў упэўнены, што вялікая ўзнагарода чакае тых, хто будзе размаўляць па-беларуску.
— Паспрабуйце месяц паразмаўляць па-беларуску і паглядзіце, што зменіцца. А зменіцца вельмі шмат.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: