Categories: Культура

Сяржук Доўгушаў: паспрабуйце месяц паразмаўляць па-беларуску і паглядзіце, што зменіцца ў вашым жыцці

Беларуская мова — ключ да культурнай ідэнтычнасці. Сяржук Доўгушаў дзеліцца гісторыяй пераходу на родную мову і заклікае ствараць «беларускія куточкі» ў любой краіне.

Share

«А хто сказаў, што расейская мова галоўная, а беларуская другасная? А чаму не наадварот?»

Сяржук Доўгушаў распачаў «Спеўныя сходы» беларусаў у замежжы напрыканцы мінулага году. На першы беларусы сабраліся ў «Карчме 1863» — знакавым месцы для беларусаў Вільні. А ў новым годзе музыка ладзіў Калядныя гастролі для беларусаў у ЗША.

Гэтак Сяржук Доўгушаў папулярызуе і развівае беларускую мову і нацыянальную культуру. Цяжка паверыць, але яшчэ колькі гадоў таму актыўны папулярызатар роднай мовы і культуры сам не размаўляў па-беларуску.

Больш за тое — на Аршаншчыне, дзе нарадзіўся, беларускай мовы ў сваім асяродку амаль не чуў.

— У школе і грамадскім асяродку ўсё было пастаўлена так, што беларуская мова — гэта штосьці другаснае і «калгаснаватае», а беларускамоўныя людзі «калгаснікі», таму яе і не было. Мне падаецца, гэта спадчына савецкіх часоў, калі беларуская мова і ўсё беларускае высмейвалася.

Да роднай мовы Сяржук далучыўся ў дарослым узросце, калі пачаў навучанне ў Акадэміі музыкі. Штуршком стала вывучэнне нацыянальнай музычнай спадчыны.

Этнограф і музыка Сяржук Доўгушаў. Фота з асабістага архіва.

Чытаць таксама: «Паважаюць толькі тых, хто сам сябе паважае»: Ігар Случак пра мову як крытэрый нацыі

«Поўнасцю перайсці на беларускую мову было складана і асабліва ў Менску»

— Усё з песні пайшло. Мы ездзілі ў фальклорныя экспедыцыі, збіралі песні, і калі людзі пачыналі спяваць, так душа пачынала іграць, так унутры станавілася хораша, што стала зразумела — вось яно, маё, вось яно роднае.

У тых экспедыцыях я слухаў, як размаўляюць мясцовыя людзі — яны амаль не падладжваліся «пад гарадскіх», як гэта часта бывае, яны размаўлялі па-свойму — як ім зручна. І так тады думалася: з нас стагоддзямі выбівалі ўсё беларускае, усю нашу нацыянальную ідэнтычнасць, а мы ўсё роўна да яе вяртаемся.

Сяржук кажа, што так паступова ўсё вяло да таго, каб вярнуцца да сваіх каранёў.
— Памятаю такі момант: на возеры я плыву адзін у чоўне і думаю — а хто сказаў, што расейская мова мая галоўная, а беларуская якасці другасная? А чаму не наадварот?

Але Сяржук прызнаецца, што перайсці на беларускую мову было складана і асабліва ў Менску.

«Важна памятаць, што родная мова — гэта частка мяне, майго роду, маёй культуры і гісторыі»
— Ты ўжо размаўляеш па-беларуску з сябрамі, даеш інтэрв’ю. Але вось прыходзіш у банк ці яшчэ якую адміністрацыйную ўстанову, і на цябе глядзяць, як на нейкага дзівака. Памятаю, як спрабаваў запаўняць нейкія паперы па-беларуску, і мне казалі: не, у нас няма нічога па-беларуску.

Сяржук узгадвае, што здараліся нават канфлікты: маўляў, усе па-расейску размаўляюць і расейская мова — асноўная, а на беларускай размаўляйце дзесці там — у сваіх «тусоўках».

І так, беларуская мова стала нібыта пазнакай: беларускамоўны — значыць звязаны з «апазіцыяй» ці з палітыкай.
— Цудоўна памятаю часы, калі толькі ў экспедыцыях у вёскі і хацелася размаўляць па-беларуску. А ў Менску гэтае жаданне проста «адрубалася» — настолькі непрыязная энергетыка была. А зараз дык увогуле небяспечна, бо родная мова ўспрымаецца, як штосьці экстрэмальнае.

Падобны ціск і ёсць сярод прычын, чаму беларусы і засвоілі звычку азірацца: а што людзі скажуць, а што падумае сусед?
— Дык вось не трэба думаць пра суседа, а думаць пра сябе і сваіх нашчадкаў. Важна памятаць, што родная мова — гэта частка сябе самога, свайго роду, культуры і гісторыі.

Сяржук Доўгушаў з Уладзімірам Някляевым. Плошча Незалежнасці, Менск, 2020 год. Фота з асабістага архіва Сяржука Доўгушава.

Чытаць таксама: Як лепш: «страхарка» і «бляхарка» ці «страхарыня» і «бляхарыня»? Відэаблогер захапляе моладзь роднай мовай

«У беларускай мове і культуры — асабліва народных песнях — захаваны нацыянальны культурны код»

Сяржук кажа, што за пераадоленне «беларускага комплексу» і змагаўся на радзіме.
— Сустрэчы «Спеўных сходаў» — гэта якраз і было супрацьстаянне ганебнаму стаўленню да роднай мовы ў Беларусі.

А таксама ў Беларусі быў вельмі папулярным гурт «Vuraj», які Сяржук стварыў, каб выконваць аўтэнтычныя беларускія спевы.
— У беларускай мове і культуры — асабліва народных песнях — закладзены і захоўваецца нацыянальны культурны код, альбо інфармацыя пра народ. І нашыя продкі перадавалі яго з пакалення ў пакаленне максімальна дакладна, даслоўна і нязменна.

Музыка мяркуе, што продкі, нават самі таго не ўсведамляючы, так і захавалі гэты самы культурны код — пра беларускія народныя песні.
— Гэтая багацце стагоддзямі назапашвалася, і можна нічога асабліва не рабіць, каб спазнаць гэтую беларускую самабытнасць і яе глыбіню — варта проста пачаць слухаць ці спяваць народныя песні.

Менавіта таму многія народы стараюцца захаваць свой фальклор, збіраюць яго, захоўваюць, вывучаюць і папулярызуюць.

— Я шмат цікавіўся армянскай культурай і аднойчы бабулька-армянка мне кажа: ты такі добры сын армянскага народу, але ты ніколі не станеш армянінам. І тады я зразумеў, наколькі глыбокі сэнс і змест нацыянальнага этнасу. І што родная мова — найгалоўнае, што патрэбна, каб знайсці сваю прыналежнасць да свайго народу і месца ў гэтым свеце.

Сапраўднае беларускае вяселле Сяржук і Віялета адсвяткавалі каля Белавежскай пушчы у аграсядзібе Стулы Пружанскага раёна. 2018 год. Фота з асабістага архіва Сяржука Доўгушава.

Чытаць таксама: «Гультай», «пячэнька» ці «граблі»? Праверце свае веды пра беларускую мову!

«Не сумуем па тым, што вось як класна калісьці было, а ствараем новую беларускую культуру»

Сяржук Доўгушаў кажа, што для яго беларуская мова — адзін з найгалоўных «маркераў» агульнай культуры яе носьбіта. І перакананы, што ў людзей, якія размаўляюць па-беларуску, змяняецца жыццё: лад мыслення і самаацэнка, з’яўляюцца іншыя зацікаўленасці, мэты і планы.
— Нават такі містычны момант: як толькі я пачаў размаўляць па-беларуску, пачаў спяваць, вызначыўся, хто я і што я хачу, — увесь сусвет пачаў спрыяць таму, каб гэта атрымлівалася. І на сцэне, і ў асабістым жыцці.

Тры гады як Сяржук жыве ў Варшаве, і за гэты час стварыў Дом творцаў для беларускіх мастакоў, музыкаў ды літаратараў.
— Не сумуем па тым, што вось як класна калісьці было, а ствараем новую беларускую культуру. І максімальна стараемся дапамагаць творцам, якія пакінулі радзіму, але хочуць працягваць служыць беларускай мове і культуры.

Неўзабаве мусіць выйсці кніга беларускіх калыханак, якую Сяржук пачаў рыхтаваць яшчэ ў Беларусі і прысвячае сваёй дачцэ — «яшчэ адна кропля ў беларускае мора», — кажа аўтар.

Каляды ў Амерыцы. Фота Дзіяны Олесюк, 2025 год.

Чытаць таксама: Цікавы тэст. Кашуля, сукенка, каралі: што вы ведаеце пра беларускі старажытны касцюм?

«У Беларусі размаўляць па-беларуску было шмат цяжэй»

Летась музыка стварыў у Варшаве беларускі мужчынскі спеўны гурт «Касары».
— Думалі так, што — ну паспрабуем, паглядзім, што з гэтага атрымаецца. А зараз без гэтых спеваў ужо нельга ўявіць сваё жыццё. І нават тыя спевакі, якія не размаўлялі па-беларуску, паволі пераключаюцца на родную мову.

Сяржук Доўгушаў цешыцца, што бачыць шмат людзей, якія не выракаюцца роднай мовы і не пакідаюць сваёй культуры нават у эміграцыі.
— Памятаю, калі першы раз паляцеў да беларусаў у ЗША ў 2018 годзе, то яшчэ распавядаў пра Каляды, пра казу, чаму яна памірае. А цяпер ведаюць і пра Каляды, і як Куццю гатаваць. Я быў у розных штатах Амерыкі і бачыў шмат беларускіх суполак, якія праводзяць і Каляды, і Купалле, і на гэтыя святы збіраюцца сотні чалавек.

Прага беларускасці ў землякоў, яшчэ больш ахвочых размаўляць па-беларуску, натхняюць таксама і творцу, каб надалей працаваць у накірунку культуры.
— Тыя людзі, якія маюць стрыжань, якія не выпадкова апынуліся ў эміграцыі, якія і раней трымаліся беларускасці, яны не страцяць сваёй самаідэнтычнасці нават у эміграцыі. І гэта вельмі цешыць і дае сілы.

І, дарэчы, у Беларусі размаўляць па-беларуску было шмат цяжэй.

Сярждук Доўгушаў з гуртом «Касары». Варшава, 2024 год. Фота з асабістага архіва Сяржука Доўгушава.

Чытаць таксама:  Беларуска з Баранавічаў: у Расеі мне хацелася супрацьстаяць іхняй пыхлівасці, і мы размаўлялі па-беларуску

«Вельмі важна не сумнявацца: мы адметныя, у нас ёсць векавая гісторыя, унікальная мова, самабытныя песні»

Сяржук Доўгушаў перакананы, што ў новай Беларусі павінна быць толькі адна дзяржаўная мова — беларуская.
— Бо ў людзей, якія размаўляюць па-беларуску, змяняецца жыццё: яны больш цікавяцца сваёй культурай, песнямі, роднай мовай, яны любяць і шануюць сваю радзіму.

Як кажа творца, нацыянальная мова — гэта каштоўнасць, якую не трэба тлумачыць тым жа палякам ці літоўцам. І спрэчак у гэтым пытанні не мусіць быць.
— У цяперашняй сітуацыі дзяржаўная мова мусіць быць толькі адна: ёсць беларускі народ і ёсць дзяржава. А ў дзяржавы ёсць правілы: ёсць беларускамоўная адукацыя і справаводства, і ёсць мова побыту, дзе кожны мае права размаўляць, як яму хочацца, — і спрэчкі скончацца.

Сяржук кажа, што для жыцця ў Польшчы яму дастаткова дзвюх моваў: польскай і беларускай. Польская — для дзяржаўных устаноў, а беларуская — для сяброў і сям’і. Гэтаксама мусіць быць і ў Беларусі.

Ёсць добрыя прыклады іншых народаў, як габрэяў, якія праз стагоддзі захавалі сваю мову, традыцыі і культуру. Бо шанавалі, любілі, збіраліся, размаўлялі, спявалі і танчылі. І не сумняваліся.
— Гэта вельмі важна не сумнявацца: мы адметныя, у нас ёсць векавая гісторыя, унікальная мова, самабытныя песні, якія ёсць толькі ў нас. Гэта каштоўнасці, якіх трэба трымацца, шанаваць, берагчы і несці далей — вучыць і паказваць сваім дзецям і наступным пакаленням.

Калі чалавек шукае сваю мову, свой род і свае карані, ён знаходзіць вялікія скарбы.

Каб пачаць размаўляць па-беларуску, Сяржук Доўгушаў дае простыя парады: дакладна вызначыць сябе як беларуса, якому патрэбная родная мова, не баяцца памыляцца і пазбавіцца залежнасці ад чужых меркаванняў.
— На шчасце, зараз у пачаткоўцаў, асабліва моладзі, ёсць шмат больш магчымасцяў. У YouTube, іншых сацыяльных сетках вельмі шмат беларускамоўнага кантэнту — песняў, фільмаў, падкастаў, аўдыёкніг. Шмат вельмі сучаснага і якаснага, і шмат лепшага за расейскае.

А яшчэ Сяржук раіць не апраўдвацца, маўляў, вось я памыляюся, таму не размаўляю па-беларуску.
— Не, гэта толькі апраўданне ўласнай ляноты. Я б назваў гэта інфантыльнасцю нават. Калі цяжка адважыцца размаўляць адразу «на людзях», то размаўляйце дома, у побыце, спявайце сабе песенькі, чытайце вершы самі сабе. Беларуская мова, як і беларускія песні, не адразу былі на сцэне, напачатку яны былі ў полі, у хатах, на бяседах і над калыскамі. І калі чалавек шукае сваю мову, свой род і свае карані, ён знаходзіць вялікія скарбы.

Сяржук Доўгушаў з жонкай Віялетай і Зянон Пазняк з жонкай Галінай. Варшава, 2024 год. Фота з асабістага архіва Сяржука Доўгушава.

«Паспрабуйце месяц паразмаўляць па-беларуску і паглядзіце, што зменіцца»

На будучыню беларускай мовы Сяржук Доўгушаў мае вельмі аптымістычныя прагнозы: калі за гэтулькі стагоддзяў не выкаранілі і не адабралі ў нас нашу мову, то ніколі ўжо не знішчаць.
— Але не трэба спыняцца і чакаць, што нехта прыйдзе і ўсё захавае ці зменіць. Трэба пачынаць з сябе і трэба працаваць у гэтым кірунку — такі мой заклік.

Мне вельмі хацелася змяніць Беларусь. Зараз я ў эміграцыі і ўжо не замахваюся на перамены ва ўсёй Беларусі. І цяпер мой прыклад — пачні з сябе. Я гэта раблю ў сваёй творчасці, сваім атачэнні і ў сваёй сям’і.

Сяржук не раіць сумаваць і марыць «як я змяню Беларусь» і чакаць, пакуль улада зменіцца, «а тады я прыеду і ўсё змяню». Змены вакол сябе трэба рабіць сёння, нават учора.
— Калі вакол мяне будзе гучаць беларуская мова, у якой краіне я б ні быў, калі буду размаўляць па-беларуску, даваць беларускія канцэрты, выдаваць кнігі — вось гэтыя змены вакол мяне ў будучыні нешта зменяць і ў Беларусі. Калі мы будзем ствараць свае «беларускія куточкі», у якой краіне мы б ні былі, то вось гэтыя малыя ручаінкі сыдуцца ў адзін акіян, які прынясе змены і ў Беларусь.

Сяржук Доўгушаў упэўнены, што вялікая ўзнагарода чакае тых, хто будзе размаўляць па-беларуску.
— Паспрабуйце месяц паразмаўляць па-беларуску і паглядзіце, што зменіцца. А зменіцца вельмі шмат.

Каляды ў Амерыцы. Фота Дзіяны Олесюк, 2025 год

Recent Posts

«Заходили в мой Instagram, смотрели видеоролики». Беларус, который не был дома 2,5 года, попал на допрос на границе

Мужчина, который последние 2,5 года жил и работал в Европе, рассказал о возвращении на родину…

27.01.2025

Величие с шуфелем в руках: как в Пинске во время досрочного голосования зомбировали детей

Журналисты BGmedia посмотрели, чем делились в Instagram пинские детские сады и школы перед так называемыми…

27.01.2025

Женщина проголосовала дважды, избирателям показывали пальцем на Лукашенко: какие нарушения нашли во время «выборов»

Сам Лукашенко проголосовал испорченным бюллетенем, поэтому по закону его голос не должны были учитывать при…

27.01.2025

Брестчанка попыталась вернуть кожаные ботинки за 500 рублей. Продавец в ответ потребовал провести экспертизу

После непродолжительной носки ботинок жительница Бреста заметила дефект — отклеилась подошва от верха обуви. Позже…

27.01.2025

Александр Фридман: Лукашенко создавал благоприятный фон для Запада и беларусов. Но курс не изменится

Беларуский правитель хотел бы «перевернуть страницу», но при этом не собирается принципиально отказываться от репрессий.

26.01.2025

Политические итоги недели: финал операции «переназначение» и стоп-сигналы от нового президента США

Режимные социологи предсказали «сокрушительную победу» диктатора. Мавзолей — символ единства автократов. Правда от Канопацкой. Трамп…

26.01.2025