Інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» існуе ўжо хутка чвэрць стагоддзя і з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце збораў крыніц на беларускай мове. Пасля падзей 2020 года, калі «гайкі» пачалі закручвацца ў тым ліку для выдаўцоў і аўтараў беларускай літаратуры, «Камунікат» узяўся за выданне папяровых кніг.
Чытайце таксама: Стваральнік бібліятэкі «Камунікат»: «Вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі з успамінамі, біяграфічныя кнігі»
У сярэдзіне чэрвеня фонд «Камунікат» адкрыў інтэрнэт-кнігарню. Гэтая падзея планавалася некалькі апошніх месяцаў. Стваральнік знакамітай бібліятэкі, беларус з Беласточчыны Яраслаў Іванюк распавёў BGmedia пра місію сваёй выдавецкай справы, юрыдычныя складанасці, малавядомыя тэксты Васіля Быкава і планы па пашырэнні даступнасці беларускай літаратуры.
— Я ведаю, што ў вас былі планы адкрыць інтэрнэт-краму раней. Наколькі гэта было складана? З якімі перашкодамі ці праблемамі сутыкнуліся?
— Як кажуць людзі старэйшага пакалення, не смяшы сваімі планамі Госпада Бога. Мы сапраўды мелі планы адкрыць інтэрнэт-кнігарню нашмат раней, але мы як фонд Kamunikat.org — зусім невялікая арганізацыя. Справамі, звязанымі с заснаваннем інтэрнэт-крамы, займалася две асобы і, вядома ж, праграміст, наняты звонку.
Шмат часу трэба было прысвяціць фармальна юрыдычным справам — розным дакументам, якія патрэбныя, каб гэта адкрыць. Я і сам, шчыра кажучы, не думаў, што гэта будзе так складана. Трэба было таксама дастасаваць гэтую краму так, каб кожны, хто заходзіць, мог спакойна, без праблем набыць кнігі, аплаціць іх і, калі ён у Польшчы, атрымаць сеткай пачтаматаў InPost — гэта вельмі зручна. Калі хтосьці набывае кнігу сёння, то найпазней паслязаўтра гэтая кніга будзе ўжо ў яго.
Ужо ёсць замовы, ужо кнігі да нашых пакупнікоў даляцелі, дайшлі. Яны ўжо задаволена імі карыстаюцца.
Чытайце таксама: Калыханкі, «белсатаўка» і «савушкін прадукт». Як Аліна Коўшык адстойвала ідэнтычнасць з чатырохгадовага ўзросту
— Ёсць магчымасць набываць кнігі за межамі Польшчы?
— Можна набываць з усяго свету. Там могуць з’явіцца нейкія складанасці, але яны вырашаюцца вельмі хутка.
— Якая колькасць кніг зараз даступная для замовы, і якія планы па пашырэнню асартыменту?
— На дадзены момант у нас ёсць кнігі, выдадзеныя фондам «Камунікат». Гэта ўжо амаль 40 кніг. Ёсць таксама кнігі, выдадзеныя або нашымі партнёрамі, або пры падтрымцы «Камуніката».
Спадзяюся, што з часам гэтых кніг будзе больш. Будуць таксама кнігі іншых беларускіх выдавецтваў. Некаторыя, пэўна, будуць толькі пад заказ, іншыя будуць даступныя адразу. Будзе таксама пашырацца асартымент кніг, выдадзеных фондам Kamunikat.org.
У нас з’явілася некалькі новых кніг, якія ўжо даступныя, прыкладна пад юбілей Васіля Быкава 19 чэрвеня (у гэты дзень выпаўнілася 100 гадоў з дня народзінаў народнага пісьменніка Беларусі. — Аўт.). Мы выдалі кнігу з двума аповесцямі беларускага геніяльнага пісьменніка — «Бліндаж» і «Афганец». Яны малавядомыя беларускаму чытачу, пры жыцці аўтара зусім не друкаваліся, і таму мы вырашылі менавіта гэтай кнігай ушанаваць памяць Васіля Быкава.
Вельмі б нам хацелася яшчэ ў гэтым годзе выдаць адну кнігу Быкава. Мы пачалі размову пра атрыманне аўтарскіх правоў. Хочам да канца года таксама выдаць «Споведзь» Ларысы Геніюш. Таксама вядзем размову пра выданне адной вельмі важнай, я лічу, для беларускай літаратуры кнігі, пра якую пакуль не буду гаварыць. Няхай гэта застанецца неспадзяванкай.
А нядаўна мы аддалі ў друк вельмі цікавае чытво — кнігу Змітра Дзядзенкі, дэтэктыўны раман «Гульні Цырцэі». Спадзяюся, што ў пачатку ліпеня гэтая кніга будзе ўжо даступная ў продажы.
Чытайце таксама: Пісьменніца Ева Вежнавец: Наша задача – здабыць праўду з-пад зямлі
— У чым асаблівасць інтэрнэт-крамы «Камунікат»? Ці ёсць нейкі прынцып у падборы літаратуры?
— «Камунікат» у асноўным застаецца інтэрнэт-бібліятэкай, дзе сабрана на гэты момант амаль 60 тысяч беларускіх публікацый, кніжак, часопісаў, газет, аўдыёкніг, якія мы пачалі запісваць больш за два гады таму. А інтэрнэт-крама — гэта кнігі, якія мы пачалі выдаваць тры гады таму, напрыканцы 2021 года, калі да мяне звярнуўся Уладзімір Някляеў, бо ягоны новы раман «Гэй Бэн Гіном» у Беларусі ніхто не хоча надрукаваць. Гэтая кніга прысвечана ў асноўным пошукам адказу на пытанне «Як загінуў Янка Купала?»
Магу сказаць, што гэта была першая ініцыятыва, каб выдаць кнігу такога мэтра беларускай літаратуры на беларускай мове па-за межамі краіны.
Прычына была ў тым, што тады ўжо было шмат беларускай эміграцыі ў Польшчы, у Еўропе, і гэтыя беларусы патрабавалі беларускай літаратуры, патрабавалі нечага беларускага. Нечага, да чаго б можна было дакрануцца, што б прыгадвала ім Беларусь, якую яны не па сваёй волі пакінулі.
Чытайце таксама: Дарадца Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр пра беларусізацыю ў дэмакратычнай Беларусі: «Дзяржаве трэба пачынаць з сябе»
Ужо тады, выдаючы першую кнігу Уладзіміра Някляева, я ў адным з інтэрв’ю сказаў, што «гэта, на жаль, паспяховы праект». На жаль — таму што гэтыя кнігі, і Уладзіміра Някляева, і Уладзіміра Арлова, і іншых аўтараў, якія пазней мы выдавалі ў Польшчы, павінны выдавацца ў Беларусі. Таму што там надалей застаецца асноўным беларускі чытач.
На гэты момант кнігі, якія прадаюцца тут, фактычна нельга завезці ў Беларусь. Хіба што кантрабандным спосабам, які ніколі не бывае бяспечным. Таму кнігі, якія выходзяць у нас, — гэта пераважна кнігі, якія не змаглі б з’явіцца ў Беларусі.
Ні кніга «Канстытуцыя» Ганны Янкуты, ні кніга Андрэя Хадановіча, ні кнігі, урэшце, Уладзіміра Арлова, якіх мы выдалі 12, не змаглі б выйсці ў гэты момант у Беларусі.
Другое — як я сказаў, ёсць шматлікая беларуская эміграцыя, якая патрабуе беларускай літаратуры. Да іх мы стараемся наблізіць тыя кнігі, якія, магчыма, у Беларусі ўжо выходзілі. Значная частка кніг, якія мы выдаем, у Беларусі ўжо выйшлі. Гэта некаторыя кнігі Уладзіміра Арлова. Мы перавыдалі таксама кнігу прафесара Алега Латышонка «Жаўнеры БНР». Менавіта з такой думкай — каб гэтая кніга трапіла да людзей, якія ў Беларусі гадоў дзесяць таму не мелі магчымасці з ёй пазнаёміцца.
— Калі стала відавочным, што трэба адкрываць краму?
— Гэта мы бачылі фактычна з самага пачатку, толькі, як я казаў, арганізацыя ў нас невялікая, і неяк бокам, бокам мы да гэтага падыходзілі. Кнігі так ці інакш прадаваліся ў нас праз інтэрнэт, хаця рабілася гэта вельмі па-партызанску. Часам нават і крыху смешна было. Цяпер гэта паўнавартасная крама.
Я спадзяюся, што з часам у нас у інтэрнэт-краме будуць даступныя і электронныя кнігі. На дадзены момант можна набыць толькі кнігі ў папяровай версіі.
— Задам пытанне вам як выдаўцу: каму з аўтараў варта стукацца да вас? Калі малады і не дужа вядомы аўтар хоча штосьці выдаць, вам гэта будзе цікава?
— Будзе цікава. Хаця ў нас, як, напэўна, і ў кожнага выдаўца, магчымасці не з’яўляюцца неабмежаванымі. Нашыя магчымасці невялікія.
— Чаго асабіста вы чакаеце ад такога новага напрамку ў вашай дзейнасці, як інтэрнэт-крама?
Мы лічым, што выданне кніжак — гэта ажыццяўленне адной з нашых мэтаў. Спадзяемся, што інтэрнэт-крама — гэта яшчэ адзін штуршок да пашырэння кола аматараў беларускай літаратуры.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: