У Беларусі чарговы выпадак знішчэння твораў манументальнага мастацтва: цяпер у вёсцы Месткавічы. BGmedia распавядае, што адбываецца з мазаікамі ў краіне.
Мазаіка ў вёсцы Месткавічы
Нядаўна стала вядома пра знішчэнне чарговага твору манументальнага мастацтва ў Беларусі. Гэтым разам гэта адбылося ў вёсцы Месткавічы Пінскага раёна.
Чытайце таксама: Што будзе далей са спадчынай паэткі Яўгеніі Янішчыц?
На прыпынку грамадскага транспарта ў Месткавічах знішчылі мазаіку савецкага часу. Аб гэтым паведаміў у Threads карыстальнік пад нікам @_belarusian_soviet_bus_stops_. Ён часта выкладае допісы пра творы манументальнага мастацтва на прыпынках у розных беларускіх гарадах.
Па словах аўтара паста, прыпынак не выглядаў аварыйным, але замест прыгожай мазаікі пакінулі звычайны прафіліраваны ліст. Цяпер на ім няма малюнкаў кветак і мытылькоў, зробленых з керамічнай пліткі.
«Такія аўтобусныя павільёны з’яўляюцца часткай нашай гісторыі і культуры, і ім патрэбная абарона ад знішчэння», — адзначае аўтар публікацыі.
У каментарах пад публікацыях многія беларусы выказалі абурэнне наконт разбурэння мазаікі ў Месткавічах. На меркаванне карыстальнікаў, праблема патрабуе значнай увагі, бо мазаікі на прыпынках — такая ж спадчына краіны, што патрабуе належнай аховы. Хтосьці спадзяецца, што ў сітуацыю змогуць умяшацца ўлады, каб захаваць тое, што ёсць.
Чытайце таксама: У Брэсце былую помпавую вежу не прызналі каштоўнасцю і выставілі на продаж з умовай зносу
Гэта не першы выпадак знішчэння твораў манументальнага мастацтва ў Беларусі. Раней падобныя сітуацыі ўжо неаднаразова выклікалі абурэнне спецыялістаў і грамадскасці.
Так, у Бярозе былі знішчаныя вялікія мазаікі часоў нацыянальнага адраджэння, якія выходзілі на мясцовы стадыён. Замест мастацкіх панно на будынку пакінулі звычайную шэрую сцяну. Пра гэта паведамляў Telegram-канал «Спадчына», які вядуць беларускія архітэктары. Паводле іх ацэнкі, знішчэнне мазаікі адбылося з сур’ёзнымі парушэннямі заканадаўства.
У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1374 ад 19 верасня 2008 года «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва», рэканструкцыя твораў дэкаратыўна-манументальнага мастацтва, да якіх адносяцца і ўсе мазаікі, можа праводзіцца толькі на падставе экспертнага заключэння Брэсцкага абласнога мастацка-экспертнага савета.
Мазаіка створана ў 1989-1990 гадах па дзяржаўным заказе мастаком Рыгорам Кірдзеем і мае назву «Прыгажосць выратуе свет».
Іншы падобны выпадак адбыўся ў Бабруйску. Там разам з будынкам былой футравай фабрыкі па вуліцы Бахарава была знішчаная і савецкая мазаіка, якая з’яўлялася часткай архітэктурнага аблічча раёна.
Парушэнні фіксаваліся і ў Мінску. На дзіцячым садку № 347 на тарцавых сценах будынка затынкавалі савецкія мазаікі з выявамі Чабурашкі. Пры гэтым дзеянне мультфільма адбываецца ў дэкарацыях, натхнёных старым Мінскам, што надавала творам дадатковую культурную і сімвалічную вартасць. Мазаікі былі складзеныя з каляровай паліванай кафлі, аднак гэта не ўратавала іх ад знішчэння.
Яшчэ адзін выпадак адбыўся ў Баранавічах. На заводзе аўтаматычных ліній падчас рамонту савецкую мазаіку проста зафарбавалі чорнай фарбай.
Паводле беларускага заканадаўства, замазаць або знішчыць мазаікі можна толькі пасля афіцыйнага рашэння аб дазволе такога віду «рэканструкцыі». Рэканструкцыя твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, у тым ліку мазаік, павінна адбывацца згодна з Палажэннем аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Аднак у пералічаных выпадках, як адзначаюць спецыялісты са «Спадчыны», такія дазволы ніхто не атрымліваў.
Нават ва ўмовах вайны і абмежаваных магчымасцяў сістэмы аховы спадчыны ва Украіне захаванне манументальнага мастацтва застаецца ў полі ўвагі ўладаў і прафесійнай супольнасці. Паказальны выпадак адбыўся ў Львове, дзе ў 2023 годзе арандатар памяшкання выдавецтва «Вільна Україна» знішчыў мазаічнае пано «Інфармацыйная прастора», створанае ў 1981 годзе мастаком Багданам Сойкам для інтэр’ера былога «Саюздрука».
Кампазіцыя, якая сімвалізавала кантыненты і глабальны абмен інфармацыяй, была пашкоджаная падчас рамонту, і на яе месцы застаўся толькі аўтарскі падмалёвак. Хоць мазаіка не ўваходзіла ў Дзяржаўны рэестр помнікаў Украіны, наўмыснае знішчэнне культурнай спадчыны ў краіне кваліфікуецца як крымінальнае злачынства, таму ўласнік памяшкання за ўласны кошт займаецца яе аднаўленнем.
Гэты выпадак стаў падставай для далейшых крокаў з боку гарадскіх уладаў: у Львове пачалі маркіраваць мазаікі знакам «Блакітны шчыт» — ахоўнай эмблемай Гаагскай канвенцыі, а спецыялісты атрымалі даручэнне прааналізаваць стан мазаічных твораў і падрыхтаваць рэкамендацыі па іх захаванні і магчымым унясенні ў Дзяржаўны рэестр нерухомых помнікаў. На гэтым фоне беларускі досвед паказвае, што наяўнасць заканадаўчых нормаў сама па сабе не заўсёды гарантуе іх выкананне, што робіць пытанне практычнага захавання манументальнага мастацтва асабліва актуальным.
Чытайце таксама: У Гродне знішчылі стары будынак дзеля «рэканструкцыі», і гэта не адзінкавы выпадак
Брестчане интересуются, почему клуб купил китайский автобус, а не отечественный от МАЗ. Также они раскритиковали…
Видеообращение провластных беларуских исполнителей вызвало бурную реакцию у горожан. Собрали самые яркие комментарии.
После 2020 года в Беларуси начали строить новую информационную реальность. Главный ее смысл — не…
Сістэмы падатку на сабак у Польшчы і Беларусі істотна адрозніваюцца. Разбіраемся, як ўладальнікі сабак плоцяць…
Срок действия паспорта Екатерины истек 13 января. А в комиссию она обратилась заранее, чтобы приехать…
На видео — горы сладостей, деньги и даже колбаса. Узнали, почему у пользователей вызывает сомнение…