Categories: Культура

Як лепш: «страхарка» і «бляхарка» ці «страхарыня» і «бляхарыня»? Відэаблогер захапляе моладзь роднай мовай

Васіль Ядчанка стварае паспяховыя праекты для папулярызацыі беларускай мовы. «Ахапіў» імі чвэрць усіх карыстальнікаў інтэрнэту і перадусім — моладзь.

Share

«Мова ад Васіля» — відэаблог, які Васіль Ядчанка прысвяціў беларускай мове. І не толькі яе вывучэнню, але яшчэ і развіццю ды пашырэнню на розныя галіны жыцця.

Першыя беларускамоўныя кулінарныя шоў — гэта «Гаў-гаў з-за печы»

Свае першыя відэа ў YouTube Васіль размясціў яшчэ ў 2010 годзе, а пазней распачаў кулінарную шоў-праграму. Тое шоў было расейскамоўным, але пра беларускую кухню.

— І вось падчас запісаў на памяць пачалі прыходзіць беларускія словы, беларускія выразы. Я пачаў іх выкарыстоўваць у такіх кароткіх відэа і адразу пабачыў, што пайшлі дзесяткі і сотні тысяч праглядаў, тысячы каментароў і «падабаек», — кажа Васіль.

Так блогер зразумеў, што на беларускамоўны кантэнт ёсць запыт. І пачаў рыхтаваць беларускамоўныя кулінарныя шоў, але цяпер называе тую працу: «Гаў-гаў з-за печы».

— Так казала мая бабуля Тамара з Буда-Кашалёўшчыны, калі хтосці казаў з-пад цішка: «Гаў-гаў з-за печы». А ў сям’і была «трасянка заўсёды з намі» — так размаўлялі вясковыя бацькі, — успамінае Васіль.

Гомельскага юнака ў школьныя гады паглынула расейскамоўная прастора. І свядома па-беларуску Васіль пачаў размаўляць ужо ў дарослым узросце, калі ўжо меў сваю сям’ю і сына Усевалада. Пазней беларускамоўныя кулінарныя шоў бацька здымаў ужо разам з сынам.

«Беларускамоўны кантэнт — гэта ж не пра стравы гаворка, а пра ДНК, калі хочаце»

Беларуская мова — не проста спадчына, гэта магутны інструмент зносін з маладым пакаленнем, наладжванне сувязяў. Так відэаблогер тлумачыць сваё захапленне і стварэнне беларускамоўнага кантэнту.

— Насамрэч, тут можна даць журналісцкі і цынічны адказ: бо беларускі кантэнт запатрабаваны ў аўдыторыі. І мы, блогеры, журналісты, робім тое, што запатрабавана. Але гэты беларускамоўны кантэнт запатрабаваны ж не проста так. Гэта ж не пра стравы гаворка, а пра ДНК, калі хочаце. Мы бачым, як беларускі кантэнт знаходзіць водгук у людзей, — кажа Ядчанка.

Аўтар мяркуе, што беларуская мова — таксама адна з гарантыяў таго, каб заставацца беларусамі што б ні здарылася. Менавіта родня мова дае шанец далучыцца да ўнікальнага культурнага руху і гэта — як адкрыць новую старонку ў сваім жыцці, дзе шмат месца для смелай творчасці і наватарства.

— Гэта сапраўднае шчасце рабіць на роднай мове тое, што ты хочаш. І гэта неверагоднае адчуванне, калі беларуская мова ў творчасці знаходзіць водгук у вялікай колькасці людзей. І я перакананы, што нашая беларуская мова — гэта крок у будучыню, дзе беларуская мова зойме годнае месца ў сэрцах беларусаў, — лiчыць блогер.

Васіль Ядчанка. Фота з яго асабістага архіва

Чытайце таксама: «О, цяпер буду табе казаць: забі зяпу!» Як мільёны беларусаў вывучаюць каларытныя выразы дзякуючы блогеру з Гомеля

«Родная мова ў беларусаў вельмі запатрабаваная»

Жыццё блогера і ягонае атачэнне не змянілася і пасля паўнавартаснага пераходу на беларускую мову. Наадварот: у асяродку беларускай дыяспары ў Грузіі, Літве і Польшчы, дзе давялося пабываць змушанаму выгнанніку, беларусы таксама імкнуліся размаўляць на роднай мове.

— Я на практыцы бачу сапраўднае адраджэнне, родная мова ў людзей вельмі заратрабаваная, — кажа Васіль.

У інтэрнэт-прасторы, паводле блогера, «лічбы кажуць самі за сябе»: за мінулы год «Мова ад Васіля» ахапіла 26,16 % ад усіх інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі. А сярод самых актыўных — перадусім моладзь. І для моладзі аўтар мае шмат рубрык, праектаў і накірункаў.

— Да прыкладу, гульня «Хто жадае быць беларусам», калі ўдзельнікі ўгадваюць беларускія словы. Было відэа з маім катом, які мае мянушку «Пёс Кавун», дык яно набрала мільён праглядаў, — — успамінае блогер.

«Наведнік пытаецца ў бармэна ці ёсць кола, бармэн бярэ і падае сапраўднае кола ад аўтамабіля»

Блогер кажа, што калі паўсюдна загаварыў па-беларуску, адкрыў для сябе шмат новага і карыснага. Да прыкладу, пачаў больш думаць, разважаць і «крэатывіць» — гэта карысна для мозгу, які не спіць, а заўсёды ў «крэатыўнай працы».

— Аднойчы я ляцеў самалётам і пабачыў у небе вясёлку ў выглядзе кола — вельмі цікава выглядала і незвычайна. І вось я пакруціў у галаве такую думку і стварыў відэа: у начным клубе наведнік пытаецца ў бармэна ці ёсць кола. Маецца на ўвазе напой «Кока кола», які часта называюць проста «кола». І вось бармэн бярэ і падае таму сапраўднае кола ад аўтамабіля, як наведнік і прасіў — кола, — смяецца Васіль.

Майстар слова кажа, што многія выразы, прымаўкі ці словы цяпер «перадумвае» на беларускую мову: «а як гэта будзе па-беларуску?» І так знайшоў шмат выпадкаў, калі беларуская мова мае падабенствы з рознымі іншымі мовамі — французскай, да прыкладу.

— Аднойчы мне паказалі некалькі ўзораў, я падумаў і склаў свае прыклады, а пасля зрабіў і відэа: «Сымон цяля пасе», «Раман рэпу жрэ». І мае гледачы пачалі і каментаваць, і «лайкаць», і накідалі мне за сотню прыкладаў. «Ужо ня п’ю, бо няма», да прыкладу, — усмеючыся ўзгадвае Васіль.

Блогер і мовазнавец перакананы, што размаўляць па-беларуску — гэта карысна для самаадчувпння і самаразвіцця.

@mova_4_u Падобныя? #мова #белмова #белорусскийязык #этобеларусь #этобеларусьдетка #Беларусь #mova #Belarus #беларускаямова #роднаямова #belarusianlanguage #беларускіцікток #беларускітікток #беларускітыкток #TikTokБеларусь #белтыкток #beltiktok #беларускамоўныцікток #беларускіярэкамендацыі #рэкамендацыі #пабеларуску #беларусы #белорусы #белорусыпоймут #беларусыпоймут #belarusian #беларускігумар #ВэтотДень ♬ оригинальный звук — Мова ад Васіля

Чытайце таксама: Беларуская мова як мірная зброя: асабістая гісторыя былога каліноўца, палітыка Аляксандра Клачко

Як будзе гучаць больш правільна: «страхарка» і «бляхарка» ці «страхарыня» і «бляхарыня»?

Адзін з найпапулярных і буйных праектаў, у якім Васіль працуе зараз, — «Мова ў працы». Аўтар кажа, што ён — пра пашырэнне беларускай мовы ў працоўных прафесіях: будаўнікоў, электрыкаў, сантэхнікаў.

— Гэтыя прафесіі прынята лічыць «простымі», а яны зусім не простыя, бо патрабуюць шмат умення і навыкаў. Таму мы нават хэштэг такі ўзялі #непростыя#, — кажа Васiль.

Гэтак «Мова ў працы» — яшчэ і прасоўванне самапавагі і прафесійнай годнасці. Таму найперш ён скіраваны да працоўнай моладзі, але і для пераацэнкі людзей гэтых прафесій у грамадзтве агулам. І, зразумела, для развіцця і ўзбагачэння беларускай мовы,

— Спытайце, да прыкладу, нават у беларусаў, хто такі страхар ці бляхар? Ці хто-небудзь ведае? А гэта «кровельщик» і «жестянщик», — тлумачыць блогер.

Яшчэ адна мэта «Мовы ў працы» — разбурэння ў прафесіях «гендэрных стэрэатыпаў».

— Мы звыкліся з тым, што калі выклікаем электрыка, то прыходзіць абавязкова мужчына. А, калі сантэхніка, то таксама мужчына дзесці за 40, а яшчэ, магчыма, і нападпітку. А ў нашым праекце ролі працаўнікоў выконвае мае сувядоўца і журналістка Кацярына Гардзеева. І так мы паказваем, што прафесія — гэта не прыкмета гендару, а прыкмета чалавека, — кажа Васiль.

Блог «Мова ад Васіля» i праект «Мова ў працы». Калаж BGmedia

Гэтак аўтары рыхтуюць і жаночую версію гэтых прафесійных найменняў.

— Гэтая новая ўвага да феменітываў — вельмі актуальная ў беларускай мове. Дырэктарка, да прыкладу, ужо звыклая форма, але ў іншых кірунках яшчэ трэба шмат працаваць. Вось думаем: як будзе лепш: «страхарка» і «бляхарка» ці «страхарыня» і «бляхарыня»? — лiчыць блогер.

Гэтым «працоўным» кантэнтам карыстаюцца каля мільёну беларусаў, што сведчыць і пра папулярнасць тэмы, і папулярнасць беларускай мовы.

— Мова — ледзь ня першае, чым мы можам заявіць пра сябе, як пра беларусаў, а беларусы хочуць быць беларусамі. Асабліва моладзі гэта цікава і важна, моладзь хоча быць унікальнай, а беларуская мова — о-го-го якая ўнікальная! — тлумачыць Васiль.

@mova_4_u Медсястра. Мова ў працы Наспель — насморк. Пякотка — изжога. Бруй — энурез. Агульнаўмацавальныя сродкі — общеукрепляющие средства. Амлеласць — обморок. Скавенчыцца — умереть в агонии. Сальмяк — нашатырь. Абмор — припадок. Ачуньваць — выздоравливать. Разачка — гастрит. Нашча — натощак. #Моваўпрацы #праца #прафесіі #непростыя #няпростыя #моваіпраца #мова #белмова #белорусскийязык #этобеларусь #этобеларусьдетка #Беларусь #mova #Belarus #беларускаямова #роднаямова #belarusianlanguage #беларускіцікток #беларускітікток #беларускітыкток #TikTokБеларусь #белтыкток #beltiktok #беларускамоўныцікток #беларускіярэкамендацыі #рэкамендацыі #пабеларуску #беларусы #белорусы #белорусыпоймут #беларусыпоймут #belarusian #беларускігумар #здароўе #медыцына ♬ оригинальный звук — Мова ад Васіля

«Беларуская мова павінна быць цікавай, сучаснай і «крутой» — гэта значыць моднай і стылёвай»

Васіль перакананы, што ў Беларусі павінна быць адна дзяржаўная беларуская мова. Бо нацыянальная мова — адзін з атрыбутаў дзяржаўнасці. А для Беларусі гэта асабліва важна, бо не адно стагоддзе беларусам даводзіцца абгрунтоўваць сваё існаванне, як народу, так і дзяржвы

— Адной дзяржаўнай мовы ў Беларусі абсалютна дастаткова і гэты статус павінны быць, як кажуць, «па змоўчванні». Гэта значыць — ўсім павінна быць зразумела, што на беларускай мове вядзецца ўся дакументацыя, навучанне ў школах і ўніверсітэтах, па-беларуску працуюць радыё і тэлебачанне. Але мы нікому не забараняем размаўляць па-расейску ці па-ангельску паміж сабой, на вуліцах і ў іншых падобных месцах, — лiчыць блогер.

І распачынаць працэс беларусізацыі трэба «з нізоў»:

— Калі вакол будзе гучаць беларуская мова, то нікога не спатрэбіцца змушаць па-беларуску размаўляць. А для гэтага беларуская мова павінна быць цікавай, сучаснай і «крутой» — гэта значыць моднай і стылёвай. Тэлевізія, інтэрнэт — усё павінна стаць беларускім і сучасным — цікавымі, таленавітымі і крэатыўнымі.

Каб так сталася, Васіль прапаноўвае ствараць умовы для творцаў і іх творчасці: праводзіць конкурсы і даваць дзяржаўныя гранты найлепшым, пераводзіць праграмы на радыё і тэлебачанні на беларускую мову. Праводзіць квэсты, гульні і рэаліці-шоў «Як стаць беларусам».

— І гэтай справай мусяць займацца людзі сапраўды адданыя і захопленыя беларускай мовай і культурай, каб іх праца была не з пад-палкі, а натхнёная і крэатыўная. Каб гэты імпэт натхняў і захопліваў людзей, — кажа Васiль.

Чытайце таксама: «Мова ў працы»: блогер, які за год ахапіў 26% усіх інтэрнэт-карыстальнікаў Беларусі, прадставіў новы відэапраект

Калі цяжка размаўляць па-беларуску — «лупі трасянкай»

Будучыню беларускай мовы Васіль Ядчанка бачыць аптымістычна — толькі развіццё. Бо толькі ў сацыяльных сетках з’яўляецца вялікая колькасць беларускамоўнага кантэнту.

— У «ТыкТоку» з’явіўся беларускамоўны стрымер і ён робіць агляды розных гульняў на беларускай мове і робіць жывыя эфіры. І ў яго — сотні тысячаў праглядаў. У «Тэлеграме» ёсць група, якая называецца «Дай паслухаць», там новая беларуская музыка і гэта супер! Гэта значыць — беларуская мова прыходзіць туды, дзе яшчэ зусім нядаўна яе не было. Гэтак адбывпецца сёння і, натуральна, будзе працягвацца. І ўсё гэта робіць моладзь, а за ёй — будучыня, — лiчыць блогер.

Пачаткоўцам Васіль раіць не ставіцца да мовы, як да чагосці недатыкальнага на п’едэстале:

— Мова жывая і з яе не пыл трэба здзімаць, а карыстаць і смакаваць. І, калі цяжка размаўляць па-беларуску, то ёсць такі выраз «лупі трасянкай». Як ніяк, а на трасянцы мы ўсе зможам размаўляць. У сацсетках нават ёсць нейкая дзяўчына, якая вучыць размаўляць трасянкай.

Чым прасцей падыходзіць да вывучэння і размовы — тым будзе лепш: «простыя рэчы, простыя словы». І таксама Васіль раіць не баяцца памыляцца і не саромецца моўных хібаў:

— Скажу за сябе: мне не сорамна падацца смешным ці недарэчным. Мне будзе сорамна, калі я нічога не зраблю для адраджэння роднай беларускай мовы. Сёння кожны можа не толькі скарыстацца, а і зрабіць унёсак у развіццё беларускай мовы. Вазьміце сцікеры і панаклейвайце ў розных месцах вашага дому, перавядзіце сваю «мабілку» на беларускую мову, запішыце сторыс у «Тык-Току», ўжывайце хоць па аднаму беларускаму слову і здзівіцеся, якое невычарпальнае багацце атрымаеце.

А яшчэ Васіль раіць ўзгадваць і чытаць беларускія вершы:

— Мне падаецца, у нас ёсць свой культурны код: калі я пачну чытаць беларускі верш, то яго адразу шмат хто ўзгадае. Да прыкладу, «У адным сяле, не важна дзе, хадзіў баран у чарадзе».

Ці ёсць творы, напісаныя беларусамі па-беларуску і для беларусаў, і зразумеюць іх толькі беларусы? Да прыкладу, «Ветразь» Сяргея Грахоўскага — добра паказвае, якая нашая мова ўнікальная:

У вырай ветразь знікае

За хваляй, нібы на спачын

І змора яго не злякае

Не спыніць тугой далячынь

У змроку зіхоткая здрада

Забавіць хлуснёй у віры

На золку сканае прынада

І кволы прамень на жвіры.

— І калі вам нехта кажа, што беларуская мова, яна такая ж, як і расейская, прачытайце ім гэты верш, — кажа Васiль.

Чытайце таксама: Гультай, пячэнька, граблі. Наколькі добра ты ведаеш беларускую мову? Правер сябе ў займальным тэсце

Recent Posts

«Частникам сделали правило, а сами?» Жители Кобрина жалуются, что в городе не косят траву

Кобринчане иронизируют над новыми требованиями к владельцам частных домов, которые теперь должны косить траву высотой…

04.06.2025

«Я просто в шоке с цен». Беларуска показала на видео, что купила на 50 рублей в магазине

Такую сумму девушка потратила на молоко, сметану, творог, грибы, вареники, мясные подушечки, фрукты и конфеты.

04.06.2025

«Только по просьбе». В ритуальном бюро прокомментировали видео, что на кладбище в Бресте могилы закапывают трактором

В TikTok завирусился ролик похорон на кладбище «Северное» в Бресте. По словам автора, могилы закапывают…

04.06.2025

В Бресте будут судить журналиста за то, что является членом Беларуской ассоциации журналистов

По мнению прокуратуры, до декабря 2024 года журналист написал 43 статьи, которые «дискредитировали деятельность государственных…

04.06.2025

«Живи как хозяин», «На страже»: на какие госСМИ подписан Брестский облисполком и сколько тратит на их поддержку

На второе полугодие 2025-го брестские чиновники оформили подписку на 11 государственных газет и журналов. Заплатили…

04.06.2025

«Если и воняло бы, так мне, но не ей». В Бресте пенсионерка с котами пожаловалась госТВ на соседку, начались разборки

Пенсионерка считает, что соседка настучала на нее из-за котов. В итоге ЖЭС №4 после проверки…

03.06.2025