Воля з Опаля. Беларуска пераехала ў Новую Зеландыю і не забывае пра сваю малую радзіму

09.03.2024 05:07

Чулі пра «Голю з Ополя»? Дзяўчына вядзе блог у Instagram і размаўляе ў ім на дыялекце сваёй роднай вёскі. А яшчэ плануе выдаць кнігу пра сваю бабулю.
Читайте BGmedia в:

Ад аграгарадка Опаль у Іванаўскім раёне да Брэста — 132 кіламетры. А ад Опаля да Новай Зеландыі — болей за 17 тысяч. Але мы зараз не пра геаграфію вам распавядзем, а пра беларуску Волю, якая пераехала ў Новую Зеландыю і там не забывае пра сваю малую радзіму. Мы паразмаўлялі з дзяўчынай пра яе стан пасля пераезда, любоў да вёскі і пра выданне яе ўласнай кнігі на опальскай гаворцы.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Голя з Ополя | Volha Apolka (@apolkina)

Наша гераіня з’ехала з Беларусі ў 2022 годзе, калі пачалася вайна ва Украіне. Воля заўсёды думала, што яна вельмі лёгкі на пад’ём чалавек. Што ёй будзе лёгка змяніць месца жыхарства. Але атрымалася крыху інакш.

«Калі я жыла ў Беларусі, то вельмі шмат вандравала. Амаль што кожны месяц куды-небудзь ездзіла. Бо і праца была такая актыўная, і рамантычныя стасункі былі з чалавекам, які не з Беларусі. Дарэчы, гэтыя стасункі ў выніку і прывялі мяне ў Новую Зеландыю. Мне здавалася, што ў любым выпадку пераезд для мяне пройдзе лёгка. Думала, што я не буду вельмі шмат плакаць і сумаваць па радзіме. Але ў рэальнасці ўсё адбылося інакш. І пераезд мяне рэальна «накрыў». На цэлы год майго жыцця за мяжой», — распавяла дзяўчына.

Такі не просты псіхалагічны стан быў выкліканы тым, што пераезд адбываўся, калі ва Украіне пачалася паўнамаштабная вайна. Вольга ўпэўнена, што гэтая падзея была цяжкай не толькі для яе асабіста, але і для многіх людзей з Беларусі.

«Дзякуй Богу, ваенных дзеянняў у нас (у Беларусі) не было, але ўсё роўна я перажавала. За лёсы людзей, якія сутыкнуліся з такім горам.

Праз некаторы час жыцця ў Новай Зеландыі прыйшло разуменне, што я апынулася ў новым асяроддзі, у якім не ведаю і не разумею нічога. Мне патрэбна было з нуля выбудоўваць новыя сувязі. Калі б я апынулася ў Еўропе, гэта яшчэ было б больш-менш, палова бяды. Бо я там часта бывала. А ў Новай Зеландыі мне прыйшлося шукаць сябе ў зусім новым месцы і абставінах.

У Беларусі разумела, хто я. Заўжды была вельмі актыўная, удзельнічала ў шмат якіх івэнтах, сама арганізоўвала іх. Я разумела, што я раблю і навошта. Якую карысць я прыношу людзям. І калі я з’ехала вось з такой роляй у месца, дзе мяне ніхто не ведае, і я нікога не ведаю, то перастала адчуваць сваю значнасць і каштоўнасць. Згубіла ўласны сэнс… », — распавядае Воля.

Праз год такога стану да дзяўчыны прыйшла моц. І ў галаве паўстала такое пытанне: «Я нічога не разумею, але што магу зрабіць і як я магу знайсці сябе па-новаму? Што мне для гэтага трэба?». І праз год Воля пачала актыўна весці свой блог у Instagram, быць больш актыўнай у шмат якіх рэчах. Дзяўчыне стала цікава вывучаць мясцовасць, дзе яна зараз жыве, ездзіць у розныя іншыя мясціны.

Чытайце таксама: «Хочацца, каб мы скарылі ўвесь Беласток сваімі строямі». Ці складана вышыць традыцыйную кашулю сваімі рукамі

«Голя з Ополя». Фотаздымак з сацыяльных сетак Волі.

Пра блізкіх людзей

З роднымі Вольга не бачылася ўжо два гады. Спробы былі, але па розным прычынам не атрымалася. Дзяўчына вельмі спадзяецца, што ўсё ж такі атрымаецца пабачыцца ў бліжэйшы час.

«Больш за ўсё я сумую па людзях. Мае сябры жывуць у розных краінах, таму сабрацца ўсім разам, напэўна, ужо і не атрымаецца. Канешне, сумую я па сваіх родных, па сваёй вёсцы. Ёсць мясціны ў наваколіцах вёскі, якія да гэтай пары застаюцца ў маёй памяці. Я ўяўляю, куды б я там пайшла, што б я там рабіла. Напрыклад, наведала б могілкі ў вёсцы. Бо гэта вельмі значнае месца, куды мы хадзілі вельмі часта з маёй бабуляй. І там зараз, на жаль, і яна ляжыць. І мне б вельмі хацелася прыйсці да яе на магілку. Гэта, напэўна, тое, што баліць заўжды, бо я гэтага не магу зрабіць.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Голя з Ополя | Volha Apolka (@apolkina)

Таксама сумую за прыроднымі мясцінамі. Па лесу, у якім я ведаю ўсе сцежкі. Ведаю, з якога боку зайсці, з якога выйсці. Сумую па паходах па грыбы. Я ўжо шмат прачытала пра Новую Зеландыю і ведаю, што тут можна знайсці белыя грыбы, але не на тым востраве, дзе жыву я. На той «грыбны» востраў яшчэ не дабралася. Ну і тут такія лясы не простыя. Тэрыторыя не такая роўная, як у Беларусі, усё на гарах. І пагэтаму мне трошкі боязна. Але жаданне назбіраць белых грыбоў у Новай Зеландыі, канешне ж, ёсць».

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Голя з Ополя | Volha Apolka (@apolkina)

Пра вёску і дыялект

Людзям з вёскі бывае сорамна за тое, што яны нарадзіліся і выраслі ў невялікім мястэчку. Спыталі ў Волі пра яе прыняцце месца нараджэння:

«Пэўны час быў сорам. Бо я думала, што людзі маглі падумаць, што я менш адукаваная ці яшчэ што. Шмат было комплексаў. Але са сталеннем прыйшло разуменне таго, што тое месца, адкуль я, — гэта не сорам, гэта мая сіла. Гэта тое, што дае мне пэўную адметнасць ад усіх астатніх. Такі працэс прыняцця пачаў адбывацца ў час, калі скончылася навучанне ва ўніверсітэце, і я пачала сустракаць крыху іншых людзей. Гэта былі актывісты, якія працавалі з тэмай нефармальнай адукацыі і якія заўжды цікавіліся ўсім-усім. Пазней, у нейкі момант, я пачала вазіць сваіх сяброў у вёску, знаёміць з маёй бабуляй, распавядаць, як жывуць людзі. А «дабіў» маё прыняцце месца нараджэння — пераезд за мяжу».

Цікаўнасць да мясцовага дыялекту, па словах Волі, у яе была заўсёды. Бо для дзяўчыны яе мова — гэта дыялект вёскі Опаль:

«Яна першасная, чым беларуская ці руская. І мясцовая мова была заўсёды часткай мяне. Калі маці ці бабуля тэлефанавалі мне пад час майго навучаня ва ўніверсітэце, то мы заўсёды размаўлялі па-свойму. Калі прыязджала дадому, то заўсёды «пераключалася» на наш дыялект. Бацька сустракаў мяне з цягніка, і мы адразу пачыналі размаўляць нашай мовай. І ў той час я думала, што гэтую частку мяне трэба крыху падавіць, бо ў горадзе размаўляюць не так. І я павінна быць такой жа, як і ўсе, каб яны мяне прынялі. А пазней зразумела, што гэтая частка мяне не саромная, і што мне яна вельмі падабаецца. Што гэта мая адметнасць».

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Голя з Ополя | Volha Apolka (@apolkina)

Пра традыцыі, хату бабулі і таўканіцу

Напрыканцы свайго жыцця бабуля Волі жыла не ў той хаце, дзе прайшло ўсё жыццё. За некалькі гадоў да смерці яна прадала сваю хату. Новымі гаспадарамі стала сям’я з Украіны. Гэта здарылася яшчэ да пачатку вайны:

«У бабулі заўсёды балела на душы за тое, што адна з яе хат стаіць без гаспадароў. Пагэтаму яна перабралася ў меншую па плошчы, каб было прасцей абаграваць яе, а сваю — прадала».

Пераязджаючы з радзімы ў іншую краіну, шмат якія людзі перавозяць і традыцыі сваёй сям’і. У Новую Зеландыю свае звычкі перавезла і наша гераіня:

«Я сумую па некаторых традыцыях, якія былі ў маёй сям’і. Напрыклад, я спрабую гатаваць розную ежу, якую гатавала бабуля і маці. Я ўжо тут і капусту квасіла, і таўканіцу рабіла. Частавала сваіх новазеландцаў. Скажу, што ўся ежа, якую гатавалі мае сваякі, гэта нешта вельмі простае. Напрыклад, бабуля ставіла чыгунок у печ, накідвала ў яго гародніны, некалькі шматкоў мяса — вось і гатовая вячэра. Рабіла розныя кашы ў печы. Маці гатавала больш свецкія стравы: маянэзныя салаты, галубцы, катлеты. Магчыма, адметным было гатаванне капусты. Браўся вялікі качан і запякаўся ў печы. Так, каб крайнія лісты былі чорнымі. Затым чорнае лісце здымалася і ўнутры была вельмі духмяная капуста, якую бабуля рэзала на кавалкі, палівала алеем, дадавала цыбулю і мы елі. Я спрабавала так запякаць капусту ў Новай Зеландыі, але ў духавой шафе. Атрымалася не зусім тое, як рабіла бабуля».

Чытайце таксама: Стваральнік бібліятэкі «Камунікат»: «Вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі з успамінамі, біяграфічныя кнігі»

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Голя з Ополя | Volha Apolka (@apolkina)

Пра сваю кнігу «Moe баба — діректор морга»

«Ідэя стварэння кнігі прыйшла даўно. І звязана яна была напрамую з маёй бабуляй. Бо яна для мяне была вельмі знакавай асобай. Яна вельмі паўплывала на мой характар, маё стаўленне да жыцця, працавітасць. У шмат якіх момантах мы з ёй вельмі падобныя. Калі яе не стала, гэта быў самы балючы момант. І мне спатрэбілася шмат часу, каб перажыць гэта гора. А потым я прыйшла да ідэі, што я хачу адлюстраваць вопыт бабулі, распавесці яе гісторыю жыцця. Яна была вельмі цікавай і ўнікальнай жанчынай. Праз некалькі гадоў пасля яе смерці я дакладна зразумела, што хачу выпусціць кніжку пра бабулю».

Кніга будзе мець выгляд мастацкага твора пра бабулю Волі, якая выконвала важную ролю ў вёсцы, бо ведала ўсе пахавальныя традыцыі. І пагэтаму яе вельмі часта клікалі дапамагчы зрабіць «усё як трэба»: памыць, радзіць (апрануць), правільна пакласці ў труну і выканаць усе палескія, опальскія, традыцыі.

Па словах Волі, ёй пашчасціла быць знаёмай з выдатнай сучаснай мастачкай Машай Мароз. Яна сама з Палесся і доўгі час даследуе яго. Ездзіць па розных вёсках і збірае матэрыялы. І Маша згадзілася напоўніць будучую кнігу Волі сваімі працамі.

«Кніга будзе напісана не толькі на опальскай мове, але і англійскай. Пагэтаму, калі ў вас ёсць сябры-іншаземцы, і вы хацелі распавесці ім пра беларускае Палессе — можна ім падарыць экзэмпляр выдання. Я была б вельмі радая, калі б шмат людзей набылі кнігу. Каб яны даведаліся пра палескую культуру, пра маю радзіму».

Набыць кнігу можа любы жадаючы. Для гэтага трэба проста паўдзельнічаць у краўндфандынгу (народнае фінансаванне). Ёсць дзве опцыі: электроны варыянт за 5 еўра, і друкаваны варыянт за 25 еўра. Прадоўжыцца збор сродкаў да канца красавіка, а атрымаць кнігу ўдзельнікі краўндфандынга змогуць да канца 2024 года. Што датычыцца кошту кнігі і дастаўкі, то падтрымліваючы праект друку, сістэма аўтаматычна пакажа, колькі будзе каштаваць дастаўка кнігі да вашага дома.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Голя з Ополя | Volha Apolka (@apolkina)

У завяршэнні размовы спыталі ў Волі, ці ёсць нешта агульнае паміж беларусамі і новазеландцамі:

«Я прыходжу да высновы, што людзі, ў большасці сваёй, усюды аднолькавыя. Людзьмі кіруюць адны і тыя матывы. Калі паглядзець, то ў нас з новазеландцамі вельмі шмат агульнага. Напрыклад, Новая Зеландыя невялікая краіна. Побач з ёй ёсць вялікая краіна — Аўстралія. І яна, Новая Зеландыя, як і Беларусь побач з Расіяй, заўжды трошкі ад гэтага пакутуе. Новазеландцы не любяць, калі іх параўноўваюць з аўстралійцамі. Калі робяць высновы на аснове вялікага суседа. Людзі ў Новай Зеландыі адкрытыя і добрыя, як і ў Беларусі».

Чытайце таксама: Кацярына Ваданосава: «Мы жылі ў вельмі камфортным, спакойным свеце — і думалі, што так яно і будзе далей»

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: