У Беларусі плануе пабудаваць пункт захавання і часовага захоўвання радыеактыўных адходаў. Яго хочуць выкарыстоўваць у тым ліку для адходаў, якія ўтвараюцца на БелАЭС. Аднак незалежныя эксперты лічаць, што прадстаўлены праект патрабуе сур’ёзнай дапрацоўкі.
Чытайце таксама: «Няма тэхналогіі, якая на 100% ізалюе адходы»: што стаіць за сховішчам ядзерных адходаў у Беларусі
Папярэднія вынікі незалежнага аналізу справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) прадставілі эксперты «Экадома», амерыканскай арганізацыі Solutions for Resilient Communities, міжнароднай праграмы «Бяспека радыеактыўных адходаў» і спецыяліст па радыяцыйнай бяспецы Сяргей Бесараб.
Дзе можа з’явіцца сховішча
Цяпер разглядаюцца тры магчымыя пляцоўкі:
- Астравецкі раён — недалёка ад БелАЭС;
- Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці;
- раён вёскі Навасёлкі ў Гомельскай вобласці.

Апошні варыянт знаходзіцца на тэрыторыі, якая пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. Менавіта гэта выклікае дадатковыя пытанні ў эколагаў і мясцовых жыхароў.
Афіцыйна БелРАА заяўляе, што канчатковае рашэнне па пляцоўцы і тэхналогіі пакуль не прынятае.
Планавалася, што аб’ект будзе працаваць з нізка- і сярэднеактыўнымі радыеактыўнымі адходамі. Асобная праблема — адпрацаванае ядзернае паліва. Яго плануюць адпраўляць у Расію на перапрацоўку, пасля чаго частка адходаў можа вяртацца ў Беларусь.
Што будуць рабіць з адходамі
Паводле дакументаў, сама пляцоўка будзе выкарыстоўвацца не толькі для захоўвання ядзерных адходаў. Праект прадугледжвае сартаванне, спальванне, выпарванне, цэментаванне і ўпакоўванне радыеактыўных адходаў.
Эксперт Сяргей Бесараб звяртае ўвагу, што пры гэтым у адзін праект фактычна аб’ядноўваюцца тры розныя аб’екты: комплекс перапрацоўкі радыеактыўных адходаў, пункт іх часовага захоўвання і непасрэдна пункт захавання.
Праблема і ў тым, што спальванне не знішчае радыенукліды, што стварае. Яны могуць пераразмяркоўвацца паміж попелам, адходамі ачысткі і выкідамі ў атмасферу. Эксперты адзначаюць, што ў справаздачы гэтыя магчымыя ўздзеянні практычна не разгледжаныя.
Чытайце таксама: У Беларусі апублікавалі дакументы па будучым сховішчы радыеактыўных адходаў. Што стала вядома
«Уцечкі магчымыя ўжо ў першыя 100 гадоў»
Адна з галоўных прэтэнзій экспертаў датычыцца тэхналогіі, якую яны лічаць падобнай да расійскіх сістэм.
Інжынер-фізік Андрэй Ажароўскі прыводзіць прыклад сховішча радыеактыўных адходаў у Абнінску. Паводле афіцыйных даных, праз 38 гадоў пасля кансервацыі там выявілі ўцечкі, а грунт быў забруджаны на глыбіню да васьмі метраў.

Паводле яго слоў, падобныя модульныя сістэмы выкарыстоўваюцца таксама ў расійскіх праектах на камбінаце «Маяк» і Сібірскім хімічным камбінаце. У адпаведных расійскіх АУНА (ацэнках уздзеяння на навакольнае асяроддзе) разглядаецца магчымасць таго, што пры неспрыяльным развіцці падзей ахоўныя бар’еры могуць перастаць утрымліваць небяспечныя рэчывы ўжо ў першыя 100 гадоў.
Пры гэтым асноўныя радыенукліды, такія як цэзій-137 і стронцый-90, павінны быць надзейна ізаляваныя значна даўжэй — эксперты гавораць як мінімум пра 300 гадоў.
У дакументах бракуе важных дэталяў
Эксперты звяртаюць увагу і на тое, што ў беларускай АУНА няма шэрагу звестак, неабходных для паўнавартаснай ацэнкі рызык.
У прыватнасці, не апісаныя канкрэтныя тэхналогіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам і прадуктамі яго перапрацоўкі, інжынерныя характарыстыкі кантэйнераў і ахоўных бар’ераў, а таксама асобныя дадзеныя пра выкіды і скіды.
Асобна ўзнікаюць пытанні да вадародных працэсаў у цэментаваных адходах. Паводле экспертаў, пры пэўных умовах назапашванне газу можа прывесці да пашырэння і пашкоджання цэментнай матрыцы і самога кантэйнера.
Чытайце таксама: Хто будзе адказваць за ядзерныя адходы? У Беларусі схавалі структуру «БелРАА» на фоне спрэчак вакол будучага сховішча
Чаму не разгледзелі іншыя варыянты
Яшчэ адна прэтэнзія, якая ўзнікла ў экспертаў — фармальны аналіз альтэрнатыў.
У свеце выкарыстоўваюцца розныя падыходы да абыходжання з радыеактыўнымі адходамі. Адзін з іх — працяглае наземнае кантраляванае захоўванне ў сухіх кантэйнерах. У такім выпадку стан адходаў і кантэйнераў можна кантраляваць, а пры неабходнасці самі кантэйнеры — пераўпакоўваць.
У беларускай АУНА гэты варыянт згадваецца, але, паводле экспертаў, паўнавартаснага параўнання з прапанаваным рашэннем няма. Не разглядаецца належным чынам і так званая «нулявая альтэрнатыва» — адмова ад рэалізацыі праекта.
«Мы не гаворым, што трэба абавязкова выбраць адзін з гэтых варыянтаў. Мы гаворым: разгледзьце іх і параўнайце з тым, што прапануеце вы», — адзначаюць эксперты.
Працы на Мсціслаўшчыне таксама выклікалі пытанні
Асобная гісторыя звязана з магчымай пляцоўкай у Мсціслаўскім раёне.
Раней Флагшток звярнуў увагу на будаўнічыя працы, што адбываліся на тэрыторыі, якая разглядаецца як адно з магчымых месцаў для ПЗРО. Пасля гэтага БелРАА заявіла, што гэта былі даследаванні тэрыторыі, завершаныя яшчэ ў маі 2026 года, і што працы ў рамках праекта ПЗРО там не вядуцца.
Аднак аналіз спадарожнікавых здымкаў, які правёў «Флагшток», паказаў сляды работ і пасля названага БелРАА тэрміну. На здымках работы заўважылі яшчэ ў канцы жніўня.

Дзяржаўныя структуры сцвярджаюць, што гаворка ідзе пра меліярацыйныя работы. Аднак аргументаванага тлумачэння, чаму яны праводзіліся менавіта ў раёне адной з магчымых пляцовак, пакуль няма.
Грамадскія абмеркаванні праекта праходзілі па ўсіх трох пляцоўках, якія разглядаліся для размяшчэння сховішча. Жыхары маглі выказаць свае заўвагі і задаць пытанні наконт магчымых наступстваў будаўніцтва. Аднак застаецца пытанне, наколькі гэтыя заўвагі былі ўлічаныя.

З дакументаў пры гэтым не заўсёды зразумела, якія менавіта заўвагі былі прынятыя, а якія адхіленыя і па якіх прычынах.
Паводле цяперашніх планаў, пункт захоўвання і захавання радыеактыўных адходаў у Беларусі хочуць стварыць да 2030–2031 гадоў. Але яшчэ да выбару канкрэтнага месца і пачатку будаўніцтва эксперты патрабуюць больш поўнага абгрунтавання тэхналогіі, рызык і магчымых альтэрнатыў.
Чытайце таксама: Чыноўнік прызнаў, што жыхары зоны адчужэння не хочуць «ядзерны магільнік»
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: