Урад павялічыў фінансаванне будаўніцтва ваеннага гарадка і палігона на поўдні Гомельскай вобласці. Тым часам над рэгіёнам рэгулярна заўважаюць дроны.
55 долларов США военных расходов пришлось на каждого гражданина Беларуси в 2017 году
Урад Беларусі істотна павялічыў фінансаванне будаўніцтва двух ваенных аб’ектаў у Гомельскай вобласці. Гаворка ідзе пра ваенны гарадок і палігон, якія размяшчаюцца непадалёк ад паўднёвай мяжы краіны.
Чытайце таксама: Зноў закрываюць КПП на беларуска-расійскай мяжы. Каля яго ўпаў беспілотнік
На гэта звярнуў увагу «Флагшток».
Пастанову Савета Міністраў ад 26 жніўня апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дакумент удакладняе пералік аб’ектаў і аб’ёмы фінансавання ў межах Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2026 год.
Згодна з дакументам, фінансаванне будаўніцтва ваеннага гарадка павялічылі амаль на 97,5 млн рублёў — гэта каля 32 млн долараў.
Яшчэ 52 млн рублёў — больш за 17 млн долараў — дадалі на будаўніцтва ваеннага палігона.
Адно дадатковае фінансаванне двух аб’ектаў складае амаль 150 млн рублёў.
Паводле зменаў у інвестпраграме, грошы на іх будаўніцтва прадугледжаныя да 2028 года ўключна. Гэта значыць, што выдаткі на аб’екты будуць працягвацца і ў наступныя гады.
Раней у рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2024–2026 гады на будаўніцтва ваеннага гарадка ўжо было прадугледжана 390,59 млн рублёў — каля 120,2 млн долараў.
На палігон да ўнясення апошніх змяненняў у 2026 годзе планавалася выдаткаваць 15 млн рублёў, а агульнае фінансаванне яго будаўніцтва на тры гады ацэньвалася ў 410 млн рублёў.
Абодва аб’екты будуць знаходзіцца на поўдні вобласці: ваенны гарадок — прыкладна за 30 кіламетраў ад мяжы, палігон — прыкладна за 40 кіламетраў.
Павелічэнне выдаткаў на ваенную інфраструктуру адбываецца на фоне таго, што паўднёвыя раёны Беларусі ўжо некалькі гадоў аказваюцца ў зоне рызыкі праз вайну Расіі супраць Украіны.
Пры гэтым у апошнія месяцы жыхары Гомельскай вобласці неаднаразова паведамлялі пра пралёты беспілотнікаў. У шэрагу выпадкаў незалежныя выданні і маніторынгавыя каналы звязвалі іх менавіта з расійскімі БПЛА, якія ляцелі ў бок Украіны. Але не ўсе выпадкі ўдалося дакладна ідэнтыфікаваць.
Напрыклад, у чэрвені жыхары Гомеля і Добруша паведамлялі пра гул беспілотнікаў. У ноч на 26 чэрвеня ў Гомелі людзі таксама чулі выбух. Пры гэтым дакладна вызначыць, які менавіта дрон знаходзіўся над горадам і што стала прычынай выбуху, не ўдалося.
Яшчэ раней, у сакавіку, незалежныя медыя паведамлялі, што каля пасёлка Рассвет у Добрушскім раёне ўпаў невядомы беспілотнік. Міліцыя перакрыла ўчастак трасы Гомель — Новаzыбкаў, пакуль на месца ехала група размініравання. Пасля вывезення дрона рух аднавілі. Яго прыналежнасць тады таксама не ўстанавілі.
18 жніўня паведамлялася яшчэ пра адзін інцыдэнт — каля Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне ўпаў невядомы беспілотнік. Паводле «Флагштока», пры падзенні адбылася дэтанацыя баявой часткі, а выбух чулі ў суседніх мікрараёнах. Пад’езд да завода па вуліцы Прамысловай перакрывалі. Пацярпелых не было.
Пры гэтым ні мадэль беспілотніка, ні тое, адкуль ён прыляцеў, афіцыйна не паведамляліся.
Праз некалькі дзён, 25 жніўня, жыхары Жлобіна зноў паведамлялі пра незвычайны гул у небе. Людзі меркавалі, што над горадам пралятаў рэактыўны беспілотнік. Адначасова некаторыя бачылі нізка над горадам знішчальнік. Незалежнае выданне звязвала гэтыя паведамленні з актыўнасцю расійскіх БПЛА ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы, але сам беспілотнік над Жлобінам візуальна не зафіксавалі.
Найбольш дакладна ў апошні час удалося ўстанавіць паходжанне аднаго з беспілотнікаў.
22 жніўня ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці ўпаў расійскі рэактыўны БПЛА «Бандэроль». Паводле інфармацыі ўкраінскага маніторынгавага канала «Око Гора», ён праляцеў каля 306 кіламетраў, з якіх прыкладна 120 кіламетраў — над тэрыторыяй Беларусі.
Паводле гэтай версіі, пасля працяглага палёту ў беспілотніка скончылася паліва, і ён упаў у раёне вёскі Лучыцы. Для яго перахопу падымалі беларускі Су-30, але збіць цэль не ўдалося.
Беларускія ўлады гэтую інфармацыю не каментавалі.
Паведамленні пра расійскія дроны над Гомельшчынай з’яўляліся і пасля гэтага. У прыватнасці, маніторынгавыя каналы фіксавалі пралёты расійскіх рэактыўных БПЛА ўздоўж паўднёвай мяжы Беларусі.
Пры гэтым у Гомельскай вобласці былі і выпадкі, якія беларускія ўлады звязвалі менавіта з украінскімі БПЛА. Аднак афіцыйныя заявы пра іх паходжанне не заўсёды суправаджаліся канкрэтнымі доказамі.
У сакавіку Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Гомельскай вобласці ўпаў беспілотнік, у выніку чаго пацярпела мясцовая жыхарка. Паводле яго версіі, гэта быў украінскі дрон, які страціў кіраванне пасля ўздзеяння расійскай сістэмы радыёэлектроннай барацьбы.
Пазней незалежныя медыя са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамлялі, што гаворка ішла пра аграгарадок Леніна ў Добрушскім раёне. Паводле гэтых звестак, беспілотнік пашкодзіў дом, а жанчыну даставілі ў бальніцу. Пры гэтым афіцыйныя структуры не апублікавалі падрабязнага апісання здарэння, матэрыялаў з месца падзення або іншых дадзеных, якія дазволілі б незалежна праверыць паходжанне дрона.
Публічна прадстаўленых фактаў, якія б цалкам пацвярджалі гэтую версію, улады не прывялі.
Чытайце таксама: «Бензіну нідзе не было, толькі дызель». Гамяльчане распавялі, што ўбачылі па дарозе праз Бранск да мора
По задумке чиновников ЗиУ-682 должен напоминать о том, как несколько десятилетий назад выглядел привычный общественный…
Люди утверждают, что во время благоустройства вырубили множество деревьев, из-за чего привычные улицы и площади…
У сухім малацэ Лунінецкага малочнага завода Рассельгаснагляд выявіў бактэрыі групы кішэчнай палачкі. Прадукцыю завода перавялі…
Выяснилось, что сельчан волнует не наличие мармелада на полке, а куда более практичные вещи —…
Белстат падлічыў размеркаванне беларусаў паводле даходаў. Магіляўчане ў сацсетках расказалі, што іх заробкі часта не…
На лестницах перехода предусмотрено антискользящее покрытие, внутри установили систему видеонаблюдения и пять светодиодных экранов.