Жыхар Бабруйска звярнуўся ў рэдакцыю «Магілёў.media» са скаргай на тое, што яму адмовілі ў прызнанні ўласнага дома непрыдатным для пражывання. Пры гэтым, паводле яго слоў, у горадзе зносяць будынкі, якія выглядаюць значна лепш. У якасці прыкладу ён прывёў цагляны дом на вуліцы Чангарскай, які нядаўна разабралі.
Чытайце таксама: Выбух у Казіміраўцы пад Гроднам: дом моцна разбураны, жыхарам прапануюць арэнднае жыллё
Праверыць словы чытача рэдакцыя не змагла: «Магілёў.media» прызнанае ўладамі «экстрэмісцкім фарміраваннем», таму кантакт з выданнем можа стварыць рызыкі для жыхароў Беларусі.
Аднак у Бабруйску ёсць і іншыя гісторыі, якія выклікаюць пытанні да падыходу ўладаў да старой забудовы.
Дарэвалюцыйны дом знеслі, хоць ён захоўваў гістарычны выгляд
У жніўні 2025 года на вуліцы Карла Лібкнехта, 57, разабралі драўляны дом дарэвалюцыйнай пабудовы. Будынак знаходзіўся на былой Сталыпінскай вуліцы і быў прызнаны аварыйным.
Пра знос паведамляла бабруйскае выданне «Камерцыйны кур’ер». На той момант дом захоўваў шмат арыгінальных элементаў: зашклёную веранду, разьбяныя ліштвы, падвойныя дзверы і каваны казырок над ганкам. Перабудовы амаль не закранулі яго знешні выгляд.
На гісторыка-архітэктурным апорным плане Бабруйска, які ўваходзіць у генеральны план горада, будынак быў пазначаны як каштоўная драўляная забудова. Аднак афіцыйнага статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ён не меў.
Побач знаходзіцца занальны дзяржаўны архіў, пабудаваны на рэштках былой сінагогі. Таму існавала меркаванне, што драўляны дом мог належаць сям’і рабіна, але дакументальнага пацвярджэння гэтай версіі няма.
Да кастрычніка 2025 года будаўнічае смецце ўжо вывезлі, а на месцы дома засталася роўная пляцоўка. Пры гэтым на ўчастку захаваліся старыя хлявы і драўляная прыбіральня ў значна горшым стане.
Чытайце таксама: Замест уласнай кватэры — арэнднае жыллё. Як у Беларусі змяніліся правілы перасялення з аварыйных дамоў?.
У Кісялевічах знеслі казарму, але не спяшаюцца з домам, які быў зношаны на 65%
У мікрараёне Кісялевічы ў красавіку 2026 года знеслі сталінскую казарму пачатку 1950-х гадоў. Камісія прыйшла да высновы, што аднаўляць будынак немэтазгодна.
У тым жа мікрараёне знаходзіцца дом №10 на вуліцы Гарэліка. Паводле абследавання, праведзенага ў 2023 годзе, фізічны знос будынка складаў 65%. Аднак рашэнне пра яго знос пакуль не прынятае.
Гісторыя гэтага дома ўжо трапляла ў поле ўвагі BGmedia. Жыхарка Алеся Яцушкевіч, якая разам з братам атрымала чатырохпакаёвую кватэру ў спадчыну ад бацькоў, праз TikTok патрабавала капітальнага рамонту або зносу будынка з прадастаўленнем іншай кватэры ва ўласнасць.

Жанчына казала, што гатовая пераехаць нават у меншую кватэру і самастойна зрабіць там рамонт. Галоўнае для яе — не страціць права ўласнасці на жыллё.
Прадстаўнікі камунальных службаў і гарвыканкама тлумачылі, што капітальны рамонт дома немэтазгодны, а пытанне аб прызнанні яго непрыдатным для пражывання пакуль не вырашанае.
Уласнікам замест кватэры могуць прапанаваць арэнднае жыллё
У гэтай гісторыі ёсць яшчэ адзін важны момант. Калі раней уласнікі жылля, якое прызнавалі непрыдатным для пражывання і планавалі зносіць, маглі разлічваць на іншую кватэру ва ўласнасць, то цяпер у некаторых выпадках ім прапануюць арэнднае жыллё і грашовую кампенсацыю.
Паводле артыкула 142 Жыллёвага кодэкса, уласніку могуць прапанаваць арэндную кватэру са згоды чалавека. Яна павінна быць не горшай за ранейшае жыллё па добраўпарадкаванні і не меншай па агульнай плошчы. Акрамя таго, выплачваецца кампенсацыя паводле рынкавага кошту страчанай нерухомасці.
Аднак арэнднае жыллё не становіцца ўласнасцю чалавека. Калі ён адмовіцца ад такой прапановы, пасля выплаты кампенсацыі яго могуць выселіць без прадастаўлення іншай кватэры.
Для сям’і на вуліцы Гарэліка гэтае пытанне асабліва важнае: людзі хочуць не проста атрымаць дах над галавой, але і захаваць права ўласнасці на жыллё.
У Бабруйску плануюць знесці яшчэ 59 прыватных дамоў
Праблема зносу жылля ў горадзе не абмяжоўваецца асобнымі старымі будынкамі. У верасні 2026 года BGmedia пісала пра планы пабудаваць у Бабруйску новы мікрараён на тэрыторыі 16 гектараў. Праект прадугледжвае ўзвядзенне 14 шматпавярховых дамоў і знос 59 прыватных жылых будынкаў.

Падчас грамадскага абмеркавання жыхары пыталіся, калі менавіта іх дамы збіраюцца зносіць. Многія ўкладвалі грошы ў рамонт, будаўніцтва, правядзенне камунікацый і добраўпарадкаванне ўчасткаў. Аднак канкрэтных тэрмінаў пачатку зносу ім не назвалі. Рэалізацыю праекта плануюць да 2035 года.
Чытайце таксама: У Бабруйску пад новы мікрараён хочуць знесці 59 прыватных дамоў. Жыхарам не сказалі, калі гэта адбудзецца
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: