Супрацоўнікі беларускіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў усё часцей звяртаюцца да сацыяльных сетак, спрабуючы вырашыць сур’ёзныя праблемы на іх працоўных месцах.
Чытайце таксама: На адным з прадпрыемстваў Асіповіцкага раёна кароў кармілі бруднай саломай, змешанай з гноем
Адным такім відэа падзяліўся супрацоўнік сельгаспрадпрыемства ААТ «БВО», што месціцца ў Любанскім раёне ў вёсцы Кузьмічы. Гэта аграрнае прадпрыемства, якое займаецца жывёлагадоўляй мяснога і малочнага напрамкаў, а таксама аленегадоўляй і раслінаводствам.
На сайце прадпрыемства пазначана, што на ім вырабляюць натуральную і якасную прадукцыю. А яшчэ тое, што на «БВО» дакладна выконваюць усе дамоўленасці, і могуць хутка і індывідуальна вырашыць пытанні людзей. Аднак з гэтым згаджаюцца далёка не ўсе супрацоўнікі.

На відэа, што выклалі ў TikTok, можна пабачыць зусім іншую карціну, што не трапляе пад апісанне прадпрыемства на афіцыйным сайце. З яго вынікае, што кароваў трымаюць у вельмі дрэнных умовах: яны стаяць у вільготнай і бруднай зямлі, перамяшанай з гноем. Некаторым з іх праз гэта цяжка перасоўвацца. А іншыя каровы наогул спрабуюць есці гэтую зямлю, ці піць ваду з лужаў, бо нічога іншага для іх не паклалі.
Для супрацоўнікаў таксама не прадугледзелі прымальных умоваў. Каля ўваходу да кароўніка — суцэльны бруд, праз які цяжка прайсці. Выйсці з кароўніка таксама няпроста, бо трэба прыкласці добрыя намаганні, каб праз увесь гэты бруд дабрацца да выгану. Пра санітарныя нормы на прадпрыемстве пэўна забыліся. Простыя скаргі маглі не спрацаваць, таму беларусам не ўпершыню даводзіцца шукаць вырашэння праблемы ў TikTok.

Аднак ужо пазней, станам на 19 лістапада 2025 года, відэа было выдалена. Аўтар не раскрываў свайго імя і, судзячы па нікнэйме «Ананім», наўмысна імкнуўся застацца невядомым. Нягледзячы на гэта, ролік паспеў атрымаць значную ўвагу: менш чым за суткі ён сабраў больш за 2000 падабаек і вялікую колькасць праглядаў і актыўна абмяркоўваўся ў каментарах.
TikTok з сельгасаў: ці можна скардзіцца на «аба…ных кароваў»
Варта адзначыць, што беларусы, якія працуюць у сельскай гаспадарцы, вымушана выдаляюць свае відэа з крытыкай працы прадпрыемстваў. Асабліва гэта тычыцца ролікаў, дзе паказваюцца праблемы ў абыходжанні з жывёламі. Як сведчаць падобныя гісторыі, супрацоўнікам нярэдка пагражае ціск з боку начальства.
Раней BGmedia пісала пра выпадак у Асіповіцкім раёне, дзе працавала былы заатэхнік-асемянатар з прадпрыемства МТК «Вязье». Жанчына адмовілася замоўчваць гібель жывёлы, пасля чаго кіраўніцтва пачало ёй помсціць: ёй прыпісалі дадатковыя абавязкі, якіх не было ў кантракце, але без павелічэння заробку. У выніку работніца звольнілася, а начальства падавала ў суд ужо на яе. Суд яна выйграла, але вярнуць грошы ў іншай справе пакуль не атрымліваецца. Сваёй гісторыяй яна адкрыта дзялілася ў TikTok і нават, паводле яе слоў, сутыкнулася з спробай прызначыць ёй псіхіятрычную экспертызу.
Магчыма, менавіта падобнага сцэнару і пабойваўся аўтар відэа з Любанскага раёна, таму і выдаліў ролік. Так выглядае рэальнасць сельгаспрадпрыемстваў, дзе супрацоўнікі рызыкуюць трапіць пад ціск за публічныя скаргі на ўмовы працы.
Чытайце таксама: «Абас…ныя каровы» ў Любанскім раёне. Што адбылося пасля відэа ў TikTok
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: