За дзесяць месяцаў у Пінску выявілі 10 новых выпадкаў ВІЧ — удвая больш, чым годам раней. Аднак па ўсёй вобласці ў цэлым паказчык знізіўся.
Віч-інфекцыя, ілюстрацынйае фота
У Пінску за студзень — кастрычнік 2026 года ўпершыню выявілі 10 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. За аналагічны перыяд мінулага года іх было пяць. Такім чынам, колькасць новых дыягназаў у горадзе павялічылася ўдвая.
Чытайце таксама: «Невозможно больше молчать». В Могилевском онкодиспансере 79-летнего пациента положили в коридоре на двух кушетках
Такія звесткі па стане на 1 лістапада прыводзіць раённае медыя са спасылкай на Пінскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
У кастрычніку новых выпадкаў у горадзе не зарэгістравалі. Аднак гэта не змяніла агульнай гадавой дынамікі. Паказчык захворвання ў Пінску за дзесяць месяцаў склаў 8,15 выпадка на 100 тысяч насельніцтва. Годам раней ён быў на ўзроўні 4,05.
Ва ўсім Пінскім раёне сітуацыя наступная: за студзень — верасень 2026 года там выявілі два новыя выпадкі, а за такі ж перыяд 2025-га — тры.
Пры гэтым агульная статыстыка па Брэсцкай вобласці адрозніваецца ад пінскай. За дзесяць месяцаў 2026 года ў рэгіёне зарэгістравалі 72 новыя выпадкі ВІЧ-інфекцыі. За такі ж перыяд мінулага года іх было 81.
Пра гэта 25 лістапада паведаміў загадчык аддзела прафілактыкі ВІЧ/СНІД Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Леанід Глебка на прэс-канферэнцыі напярэдадні Сусветнага дня барацьбы са СНІДам. Паводле яго, захворванне ў вобласці знізілася на 9,7%.
На 1 лістапада ў рэгіёне за ўвесь перыяд назіранняў зарэгістравалі 3005 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. З іх 1926 чалавек цяпер жывуць з гэтым дыягназам. Па ўзроўні распаўсюджанасці ВІЧ Брэсцкая вобласць займае пятае месца сярод сямі адміністрацыйных тэрыторый Беларусі.
Гэтыя лічбы прыводзяць дзяржСМІ, распавядаючы пра вынікі прэс-канферэнцыі.
Паводле звестак абласнога цэнтра, у Брэсцкай вобласці 88,9% выпадкаў перадачы ВІЧ звязаныя з палавымі кантактамі. На парэнтэральны шлях — праз кроў — прыпадае 4,2%.
На працягу апошніх чатырох гадоў у рэгіёне не зарэгістравалі ніводнага выпадку перадачы ВІЧ ад маці дзіцяці. Гэта звязваюць з поўным ахопам цяжарных жанчын і нованароджаных прафілактычнымі мерапрыемствамі.
У Пінску за ўвесь перыяд назіранняў размеркаванне шляхоў перадачы іншае: 51,7% выпадкаў звязаныя з палавымі кантактамі, 47,3% — з парэнтэральным шляхам. У Пінскім раёне доля палавой перадачы складае 72,6%, а перадачы праз кроў — 26,8%. Гэтыя паказчыкі датычацца ўсіх зарэгістраваных выпадкаў за перыяд назіранняў, а не толькі новых дыягназаў 2026 года.
Паводле даных Пінскага занальнага цэнтра, мужчыны складаюць 62,3% людзей з зарэгістраваным ВІЧ у горадзе і 66,7% — у раёне. Выпадкі інфекцыі зафіксавалі ў 65 населеных пунктах Пінскага раёна на тэрыторыі 23 сельсаветаў.
У цэлым па краіне колькасць новых дыягназаў таксама зніжаецца. За студзень — кастрычнік 2026 года ў Беларусі выявілі 784 выпадкі ВІЧ-інфекцыі — прыкладна на 15% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Пра гэта 26 лістапада паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Дзмітрый Падута. Паводле яго, за апошнія восем гадоў у краіне захоўваецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці новых выпадкаў.
ВІЧ-інфекцыя сёння паддаецца кантролю з дапамогай антырэтравіруснай тэрапіі. У Беларусі лячэнне бясплатна прадастаўляюць усім людзям з ВІЧ. Пры рэгулярным прыёме прэпаратаў можна дасягнуць невызначальнай віруснай нагрузкі, пры якой чалавек не перадае вірус палавым шляхам.
Прайсці добраахвотнае абследаванне, у тым ліку ананімна, можна ва ўстановах аховы здароўя, дзе ёсць працэдурны кабінет.
Чытайце таксама: Жительница Пинска узнала, что уже 12 лет стоит на учете как ВИЧ-инфицированнная, и очень удивилась
Пациентка сняла на видео больничный обед, а в комментариях разгорелся спор. Одни возмущаются качеством еды,…
С родителей просят деньги на презенты всему персоналу. Также им предложили скинуться на «недешевый» подарок…
У малацэ шклоўскага прадпрыемства «МілкСтрэйт» расійскія кантралёры выявілі бактэрыі групы кішачнай палачкі. Пастаўкі пакуль не…
На видео ревизоры в жилетах вежливо помогают пассажирам, но брестчане жалуются на задержки автобусов, хамство…
Жительница деревни Ятвези Волковысского района показала, во что превращается местная дорога после дождей и оттепели.
В Могилеве разгорелся скандал из-за закрытого подвала, внутри которого, по словам местной жительницы, оказались заперты…