На трасе М10 у вёсцы Галоўкі могуць знесці аўтобусны прыпынак з савецкай мазаікай. Актівісты спрабуюць надаць яму статус культурнай каштоўнасці.
Прыпынак грамадскага транспарта ў Рэчыцкім раёне. Фота: www.threads.com/@_belarusian_soviet_bus_stops_
Ініцыятыва, якая займаецца захаваннем савецкіх аўтобусных прыпынкаў і папулярызацыяй манументальнай спадчыны Беларусі, паведаміла пра пагрозу знішчэння незвычайнага павільёна ў вёсцы Галоўкі Рэчыцкага раёна.
Чытайце таксама: У Пінскім раёне знішчылі савецкую мазаіку на транспартным прыпынку
Прыпынак знаходзіцца на трасе М10, дзе цяпер ідзе рэканструкцыя дарогі. Менавіта з-за будаўнічых работ аб’ект можа быць знесены.
Асаблівую каштоўнасць павільёну надае мазаічнае пано савецкага перыяду. Казачная кампазіцыя робіць гэты прыпынак сапраўднай адметнасцю — у адрозненне ад сучасных тыповых бетонных канструкцый, якія цяпер масава ўсталёўваюць уздоўж дарог.
Паводле актывістаў, павільён у Галоўках — адзін з найбольш каштоўных аб’ектаў, якім у гэтым годзе пагражае знос. Ініцыятыва апублікавала фотаздымкі, якімі падзяліліся падпісчыкі: на іх людзі пазіруюць на фоне мазаікі. Прыпынак ужо стаў папулярнай лакацыяй для турыстаў і аматараў савецкай архітэктуры.
Зараз ініцыятыва рыхтуе дакументы, каб надаць павільёну статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
«Калі атрымаецца, то прыпынак будзе ўратаваны. Калі не — будзем намагацца выратаваць хаця б саму мазаіку», — адзначаюць актывісты.
У каментарах пад публікацыяй дзясяткі карыстальнікаў падтрымалі ідэю захавання прыпынку і заклікалі не знішчаць рэдкі прыклад манументальнага мастацтва.
Падобныя сітуацыі ў Беларусі адбываюцца не ўпершыню і неаднаразова выклікалі крытыку з боку саміх беларусаў.
Напрыклад, у Бярозе былі знішчаныя вялікія мазаікі часоў нацыянальнага адраджэння, якія выходзілі на мясцовы стадыён. Замест мастацкіх панно на будынку пакінулі звычайную шэрую сцяну. Пра гэта паведамляў Telegram-канал «Спадчына», які вядуць беларускія архітэктары. Паводле іх ацэнкі, дэмантаж адбыўся з сур’ёзнымі парушэннямі заканадаўства.
Мазаіка «Прыгажосць выратуе свет», створаная ў 1989–1990 гадах мастаком Рыгорам Кірдзеем па дзяржаўным заказе, была фактычна знішчана.
Яшчэ адзін выпадак адбыўся ў Бабруйску: разам з будынкам былой футравай фабрыкі на вуліцы Бахарава знікла і савецкая мазаіка, якая была часткай архітэктурнага аблічча раёна.
У Мінску на дзіцячым садку №347 затынкавалі мазаікі з выявамі Чабурашкі. Сцэны з мультфільма былі выкананыя ў дэкарацыях, натхнёных старым Мінскам, што надавала ім дадатковую культурную каштоўнасць.
У Баранавічах падчас рамонту на заводзе аўтаматычных ліній савецкую мазаіку проста зафарбавалі чорнай фарбай.
Паводле пастановы Савета Міністраў №1374 ад 19 верасня 2008 года, рэканструкцыя твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, у тым ліку мазаік, можа праводзіцца толькі на падставе экспертнага заключэння мастацка-экспертнага савета.
Такія працы павінны адбывацца ў адпаведнасці з Палажэннем аб парадку стварэння, рэканструкцыі і прыёмкі твораў манументальнага мастацтва.
Аднак, як адзначаюць спецыялісты ініцыятывы «Спадчына», у многіх выпадках падобныя дазволы не атрымліваліся.
Напачатку гэтага года стала вядома і пра яшчэ адзін выпадак. У вёсцы Месткавічы Пінскага раёна на аўтобусным прыпынку знішчылі мазаіку савецкага часу.
Пра гэта ў Threads паведаміў @belarusian_soviet_bus_stops — акаўнт, які займаецца папулярызацыяй і аховай твораў манументальнага мастацтва на прыпынках грамадскага транспарта ў Беларусі. Паводле словаў аўтара акаўнта, сам павільён не выглядаў аварыйным, але мазаіку з керамічнай пліткі з выявамі кветак і матылькоў проста замянілі звычайным металічным лістом.
«Такія аўтобусныя павільёны з’яўляюцца часткай нашай гісторыі і культуры, і ім патрэбная абарона ад знішчэння», — адзначыў аўтар публікацыі.
Цяпер актывісты спадзяюцца, што прыпынак у Галоўках атрымаецца захаваць — і ён не папоўніць спіс страчаных твораў манументальнага мастацтва.
Чытайце таксама: У Магілёве знеслі апошні дарэвалюцыйны дом на гістарычнай вуліцы. Жыхары абураныя
В Орше вновь не удалось продать административный корпус предприятия «Легмаш». По всей Беларуси подобные объекты…
В Парк животных под Барановичами заглянул одиозный российский дрессировщик Эдгард Запашный. Пока госпресса умилялась его…
Гамяльчане здзівіліся закрыццю паркоўкі каля Палаца водных відаў спорту. Стала вядома, што тэрыторыю вызвалілі для…
В Орше погибла молодая лосиха после спасательной операции. Местное издание orshanka.by сообщило, что спасти животное…
На калегіі ЖКГ Магілёўшчыны асобную ўвагу надалі ідэалагічнай працы. Тым часам жыхары рэгіёна працягваюць скардзіцца…
Жительница Браслава пожаловалась на дорогие аттракционы и еду на недавнем празднике средневековой культуры. В комментариях…