Продукты, запрет, товары

Якія замежныя тавары забаранілі ў Беларусі за апошні месяц

04.09.2025 12:18 Ілюстратыўнае фота. Источник фото

За апошні месяц Дзяржстандарт Беларусі забараніў шэраг небяспечных тавараў: ад харчовых прадуктаў і напояў да электратэхнікі і дзіцячых цацак.
Читайте BGmedia в:

За апошні месяц Дзяржстандарт Беларусі выявіў шмат тавараў, што не адпавядаюць патрабаванням тэхнічных рэгламентаў. Мы паглядзелі на сайце ведамства, якія катэгорыі прадукцыі часцей за ўсё траплялі пад забарону і з якіх краін яны паступалі.

Большасць забароненых тавараў аказаліся харчовымі: дэсерты, прысмакі, безалкагольныя салодкія і слабаалкагольныя напоі, спецыі, гарбаты і соўсы.

Асноўныя прычыны забароны дэсертаў і прысмакаў — парушэнні пры выкарыстанні харчовых дадаткаў, араматызатараў і дапаможных сродкаў, а таксама праблемы з маркіроўкай і бяспекай прадуктаў. Амаль усе тавары, што трапілі пад забарону ў мінулы месяц, паходзяць з Расіі. Адзінае выключэнне — цукровая цукерка «Весёлый сюрприз» з Кітая (вырабнік JINJIANG XIEXIANG TRADE CORP., LTD).

Чытайце такама: Опасные покупки к 1 сентября: в Брестской области выявили некачественные школьные товары

Што да алкагольных і безалкагольных напояў, падставай для іх забароны стала наяўнасць серністай або сарбінавай кіслаты ў спалучэнні з бензойнай. Такая камбінацыя можа выклікаць алергічныя рэакцыі.

Дзяржстандарт выявіў небяспечныя для здароўя бактэрыі кішэчнай палачкі ў шэрагу расейскіх прадуктаў. Парушэнні зафіксавалі ў гарбатах ад ООО «Добрыня Дар» (Крым, Севастопаль), чорным молатым перцы ад ООО «Колычёвское производственное предприятие» (Расея, Дамадзедава), спецыях для плову ад ООО ПК «АРИКОН-ПРО» (Расея, Масква), а таксама ў сумесях «Хмелі-сунелі» ад АО «ПРОКСИМА» (Расея, Навасібірск) і ООО «ИВА» (Расея, Пскоў).

Адзіным беларускім таварам у гэтай катэгорыі апынуўся соевы соўс «Классический» ад ООО «Гимея» (г. Мінск). Прадукцыя не адпавядае патрабаванням бяспекі: у соўсе выяўлена перавышэнне дапушчальнага ўзроўню сарбінавай і бензойнай кіслот.

На другім месцы па колькасці забаронаў апынулася электратэхніка і радыёэлектроніка: свяцільнікі, лямпы, LED-панэлі, зарадныя прылады, разеткі і іншыя прыборы. Тавары забаранялі з-за парушэнняў па электрамагнітнай сумяшчальнасці, бяспецы нізкавольтнага абсталявання і наяўнасці небяспечных рэчываў. Практычна амаль усе тавары паходзяць з Кітая, за выключэннем аднаго беларускага: электрапомпа гандлёвай маркі «Olsa» (г. Магілёў).

Трэцяе месца па забароне за мінулы месяц займае дзіцячае і падлеткавае адзенне. Тавары забаранялі з-за парушэнняў патрабаванняў бяспекі для дзяцей і сродкаў індывідуальнай абароны. Большасць з іх паступіла з Расеі, Узбекістана, Турцыі і Кітая.

Читайте также: «А почему у вас в руках чужие телефоны?»: журналистка госСМИ спросила у родителей мнение о новом запрете в школе

Чацвёртае месца па колькасці забароненых тавараў займаюць дзіцячыя цацкі, забароненыя з-за парушэнняў бяспекі, перавышэння міграцыі фармальдэгіду і дапушчальнага ўзроўню шуму. Большасць цацак паступіла з Кітая, менш — з Расеі.

Найменш забароненых тавараў прыпала на парфумерыю, касметыку і мыйныя сродкі. У выпадку забароны парфумерна-касметычных сродкаў, забарона тычылася неадпаведнасці крытэрыям бяспекі гэтых сродкаў і выкарыстанню там забароненых сродкаў. Усе тавары гэтай катэгорыі паступілі з Расіі: “Formula Sexy Міст для цела з ферамонамі №3 і №4” ад ООО «Дельта Парфюм».

Мыйны сродак «Гель для мыцця каляровых тканін WEISSE GANS COLOR GEL» ад «Milwa Polska 1871» Sp.z o.o. Sp.k стаў адзіным забароненым таварам з Польшчы за мінулы месяц. Забарона абумоўлена тым, што сродак не прызначаны для аўтаматычных пральных машын з франтальнай загрузкай і можа ўводзіць спажыўца ў зман адносна бяспекі і прызначэння.

Такім чынам, згодна з дадзенымі Дзяржстандарта, лідарамі па забароне тавараў за мінулы месяц сталі Расея і Кітай: Расея — у катэгорыі харчовых прадуктаў, а Кітай — у катэгорыях электратэхнікі, радыёэлектронікі і цацак.

Читайте также: Пограничники незаконно ловят льготников, которые ездят из Беларуси в Польшу. История пострадавшего брестчанина

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: