Прислать новость

«Аўтарытарызм пад пагрозай». На чым можа спатыкнуцца рэжым Лукашэнкі

20.11.2023 08:27 17 лістапада ў Гомелі Лукашэнку "падарылі" граманатамёт, president.gov.by. Источник фото

Грувасткая і непразрыстая палітычная сістэма, якая можа паўстаць на палітычным ландшафце Беларусі ў выніку электаральнага цыкла 2024-2025 гадоў, можа прынесці нямала «сюрпрызаў».

Беларускі рэжым пасля 2020 года спляжыў у краіне ўсё жывое. Здавалася б, штыкі ўмацавалі ўладу Лукашэнкі ўсур’ёз і надоўга. Але ці так гэта?

16 лістапада ў Інстытуце філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук (IFIS PAN) прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Аўтарытарызм пад пагрозаю. Рэжым Беларусі пасля выбараў 2020 года: стан і перспектывы трансфармацыі». Навукоўцы паспрабавалі ацаніць стан беларускай палітычнай сістэмы пасля электаральнай кампаніі 2020 года і магчымыя сцэнары далейшага развіцця Беларусі.

Па просьбе BGmedia вынікі дыскусіі падвёў Пётр Рудкоўскі, ад’юнкт-прафесар ІФіС Польскай акадэміі навук.

Пётр Рудкоўскі (злева) і Пётр Ліхач. Варшава, Польшча. 16 лістапада 2023 года. Фота: Карына Пашко / Белсат

— Якія слабасці і рызыкі беларускі рэжым адчувае пасля 2020 года? Што нясе найбольшую патэнцыйную пагрозу лукашэнкаўскай стабільнасці»?  

— Па-першае, страта ўнутранай легітымнасці. Якім бы магутным ні быў сілавы апарат, яго персанал складае каля 1-2% ад усіх дарослых жыхароў краіны. Для любога аўтакрата важна, каб прынамсі палова жыхароў краіны была пераканана, што ён кіруе краінай невыпадкова, і што за гэтым стаіць нейкая форма легітымнасці. Калі не выбарчая легітымнасць, то прынамсі эканамічная (забеспяченне эканамічнага дабрабыту і стабільнасці). Пасля 2020 года беларускі рэжым практычна згубіў выбарчую легітымнасць, а эканамічна-дабрабытная — вельмі слабая і няпэўная.

Читайте далее: Александр Фридман: Лукашенко хотелось бы спрятаться под китайский зонтик. Но Китаю поцелуи не продашь

Па-другое, страта міжнароднай легітымнасці. Гэта азначае ізаляцыю на міжнароднай арэне, неабходнасць пагаджацца на прыніжальныя ўмовы супрацы, прапануемыя краінамі другога ці трэцяга свету. Гэта стварае таксама ўнутрыпалітычныя рызыкі: ні бізнесовым элітам, ні кіраўнічым — такі стан рэчаў не даспадобы.

Па-трэцяе, для ўладаў застаецца вялікай загадкай тое, што будзе, калі пачаць паслабляць рэпрэсіі. А раней ці пазней іх трэба паслабляць, бо ва ўмовах разгулу рэпрэсій і непрапарцыйных уплываў сілавікоў немагчыма ні ўстойлівае эканамічнае развіццё, ні выхад з міжнароднай ізаляцыі.

Ну і па-чацвёртае, застаецца вялікая невядомая, звязная з вынікам расійска-ўкраінскай вайны. Перамога Украіны будзе азначаць міжнародны і ўнутраны прэсінг у напрамку прыцягнення да адказнасці «саюзніка агрэсара». Перамога Расіі будзе азначаць перанакіраванне ўвагі Крамля на «навядзенне парадку» ў Беларусі, што будзе азначаць або адхіленне Лукашэнкі ад ўлады, або значнае паслабленне яго ўплываў. У гэтым апошнім выпадку няма нічога абнадзейваючага і для нас, але калі казаць уласна пра «пагрозы для рэжыму», то варта памятаць, што Крэмль — адна з такіх пагрозаў.

— Відаць, на гэты момант найбольшай пагрозай у цяперашніх стасунках для незалежнасці Беларусі ўяўляе прывязка да Расіі. Ці здольная РФ даць абарону рэжыму і як народ ставіцца да яшчэ большага збліжэння з РФ? 

— Да таго часу, пакуль няма добрай альтэрнатывы для Лукашэнкі і пакуль у Крамля няма часу і рэсурсаў такую альтэрнатыву ствараць, Крэмль будзе «абараняць» Лукашэнку.

Читать далее: Фридман: возможно, ордер на арест Лукашенко уже подписан и лежит в сейфе, осталось только поставить дату

Што тычыцца грамадскага стаўлення да большага збліжэння — стаўленне ў цэлым насцярожанае. Як заўважыў падчас канферэнцыі прафесар Вардамацкі, непрыхільнасць да расійска-беларускай інтэграцыі, якая выходзіла б за рамкі эканамічнага саюзу, з’яўляецца канстантай апошніх 15 гадоў. Іншая справа, што сярод беларусаў застаецца ментальная прывязанасць да расійскага моўна-культурнага абшару, у той час як заходнія інтэграцыйныя праекты (ЕС, НАТО) ім падаюцца занадта «чужымі». Таму ў выпадку выбару «ці за саюз з Расіяй, ці за ўступленне ў ЕС» пераважная большасць аддае перавагу першаму (маючы на ўвазе пад гэтым менавіта эканамічны, а не палітычны саюз).

— Паводле непублічных сацапытанняў, 41% беларусаў мае запыт на палітычныя перамены. Але перамены могуць прынесці або «чорныя лебедзі», або перамога Украіны ў вайне. Ці сапраўды перамены могуць прыйсці толькі звонку?

— Перамены па азначэнні мусяць адбыцца ўнутры краіны. Іншая справа — фактары пераменаў. Рэдка бывае так, што фактары месцяцца выключна ўнутры краіны. Нават такі банальны фактар, як, напрыклад, наяўнасць унутры элітаў людзей з заходнім бэкграўндам, мае сваё значэнне. Больш сур’ёзным фактарам ёсць падзенне або паслабленне аўтарытарнага гегемона, як тое было пасля падзення нацысцкай Нямеччыны або распаду Савецкага Саюзу.

У тым, што амаль усе цэнтральнаеўрапейскія краіны дэмакратызаваліся цягам 80-х — 90-х, вялікую ролю адыграў «знешні фактар» — спачатку аслабленне, а пазней распад аўтарытарнага гегемона, у арбіце якога яны знаходзіліся. Але калі б гэты фактар не быў дапоўнены шэрагам унутраных фактараў (грамадскі попыт на перамены, наяўнасць элітаў, здольных ажыццявіць такія перамены), то пераменаў не адбылося б.

Читайте далее: Евгений Магда: Всем беларусам придется сбрасываться на живительное зелье для Александра Григорьевича

— Эксперты назвалі тры імаверныя сцэнары далейшай трансфармацыі рэжыму падчас электаральнага цыкла 2024-2025 гадоў. А менавіта: Лукашэнка сыходзіць і замест яго прыходзяць дэмакратычныя сілы; Лукашэнка застаецца на пасадзе прэзідэнта або нават калі сыходзіць, то сістэма Лукашэнкі захоўваецца; не змена ўлады, а нешта сярэдняе, аморфнае і цякучае, неакрэсленае. Які з іх вам падаецца найбольш верагодным?

— Так, падчас трэцяй панэлі, якая была прысвечана ўласна сцэнарам развіцця падзей у Беларусі, такія сцэнары былі агучаны. Першы і другі, на думку аднаго з панэлістаў — Каміля Клысінскага з Цэнтра ўсходніх даследаванняў — менш імаверныя, чым трэці. Толькі ўдакладню, што пад другім падразумявалася сітуацыя поўнай недатыкальнасці існуючай сістэмы. Больш імаверным ёсць тое, што ў выніку вынайдзеных самім рэжымам рэформаў паўстане некалькі цэнтраў улады. Напрыклад, прэзідэнт, старшыня УНС і калектыўная Рада бяспекі. Можа яшчэ адбыцца эмансіпацыя «Белай Русі» ў паўнапраўную партыю ўлады, якая таксама будзе прэтэндаваць на быццё важным суб’ектам улады. У якім месцы ў гэтай канфігурацыі будзе Лукашэнка, пакуль што няясна, але ясна тое, што паўстае досыць грувасткая і непразрыстая палітычная сістэма, якая можа і прадстаўнікам цяперашняга рэжыму, і нам з вамі прынесці нямала «сюрпрызаў».

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.