Аляксандр Адамковіч: Старая віленская эміграцыя не злілася з новай эміграцыяй — беларусы ментальна розныя

03.04.2024 18:39 Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандр Адамковіч, фота з асабістага архіва. Источник фото

Аднак беларуская мова стала адным з фактараў, вакол якой пачалі гуртавацца прыезджыя беларусы ў Літве.
Читайте BGmedia в:

Што ўяўляе сабой беларуская дыспара ў Літве? Чаму старая і новая эміграцыя не здолелі аб’яднацца? Чаму Таварыства беларускай культуры мусіць займацца палітыкай?

Хто яшчэ, як не старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве, можа расказаць пра беларусаў? Журналіст BGmedia пагаварыў з Аляксандрам Адамковічам.

З прэзідэнтам Літвы Валдасам Адамкусам. Клайпеда, 2007 год, фота з асабістага архіва

«Уласную ляноту і пустую галаву не трэба спісваць на моўныя цяжкасці»

— Я паступіў у Віленскі педагагічны ўніверсітэт на славістыку — з гэтага ўсё і пачалося. Скончыў спачатку бакалаўрыят, затым — магістратуру, пазней і дактарантуру. Так і асеў у Вільні, аброс кантактамі, знаёмствамі. І ўжо ехаць некуды, штосьці мяняць нават складана.

— Усё склалася натуральным чынам, без умяшальніцтва трэціх сілаў, без палітычнага кантэксту?

— Так, тады ўсё было без палітычнага кантэксту. Вядома, мне не хацелася жыць у той краіне, дзе людзей збіваюць, дзе па-тэрорску захопленая ўлада, дзе ідзе дзікая русіфікацыя. Безумоўна, усё гэта ўплывала на мяне, можа, нават падштурхнула да таго, каб паступаць вучыцца за мяжу. І пазней гэта сталася прычынай, па якой я застаўся ў Літве.

— Ці цяжка далася вам, беларусу, інтэграцыя ў літоўскае грамадства?

— Асаблівых цяжкасцей і не было, таму што вучоба ва ўніверсітэце дапамагала, а кантакты з мясцовым насельніцтвам тут непасрэдныя. Паступовае вывучэнне, авалодванне літоўскай мовай моцна дапамагала ўпісацца ў літоўскі пейзаж, і асабістыя кантакты, і лекцыі на літоўскай мове. Таму калі зараз я чую: «мой сын хорошо учілся, но как все перевелі на беларускій, не пошла учеба», — то мяне прабівае на смех. Я вучыўся на літоўскай мове, і гэта ніяк не ўплывала на маю вучобу, наадварот, лічыўся не горшым студэнтам, а некалькі разоў атрымліваў і вышэйшую стыпендыю. Таму не трэба даказваць мне, што мова адмоўна на нешта ўплывае. Калі ў галаве пуста, то так і кажыце: у галаве пуста. Мне навучанне па-літоўску не перашкодзіла, наадварот, дапамагло авалодаць яшчэ адной мовай, спазнаць іншы сусвет. Нездарма ж кажуць: колькі моў ведаеш, столькі жыццяў пражыў. Таму ўласную ляноту і пустую галаву не трэба спісваць на моўныя цяжкасці.

— І вы дараслі да пасады рэдактара літоўскай газеты «Trakų žemė».

— Так, я рэдактар газеты «Trakų žemė» («Тракайская зямля»), таксама працую ў літоўскім гістарычным часопіспе «Voruta».

Чытайце далей: Евгений Магда: Путин спрятался за Лукашенко. И это грозит проблемами всей Европе

На балтыйскім шляху, Меднікі, 2020 год, фота з асабістага архіва

«Хочаш не хочаш, трэба займацца і палітыкай іначай беларускі голас увогуле знікне»

— Таварыства беларускай культуры, як я разумею, досыць кансерватыўная арганізацыя, якая захоўвае і папулярызуе традыцыйную народную культуру.

— Думаю, можна і так сказаць. Гэтая арганізацыя паўстала ў канцы 1980-ых, яе засноўвалі беларусы-віленчукі міжваеннага перыяду. Перад імі і стаяла задача — займацца культурніцкай дзейнасцю і захваннем культуры, без палітыкі. Але, на жаль, жыццё так склалася, што шмат даводзіцца займацца і палітыкай — каб выжыць. Але ўсё роўна стараемся захоўваць найперш народную беларускую культуру, беларускую мову і традыцыі. Дарэчы, ні на якія шантажы і подкупы Таварыства не пайшло і ўвесь час (у адрозненне ад шматлікіх беларускіх арганізацыяў Літвы) стаялі толькі пад бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй». Пачынаючы ад першага дня заснавання і па сёння. І ўвесь час наша працоўная мова беларуская, у той час як многія арганізацыі паступова пераходзяць на рускую мову. Мы падтрымліваем ідэалы Рады БНР 1918 года, стаім пад бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй».

— Вы кажаце, што многа даводзіцца займацца палітыкай. Што вы маеце на ўвазе?

— Мы супрацоўнічаем найперш з літоўскімі палітычнымі партыямі: і з кансерватыўнай партыяй, і з сацыял-дэмакратамі, і з зялёнымі. Пакуль праўда, не вельмі актыўна, але спрабавалі ўдзельнічаць і ў выбарах, і ў мясцовым самакіраванні. Хочаш не хочаш, трэба займацца і палітыкай — іначай беларускі голас увогуле знікне.

Беларусаў якія прыехалі ў Літву пасля 2020 года, шмат, але яны прыехалі і большасць з іх паедзе назад, я гэта бачу і па сітуацыі, і па ўласных кантактах. Таму неабходна, каб аўтахтоннае традыцыйнае насельніцтва захоўвалася, захоўвала сваю беларускасць, свае карані — гэта магчыма найперш праз палітычную дзейнасць.

— Чаму супрацоўніцтва з літоўскімі палітычнымі сіламі пакуль не дужа атрымліваецца?

— Нешматлікая колькасць беларусаў у Літве, зрусіфікаванасць беларусаў, можа, нават недавер да беларускіх палітычных сілаў: у Літве ахвотней падтрымліваюць польскія або рускія дыяспары. Праўда, цяпер, у сувязі з вайной ва Украіне, рускія сілы губляюць свае пазіцыі.

Чытайце далей: Фридман: «Русские дома» промывают мозги, а «русский мир» укрепляет свой беларуский форпост

Ужо доктар. Фота з асабістага архіва

«Наша Таварыства – не фонд маці Тэрэзы: ні пасяліць, ні пакарміць уцекачоў не можам»

— Чаму не задалося супрацоўніцтва паміж старымі беларусамі Літвы і новымі беларусамі, якія апынуліся ў Літве пасля 2020 года? Што перашкаджае?

— Цяжка сказаць. Але гэтую тэндэнцыю я назіраю не толькі ў Літве — шмат дзе. У Латвіі беларусаў значна больш, а беларускага жыцця там не існуе нават і на 10 адсоткаў таго, што ёсць у Літве.

Чаму так адбылося? Магчыма, ва ўцекачоў былі эканамічныя праблемы, эканамічныя цяжкасці, а наша Таварыства — не фонд маці Тэрэзы: ні пасяліць, ні пакарміць — такімі рэсурсамі не валодае. Мы не можам аказаць адэкватную матэрыяльную дапамогу, на якую беларусы хацелі б разлічваць, прыехаўшы сюды: ні засяліць, ці кампенсаваць пражыванне або дапамагчы з працай. Думаю, калі на першым месцы ў большасці стаялі ўсё ж эканамічныя інтарэсы (зразумела, не без палітычных прычынаў, інакш сюды ніхто асабліва і не бег бы, людзі беглі, каб захаваць як мінімум сваё жыццё), то ў галовах на першым месцы стаяла эканоміка, а не культура. Кожны шукаў большыя заробкі, лепшае месца – то бок уладкоўвалі сваё ўласнае жыццё.

Можна падысці да гэтай праблемы і па-філасофску: віленская інтэлігенцыя, жывучы ў іншай краіне, ментальна аказалася далёкай ад беларусаў з аўтахтоннай метраполіі. Беларусы ментальна розныя, таму і складана навесці масты.

— То бок, паміж старымі і новымі беларусамі ўзнікла лінія падзелу?

— Злівання старой віленскай беларускай эміграцыі з новай не адбылося. У мяне падазрэнне, што наўрад ці час пакажа і рассудзіць — чаму і як. У мяне нават з Віленскага ўніверсітэта ёсць два студэнты, якія пішуць працы па Таварыству, але ніводнага з ЕГУ.

— А Таварыства спрабавала наладзіць стасункі з новымі беларускімі арганізацыямі? З той жа «Дапамогай»?

— З «Дапамогай» мы і так супрацоўнічаем у розных сферах, з «Дапамогай» мы якраз у кантакце. Гэта, відаць, ці не адзіная беларуская арганізацыя, з якой мы яшчэ можам знаходзіць агульную мову і паразуменне.

— А з якімі яшчэ арганізацыямі спрабавалі наладзіць кантакты?

— Не асабліва з кім і спрабавалі. Маладзёны, новыя ініцыятывы, арганізацыі пра нас ведаюць, мы пра іх ведаюць, але колькі я ні запрашаў на нашы імпрэзы, яны не асабліва прыходзяць. Адпаведна, і я мала атрымліваю запрашэнняў. Калі мы адзначалі 35-годдзе ТБК, дык хто толькі не прыйшоў: прымаў вінашванні і ад літоўцаў, ад палякаў, а ад беларускіх арганізацый нікога амаль і не было. За рэдкім выключэннем.

— Але, як я разумею, асабіста вы кантактуеце з новымі беларусамі.

— Так.

— Што ж сабой уяўляе маса беларусаў, якія пырехалі ў Літву пасля 2020 года? Ці можна казаць пра беларускую дыяспару як пра адзіны арганізм?

— Я не стаў бы казаць пра адзіны арганізм, бо беларусы вельмі розныя: ёсць і палітычныя, і эканамічныя, і чыста бытавыя. Не будзем хаваць: многія ехалі ў Літву, каб палепшыць ўмовы жыцця, хто проста хацеў пераехаць у Еўропу і скарыстаўся 2020 годам. Не будзем гэтага адмаўляць.

Але я адзначыў бы і станоўчую тэндэнцыю. З кожным разам усё больш і больш бачу і сустракаю беларускамоўных беларусаў. Яшчэ 10 гадоў мне не даводзілася столькі многа размаўляць па-беларуску, як зараз. Гэты паварот да беларускасці, да беларускай мовы відавочны. Магчыма, не настолькі масавы, як хацелася б, але ўсё роўна гэта прагрэс. Што прыемна: на беларускай мове размаўляе вельмі шмат маладых людзей, якія імкнуцца і сваіх дзяцей аддаць у беларускую гімназію. Зараз увогуле паўстала ініцыятыва – дабівацца ад Віленскага самакіравання адкрыцця другой беларускай школкі. Мяне гэта не можа не радаваць: беларуская мова стала адным з фактараў, вакол якой пачалі гуртавацца прыезджыя беларусы.

— Вось бачыце: нефармальнае гуртаванне беларусаў усё ж адбываецца.

— Так, і 25 сакавіка беларусы выходзяць на плошчу, выходзяць калонамі. А 8 жніўня на вуліцы выйшлі некалькі тысяч беларусаў.

— І ўсё ж, вы мяркуеце, большасць беларусаў з’едуць? Яны прыехалі ў Літву перачакаць гэтыя цёмныя часіны?

— Я думаю, так. Кантактактуючы, размаўляючы з людзьмі, я прыходжу да высновы, што ад’езд будзе ў два бакі: далей у Еўропу, а пэўная частка вернецца ў Беларусь. Баюся, што большасць не павернецца ў Беларусь.

Чытайце далей: Эксперт: Пропаганда вернулась к языку вражды, сравнимому с риторикой Третьего рейха или «Радио тысячи холмов»

У Еўрапарламенце, фота з асабістага архіва

«У Таварыстве самая вялікая калекцыя беларускіх мастакоў у Літве»

— Давайце вернемся на ТБК. Відавочна, Таварыства мае нейкія прыярытэты ў дзейнасці.

— Таварыства беларускай культуры працуе па трох асноўных накірунках.

Мы праводзім традыцыйны штогадовы фестываль беларускай песні, прычым адмыслова праводзім яго ў раёне Новая Вільня. Паводле статыстыкі, 30 адсоткаў жыхароў складаюць беларусы, а калі браць шырэй, то 75 працэнтаў жыхароў альбо маюць беларускае паходжанне, альбо маюць родзічаў у Беларусі. Раней таму там увогуле не было ніякіх імпрэз і мерапрыемстваў, людзі хутка русіфікаваліся і паланізаваліся. А зараз беларусы пачынаюць патрохі згадваць свае карані і прыходзяць на нашыя канцэрты — пачуць беларускую мову і беларускую песню. Як па мне, дык гэта больш важны чыннік, чым выйсці на плошчу і памахаць сцягамі.

Акрамя фестывалю, штогод мы праводзім пленэры беларускіх мастакоў: прыязджаюць мастакі, малююць карціны, якія выстаўляюцца на розных пляцоўках – такім чынам беларусы могуць бліжэй пазнаёміцца і з беларускім мастацтвам, а хто паспее на сам пленэр, то і з мастакамі. Беларуская культура, дзякуючы пленэрам, дасягальная і ў Літве: не трэба ехаць у Беларусь,каб паглядзець карціны.

Кожны год мы імкнемся запрашаць розных мастакоў. Не пабаюся сказаць, што ў нашым Таварыстве самая вялікая калекцыя беларускіх мастакоўу Літве.

Сёлета  пленэр яшчэ наперадзе. Як правіла, прыязджаюць беларускія мастакі, але да іх далучаюцца і літоўскія мастакі, і латышскія, і польскія мастакі.

— Ці займаецеся кнігавыданнем?

— Выдавецтва Таварыства беларускай культуры выдала некалькі кніжак: па гісторыі Вільні, успаміны беларусаў-віленчукоў, таксама знакаміты Зянон Пазьняк выдаваў у нашым выдавецтве некалькі сваіх кніг. Таварыства мае выдавецтва, можа, і не такое вядомае, як «Янушкевіч» ці Arche, але кніжкі выдаюцца.

— Бліжэйшымі планамі падзеліцеся?

— У Таварыства тры асноўныя накірункі дзейнасці: фестываль, пленэр і вандроўкі. Мы яшчэ займаемся і вандроўкамі па розных мясцінах Літвы, таксама звязаных з беларускай гісторыяй і культурай. Нядаўна ездзілі ў Біржай, дзе ўставляваны некалькі помнікаў паўстанцам 1863 года…

— Мерапрыемствы патрабуюць выдаткаў. Ці знаходзіць Таварыства падтрымку ў бізнэс-колах?

— На жаль, не. Беларускі бізнэс нас не падтрымлівае. Усё, што мы атрымліваем, — гэта падтрымка з боку Літвы. На жаль.

Перад прэм’ерай спектакля «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» паводле Сяргея Пясецкага, фота з асабістага архіва

Даведка. Аляксандр Адамковіч нарадзіўся 19 жніўня 1977 года ў вёсцы Зорка на Шаркаўшчыне. Журналіст, філолаг, краязнавец, доктар гуманітарных навук.

У 1999 годзе Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, у 2006 годзе — факультэт славістыкі Віленскага педагагічнага ўніверсітэта, у 2008 годзе магістратуру, у 2013 годзе абараніў доктарскую дысертацыю: «Балта-славянскія анамастычныя кантакты ў Віцебскай вобласці».

Выкладаў беларускую літаратуру на філалагічным факультэце Літоўскага ўніверсітэта эдукалогіі. З 2023 года — рэдактар газеты «Trakų žemė».

Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве.

Дырэктар культурнага цэнтру імя Якуба Коласа.

Радны Віленскага аддзялення Саюдзіса Літвы.

Радны Савета нацыянальных суполак Дэпартамента нацыянальных меншасцяў пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі на 2024-2028 гады.

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: