Аляксандр Казак: Лукашэнка паказвае свету пазіцыю «мы самі с усамі» — пужае і апраўдваецца адначасова

27.03.2024 15:42 Лукашэнка 26 сакавіка на палігоне ў Ашмянскім раёне, president.gov.by. Источник фото

Беларускі рэжым здольны на гібрыдныя пагрозы кшталту эскалацыі міграцыйнага крызісу, глушэння GSM і GPS-сувязі ў памежным рэгіёне, і пагрозы кшталту ваенных вучэнняў.
Читайте BGmedia в:

26 сакавіка Лукашэнка наведаў Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці: у рамках праверкі боегатоўнасці Узброеных сіл праінспектаваў 19 механізаваную брыгаду, а заадно папужаў суседзяў.

Брыгада размешчаная за 10 кіламетраў ад мяжы з Літвой, якой Лукашэнка і адрасаваў свае пагрозы. Нічога новага, але «любая правакацыя павінна спыняцца ўзброеным шляхам, парушылі дзяржаўную мяжу — да знішчэння». А чаго яшчэ чакаць ад дзеяча, які чатыры гады жорстка помсціць усяму народу за нелюбоў да сябе, любімага?

Але Лукашэнка мусіў і апраўдвацца, што вельмі не падобна на яго. Апраўдвацца правіцеля прымусіў прадстаўнік АПК па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык, які 24 сакавіка на мітынгу ў Варшаве аб’явіў, што Расія і Беларусь рыхтуюць планы выкарыстання ядзернай зброі і «нейкага бліцкрыгу на Вільню».

«Дурасць поўная, мы не збіраемся на іх нападаць. Мы выбудоўваем тут сістэму абароны. Яны чакаюць гэта. Яны правакуюць нас, каб мы хоць неяк ім адказалі. Вазьміце закідванне дыверсійных груп праз украінскую мяжу. Яны зацікаўленыя ў развязванні гэтай вайны. Дурныя людзі», — заявіў Лукашэнка.

Чытайце далей: Аляксандр Казак: Лукашэнка і рукамі, і нагамі будзе адбівацца ад вайны з НАТА

Хто дурны, а хто разумны — пакажа гісторыя. Цікава іншае: чаму Лукашэнка прыехаў на літоўскую мяжу тут і цяпер і чаму апраўдваўся?

Журналіст BGmedia пагаварыў з экспертам у галіне бяспекі Аляксандрам Казаком.

Аляксандр Казак

— Учора Лукашэнка дэманстратыўна наведаў ваенны палігон у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці — за 10 км ад літоўскай мяжы ў рамках бясконцай праверкі боегатоўнасці Узброеных сілаў. Адтуль, седзячы на ўслончыку пасярод чыстага поля, пад прыцэламі тэлекамер прыдворнай прапаганды, адпускаў недвухсэнсоўныя пагрозы на адрас суседзяў, напрыклад, «любое парушэнне дзяржаўнай мяжы — на знішчэнне». Чаму Лукашэнка аб’явіўся пад самым бокам Літвы і чаму менавіта цяпер?

— Я пераконваюся ў тым, што Лукашэнка ўсё больш адыходзіць ад усіх дзяржаўных спраў на карысць спраў вайсковых. Больш за тое, Лукашэнка хоць і мае штат уласных дарадцаў, але для Лукашэнкі галоўны дарадца — сам Лукашэнка: ён дзейнічае ў адпавенасці з уласнымі поглядамі, канцэпцыямі, візіямі. Напэўна, адсюль і выцякае ягоны падыход да ўсіх вучэнняў, раптоўных праверак баявой гатоўнасці.

Акрамя таго, прапаганда не заціхаючы крычыць пра тое, што на Захадзе бразгаюць зброяй, але ўвесь гэты лямант выглядае абсурдна на фоне сумесных ваенных вучэнняў, якія раней і зараз праводзяць Расія і Беларусь. Цалкам верагодна, што апошнія дзеянні Лукашэнкі з серыі «мы таксама можам праводзіць ваенныя вучэнні». Але выглядае ўсё смешна на фоне таго, як Лукашэнка тлумачыў свайму шпіцу другому ці трэцяму (ужо і не памятаю), што будзе адбывацца з Калінінградам, да якога 40 кіламетраў.

— За два дні да таго прагучала гучная заява прадстаўніка АПК па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерыя Сахашчыка пра тое, што Расія і Беларусь рыхтуюць планы выкарыстання ядзернай зброі і «нейкага бліцкрыгу на Вільню», які можа адбыцца ўжо ў ліпені-жніўні 2024 года. 26 сакавіка Лукашэнка мусіў апраўдвацца. На злодзеі і шапка гарыць?

— Супадзенне па часе — гэта, хутчэй за ўсё, проста выпадковасць, наўрад ці Сахашчык спадзяваўся атрымаць тлумачэнні ад Лукашэнкі.

Чытайце далей: Аляксандр Казак: У 2024 годзе роля Беларусі ў ваенна-прамысловым комплексе Расіі значна вырасце

І ўвогуле, трэба спытаць у самога Сахашчыка, з якіх крыніцаў ён здабыў гэтую інфрамацыю, каб ацэньваць яе праўдзівасць. Але ў любым выпадку на выказванні Сахашчыка рэжым вымушаны рэагаваць: не думаю, што рэжым хоча на яе рэагаваць, хутчэй за ўсё, рэакцыя вымушаная. Лукашэнка добра ведае, што Сахашчыка так ці інакш слухаюць на Захадзе, і што Сахашчык валодае адпаведнымі кантактамі. Каб трымацца на міжнароднай арэне, беларускі рэжым і мусіў апраўдвацца.

— На якія недружалюбныя дзеянні ў бок Літвы здольны беларускі рэжым? На што ў Лукашэнкі хопіць духу і рэсурсаў?

— Насамрэч, цяжка сказаць, на якія дзеянні гатовы рэжым, бо для любых дзеянняў павінны скласціся перадумовы і адбывацца адпаведныя падрыхтоўкі, якія мы на дадзены момант не назіраем. На гэтым этапе, як мне падаецца, гаворка ідзе пра гібрыдныя пагрозы кшталту эскалацыі міграцыйнага крызісу, глушэнне GSM і GPS-сувязі ў памежным рэгіёне, і пагрозы кшталту ваенных вучэнняў.

— У Літве праз два месяцы чакаюцца прэзідэнцкія выбары, таму гібрыдныя пагрозы з боку беларускага рэжыму будуць толькі нарастаць?

— Не напрамую, але апасродкавана падзеі звязаныя: ёсць магчымасць, якую можна выкарыстаць у сваіх інтарэсах. Гібрыдныя пагрозы заўсёды больш эфектыўныя падчас палітычнай турбулентнасці.

— Але можа маеце версію, чаму Валерый Сахашчык агучыў сцэнар «бліцкрыгу супраць Вільні»?

— Версій я не маю. Я не з’яўляюся канспіролагам, я прывык рабіць аналіз на аснове фактаў. Чаму ж я і кажу: давайце спытаем лепш у Сахашчыка, адкуль ногі растуць гэтай інфармацыі. Няма сэнсу «выдумваць на аснове выдуманага», можна толькі нашкодзіць і накарміць лукашэнкаўскую прапаганду, таму давайце ўстрымаемся ад канспіралагічных тэорый.

Чытайце далей: Аляксандр Казак: пра ядзерны апакаліпсіс, растварэнне «вагнераўцаў» і бойку за беларускае войска

— На палігоне Лукашэнка фактычна абверг версію Пуціна адносна тэракту ў Падмаскоўі. Пуцін аб’явіў, што тэрарысты беглі ва Украіну, Лукашэнка ўказаў іншы накірунак: тэрарысты ўцякалі ў Беларусь. Лукашэнка, як і ў выпадку з мецяжом Прыгожына, спрабуе сыграць на расійскім палітычным полі і набраць палітычны капітал?

— Мы ўвесь час кажам, што Лукашэнка функцыянуе ў цеснай звязцы з Пуціным. Сапраўды, гэта так. Але не будзем забывацца на тое, што Лукашэнка імкнецца трымаць умоўную дыстанцыю і паказваць незалежнасць сваіх дзеянняў ад Пуціна. Падобныя выказванні — адзін з даступных спосабаў, як можна паказаць такую дыстанцыю і незалежнасць. Можна згадаць, як адразу пасля тэракту і беларуская амбасада, і прапаганда сінхронна загаварылі пра тое, як моцна беларусы дапамагаюць расіянам у расследаванні і нейтралізацыі тэрарыстаў. Беларускі рэжым скарыстаўся тэрактам у Падмаскоўі для правядзення моцнай інфармацыйнай кампаніі. Тое, што Лукашэнка парушыў адзін з галоўных расійскіх наратываў адносна «ўкраінскага следу» ў тэракце, можна акрэсліць ягоным падыходам «мы самі с усамі».

— То бок, Лукашэнка гуляе ўсё ж на сваю публіку, а не на расійскую?

— Цалкам магчыма, што на сваю публіку: проста зараз не мае вялікага сэнсу іграць на расійскую публіку.

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: