Аляксандр Казак: Лукашэнка і рукамі, і нагамі будзе адбівацца ад вайны з НАТА

16.01.2024 08:21 Ваенныя вучэнні "Захад-2021", фота: Reuters. Источник фото

Выйгранай лічыцца тая вайна, якую ўдалося не дапусціць. Стратэгічнае планаванне НАТА палягае ў тым, што Альянс разглядае ўсе магчымыя варыянты адпору расійскай агрэсіі.
Читайте BGmedia в:

Генерал Роман Полька ў свой час распавядаў, што войска мае планы нават на выпадак атакі іншапланецян. І ён не жартаваў.

Нямецкая газета Bild абнародавала сцэнар нападу Расіі на краіны НАТА ўжо ў пачатку 2025 года. Выданне піша, што галоўная роля ў гэтым сцэнары адводзіцца Беларусі.

Ужо ў лютым 2024 года Расія можа дадаткова мабілізаваць 200 тысяч чалавек для новага наступу ва Украіне. Летам Расія арганізуе кібератакі на сістэмы НАТА, і справакуе беспарадкі ў краінах Балтыі з удзелам этнічных расіян. Адказам на «беспарадкі» стануць сумесныя вучэнні «Захад-2024» з удзелам 50 тысяч расійскіх салдат.

У снежні 2024 года Расія можа справакаваць «штучны памежны канфлікт» і «беспарадкі са шматлікімі ахвярамі», каб патлумачыць атаку на Сувалкскі калідор.

ЗША не здолее аператыўна ўмяшацца ў падзеі, бо ўсе падзеі павінны разгортвацца ў перыяд міжуладдзя.

Пра рэалістычнасць апісанага сцэнара пагаварылі з Аляксандрам Казаком, спецыялістам па нацыянальнай бяспецы.

Аляксандр Казак

— Існуе спіс выданняў, якім я ад пачатку не надта давяраю. Пару тыдняў таму пра падрыхтоўку да абарончай вайны Bild рабіў тызер пра верагоднасць таго, што Расія можа скарыстацца акном безуладдзя ў ЗША. Практыка паказвае, што калі падобная інфармацыя трапляе ў публічную прастору, то спецслужбы ўжо ведаюць пра такія пагрозы і працуюць над імі.

Чытайце далей: Аляксандр Казак: У 2024 годзе роля Беларусі ў ваенна-прамысловым комплексе Расіі значна вырасце

Ці сапраўды можа здарыцца напад на Сувалкскі калідор? На вялікі жаль, такое магчыма, ніхто не застрахаваны ад падобнага развіцця падзей. Але мы не назіраем ніякіх маштабных і паказальных падрыхтаванняў да падобнага развіцця падзей з боку Расіі.

— Ці дазволіць хада вайны ва Украіне Расіі адкрыць другі фронт — супраць краін Балтыі, Польшчы, то бок краін НАТА?

— Увесь час ідзе гаворка пра тое, што наступнай гарачай кропкай унутры Еўропы могуць стаць Сувалкі, і гэта відавочна: 80 кіламетраў для механізаванай брыгады — гэта не адлегласць. Тым больш пры падтрымцы верталётаў ды іншых баявых сістэм.

Але ўсе задаюцца лагічным пытаннем: а ў чым сэнс атакі на Сувалкскі калідор? Захоп Сувалкскага калідора можна было б выкарыстаць як маленькую пераможную вайну. Але ці з’явіцца такая патрэба? Калі Расія не дасягне поспеху ва Украіне, рэсурсы і сілы будуць спальвацца на ўкраінскай зямлі, то ці знойдуцца дадатковыя рэсурсы для вядзення ваенных дзеянняў на тэрыторыі НАТА?

Я не думаю, што пры нападзе на Польшчу і Літву імгненна адбудзецца разгортванне сіл НАТА, пра якое піша Bild. Безумоўна, першы ўдар Польшчы і Літве давядзецца трымаць самастойна, бо цалкам верагодна, што войскі НАТА далучацца з пэўным спазненнем: гэта час, гэта лагістыка, гэта рашэнні.

Чытайце далей: Аляксандр Казак: пра ядзерны апакаліпсіс, растварэнне «вагнераўцаў» і бойку за беларускае войска

Відавочна, што эксперты, атрымаўшы досвед вайны ва Украіне, пачынаюць глядзець на Расію зусім па-іншаму і падобныя званочкі разглядаюць вельмі сур’ёзна.

— Ці можа Расія паўторна выкарыстаць Беларусь як плацдарм, але гэтым разам — для вайны супраць НАТА? Ва Украіну расійскія войскі ўвайшлі менавіта з тэрыторыі Беларусі.

— Калі мы гаворым у кантэксце Сувалак, то было б вельмі дзіўна не выкарыстаць Беларусь: Сувалкскі калідор знаходзіцца за 80 кіламетраў ад Гродзенскай вобласці. Радыўс дзейнасці ракетных сістэм, якія стаяць у Калінінградзе, складае 400 кіламетраў — прыкладна 80% тэрыторыі Польшчы перакрываецца гэтымі сістэмамі. Пытанне ў тым, ці знаходзяцца яны ў Калінінградскай вобласці? Няма ніякіх пацверджанняў, што гэтыя сістэмы, якімі нас моцна пужаюць, знаходзяцца ў Калінінградзе.

Ці адкрые Расія новы фронт з поўначы Украіны? Мяркую, што на дадзены момант не адкрые.

Але не варта забываць, што Лукашэнка будзе і рукамі, і нагамі будзе адбівацца ад нападу на Сувалкі. Лукашэнка вельмі моцна атрымаў за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны, зараз ён намагаецца выйсці ў нейтральныя воды, але пах агрэсіі застаўся. Зусім іншая гісторыя — напад на краіны НАТА, на ўсходні фланг Альянса.

— Але Расія не збіраецца згортваць сваю агрэсію. Логіка вайны сведчыць, што раней ці пазней можа надысці той час, калі наўпроставы ўдзел Беларусі ў вайне стане непазбежным.

— На прыкладзе Украіны было цалкам зразумела, навошта Крамлю спатрэбілася «замараць» Беларусь. З Беларусі да Кіева 80 кіламетраў. Мы ўсе памятаем першыя гадзіны, першыя дні ўварвання: дэсантныя групы, механізаваныя групы, якія актыўна ішлі ў накірунку Кіева, мы ўсе памятаем, што рабілі «вагнераўцы» ў Бучы і Ірпені. Мы ўсе ведаем, што гэта рабілі менавіта «вагнераўцы», якія заходзілі з боку Беларусі. Гэта быў стратэгічны накірунак ваеннага ўдару, які выкарыстоўвалі для хутчэйшага дасягнення сваіх мэтаў.

Але якая стратэгічная мэта з Сувалкамі? Калі гаворка ідзе пра калідор у Калінінград, то ягоны захоп нібыта мае сэнс. Але што далей? Калінінград па сутнасці акружаны краінамі НАТА, а па-другое, па абодва бакі гэтага калідора будзе ісці вайна. Калі войскі НАТА перарэжуць Сувалкскі калідор, то Калінінград і ўсе расійскія войскі апынуцца ў катле, а значыць, іх можна зруйнаваць з зямлёй.

Чытайце далей: Лукашэнка памірае ці дыктатара спрабуюць «ачалавечыць»?

Чым адкажа Расія? Ядзернай зброяй? Чамусьці я не чуў сур’ёзных пагрозаў тактычнай або нават стратэгічнай зброяй, калі ўглыб Белгарадскай вобласці Расіі на дзясяткі кіламетраў увайшлі ўкраінскія войскі.

— Пра што сведчыць з’яўленне такога сцэнара ў газеце Bild?

— Мне ўзгадваецца анекдот пра тое, што часам банан — гэта проста банан.

Па-першае, трэба, каб Bild чыталі. Па-другое, трэба мабілізаваць народ на падтрымку Украіне. Рэзоны ёсць, але гэта не заклік: уцякайце з рэгіёна — вайна блізка.

Стратэгічнае планаванне НАТА палягае ў тым, што Альянс разглядае ўсе магчымыя варыянты. Можаце верыць, можаце не, генерал Роман Полька ў свой час распавядаў, што войска мае планы нават на выпадак атакі інапланецян. І ён не жартаваў.

Я не здзіўлены і не шакаваны, што падобныя варыянты адпору расійскай агрэсіі існуюць. Я ўпэўнены, што НАТА мае сотні другіх планаў, гэты — адзін з актуальных сцэнароў, які знаходзіцца ў прыярытэце. На павестцы дня адно пытанне: што будзе далей? Абсалютна натуральна, што краіны НАТА ўзбройваюцца, абсалютна натуральна, што войскі знаходзяцца каля межаў. Бо выйгранай лічыцца тая вайна, якая не пачалася.

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: