Аляксандр Казак: пра ядзерны апакаліпсіс, растварэнне «вагнераўцаў» і бойку за беларускае войска

27.12.2023 15:45 Ядзерныя мары і страх Лукашэнкі, калаж: reform.by. Источник фото

Беларускае войска на вайну не пусціў страх быць «перацертымі ў дранікі», а не Лукашэнка.
Читайте BGmedia в:

BGmedia падводзіць вынікі беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў 2023 годзе.

Пра галоўныя падзеі ў ваеннай сферы за 2023 год гаворым з Аляксандрам Казаком, спецыялістам у сферы нацыянальнай бяспекі.

Аляксандр Казак

Паміж Лукашэнкам і Крамлём ідзе бойка за беларускія войскі

— Беларускае войска і вайсковы апарат у цэлым знаходзіцца ў суперпазіцыі, калі частка яго належыць Расійскай Федэрацыі, а другая частка намагаецца трымацца пры Лукашэнку. Гэта яскрава праяўляецца ў тым, што ўжо з год з беларускай тэрыторыі ў бок Украіны не ляцяць ракеты, не ляцяць самалёты. Лукашэнка ўвесь час намагаўся трымаць сваё войска пры сабе. Але ягоная палітыка — уседзець у двух крэслах — прывяла фактычна да залежнасці часткі войскаў, часткі апарата, у тым ліку і дзяржаўнага, інфраструктуры ад Расіі. Калі мы нават паглядзім на падрыхтоўку да ўварвання ва Украіну, то расійскія войскі зайшлі на тэрыторыю Беларусі як да сябе дадому і карысталіся беларускай інфраструктурай як сваёй.

— Аўтаномнасць захавалася толькі ў сферы выкарыстання беларускага войска?

— Я б сказаў, што мы назіраем трансфармацыю: ці то дагэтуль ідзе працэс здачы войскаў Расіі, ці то Лукашэнка да гэтага часу ўсё яшчэ адбіваецца ад Масквы. Фактычна ідзе бойка за беларускія войскі. Безумоўна, Пуцін зацікаўлены ў тым, каб беларускія войскі ўвайшлі на поўнач Украіны, і цісне з гэтай мэтай на свайго саюзніка, але Лукашэнка і рукамі, і нагамі адбіваўся і адбіваецца ад гэтага сцэнару. Пацверджаннем таму служаць розныя заявы ўкраінскага палітыкума на адрас Лукашэнкі. Фразы кшталту «трэба аддаць належнае Лукашэнку» можна ацэньваць па-рознаму: прымаць або не прымаць іх, пагаджацца ці ўспрымаць у штыкі, — але сам факт падобных выказванняў зафіксаваны.

— Тое, што беларускае войска амаль за два гады вайны так і не ўвайшло ва Украіну, — гэта заслуга Лукашэнкі ці адсутнасць такой патрэбы ў Крамля?

— Найперш гэта заслуга страху беларускіх вайскоўцаў перад вайной, страх перад тым, што іх «ператруць на дранікі». А таксама лукашэнкаўскі падыход: абы не было вайны. Лукашэнка можа што заўгодна казаць пра суседзяў, можа што заўгодна казаць пра сваіх вертыкальшчыкаў, але захаванне ўлады Лукашэнкі для Лукашэнкі — гэта ягоная фундаментальная ідэя. Ён выдатна разумее, што як толькі беларускія войскі ўвайшлі б ва Украіну, паднялася б новая хваля пратэстаў — і наўрад ці ён утрымаўся б ва ўладзе.

Гарантыі Пуціна такія ж надзейныя, як і «чэснае слова» Лукашэнкі

— Адной з галоўных падзеяў года, якая пацягнула за сабой не толькі палітычныя, але і ваенныя наступствы, стаў мяцеж Прыгожына і роля Лукашэнкі ў яго падаўленні. Якія сляды пакінула пасля сябе гэта гісторыя?

— Мяцеж Прыгожына яшчэ раз засведчыў, што такой персоне, як Пуцін, давяраць нельга: усе ягоныя гарантыі вартыя столькі ж, колькі «чэснае слова» Лукашэнкі. Тое, што такая вендэта адбудзецца, было відавочна, усе гаварылі пра такі фінал: маўляў, калі Прыгожына заб’юць, то гэта стане звычайнай гісторыяй, а калі не заб’юць, то гэта стане нечым надзвычайным.

Читайте далее: Аляксандр Фрыдман: Не бачу прыкмет таго, што Крэмль у наступным годзе збіраецца правесці аншлюс Беларусі

Прайшлі літаральна два месяцы пасля мяцяжу, як прыйшла інфармацыя пра збіты самалёт. Першая думка: або расійскага алігарха, нязгоднага з Пуціным, замачылі, або «вагнераўцаў» адправілі на той свет. І праз 10 хвілін стала вядома, што ў самалёце ляцелі і Прыгожын, і Уткін.

У будучыні цывілізаваны свет наўрад ці дапусціць з’яўленне крэатур, падобных да Прыгожына. Вядома, ЧВК як існавалі, так і будуць існаваць, але такога зрашчэння з дзяржавай больш не дапусцяць. ЧВК «Вагнер» нібыта стаў такім элітарным войскам Расіі, у той час як аналагічная амерыканская «Блэк уотэр» і блізка не прэтэндавала на такую ролю. Думаю, свет будзе імкнуцца нівеліраваць пагрозу сучаснага феадалізму, калі любы невялікі феадал можа стварыць сваю ўласную прыватную кампанію.

Пасля мяцяжу Пуцін абмаляваў тры сцэнары далейшага лёсу «вагнераўцаў»: могуць далучыцца да расійскага войска, могуць сысці, а могуць і «переместіться в Белоруссію». Лукашэнка сыграў на гэтым і атрымаў сваю порцыю выгод. Варта адзначыць вельмі істотны нюанс, на які нямногія звяртаюць увагу: фактычна загінулі толькі Прыгожын і Уткін, ніхто іншы з вышэйшага кіраўніцтва ці сярэдняга звяна не загінуў. Не адбылося татальнай вендэты, не адбылося масавых пасадак, масавых забойстваў «вагнераўцаў». Выніковая карцінка атрымалася наступная: Пуцін ліквідаваў толькі Прыгожына, які ўспрымаўся як персанальны вораг, хаця, па вялікім рахунку, усе «вагнераўцы», які рухаліся на Маскву, таксама з’яўляліся ворагамі Пуціна. Але татальная расправа разышлася б з агульнарасійскім наратывам пра тое, што «вагнераўцы» — гэта героі.

Любыя беларускія ваенторгі шануюць памяць «вагнераўцаў». Адзін з самых вядомых ваенторгаў «Старший прапорщик» у Мінску, якія ў былыя часы размяшчаў свой сайт пад імем PraporNATO.by, які пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну перайменавалі, прадае шэроны ў стылі «вагнераўцаў».

Читайте далее: Лукашэнка памірае ці дыктатара спрабуюць «ачалавечыць»?

«Вагнераўцы» падзяліліся баявым вопытам з беларускім войскам, бо беларускія інструктары нават пораху не нюхалі. Атрымалася так, што беларускіх вайскоўцаў вучаць не чмобікі, не зэкі, а прафесіяналы, якія ішлі на БТРах і танках падчас путчу на Маскву, а да таго прайшлі не адну «гарачую кропку». Гэта людзі з вялікім баявым вопытам, якія падвучылі беларускае войска, унутраныя войскі да дзеянняў у рэальных баявых умовах. Магчыма, некаторыя з «вагнераўцаў» проста растварыліся ў Беларусі, займаюць нейкія пасады. І гэтыя людзі ў выпадку ўзброенага канфлікту будуць кіраваць беларускімі войскамі. Пацверджанняў таму няма, але такі сцэнар выключаць нельга.

Для Беларусі гэта вялікі імпакт. Тым больш тады лунаў такі жарцік, калі нібыта Лукашэнка «порешал» з Прыгожыным, што голубы міру навучыліся адрошчваць вусы.

— Калі Пуцін прыбраў аднаго свайго саюзніка — Прыгожына, то ці не варта падрыхтавацца і другому саюзніку — Лукашэнку? Прынамсі, падумаць пра такі сцэнар?

— Самая вялікая праблема Прыгожына ў тым, што напэўна ён сапраўды хацеў перамагчы. Менавіта ён, як бы брутальна гэта ні гучала, казаў: «Шойгу, Герасимов, где боеприпасы, потому что тут лежат парни ЧВК «Вагнер» — еще кровь не остыла». Уся крытыка Прыгожына ў бок Пуціна і ўладаў была сапраўды абгрунтаванай. Але я не думаю, што заўтра слаўныя беларускія войскі, беларускі ваенна-марскі флот пойдзе на Маскву — для мяне гэта фантастыка, абстракцыя і жарт. Але, як пяецца ў старой песні, «если пьешь с ворами – опасайся за свой кошелек». Так і тут: калі ты водзішся з Пуціным, то заўсёды павінен лічыцца з гэтым і быць гатовым да таго, што аднойчы падчас палёту ў Маскву ў твой самалёт патрапіць «Бук». Або граната, ці гранаты, як казаў Пуцін, выбухнуць на тваім самалёце. І Лукашэнка выдатна гэта разумее. Але на гэты момант такую рызыку давайце назавём «издержками профессии».

Ядзерная зброя як анекдот

-Яшчэ адна надзвычай важная падзея года адыходзячага — размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Што гэта насамрэч было? Ці сапраўды ТЯО з’явілася ў Беларусі? Ці парведзеная адмысловая палітычная спецаперацыя, якая пераследавала канкрэтныя мэты?

— Уся гісторыя з ядзернай зброяй нагадвае анекдот. На пытанне журналіста пра верагоднасць сустрэць дыназаўра навуковец адказвае: шанцы 50 на 50, або сустрэнем, або не. Калі мы гаворым пра ядзерную зброю, то яна матэрыялізуецца: усе спецслужбы свету сочаць за яе перамяшчэннямі. Ужо была інфармацыя пра тое, што ў Беларусі ўжо ёсць ядзерная зброя, аднак паступала інфармацыя і пра тое, што яе няма. Амерыканскія спецслужбы заявілі, што гэтая зброя ўжо ў Беларусі, пра тое ж казаў генсек НАТА Енс Столтэнберг, але мы чулі заявы Будавана пра тое, што Украіна не мае інфармацыі пра ядзерную зброю ў Беларусі.

Читайте далее: «Лукашенко действует как типичный коллаборант». Почему в Минске до сих пор не построили мавзолей?

Ядзерная зброя — канцэптуальна гэта элемент стрымлівання. Каго Беларусь павінна стрымліваць? Хіба рэжым. Не думаю, што яе будуць ужываць, бо гэта звязваецца з катастрафічнымі наступствамі.

Мы ўсе памятаем словы аднаго персанажа, які крычаў, што ў жніўні або верасні 2023 года Расія абстраляе Варшаву, Беласток, Вільню тактычнай ядзернай зброяй. Прайшло амаль паўгода пасля меркаванага ядзернага апакаліпсіса — і нічога не адбылося. Мы назіраем за падрыхтоўкай пляцовак пад ядзерную зброю, але ўжо стратэгічную; мы бачым, што пабудавалі ангары на некаторых аэрадромах, бо тактычную ядзерную зброю можна падвесіць на Су-25, якія знаходзяцца ў Баранавічах.

Нешта транспартуюць, гэта выглядае як транспарціроўка ядзернай зброі, але доказаў таму, што гэта ядзерная зброя, у пабліку зараз няма. Магчыма, адпаведную інфармацыю маюць разведкі, але ў пабліку яе няма.

Не памятаю хто, але нехта выказаў такую думку: калі б ядзерная зброя з’явілася, то беларуская прапаганда ўжо даўно хвалілася б. Калі гаворка ідзе пра ўяўную ядзерную зброю, тады сапраўды хваліліся б, а вось пра сапраўдную зброю — наўрад ці. Схаваць ядзерную зброю на тэрыторыі Расіі — гэта адно, а схаваць яе на тэрыторыі Беларусі — зусім іншае, улічваючы памеры Беларусі і той факт, што любы дрон можа прызямліцца ў любым канцы краіны.

Шэсць галоўных вынікаў года

— Самае важнае — з боку Беларусі перасталі ляцець ракеты і самалёты ў бок Украіны. І наадварот: у бок Беларусі пакуль не ляцяць дроны.

Вельмі важным з’яўляецца прыход «Вагнера» ў Беларусь і трэніроўкі беларускага войска.

Адбылося растварэнне «вагнераўцаў» у Беларусі: невядома дзе, невядома як.

Лукашэнка намагаецца вярнуць мнагавектарнасць і спрабуе нібыта размаўляць з Захадам, ускладае нейкія надзеі на новы польскі ўрад. Асобныя прывітанні тым кейсам з залётнымі верталётамі, пра якія Хрэнін казаў: мы не трактуем гэта як агрэсію, гэта проста недасведчанасць польскіх пілотаў, мы гатовы з імі супрацоўнічаць. Я не кажу, што сітуацыя рухаецца ў бок дээскалацыі, зусім не, сітуацыя наадварот, становіцца больш напружанай. Але Лукашэнка як дыктатар намагаецца трымацца за сваю ўладу ўсёй моцай сваіх сініх пальцаў.

Читайте далее: «Лукашенко навсегда?» Беларусь свернула на иранский путь

Прывід ядзернай зброі. І пабудова купала супрацьпаветранай абароны на тэрыторыі Беларусі, бо ў Мінску пачалі вельмі моцна баяцца дронаў, у тым ліку кардонных.

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: