Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валерый Карбалевіч абмаляваў палітычную сітуацыю ў Беларусі, якая склалася сёлета, і падзяліўся сваімі прагнозамі на 2025 год.
Лукашэнка і план Б
2024 год быў даволі драматычным для Беларусі, для беларускага грамадства, для беларускай супольнасці. Працягваліся трэнды, якія абазначыліся мінулымі гадамі, таму нейкіх радыкальных зменаў ва ўнутранай і вонкавай палітыцы не адбылося.
Ва ўнутранай палітыцы працягваўся трэнд на эвалюцыю аўтарытарнага рэжыма ў таталітарны. Калі раней былі нейкія спадзяванні і прагнозы на тое, што пасля таго, як рэжым задушыў пратэстны рух, рэпрэсіі спыняцца, не спраўдзіліся. Рэпрэсіі працягваліся, нават узмацніліся, распаўсюджваліся на новыя сферы і новыя катэгорыі людзей. Гэта вельмі драматычная сітуацыя для Беларусі.
У 2024 годзе Беларусь перажыла дзве выбарчыя кампаніі, якіх вельмі баяўся Лукашэнка. Для яго слова «выбары» асацыявалася з пратэстам, рэвалюцыяй, ці мецяжом, як ён казаў. У пачатку года адбыліся «парламенцкія выбары» і «выбары» ў мясцовыя саветы, напрыканцы года распачалася прэзідэнцкая выбарчая кампанія, якая завершыцца ў студзені наступнага года.
Зразумела, гэтыя «выбары» не падобныя на сапраўдныя выбары. Гэта проста палітычная кампанія, у якой няма палітычных апанентаў, няма палітычных дыскусій, увогуле няма рэальнай палітычнай агітацыі. Увогуле гэтая кампанія праходзіць па-за межамі палітыкі, гэта проста тэхнічны бюракратычны працэс, у выніку якога ўлада імкнецца легітымізаваць саму сябе.
Галоўным кірункам замежнай палітыкі Беларусі былі стасункі з Расіяй. Залежнасць Беларусі ад Расіі павялічылася: на Расію прыходзіцца 65% знешнегандлёвага абароту Беларусі плюс практычна ўся лагістыка беларускага экспарта таксама ішла праз расійскую тэрыторыю.
Уладзімір Пуцін два разы наведаў Беларусь гэтым годам, што даволі рэдка бывае. Абодва разы ягоным візітам спадарожнічала дэманстрацыя пагроз на адрас Еўропы – ваенных пагроз. Спачатку, у траўні, калі прыязджаў Пуцін, адбывала праверка гатоўнасці тактычнай ядзернай зброі, якая нібыта завезеная на тэрыторыю Беларусі, хоць міжнародныя эксперты аспрэчваюць гэты тэзіс і называюць яго блефам.
У снежні Уладзімір Пуцін паабяцаў размясціць на беларускай тэрыторыі ў наступным годзе ракету «Арэшнік». То-бок, Беларусь усё больш уцягваецца ў расійскія ваенныя, геапалітычныя планы. І не вельмі зразумела, якая ад гэтага выгода беларускаму палітычнаму рэжыму. Хоць, падаецца, у ваенным плане беларуская залежнасць ад Расіі настолькі вялікая, што тут Лукашэнка не мае ніякай магчымасці адстойваць беларускую пазіцыю.
Можна таксама адзначыць, што ў гэтым годзе працягваўся працэс пераарыентацыі замежнай палітыкі ў бок Усходу і Глабальнага Поўдня. Беларусь была прынятая ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва (ШАС) у якасці паўнапраўнага чальца, а таксама была прынятая ў якасці дзяржавы—партнёра арганізацыі БРІКС. Лукашэнка прэтэндаваў на ролю ідэалагічнага лідара Глабальнага Поўдня ў барацьбе супраць Захаду, спрабаваў выкарыстоўваць любую трыбуну – ад нейкіх самітаў, нават кліматычнага саміта. То-бок, нават у дрэнным клімаце вінаваты Захад, як лічыць Лукашэнка. Але роля ідэалагічнага лідара Глабальнага Поўдня не вельмі атрымоўвалася, у тым ліку, па прычыне таго, што палітычная, міжнародная вага Беларусі ў свеце не вельмі вялікая, і з-за таго, што Глабальны Поўдзень складаецца з вельмі розных краін, якія ў большасці сваёй не хацелі б уступаць у сур’ёзную канфрантацыю з Захадам.
Было бачна, што сітуацыя, у якой знаходзіцца цяперашні палітычны рэжым, не зусім камфортная для яго. І Лукашэнка шукаў нейкія вартыянты, нейкі план Б. І тое, што пачалося вызваленне палітычных зняволеных, сведчыць пра тое, што афіцыйны Мінск імкнуўся дасылаць нейкія сігналы Захаду, дэманстраваць сваю, невялікую, але гатоўнасць да перамоў, прамацваў глебу. Але атрымаліся вельмі супярэчлівыя сігналы: з аднаго боку – вызваленне палітвязняў, а з другога – з’яўленне на беларускай тэрыторыі расійскай зброі, ці планаў па з’яўленні такой зброі, — сігналы супярэчылі адзін другому.
Прагноз на 2025 год
Лукашэнка хацеў бы рэалізаваць сцэнарый па ўдзелу ў перамовах па прымірэнні ва Украіне. І з дапамогай гэтых перамоваў легітымізаваць свой рэжым, атрымаць пэўныя гарантыі бяспекі для свайго рэжыму – не толькі ад Расіі, але і ад Захаду. Гаворка пра тое, што новая адміністрацыя ЗША на чале з Дональдам Трампам плануе, скажам так, завяршыць гэтую вайну нейкім мірам, нейкімі дамоўленасцямі па стварэнні новай сістэмы рэгіянальнай бяспекі, а можа – і еўрапейскай бяспекі. І ў гэты працэс якраз хацеў бы ўпісацца Аляксандр Лукашэнка.
Наколькі гэта атрымаецца, цяжка сказаць, бо Расія такія планы падтрымлівае, падтрымлівае ўдзел Беларусі ў гэтых перамовах. А вось Украіна выступіла супраць, гледзячы па ўсім, і Захад не вельмі імкнецца дапусціць Лукашэнку да гэтых перамоў.
Але ўвогуле гэта пакуль даволі цьмяныя планы, незразумела, што з гэтага атрымаецца.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: