Уладальнік былой крамы «Князь Вітаўт» на Савецкай у Брэсце: «Мы проста адлюстроўваем тое, што адбываецца ў краіне»

Індывідуальны прадпрымальнік Алег Чапараў расказаў «БГ» як прыйшоў да думкі адчыніць сваю краму, чаму яна была зачынена і ці будзе працаваць далей.

Share

Крама «Князь Вітаўт» на вуліцы Савецкай спецыялізавалася на продажы рэчаў у беларускім стылі. Каб набыць сувеніры або патрэбныя рэчы з нацыянальным арнаментам або сімволікай і акунуцца ў атмасферу беларускай нацыянальнай культуры, сюды заходзілі і брастаўчане, і турысты. На жаль, на ранейшым месцы яна больш не працуе.

– Алег, неяк язык не паварочваецца назваць вашу краму бізнесам у стылі этна. Упэўнена, што для вас вельмі важным было жаданне ўкласці ў яе нейкі больш высокі сэнс, а не проста атрымаць камерцыйную выгаду. Што ўсе ж такі рухала вамі, калі планавалі такі праект?

– Вядома, было жаданне аддаць даніну павагі нацыянальным традыцыям, сімвалам, умацоўваць беларускую самасвядомасць. Аднак мы не нарадзіліся з гэтым, гэта прыйшло, і не так даўно. Усяго тры с паловай гады таму. Мы с сябрамі былі ў Мінску падчас святкавання Дня Волі ў 2017 годзе. Гулялі па цэнтры і бачылі: нейкія людзі са сцягамі штосьці там мітынгуюць, усё перакрыта, стаяць АМАП і аўтазакі. Мяне гэта тады ўразіла.

Я такое бачыў упершыню. Людзі выйшлі мірна, без камянёў або зброі. Людзей было шмат – некалькі тысяч. Яны мірна хацелі адсвяткаваць, як калісьці людзі выходзілі на Першае мая. Але тое, як іх разганялі, мне тады падалося нечым жудасным. Ніхто не кідаўся на гэты АМАП, яны не былі с дубінкамі і с палкамі, яны проста былі са сцягамі і ў вопратцы з нацыянальнай сімволікай. Вось тады ўнутры мяне нешта змянілася.

Читать также: С купанием в фонтане и почти без марша: Как в Бресте прошла «народная инаугурация» Светланы Тихановской (ФОТОРЕПОРТАЖ)

Адзін з сяброў прапанаваў паказаць мінскія крамы, дзе можна было купіць розныя рэчы ў нацыянальным стылі. Паглядзелі – нас гэта ўразіла. Набылі там некалькі сувеніраў: хто кубачак, хто наклейкі, хто майку. Я такога не бачыў нідзе ў іншых крамах. А ўвечары, калі мы селі с сябрамі адсвяткаваць, у нас зайшла такая гаворка: а чаму б нам не адкрыць таксама падобную краму ў Брэсце, нейкі такі беларускі куток, куды людзі могуць прыйсці, паразмаўляць пра тое, што цікава ім? Мы думалі зрабіць такі куток, дзе быў бы бясплатны Wi-Fi, каб людзі маглі, напрыклад, папіць гарбаты, кавы і набыць нейкія рэчы.

І ўжо праз месяц гэтая ідэя стала рэальнасцю: 1 мая 2017 г. мы адчынілі павільён у гандлёвым цэнтры «Атис Холл» на Савецкай. Нас было трое сяброў. Мы ўсё рабілі так, каб зрабіць гэта з найменшымі выдаткамі. Вялікіх грошай ні ў кога не было, і спонсараў ніякіх мы не шукалі. Хацелі зрабіць самі. Хто чым мог, тым і дапамог. Пасля адкрыцця мы ўзялі туды дзяўчынку-прадаўшчыцу, а самі працягвалі працаваць там, дзе і раней, бо трэба было на штосьці жыць і штосьці ўкладваць у краму. Мы адчынілі невялічкі павільён і паціху пачалі развіваць гэта, наколькі было магчыма.

Калі пабачылі, што людзі гэтым цікавяцца і ў горадзе ёсць тыя, хто гаворыць па-беларуску і шануе гісторыю Беларусі, то захацелася гэта развіваць. Адпаведна трэба было і сацсеткі заводзіць: «Інстаграм», «ВК», «Фэйсбук». Ва ўсё ўкладваць трэба было грошы. Наколькі маглі, настолькі мы гэта рабілі. І калі мы выйшлі ўжо на самаакупнасць і пабачылі, што ў гэтым ёсць нават перспектыва бізнесу, тады мы пачалі шукаць лепшае памяшканне. Гэта адбылося праз год працы. Нам пашанцавала. Мы знайшлі памяшканне на Савецкай, больш зручнае, з невялічкім складзікам, і пераехалі туды. У хуткім часе мы змаглі пакінуць свае ранейшыя месцы працы і займацца толькі крамай.

Асартымент у краме быў даволі разнастайны: адзенне з беларускім арнаментам, крэатыўныя майкі і бейсболкі, аксесуары, кубкі, запальнічкі, значкі, сувенірныя наклейкі, вымпелы з нацыянальнай сімволікай і іншае. Дзе вы набывалі свае тавары? Хто ўсе гэта робіць? І як вы лічыце, ці патрэбна была людзям ваша крама, цi было дастаткова ў вас пакупнікоў?

– Аказалася так, што робяць, і шмат хто робіць. Усе ж можна зрабіць і на заказ. Калі людзі робяць персанальныя кубкі на дзень нараджэння, то так жа можна зрабіць і кубкі з беларускім арнаментам. Гэта робяць і рамеснікі, і іпэшнікі, і больш салідныя таварыствы з абмежаванай адказнасцю. Гэта ўсе прадпрыемствы, якія спецыялізуюцца на сувенірнай вытворчасці. Але каб быў добры кошт, павінны зрабіць, напрыклад, не дзесяць маек, а трэба іх браць 300 – 500 – чым больш, тым лепш.

Читать также: Где в Бресте заработать больше 1 тысячи рублей, несмотря на кризис? Подборка вакансий на 28 сентября

Наведвальнікаў было нямала. Калі мы пераехалі ў новае памяшканне, да нас пайшлі і турысты. З Расіі і Еўропы – адусюль прыходзілі людзі. Усе ж гуляюць па Савецкай. Заходзілі і ўсе з такім захапленнем казалі: вось бачыш, якая вышываначка цікавая. Некаторыя цікавіліся: а што гэта за герб, чаму ў такіх колерах. Мы расказвалі. Нам самім было цікава данесці да людзей, што гэта такое. Бо былі такія выпадкі, калі казалі, маўляў: дайце мне гэту майку з канём або з рыцарам. Тое самае было з зубрам, на якога казалі «бык» і гэтак далей.

Мы змаглі за кошт крамы ўжо забяспечыць сябе заробкам такім, які мы мелі да таго, як пакінулі свае ранейшыя месцы працы. Гэта не было 1 000 ці нават 500 долараў, але калі, напрыклад, людзі на нейкім заводзе атрымлівалі па 500 рублёў, то і мы ўжо маглі гэта атрымліваць і яшчэ плаціць зарплату прадаўцу і падаткі. Але калі гэта ўжо пачало пераходзіць у нейкі стабільны рост, пачаліся непрыемнасці.

Пачалося з таго, што ўладам не спадабалася майка з выявай аўтазака і надпісам Welcome to Belarus, якая, на іх погляд, абражае гонар і стварае негатыўны вобраз дзяржавы, які не адпавядае рэчаіснасці. Як вы ставіцеся да гэтага?

– Першы выклік за гэту майку быў яшчэ летам 2019 года. Мы ўжо тады іх зрабілі, каб паглядзець, ці спадабаецца людзям. Нас выклікалі ў гарвыканкам, і пачалі дапытвацца, што мы гэтым хацелі сказаць. Мы ў іх пытаемся: «А што вы тут бачыце?» «Ну як, гэта ж аўтазак», – адказваюць. А мы ім: «Гэта не толькі аўтазак, гэта МАЗ – гонар беларускай аўтапрамысловасці». Ну, канешне, мы трохі жартавалі. Потым адказалі, што мы проста адлюстроўваем тое, што адбываецца ў нашай краіне.

Калі ў Брэсце пачаліся пратэсты супраць акумулятарнага завода, людзі выхадзілі карміць галубоў, мы пабачылі на вуліцах такі транспарт. Дык чаму мы не можам гэта адлюстраваць? У мінулым годзе мы дамовіліся з гарвыканкамам, што дапрадаём партыю і больш рабіць не будзем. Тут не скажаш, што яна ў нас моцна неяк тады пайшла. Але, калі пачалася перадвыбарная кампанія і зноў з’явіліся на вуліцах гэтыя аўтазакі, мы вырашылі аднавіць гэту майку. І яна ўжо пачала карыстацца значна большым попытам. Нас зноў выклікалі ў гарвыканкам.

Читать также: Скандальный аккумуляторный завод под Брестом продолжат строить

Мы патлумачылі, што дапрадавалі тую партыю, а зараз з’явілася новая нагода, таму мы будзем гэта зноў рабіць. Пасля таго як яны пачулі, што мы адмаўляемся ад іх прапановы спыніць продаж маек, да нас прыйшлі з маніторынгам. Быццам бы паступіла нейкая скарга ад кагосьці, што ў нас у краме штосьці не так. Правяралі ўсю нашу прадукцыю. Хацелі даведацца, хто нам гэта робіць, праўдападобна, каб да гэтых людзей нешта прад’явіць.

– Але на гэтым не скончылася. Да вас завіталі супрацоўнікі упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і, нягледзячы на тое, што ў вас былі неабходныя дакументы, правялі канфіскацыю белых бранзалетаў, бела-чырвона-белых сцягоў і кепак з «Пагоняй». А пасля іх – падатковая інспекцыя. Тавар апісалі, краму зачынілі, справу перадалі ў суд.

– Ужо непасрэдна перад выбарамі 6 жніўня да нас прыйшлі супрацоўнікі упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі з паперай, дзе было напісана, што ў іх пастанаўленне на «осмотр и изъятие продукции». Мне патлумачылі, што праводзіцца праверка па нейкай адміністрацыйнай справе, не звязанай з намі. Быццам бы хтосьці кудысьці ехаў, вёз падобную прадукцыю і парушыў правілы транспарціроўкі. Чамусьці нас вырашылі далучыць да гэтай справы i на гэтай падставе правялі канфіскацыю.

Я пытаўся ў іх, што гэта за адміністрацыйная справа, але мне адказвалі, што гэта сакрэт, яны нават не могуць сказаць, хто куды ехаў. Чамусьці яны вырашылі, што гэта ці набывалася ў нас, ці гэта было наша. А калі гэта і набывалася ў нас, то пры чым тут мы да тых, хто гэты тавар транспартаваў. Я ім паказаў дакументы на той тавар, што яны патрабавалі. Нам кажуць: усё добра, бачым, а зараз будзем праводзіць канфіскацыю ўсяго гэтага разам з накладнымі. Яны забралі гэтыя тавары, сказалі, што будзе праводзіцца праверка.

Читать также: Ярослав Романчук: «Беларусь может ожидать технический дефолт»

Мяне выклікалі 8 жніўня ў абласное ўпраўленне ўнутраных спраў з усімі паперамі на ўвесь тавар. Я прыйшоў з адвакатам, бо не ведаў, можа, яны ўжо мяне хацелі «канфіскаваць». Адваката са мной не пускалі, казалі, што нам ён не патрэбны, у нас тут COVID. Але мы ўпарціліся і неяк іх пераканалі: пусцілі з адвакатам. Але ў кабінет адваката не пусцілі. Ён застаўся ў калідоры, а потым і адтуль яго папрасілі. А без адваката я адмовіўся там даваць нейкія тлумачэнні-паказанні. Яны склалі нейкія свае пратаколы, забралі накладныя і мяне адпусцілі. Я быў здзіўлены тым, што ім патрэбны былі толькі накладныя і чаму яны не пусцілі адваката.

Я спакойна сабе паехаў у краму, адчыніў яе. Там ужо было шмат пакупнікоў, якія чакалі адкрыцця, каб нешта набыць. Мы ўжо абвясцілі, што была канфіскацыя тавару, і людзі вырашылі, што па прыкладу іншых падобных крам зачыняць і нашу. Я адчыніў краму і стаў за прылавак. Яшчэ не паспеў нічога прадаць, як заходзіць падатковая інспекцыя. Мне было загадана зачыняць краму: маўляў, будзе праверка. Вядома, людзі абураліся, казалі: што гэта такое, чаму зачыняеце, мы прыйшлі набыць рэчы! Але прыйшлося зачыніць.

Мне было прапанавана паказаць паперы на ўсе тавары. А паперы толькі што забрала упраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Тады яны гавораць: нельга працаваць без папер, на ўсё павінны быць паперы. Гэта, можа, і мая памылка, бо я ўпэўнены быў, што, калі нейкія структуры нешта забіраюць, а потым прыходзяць наступныя, то я магу сказаць, што забралі папярэднія. Нам кажуць: няма папер – нельга гандляваць. І мы ўвесь той дзень перапісвалі і пералічвалі тавар. Яны патлумачылі, што павінны супаставіць наяўнасць тавару і папер. Краму апячаталі.

Мы пасля таго не працавалі дзён дванаццаць, пакуль цягнулася гэтая праверка падатковай інспекцыі. Правяралі-правяралі, з тысячы накладных знайшлося некалькі папер, аформленых неналежным чынам. То-бок паперы ўсе былі, але некаторыя аказаліся неналежным чынам аформленыя. Па факту гэтых парушэнняў справу перадалі ў эканамічны суд Брэсцкай вобласці. Але, на маю думку, ніякіх злачынстваў у нас не было. Гэты ціск звязаны толькі з існуючай палітычнай сітуацыяй і жаданнем краму зачыніць хоць бы на час выбараў.

– Вы як прадпрымальнік можаце сказаць, што ў нас створаны нармальныя ўмовы для прадпрымальніцкай дзейнасці?

– Я працаваў у вельмі сціплым кірунку, дзе было няшмат здаровай канкурэнцыі. І, можа, у нас месца добрае было і зацікаўленасць да нашай прадукцыі была нейкая павышаная з-за ўсяго гэтага становішча ў краіне. Бо мы бачылі, што ў нас перспектывы ёсць. Але калі пачаўся каранавірус і мы сутыкнуліся з праблемамі, то адразу адчулі, як цяжка займацца прадпрымальніцтвам у нашай краіне. Выручка адразу ўпала на 90%.

То-бок, напрыклад, калі раней у дзень было 100 рублёў, то стала 10 рублёў. Існаваць у такіх умовах ужо ніяк не атрымаецца. А мы працягвалі плаціць і арэнду, і падаткі ў поўным памеры. Не было ніякіх ні адтэрміновак на падаткі, ні скідак на арэнду. Дзяржава ў гэты час ніяк нас, малых прадпрымальнікаў, не падтрымала. У выніку шмат малых прадпрымальнікаў пазачыняліся. А калі б нас падтрымалі, потым усё наладзілася б, і зноў мы пачалі б плаціць падаткі дзяржаве і даваць рабочыя месцы. Дарэчы, у нашай краме працавалі дзве прадаўшчыцы.

– У рэшце рэшт уладальнік памяшкання не працягнуў з вамі дагавор арэнды і крама спыніла сваю працу на Савецкай, 55? Я так разумею, што вы працягваеце пакуль што працаваць у інтэрнэт-фармаце? Вядома, змена месца гандлю звязана з немалымі матэрыяльнымі выдаткамі. Вас гэта не палохае, не збіраецеся канчаткова згортваць сваю дзейнасць у фармаце афлайн? У сённяшняй сітуацыі цяжка нешта планаваць, але як у сапраўднага прадпрымальніка, які любую праблему ўспрымае як задачу і заўсёды шукае выйсце, усе ж нейкія планы на будучыню маюцца?

– Сапраўды, да 1 верасня ў нас дзейнічаў дагавор аб арэндзе. Звычайна яго дзеянне працягвалася аўтаматычна. Але на гэты раз нам паведамілі, што дагавор не працягваюць. Мы спачатку спрабавалі выясніць, чаму так адбылося, але потым зразумелі, што вынік усё роўна будзе такім, што арэнда не працягнецца. Таму не хацелася лезці у глыбіню з тымі, хто арандаваў нам памяшканне. Што на іх рашэнне паўплывала, мы не ведаем. А страты мы панеслі ўжо тады, калі стаялі зачыненыя.

У летнія месяцы ідзе самы лепшы продаж, хоць і турыстаў было не так шмат, а мы вымушаны былі прастойваць. Мы таксама вымушаны былі выдаткоўваць грошы на адвакатаў і юрыстаў, а цяпер іх паслугі вельмі дорага каштуюць, асабліва калі ты хочаш, каб гэта быў нехта кваліфікаваны. Таму ў нас ужо не засталося сродкаў, каб мяняць месца, дзе патрабуюцца новыя ўкладанні ў абсталяванне і рамонт. Ды і памяшкання мы не знайшлі такога, як хацелася б. Хочацца, каб гэта было нармальнае месца, а не абы-дзе. А тыя арэндадаўцы, хто тут побач, нам адмовілі ў арэндзе.

Читать также: Продавцы брестской «колхозки» об оттоке людей из-за предстоящих осенних ярмарок: «У нас свой покупатель»

Спачатку казалі, што рамонт скончаць і будуць здаваць, а потым, пабачыўшы, што крама апячатаная, кажуць: ведаеце, мы пабойваемся, бо можа і ў дачыненні да нас нешта такое пачнецца. Пакуль што працуем толькі як інтэрнэт-крама. Калі працавала афлайн-крама, то паралельна была і анлайн-крама, але не было дастаткова часу апошнюю развіваць. А зараз мы так думаем, можа, у гэтым ёсць і нешта добрае. Будзем пакуль што развіваць анлайн-краму.

– Мы бачылі, як выстройвалася чарга салідарнасці ў кафэ, дзверы якога былі разбіты прадстаўнікамі аднаго праваахоўнага ведамства. А вы адчуваеце нейкую падтрымку з боку людзей? І апошняе: як прадпрымальнік вы з аптымізмам глядзіце ў будучыню?

– Калі краму распячаталі, мы яшчэ там крыху папрацавалі і тады пабачылі салідарнасць людзей. І не толькі з боку брастаўчан. Прыязджалі з розных гарадоў, у тым ліку з Мінска. Кажуць: ведаем, чыталі. Гэта было вельмі прыемна. Усім за гэта дзякуй. Людзі нам таксама пішуць: трымайцеся, чым можам, дапаможам. Прапаноўваюць нешта купіць. І хоць грошай у людзей сёння няма, продаж усё ж такі ў інтэрнэт-краме ідзе. І калі такое бачыш, не можаш сабе дазволіць зачыніцца. Тады хочацца не баяцца і не спыняцца. Менавіта ў гэтым – для мяне крыніца аптымізму.

Нават мой малодшы сын, гледзячы на тое, што адбываецца, кажа: «Папа, паехалі жыць у Польшчу». А чаму мы павінны адсюль кудысьці ехаць? Мы тут нарадзіліся, нідзе нам не будзе лепш. Таму трэба нешта рабіць, каб у нашай краіне было лепш. І калі кожны з нас будзе рабіць нешта пасільнае, я думаю, будзе вынік. Надзея ёсць, бо сотні тысяч людзей сёння аб’ядналіся ў адзіным парыве.

Recent Posts

Не знаете, что делать, если летучая мышь залетела к вам домой? Рассказывают экоспециалисты

Если летучая мышь случайно залетела к вам в квартиру, постарайтесь не паниковать и вспомните, что…

06.10.2024

Черные лебеди прилетают неожиданно: призрак Милошевича не даст Лукашенко спокойно спать?

МИД Беларуси критикует Запад за нарушение Устава ООН. Перед Лукашенко замаячила Гаага. Израиль бьет по…

05.10.2024

Уборщики, санитары, вальщики леса: какую работу можно найти в Барановичах, если тебе 2 года до пенсии

Барановичская районная газета написала о вакансиях в городе и районе для людей предпенсионного возраста. Варианты…

05.10.2024

«Обрыгали скамейки», «Позорные очереди за билетами». Как путешественники отзываются об автовокзале в Бресте

Интернет-пользователи пишут в отзывах, что на автовокзале в Бресте ночуют бомжи, от которых воняет, а…

05.10.2024

Вертолет Лукашенко против шахедов, памятник корове, мужчинам лень жить: шутки и мемы недели

Делимся традиционной подборкой юмора, веселых картинок и острых замечаний по событиям прошедшей недели.

05.10.2024

Лукашенко посетил агрогородок в Пинском районе, +1 «террорист»: что произошло в Бресте и области 4 октября

А Под Брестом у трассы М1 продают логистический центр. Стартовая цена — 2,3 млн евро.…

04.10.2024