У Беларусі аб’яўленая амністыя да 80-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На волю, па папярэдніх разліках, мусяць выйсці каля 900 зняволеных. Палітвязні пад амністыю не падпадаюць.
«У кожнага, хто асуджаны за экстрэмізм і тэрарызм, была магчымасьць звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з просьбай аб памілаванні. Тыя, хто напісаў заяву, яны былі разгледжаныя, недзе задаволеныя. Па астатніх раскаяння на сёння мы асабліва не заўважылі. Таму ўнеслі прапанову не прымяняць амністыі да гэтай катэгорыі асуджаных», — сказаў кіраўнік МУС Кубракоў.
Навошта праводзіцца чарговая амністыя? Чаму пад яе не падпадаюць палітвязні?
Пагаварылі з лекарам і праваабаронцам Васілём Завадскім.
— Анансаваная амністыя названая нетрадыцыйнай. Але я магу сказаць, што ўсе амністыі, пачынаючы з 2000-ых гадоў, нетрадыцыйныя: з кожным разам, з кожнай амністыяй кола людзей, якія траплялі пад яе, звужалася. Я працаваў на той час у Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС, памятаю, як кіраўнікі спецыяльнага аддзела былі расчараваныя, калі ўлады выключылі з кола амністуемых людзей з непагашанымі іскамі — а такіх сядзельцаў вельмі многа. З аднаго боку, гэта быў умоўны стымул для пагашэння іска, а з іншага боку, адкуль зняволены возьме грошы для пагашэння іска? Спецыфіка беларускай сістэмы такая, што зняволеныя, якія нават працуюць за заробак, атрымліваюць капейкі. Так што такі падыход з’яўляўся завуаліраваным сродкам ціску на сваякоў зняволеных, каб яны збіралі грошы на «выкуп». Многія так і рабілі: бралі крэдыты, залазілі ў пазыкі — шмат апісана такіх гісторыяў.
Читайте далее: Карбалевич объяснил, почему Лукашенко не уйдет сам из власти, а Кремль не станет «менять коней на переправе»
Беларускія ўлады заўсёды дэкларуюць: амністыя — акт гуманізму, чалавечнасці, незалежна ад здзейсненага злачынства. Але тады ўзнікае пытанне: калі зняволены адбывае пакаранне без асаблівых прэтэнзіяў, то абстаўляць акт гуманізму дадатковымі ўмовамі кшталту выкупу, — даруйце за таўталогію, гэта ўжо негуманна само па сабе.
Я памятаю часы, калі амністыя распаўсюджвалася на асуджаных за забойства. На пачатку незалежнасці Беларусі дзейнічаў крымінальны кодэкс Савецкага Саюза, паводле якога за забойства давалі максімум 15 гадоў. Былі такія асуджаныя, каму па амністыі тэрмін зняволення скарачаўся на год, а калі праводзілася некалькі амністыяў, то і на пару гадоў. Зараз тэрміны зняволення істотна павялічыліся: цяпер і 25 гадоў зняволення не рэдкасць. Давайце зададзімся рытарычным пытаннем: няўжо ж негуманна было б скараціць зняволенне з 25 да 24 гадоў? Што б гэта змяніла? Гэта калі абстрагавацца ад усіх іншых акалічнасцяў.
Але абстрагавацца не ўдасца. Паглядзіце, колькі народу асуджана на жахлівыя тэрміны зняволення пасля 2020 года, а колькі людзей прызнаныя палітзняволенымі? Вось і самі ацаніце, дзе тут гуманнасць.
Лукашэнка назваў амністыю нетрадыцыйнай. Нетрадыцыйнасць можна хіба ўбачыць у тым, што ў гэтых амністыях гуманнасці ўсё менш і менш.
Магчыма, пад амністыю падпадуць жанчыны, якія забілі сваіх мужоў. Лукашэнка і задаўся пытаннем: а ці трэба было яе наогул садзіць? Але давайце паглядзім на праблему глыбей. Відавочна, паміж сужэнцамі то быў не першы канфлікт, суседзі, мясцовая ўлада відавочна ведалі пра сітуацыю ў сям’і. Дык чаму дайшло да трагедыі: муж загінуў, а жонка апынулася ў месцах пазбаўлення волі? Так што пытанні выклікаюць не толькі амністыі самі па сабе, трэба глядзець, што адбываецца ў грамадстве. І што робяць мясцовыя ўлады, каб вырашаць праблемы?
— Звычайна пра амністыю ўлады пачынаюць гаварыць у красавіку-траўні, цяпер Лукашэнка абвесціў пра амністыю адразу пасля новага года. Калі пад амністыю 2022 года патрапілі каля 2000 тысяч чалавек, то цяпер такіх «шчасліўчыкаў» — каля 900 чалавек. Такое ўражанне, што амністыя ператварылася ў прапагандыскую кампанію, якая мусіць засведчыць шырыню душы аднаго дзеяча.
— Сапраўды, гэтая амністыя аб’яўленая нават не да Дня перамогі, а да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сама дата будзе адзначацца ў ліпені, а пра амністыю аб’яўлена напачатку студзеня. Канешне, гэтая амністыя — толькі нагода многа гаварыць пра гуманнасць улады.
Читайте далее: Лукашенко уже старик. Как беларусам собираются продавать 70-летнего хоккеиста дальше?
Калі гаворка ідзе пра 900 чалавек, то гэта зусім не азначае, што менавіта столькі народу вызваляць з месцаў пазбаўлення волі, з калоній. Найперш гэта будуць так званыя «хімікі», менавіта «хімікі» складуць пераважную большасць амніставаных, магчыма, яшчэ некага вызваляць з калоніяў-пасяленняў — то бок, людзей, якія асуджаныя на невялікія тэрміны за няцяжкія злачынствы, ці каму засталося адбываць пакаранне зусім нядоўга.
Таму пагаджуся: гэта не столькі акт гуманізму, колькі інфармацыйная кампанія.
— Лукашэнка назваў дзіўную лічбу: пенітэнцыярная сістэма разлічаная на 40 тысяч чалавек, а ў месцах пазбаўлення волі знаходзіцца толькі 20 тысяч чалавек. Пасля рэпрэсіяў апошніх гадоў ў такое проста не верыцца.
— Лукашэнка называе тыя лічбы, якія яму далі. А лічыць можна па-рознаму. Калі лічыць колькасць зняволеных у калоніях, то выйдзе адна лічба, калі да гэтай лічбы дадаць турмы — выйдзе другая лічба, а калі ў яе ўключыць тых, хто знаходзіцца ў следчых ізалятарах, то выйдзе зусім іншая. Трэба таксама ўспомніць, колькі ў Беларусі ЛТП: у агульную колькасць сядзельцаў не ўключаюць і гэтыя людзі дакладна не трапляюць пад амністыю.
У калоніях сапраўды могуць сядзець каля 20 тысячаў — гэта можа быць праўдай. Але калі палічыць агульную колькасць сядзельцаў, то, з майго пункту гледжання, 40 тысяч дакладна набярэцца.
— Лукашэнка ўвогуле прамоўчаў пра палітвязняў, а вось міністр Кубракоў сказаў, што «экстрэмісты» з «тэрарыстамі» пад амністыю не трапляюць, бо не раскаяліся. Як рэжым «выпраўляе» палітвязняў у месцах зняволення?
— Стаў — не стаў на шлях выпраўлення… Ведаеце, гэта пенітэнцыярная тэрміналогія. Але калі міністр кажа такое пра ўсіх агулам, то гэта і выдае ўладу: асуджаных па так званых «экстрэмісцкіх» артыкулах аўтаматычна прызнаюць «экстрэмістамі» — і такіх людзей у месцах зняволення ўжо некалькі тысячаў. Калі міністр кажа пра ўсіх, што яны не сталі на шлях выпраўлення… Як так: да кожнага асуджанага мусіць быць індывідуальны падыход! Прагаварыўся Кубракоў: «экстрэмісцкі» артыкул аўтаматычна азначае, што асуджаны на амністыю разлічваць не можа, незалежна ні ад яго паводзін, ні ад іншых акалічнасцяў. Гэта яўная агаворка па Фрэйду, а ў нашым выпадку — па Кубракову. Вось і ўвесь адказ…
Читайте далее: Лукашенко понадобилось «жизненное пространство». Почему беларуский правитель заговорил языком нацистов?
Такі падыход да палітвязняў быў цалкам прадказальны. Яшчэ падчас амністыі 2022 года мы гадалі: ці патрапяць палітзняволеныя пад яе, ці выйдзе хоць хто. І тады прагнозы не былі аптымістычнымі, бо вал рэпрэсіяў у грамадстве не зніжаўся. На жаль, тады песімістычныя прагнозы спраўдзіліся. А зараз увогуле ніякіх спадзеваў і не было, бо на носе новы электаральны цыкл: страх перад людзьмі з уласным пунктам гледжання, з уласнай пазіцыяй, нязгодных з тым, што адбываецца ў краіне, толькі нарастае. Таму спадзявацца на тое, што амністыя закране палітвязняў, увогуле не выпадала.
— Калі гэты рэжым адчувае сябе такім пераможцам, то чаму сапраўды не паказаць сваю міласэрнасць і не вызваліць хаця б пажылых палітвязняў, якія маюць сур’ёзныя захворванні: Рыгора Кастусёва, Васіля Бераснева, Генадзя Фядыніча… Іх не так і многа, і не такую пагрозу для Лукашэнкі ўяўляе іхняе вызваленне.
— Рытарычнае пытанне. Давайце да вашага спісу дадамо многа зняволеных жанчын, і ва ўзросце, і хворых; многа разоў мы чулі: я з жанчынамі не ваюю. А то Лукашэнка згадаў пра жанчыну, якая забіла свайго мужа, а пра іншых «забыўся». Я думаю, з закона пра амністыю не знікне пункт, што вызваляюцца людзі з цяжкімі хваробамі (у свой час мы працавалі над гэтай часткай закона, куды імкнуліся ўпісаць як мага больш паказанняў для амністыі): і хворыя на туберкулёз, і людзі з інваліднасцю. Але потым даецца тлумачэнне: пад гэты пункт не трапляюць людзі, асуджаныя па канкрэтных артыкулах, у нашым выпадку – па «экстрэмісцкіх». Тым самым кола амністуемых максімальна звужаецца.
Калі б сапраўды размова ішла пра гуманнасць, то нішто не замінае прымяніць асобны акт памілавання — і вызваліць людзей з захворваннямі, якія пагражаюць жыццю. Сапраўды, набярэцца 10-20 чалавек — нямнога людзей сталага ўзросту, якія маюць сур’ёзныя анкалагічныя, і не толькі анкалагічныя, захворванні. Заместа таго, каб таго ж Кастусёва пераводзіць на турэмны рэжым (знайшлі злачынцу, «злоснага парушальніка рэжыму», якога з калоніі трэба запіхнуць у крытую турму!), узялі б ды памілавалі чалавека.
Канешне, улада павінна думаць пра тое, каб людзі, вызваленыя па амністыі, не пагаршалі крымінагенную абстаноўку. Давайце зададзімся яшчэ адным рытарычным пытаннем: Кастусёў, Фядыніч, Бераснеў, іншыя інтэлігентныя, адукаваныя людзі — няўжо ж яны, вярнуўшыся дадому, пагоршаць крымінагенную абстаноўку?
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: