У Беларусі налічваецца 1410 палітвязняў, амаль штотыдзень іх колькасць толькі расце. Кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў ПУАТ ці пачатку адбыцця тэрміну на «хатняй хіміі».
Па звестках «Вясны», у чэрвені на волю выйшлі мінімум 27 чалавек, 19 з якіх цалкам адбылі тэрміны, а 5 вызваленыя па абмене (у рамках абмену палоннымі паміж Украінай і Расіяй). Яшчэ 3 палітзняволеныя былі асуджаныя да «хатняй хіміі» і вызваленыя з СІЗА.
«Не здзіўляйцеся, калі выйдуць цяжкахворыя»
2 ліпеня Лукашэнка зрабіў шырокі жэст перад сваімі староннікамі і аб’явіў: «Не здзіўляйцеся, калі праз некалькі дзён на волю выйдуць вельмі цяжкахворыя, як пішуць, нашы, якія не паспелі збегчы і знаходзяцца ў месцах на такіх аддаленых, якія ламалі і разбурылі краіну ў 2020 годзе. Але гэта, сапраўды, цяжкахворыя. У асноўным, з ракавымі захворваннямі».
Па звестках «Вясны», ужо вядома пра 18 вызваленых палітзняволеных. Сярод іх — асуджаны да 10 гадоў калоніі і хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў. Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчы астатніх вызваленых.
Чытайце далей: Александр Фридман: Лукашенко получает пощечины и за свои грехи, и за грехи своего хозяина
Пры гэтым частка вязняў выйшла на волю па амністыі, а частка — па памілаванні.
Адначасова праваабаронцы прызналі палітвязнямі 17 чалавек.
«Аб’яўленае вызваленне хворых і старых не адпавядае рэчаіснасці»
Кіраўнік фонда BySol Андрэй Стрыжак правёў уласны аналіз вызваленых палітвязняў. Дзень таму ён паведамляў, што вядомыя прозвішчы 15 вызваленых вязняў, прозвішча аднаго патрабавала пацверджання. Каму колькі заставалася сядзець да заканчэння тэрміну? Вось якая карціна атрымалася:
5 чалавекам заставалася сядзець каля месяца, яшчэ 3 – да 1 года, 5 заставалася сядзець паўтара—два гады, 1 зняволенаму – 2—3 гады і яшчэ 1 – больш за 6 гадоў.
Сярод тых, хто быў датэрмінова вызвалены за апошнія два дні, вядома пра цяжкі стан здароўя толькі ў Рыгора Кастусёва.
У сухім астатку атрымліваецца, што траціна вызваленых палітвязняў выйшла б на волю цягам месяца; абсалютная большасць вызваленых не з’яўляюцца людзьмі сталага ўзросту з цяжкімі захворваннямі; інфармацыя пра тое што на волю выпускаюць найбольш хворых і старых не адпавядае рэчаіснасці і з’яўляецца часткай дзяржаўнай прапаганды.
Колькі палітвязняў знаходзіцца ў асаблівай рызыцы?
Па стане на пачатак траўня за кратамі знаходзіліся 254 палітвязняў ў асаблівай рызыцы.
«Вясна» падлічыла:
- 91 чалавек ў цяжкім стане здароўя;
- 65 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем);
- 40 шматдзетных маці і бацькоў;
- 23 маладзёна, якія былі затрыманыя непаўнагадовымі;
- 16 чалавек з інваліднасцю;
- 10 чалавек з ментальнымі разладамі;
- вядома мінімум пра 5 сямей, у якіх абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.
Самы старэйшы з палітвязняў — 76-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёва, які быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі за абразу Лукашэнкі.
Чытайце далей: Александр Фридман: Лукашенко может заняться спецоперациями, чтобы пополнить «обменный фонд»
«Лукашэнка пачаў прэзідэнцкую кампанію і спрабуе палепшыць свой імідж»
Так лічыць палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валерый Карбалевіч. Аналітык пакуль не бачыць логікі, паводле якой вызваляюць таго ці іншага зняволенага.
— Гэта жэст, але пакуль не зразумела, каму ён адрасаны. Я б прапанаваў версію, што гэта пачатак прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнкі, і ён хацеў бы трошкі палепшыць свой імідж, вельмі дрэнны нават у вачах сваіх прыхільнікаў. Таму гэта спроба неяк палепшыць гэты вобраз.
Ці ўдасца гэта? Я не ўпэўнены, бо дзеля гэтага трэба рабіць крокі ў бок агульнай лібералізацыі, у бок спынення рэпрэсій. А сітуацыя, калі рэпрэсіі не спыняюцца, калі з’яўляюцца ўсё новыя і новыя палітвязні, вызваленне дзесяці ці колькі чалавек не мяняе трэнды, не мяняе сітуацыю, не мяняе ацэнак, якія даюцца ўнутранымі і вонкавымі назіральнікамі. У прыватнасці, генеральны сакратар Гутэррыш пакрытыкаваў Лукашэнку падчас сустрэчы ў Астане за парушэнне правоў чалавека.
Чытайце далей: Амнистия по-беларуски: Брестский областной суд отправил за решетку на три года 55-летнюю Ирину Погодаеву
Ці можна разглядаць гэты жэст як сігнал Захаду?
— Калі паспрабаваць ацаніць вызваленне палітвязняў як нейкі сігнал Захаду, то гэты сігнал у цяперашніх умовах ці не працуе зусім, ці працуе дрэнна. Бо гэты сігнал супярэчлівы: яму спадарожнічаюць, па-першае, працяг рэпрэсій, якія не спыняюцца, па-другое, працяг агрэсіўнай рыторыкі на адрас Захаду, па-трэцяе, рэальныя дзеянні, мілітарызацыя беларускага грамадскага жыцця, пагрозы на адрас Захаду ядзернай зброяй і працяг міграцыйных атак. І Лукашэнка падчас урачыстасцяў сказаў, што не збіраецца рабіць нейкія крокі, каб спыніць ціск на суседзяў пры дапамозе мігрантаў. Таму я не думаю, што на Захадзе пачуюць і зразумеюць гэты сігнал правільна. А калі сігнал не працуе, то вялікага сэнсу ў ім няма.
Ці спрычыніўся Кітай да вызвалення беларускіх палітвязняў?
— Што да магчымай незадаволенасці Кітая сітуацыяй на беларуска-польскай мяжы, то я не думаю, што Кітай моцна цікавіць праблема беларускіх палітзняволеных, праблема правоў чалавека ў Беларусі. Хаця б таму, што ў самым Кітаі таксама ёсць палітвязні і вялізныя-вялізыя праблемы з правамі чалавека. Сувязі паміж беларускімі палітвязнямі і Кітаем я не бачу.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: