Прислать новость
https://bgmedia.site

Зміцер Бартосік: Пашанцавала мне, што я сапраўдны падабцаснік

26.10.2023 13:28 Зміцер Бартосік. Источник фото

Хто хоць кроплю цікавіцца беларушчынай, той не можа не ведаць Зміцера Бартосіка.

50-гадовы Зміцер Бартосік мае тры ўласныя кнігі, жанр якіх вызначае як “падарожныя натакі”, піша свае песні, выконвае аўтарскія і чужыя песні, агучвае кнігі ў Беларускай інтэрнэт-бібліятэцы Камунікат.

Падзеі 2020 года назаўсёды змянілі лёс і самога Змітра Бартосіка, і вялікай ягонай сям’і: жонкі Таццяны і чацвярых дзяцей. Больш за год таму ягоная сям’я апынулася ў Польшчы, дзе і спрабуе наладзіць новае жыццё.

Пра эміграцыю, музыку, кнігі — пра жыццё пагаварылі са Зміцерам Бартосікам. Злавілі яго падчас літаратурнага фэсту “Прадмова”, які праходзіў  у Вільні 14-15 красавіка.

Зміцер Бартосік, фота sn-plus.com

— Вашая цытата: “На бліжэйшыя пяць гадоў я бачу тэрміны, лагеры і турмы. Вядома, у сібірскія лагеры я не веру”. Відаць, ідзе самая паспяховая пяцігодка Лукашэнка: ён творыць што хоча, што не мог дазволіць сабе раней. Вашая пяцігодка пачалася летам 2021-га?

— Так. Я быў абсалютна ўпэўнены, што мне нічога не пагражае. Я думаў, што ўсё скончыцца як у 2006 годзе, як у 2010 годзе. Не будзем ужо казаць пра 2015-ы год. Я не верыў у познюю сталіншчыну: вялікага тэрора, які праводзіў генералісімус, няма, але тэрміны куюцца ад усёй душы. У такую карцінку я не верыў. Але тое, што пачалося пасля пасадкі самалёта, прадказаць было немагчыма. Гэта быў нейкі псіхоз, напэўна, злоба капілася ўжо даўно, але гэтая злоба стрымлівалася нейкімі рацыянальнымі матывамі. А самалёт стаў кропкай невяртання: велізарны кулачышча храснуў па сталу — і пачалося!

Калі пачалася аблава на журналістаў Свабоды, мне знаёмы сказаў: з’ехаў бы ты куды на вёску, дзе няма інтэрнэта, тэлефона, папіў бы парнога малачка — я зразумеў, што пачынаецца самы храновы сцэнар. Але я ж падабцаснік (дзякуй Богу – не быў бы падабцаснікам, то не ведаю дзе быў бы), жонка са швагеркай згадалі, што я даўно не быў у Адэсе (смяецца), маўляў, засумаваў па каранях, па мясцінах дзядулі. Вось табе білет, вось табе тысяча баксаў, вось табе чысты тэлефон — валі адсюль да першародных каранёў і сядзі на Малдаванцы (смяецца)…

Читайте далее: Преступление и наказание, или Почему Запад не разговаривает с Лукашенко

— Правільна цешча і зрабіла. Цешча? Швагерка і жонка!

— Я, як сапраўдны падабцаснік, нядоўга сябе ўгаворваў, узяў білет і паехаў у Адэсу, да родных каранёў. Зняў кватэру на Малдаванцы і спакойна – нідзе мне так спакойна не працавалася, нават на моры (а на мора я вылез толькі тады, калі да мяне прыехалі жонка са швагеркай і дзецьмі). Я сядзеў на Малдаванцы, працаваў над новай кніжкай, часам хадзіў у краму — браў партвейн (усё ў адэскіх традыцыях: партвейн, харошая закусь), днём працаваў, а вечарамі гуляў па Малдаванцы. Тры месяцы ў Адэсе — адны з самых лепшых летніх месяцаў, якія я правёў за сваё жыццё.

Хобі, якое стала маніяй і хваробай

— Менавіта ў Адэсе вы: журналіст, пісьменнік, бард — заняліся не сваёй справай — агучваннем кніг?

— Не, не так усё было.

Гэта маё даўняе хобі, з часоў савецкай арміі, з часоў страйбату ў Волагдзе. Ад нечага рабіць, перад выбарам — ці кніжкі чытаць, ці адэкалон піць (я служыў у часы гарбачоўскай перабудовы і барацьбы з алкагалізмам, калі гарэлку пардавалі па талонах), я арганізаваў такі літаратурны клуб: я хадзіў у страйбатаўскую бібліятэку (а яны выпісвалі ўсё) і там адкрыў для сябе новага аўтара. Часопіс “Октябрь”, Сергей Довлатов, “Чемодан”. Прачытаў сам — мне было так смешна, так класна, і пачаў чытаць услых. У Даўлатава быў харошы дыялог, калі журналіста адправілі ўзяць інтэрв’ю у рабочых, пагаварыць пра іх занятак у вольны час. Журналіст падыходзіць да мужыкоў, якія сядзяць і квасяць: «Ну что, товарищи рабочие, чем занимаетесь в редкие часы досуга?». Адзін, разліваючы партвейн, і адказвае: «Как чем? Вышивкой, танцами, хоровым, блядь, пением». Я і пачаў падначваць саслужыўцаў: “Товарищи солдаты, кто хочет редкие часы досуга провести за чтением высокоинтеллектуальной литературы, пожалуйте к моей кровати — буду читать вслух”. І я пачаў чытаць Даўлатава ўслых – вакол збіралася процьма салдатаў, якія проста ўгаралі са смеху. І ўсе мы з нецярпеннем чакалі наступнага нумара і працягу чытання ўголас.

Читайте далее: Валерий Карбалевич: Лукашенко не чувствует каких-то реальных угроз внутри и извне

Тады і пачалося маё хобі — чытанне кніг услых. Яно стала маніяй, хваробай: я чытаў кнігі ўслых і пасля арміі жонцы, сябрам – і гэта ўсім і заўжды падабалася. А пасля я падумаў: а чаму б і не пачытаць больш шырокай аўдыторыі? Да Камуніката я начытаў для Радыё Свабода я начытаў кнігу Уладзіміра Арлова  “Танцы над горадам”, начытаў збірнік апавяданняў Вінцэся Мудрова “Забойца анёла”, начытаў раман Адама Глобуса “Сям’я”, а пасля яшчэ і раман “Садомская яблыня” Алены Брава. Лічу, што “Садомская яблыня” стала адной з лепшых маіх начытак, я спрабаваў ужыцца ў ролю жанчыны з усімі падрабязнасцямі; праўда, мне казалі: слухаць твой мужчынскі голас, якім ты расказваеш, як ляжыш у крэсле гінеколага (смяецца)…

Але седзячы ў Адэсе і працуючы над сваёй кнігай, я патэлефанаваў Яраславу (Яраслаў Іванюк — дырэктар Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Камунікат) і кажу: давай паспрабуем агучыць твае кнігі. Ён агучваў кнігу Ларысы Геніюш на дыскі, але на сайт кнігі ніколі не рабіў. Ён пагадзіўся — давай паспрабуем.

Пазней я прыехаў у Польшчу, пад Уроцлавам мне прапанавалі творчую рэзідэнцыю (у Адэсе я зрабіў шэгненскія візы і перабраўся ў Польшчу) — там я і пачаў супрацоўніцтва з Камунікатам, пачаў начытваць раман Андрэя Федарэнкі “Жэтон на метро”.

“Кнігу перапісваў тры разы”

— У Польшчы вы заканчвалі сваю трэцюю кнігу?

— Я-то думаў, што закончыў яе ў Адэсе, а вось мой рэдактар Сяргей Дубавец так не думаў. Ён зрабіў кучу правак. Я яе перапісваў тры разы: у Адэсе напісаў, перапісваў яе ў рэзідэнцыі пад Уроцлавам, потым у Бельску Падляшскім, і адчапіўся рэдактар ад мяне толькі ў Варшаве. Дратаваў ён мяне слушна – і вынік атрымаўся правільны.

— Усе тры кніжкі напісаныя ў жанры падарожных нататак.

— Так, гэта падарожныя нататкі, у якіх аўтар ўспамінае яшчэ нешта са свайго жыцця, дзе аўтар гутарыць з людзьмі, часам можа зрабіць цікавую выснову або анекдот распавесці. Адначасова і падарожныя нататкі, і не падарожныя нататкі.

— Цяпер Беларусь для вас закрытая. Ці маеце нешта ў сваім загашніку новае, можа, хутка парадуеце новай кнігай?

— Гэта бяда і трагедыя. Я разумею, што тое жыццё больш не вернецца. То быў самы лепшы час майго жыцця, калі мы з сям’ёй — часам толькі з жонкай, часам і з дзецьмі – ездзілі ад вёскі да вёскі. Карацей, мы жылі на калёсах. Але нічога не было б, ніякіх кніг не было б, калі б я не быў падабцаснікам. Я, як мужык, кажу: усё, у гэтай вёсцы нічога не будзе, а тут ўстравае жонка: ты што, здурнеў, у гэтай хаце знойдзем нешта цікавае. І пінкамі гоніць мяне ў хату. З гэтай хаты самае цікавае і пачынаецца. І так было безліч разоў. Пустая вёска, гаварыць няма з кім, а яна мне: падыйдзі да таго дзеда… Іду да дзеда (толькі б жонка адвязалася!) — і на гадзіну завісаю з гэтым дзедам, а гэты дзед пасылае мяне да іншага дзеда. Так што ўсе мае кнігі з’явіліся толькі дзякуючы маёй Таццяне.

Читайте далее: Евгения Долгая — о будущей Беларуси: «Я вижу ее выжженной землей, Лукашенко не оставит после себя ничего хорошего»

…Гэты перыяд больш не вернецца. А вось іншыя людзі лічаць, што Беларусь не сканчаецца межамі Рэспублікі Беларусь: ёсць Беласточчына, ёсць Віленшчына, ёсць Латгалія, ёсць Палессе.

“На 21-ым ці 22-ім годзе сумеснага жыцця з Таццянай да мяне дайшло, што яна ўмее на баяне іграць!”

— Калі з кнігамі пакуль не ладзіцца, дык канцэрты ж атрымліваюцца?

— Шкада, што вы не прыйшлі на мой канцэрт. Я не хварэю на нарцысізм, але ж учора (інтэрв’ю запісвалася 15 кастрычніка. — BGmedia) быў адзін з лепшых канцэртаў у маім жыцці. Настолькі публіка любіла мяне, наколькі я любіў публіку. І я зразумеў, што на 21-ым ці 22-ім годзе сумеснага жыцця з Таццянай да мяне дайшло, што яна ўмее на баяне іграць! На свааю 50-годдзе я зладзіў сабе паездку ў Маскву, каб схадзіць на стары спекталь Тэатра на Таганцы “Добры чалавек з Сезуана”; я ведаў, што з гэтага спектакля тэатр пачынаўся, ведаў, што гэта музейны спектакль, дзе обветшалі дэкарацыі, акцёры памерлі, пачынаючы ад Высоцкага і Славінай, нічога жывога не засталося. Але, глядзі ты, халера, настолькі чотка, жорстка, жыва зроблена — нібыта і не было папярэдніх 50 гадоў. І там я ўпершыню (трэба было дажыць да 50 гадоў!) пачуў, як гучыць гітара з баянам. І пасля гэтага спектакля “Добры чалавек з Сезуана” вярнуўся ў Мінск і кажу Таццяне: а давай паспрабуем гітару з баянам.

Вы кажаце, што даю канцэрты… Канцэрнтная дзейнасць толькі пачынаецца! Хочацца верыць, што мы знаходзімся ў пачатку вялікага шляху (смяецца).

— Я веру. У вас жа ёсць і дачка Юстына, якая ўжо ладзіць сольныя канцэрты, і малодшы сын…

— У нас ёсць і сямейны ансамбль. Проста мы маем дзве розныя праграмы: мы з жонкай выконваем адну праграму, а сямейным ансамблем – другую.

— Ці змяніўся рэпертуар за гэтыя пару гадоў, пасля ад’езду з Беларусі?

— Юстына стала пісаць свае песні, вельмі цікавыя — і па тэкстах, і музыцы. Дзеці ж пачыналі з народных песень, яны хадзілі ў студыю народных песень, там ім галасы паставілі. А пасля бацька паказаў тры акорды на гітары – і Юстына пачала пісаць свае песні. Мы падыгрываем Юстыне — у яе свая праграма, мы граем мае песні, якія, на жаль, не страцілі сваёй актуальнасці; усе гэтыя палітычныя памфлеты, гарадскія рамансы з палітычнай афарбоўкай 90-ых гадоў — усё, на жаль, слухаецца, як сёння.

У мяне ёсць праграма, складзеная з песень расійскіх выканаўцаў, пераклад якіх зрабіў Рыгор Барадулін. Высоцкі, Акуджава, Вярцінскі – мэтр пераклаў для мяне.

Некаторыя нашы песні ўжо перакладзеныя і на польскую мову, мы пакуль не рэпетавалі, але пераклады цікавыя: “Развітанне з Вільняй”, “Віленскі кот”, Юстынавы песні.

— Хто больш настальгіруе па Беларусі – бацькі ці дзеці?

— Дзеці. Адназначна — дзеці. У іх сябры там, там іхнія сябры. Я чалавек без радзімы. Можа, памятаеце савецкую песню “Мой адрес не дом і не уліца, мой адрес – Советскій Союз”? На жаль, гэта пра мяне: я нарадзіўся ў Рыбінску, першы дзень нараджэння сустрэў у Вялікіх Луках, а наступны – у Златавусце, а наступны — ва ўсходнім Казахстане…  Я ніколі не быў прывязаны да аднаго месца: бацькі мянялі тэатры (ён рэжысёр, яна — акторка), а разам з ім мяняў гарады і я. Першым месцам, дзе мы сур’ёзна замацаваліся, стаў Гомель у Беларусі. Адтуль і мая беларушчына — гэта месца, дзе мы нарэшце аселі. Мне было 10 гадоў…

— Беларускі асяродак вялікі – і ў Польшчы, і ў Літве. Гэта не змякчае наступствы эміграцыі?

— Вядома, змякчае: ёсць з кім пагаварыць, у мяне харошы сябар там, журналіст Зміцер Лупач, з якім зрабілі не адну перадачу, вельмі душэўны і гумарны чалавек. Ёсць з кім пагаварыць, ёсць з кім выпіць, ёсць з кім слязу пусціць і ёсць з кім пасмяяцца.

— Вернемся туды, адкуль пачалі. Пройдуць пяць гадоў “лагераў, турмаў, рэпрэсій”. А што далей?

— Вам трэба да спадара Бога з такімі пытаннямі звяртацца. Я ж гадаць не ўмею.

Калі глядзець на жыццё цвяроза, то беларускі правадыр залежыць ад расійскага правадыра, а расійскі правадыр збіраецца сядзець мінімум да 2036 года — і нічога яму не перашкодзіць, акрамя нейкага цуда і збоя ў сістэме, няўдачы на ўкраінскіх франтах, удачы на ўкраінскіх франтах ніяк не пахіснуць ягоны трон. Калі ўявіць сабе Пуціна ў 2036 годзе — а сучасны стан медыцыны дазваляе падтрымліваць жыццё столькі часу, значыць, да 2036 года, як мінімум, трэба рыхтавацца жыць за мяжой. І працаваць: пісаць песні, запісваць кніжкі, пісаць свае кнігі, несці беларускую культуру тым, каму яна патрэбная.

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.