Прислать новость

Зянон Пазьняк: Пакуль існуе вайна, пакуль існуе Пуцін, пакуль існуе Расія, чхаў Лукашэнка на вашую Гаагу

22.01.2024 17:23 Карыкатура Сяргея Елкіна, DW. Источник фото

Унутры рэжыма набіраюць сілу рускамірскія сілы, як толькі будзе знішчаны дыктатар, тут жа з’явіцца «паўночны фронт».

Ва ўмовах вайны Лукашэнку трэба разлучыць з хаўруснікам Пуціным, даць яму прастору для манеўру, а не заганяць у вугал эканамічнымі санкцыямі.

Зянон Пазьняк раскрытыкаваў санкцыйную палітыку і патлумачыў, чаму падчас вайны нельга спускаць усіх сабак на Лукашэнку.

Лідар «Вольнай Беларусі» Зянон Пазьняк у інтэрв’ю BalaganOFF распавёў пра парадоксы вайны, расказаў, чаму Лукашэнку не трэба заганяць у кут і чаму трэба адмяняць эканамічныя санкцыі.

Зянон Пазняк . Фота: Agnieszka Kamińska, PolskieRadio.pl

Як толькі Лукашэнку знішчаць, вельмі хутка будзе вайна з Украінай

Ацэньваючы цяперашні стан рэжыму Лукашэнкі, Зянон Пазьняк сказаў:

— Зараз Лукашэнка поўнасцю пад кантролем Масквы. Яго загнала туды і апазіцыя, і Захад у выніку неразумнай палітыкі. Склалася вельмі небяспечная сітуацыя: ва ўмовах вайны, калі Лукашэнка з’яўляецца супольнікам Пуціна, то палітыка мусіць быць такая, каб разлучыць гэтых супольнікаў. Трэба праводзіць такую палітыку, каб даць Лукашэнку магчымасць манеўра, каб ён мог праводзіць нейкую самастойную лінію, адрозную ад Пуціна.

На жаль, робіцца ўсё наадварот: і санкцыі, і прапаганда, і асабліва так званая «апазіцыя», якая сядзіць за мяжой. У іх адзін вораг — Лукашэнка. Вот санкцыі, санкцыі, знішчыць Лукашэнку. Ён сапраўды злачынца, нягоднік: ён здаў Беларусь, прадаў народ, залез у Расію, ён спрыяў акупацыі, ён даў магчымасць расійцам трапіць ва Украіну.

А з другога боку, сітуацыя такая, што ў самым рэжыме ўсёй палітыкай валодаюць рускамірскія сілы. Створана шмат груп, якімі кіруе Карпянкоў, гэтыя групы ніколі не будуць абараняць Беларусь, гэтыя групы праводзяць генацыд. Яны рыхтуюцца на той выпадак, калі трэба ўступіць у нейкую правакацыю, у нейкую вайну. Кожны дзень арыштоўваюць беларусаў, і гэтыя групы дапамагаюць міліцыі ў гэтай справе. Вырастаюць такія сілы, з якімі Лукашэнка ўжо не можа нічога зрабіць, і гэта стала відавочным.

Читайте далее: Александр Фридман: Личные интересы Лукашенко окончательно подменили «национальные интересы» в 2020 году

Такім чынам, руская агентура, руская акупацыйная палітыка, рускія сілы, якія знаходзяцца ў Беларусі, усё больш і больш забіраюць на свой бок палітычныя ініцыятывы ўлады. І вось у гэтай сітуацыі гэтыя «дэмакраты» (смяецца) — галоўны вораг Лукашэнка, яго трэба пад суд, трэба ў Гаагу. Які суд, якая Гаага! Пакуль існуе вайна, пакуль існуе Пуцін, пакуль існуе Расія, чхаў Лукашэнка на вашую Гаагу, што вы трызвоніце!

І далей — страшней за Лукашэнку звера няма. Але ўсё вырашаецца ў Расіі. Што ж вы хочаце змагацца са шчупальцамі васьмінога — сэрца ж васьмінога ў Маскве. Без вырашэння пытання вайны, без перамогі Украіны ў вайне, нічога вы з рэжымам Лукашэнкі не зробіце.

Давайце прадоўжым гэтую логіку далей. Значыць, Лукашэнка — галоўны вораг. А ў рэжыме зараз галоўныя рашэнні прымаюць акупацыйныя сілы. Ніхто не пытае ў Лукашэнкі, страляць па Украіне ці не страляць, ніхто не пытае, колькі самалётаў дзе трымаць, дзе будаваць ваенныя лагеры — усё гэта рашаюць расійцы без удзелу Лукашэнкі.

Читайте далее: Лукашенко уже старик. Как беларусам собираются продавать 70-летнего хоккеиста дальше?

А цяпер уявіце сабе, што нейкім чынам Лукашэнка знікае, яго знішчаць. Першае што будзе, і вельмі хутка, вайна з Украінай. Тыя сілы (вольфавічы, хрэніны, усе гэтыя генералы) — яны ніхто, яны нішто, яны не маюць ніякай адказнасці, ім не трэба ўлада, ім трэба падпарадкоўвацца і мець свае льготы ад улады. Гэтыя людзі не Лукашэнка. Гэта Лукашэнка сінімі пальцамі ўхапіўся за ўладу і будзе трымацца за яе. І вось у гэтым увесь канфлікт. Ён бы напаў на Украіну, але ведае, што народ супраць вайны, што нават войска яго не падтрымае, што ў яго з уладай будзе праблема. Калі прыбраць галоўнага ворага — Лукашэнку, гэтыя генералы, гэтая банда крымінальнікаў, якая знішчае народ, тут жа выканае загад Пуціна. І ўсё. Гэта ваенныя парадоксы, з вайной так задараецца.

Трэба адарваць дыктатара ад саюза з Пуціным

Ва ўмовах ваеннага парадокса не трэба атакаваць Лукашэнку? На пытанне вядоўцы Пазьняк адказаў так:

— Рэжым Лукашэнкі выконвае функцыі акупацыйнай адміністрацыі і стопрацэнтна зараз варожы беларускаму народу. Адзіны рэсурс, які ў яго застаўся, якім ён можа яшчэ маніпуліраваць, — гэта не пусціць ваенную сілу ва Украіну. Але гэта ўжо выпадае з яго рук, гэтым ужо камандуюць генералы, усякія карпенковы; уведзеная ядзерная зброя, ствараецца так званая канцэпцыя абароны (якая там абарона, наадварот — агрэсія!). Мы бачым, што рэжым і Лукашэнка асабіста губляе апошнюю магчымасць уплываць на ўладу. Калі гэта працягнецца і далей, калі не будуць прынятыя ўскосныя рашэнні з боку Захаду, з боку Украіны, пра дэмакратыю не будзем гаварыць, таму што там адна агентура ў «дэмакратыі», то сітуацыя будзе пагаршацца. І тады можа скласціся сітуацыя, калі Лукашэнка сапраўды можа ўцягнуць Беларусь у вайну.

Читайте далее: Евгений Магда: Путин не настолько глуп, чтобы дать в руки Лукашенко ядерную дубинку

Пасля 24 лютага 2022 года, пасля паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну з беларускай тэрыторыі, рэжым Лукашэнкі дэ-факта лічыцца суагрэсарам. Калі ва ўмовах вайны нельга «нападаць» на Лукашэнку, то як паводзіць сябе ў такой сітуацыі?

— Трэба весці палітыку давання дыктатару на пэўны час пэўныя магчымасці манеўра, трэба адрываць ад саюза з Пуціным. Трэба спыніць эканамічныя санкцыі: эканамічныя санкцыі цалкам кінулі яго ў Расію. Гэта вельмі памылковая палітыка, яны нічога не зрабілі, акрамя як ўсталявалі поўную ўладу Пуціна над Лукашэнкам… Ён стаў поўнасцю залежны ад Расіі, таму што яму няма куды кінуцца. Адзіныя адкрытыя дзверы — у Расію, нават калі і не захоча, то ён палезе туды: яму дадуць і крэдыты, дадуць газ, скажуць, што рабіць, а не стане рабіць, дык з ім зробяць тое, што і з Прыгожыным. Вось што нарабіла глупая палітыка санкцыяй.

Спробы афіцыйнага Мінска шукаць паратунку ў Пекіне і спрабаваць схавацца пад кітайскім параносам ад імперскіх апетытаў Крамля не мае сэнсу, бо «вагавая катэгорыя Беларусі і вагавая катэгорыя Кітая і Расіі вельмі розняцца, на гэтым сыграць немагчыма», мяркуе Пазьняк.

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.