4 «чаму» пра смяротнае пакаранне ў Беларусі пасля размовы ў Брэсце з Алесем Бяляцкім

11.03.2017 12:00 Фота носіць ілюстрацыйны характар. Источник фото

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе існуе смяротнае пакаранне. Аб гэтым размаўлялі 2 сакавіка ў Брэсце.
Читайте BGmedia в:

Спецыяльным госцем сустрэчы стаў вядомы беларускі праваабаронца і былы палітвязень Алесь Бяляцкі, які ўжо больш за 20 гадоў актыўна займаецца праблемай турмаў і вязняў у краіне.

Ён адзначыў, што сёння для большасці беларусаў тэма існавання ў краіне смяротнага пакарання не з’яўляецца важнай.  Больш таго, не ўсе ведаюць, што яно ўвогуле ёсць. І хаця гэтае пытанне рэгулярна падымаецца з боку Еўрапейскага звязу і Рады Еўропы, якія гатовы «мяняць» адмену смяротнага пакарання ў Беларусі на сур’ёзныя «плюшкі», беларускія ўлады не пагаджаюцца.

«Аналізуючы гэтую сітуацыю, тым больш пра гэта гавораць нават тыя чыноўнікі, з якімі мы ці нашы калегі сутракаемся нефармальна, што фактычна ўсё ўпіраецца ў аднаго чалавека», — выказаў сваё меркаванне Алесь Бяляцкі.

Берасце, 2 сакавіка. Праваабаронца Алесь Бяляцкі. З 2007 года ён з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). 

 

1. Чаму Лукашэнка непахісны ў гэтым пытанні?

Узнікае лагічнае пытанне — чаму? Няўжо тры-чатыры чалавекі ў год (а менавіта столькіх асуджаных да вышэйшай меры пакарання расстрэльваюць у апошнія гады — заўв. рэд.) важней, чым паляпшэнне стасункаў з Еўропай? На думку Бяляцкага, тут ёсць пэўны ідэалагічны момант.

Па-першае, гэта рэферэндум 1996 года, калі беларускі народ выказаўся за смяротнае пакаранне. Адмяніць яго — значыць паставіць пад сумненне іншыя пытанні, якія былі ў бюлетэнях больш як 20-гадовай даўніны. У першую чаргу — новую Канстытуцыю. Акрамя таго, прэзідэнт, які апошні ставіць свой подпіс на «расстрэльных» дакументах і можа памілаваць асуджанага, на думку праваабаронцы, адчувае сябе валадаром жыцця. І яшчэ адзін важны момант — сігнал кіраўніка дзяржавы для сваёй вертыкалі: хлопцы, я трымаю ўсё ў руках.

 

2. Чаму смяротнае пакаранне павінна быць адменена?

Практыка прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі патрабуе перагляду. Галоўная прычына — вялікая доля пакарання нявінных. Часам падазраваныя ў злачынстве па тых ці іншых прычынах бяруць усё на сябе. Ёсць выпадкі, калі для раскрыцця злачынстваў следчыя органы прыбягаюць да катаванняў і жорсткага абыходжання. Пад маральным і фізічным ціскам чалавек можа прызнацца ў тым, чаго не рабіў.

«На працягу ўсяго працэсу мой сын сцвярджаў, што яго прызнальныя паказанні былі атрыманыя падчас першых допытаў пад катаваннямі і псіхалагічным ціскам. Хуткасць, з якой яны асудзілі і пакаралі смерцю майго сына, а таксама той факт, што проста перад вынясеннем прысуду былі звольненыя генеральны пракурор і міністр юстыцыі, даказваюць, што справа была чыста палітычная», — Любоў Кавалёва, маці Уладзіслава Кавалёва, расстралянага ў 2012 годзе за тэракт у мінскім метро.

Любоў Кавалёва. Фота: vitebskspring.org

 

3. Чаму мы павінны карміць забойцаў?

Само смяротнае пакаранне — нонсэнс. Тым больш вышэй мы ўжо гаварылі пра недасканаласць сістэмы беларускага правасуддзя. Акрамя таго, невядома, якое пакаранне больш жорсткае: расстрэл ці пажыццёвае.

«Умовы ўтрымання пажыццёвых зняволеных вельмі строгія. Я не ўяўляю сабе, які нармальны чалавек выйдзе з нармальнай псіхікай пасля 10 абавязковых гадоў, калі яго трымаюць самога ў камеры. І да іх ставяцца, як да жывёл. Нельга, каб чалавек ставіўся так да другога чалавека. Пакаранні ідуць адно за другім. Іх даводзяць да стану робата. Гэта ненармальна, што б ён ні зрабіў. Адносячыся так да людзей, мы самі становімся такімі», — выказаўся Бяляцкі.

Каля 300 асуджаных былі расстраляны ў Беларусі з 1991 года. У 90-х іх каралі дзесяткамі, з увядзеннем у Угалоўны кодэкс пажыццёвага зняволення іх колькасць рэзка паменшылася і зараз складае 3-4 чалавекі ў год.

 

4. Чаму гэтае пытанне тычыцца кожнага?

Сваякі асуджаных да расстрэлу гавораць праваабаронцам, што, галасуючы ў 1996 годзе за смяротнае пакаранне, не маглі ўявіць, што падтрымалі прысуд для блізкага чалавека.

Пакуты сваякоў — асобны момант. Сем’ям асуджаных на смерць не паведамляецца загадзя пра дзень пакарання. Цела ім не выдаецца, і месца пахавання трымаецца ў сакрэце. Яны літаральна вар’яцеюць ад таго, што не могуць прыйсці на магілу. Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый неаднойчы прыходзіў да высновы, што псіхалагічныя пакуты сваякаў асуджаных і пакараных у Беларусі прыраўноўваюцца да катаванняў.

Кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» была распачатая ў 2009 годзе сумесна з Беларускім Хельсінкскім камітэтам з мэтай атрымання грамадскай падтрымкі па пытанні аб адмене смяротнага пакарання ў Беларусі. Акрамя інфармацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў, кампанія факусуецца на прававой дапамозе сем’ям асуджаных.

Турэмная роба гамельчука Аляксандра Грунова, якога расстралялі 22 кастрычніка 2014 года за забойства сваёй знаёмай. 4 лістапада маці атрымала яго апошнюю вопратку і зразумела, што смяротны прысуд сыну выкананы. Фота: spring96.org

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: