Categories: Общество

4 «чаму» пра смяротнае пакаранне ў Беларусі пасля размовы ў Брэсце з Алесем Бяляцкім

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе існуе смяротнае пакаранне. Аб гэтым размаўлялі 2 сакавіка ў Брэсце.

Share

Спецыяльным госцем сустрэчы стаў вядомы беларускі праваабаронца і былы палітвязень Алесь Бяляцкі, які ўжо больш за 20 гадоў актыўна займаецца праблемай турмаў і вязняў у краіне.

Ён адзначыў, што сёння для большасці беларусаў тэма існавання ў краіне смяротнага пакарання не з’яўляецца важнай.  Больш таго, не ўсе ведаюць, што яно ўвогуле ёсць. І хаця гэтае пытанне рэгулярна падымаецца з боку Еўрапейскага звязу і Рады Еўропы, якія гатовы «мяняць» адмену смяротнага пакарання ў Беларусі на сур’ёзныя «плюшкі», беларускія ўлады не пагаджаюцца.

«Аналізуючы гэтую сітуацыю, тым больш пра гэта гавораць нават тыя чыноўнікі, з якімі мы ці нашы калегі сутракаемся нефармальна, што фактычна ўсё ўпіраецца ў аднаго чалавека», — выказаў сваё меркаванне Алесь Бяляцкі.

Берасце, 2 сакавіка. Праваабаронца Алесь Бяляцкі. З 2007 года ён з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).

 

1. Чаму Лукашэнка непахісны ў гэтым пытанні?

Узнікае лагічнае пытанне — чаму? Няўжо тры-чатыры чалавекі ў год (а менавіта столькіх асуджаных да вышэйшай меры пакарання расстрэльваюць у апошнія гады — заўв. рэд.) важней, чым паляпшэнне стасункаў з Еўропай? На думку Бяляцкага, тут ёсць пэўны ідэалагічны момант.

Па-першае, гэта рэферэндум 1996 года, калі беларускі народ выказаўся за смяротнае пакаранне. Адмяніць яго — значыць паставіць пад сумненне іншыя пытанні, якія былі ў бюлетэнях больш як 20-гадовай даўніны. У першую чаргу — новую Канстытуцыю. Акрамя таго, прэзідэнт, які апошні ставіць свой подпіс на «расстрэльных» дакументах і можа памілаваць асуджанага, на думку праваабаронцы, адчувае сябе валадаром жыцця. І яшчэ адзін важны момант — сігнал кіраўніка дзяржавы для сваёй вертыкалі: хлопцы, я трымаю ўсё ў руках.

 

2. Чаму смяротнае пакаранне павінна быць адменена?

Практыка прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі патрабуе перагляду. Галоўная прычына — вялікая доля пакарання нявінных. Часам падазраваныя ў злачынстве па тых ці іншых прычынах бяруць усё на сябе. Ёсць выпадкі, калі для раскрыцця злачынстваў следчыя органы прыбягаюць да катаванняў і жорсткага абыходжання. Пад маральным і фізічным ціскам чалавек можа прызнацца ў тым, чаго не рабіў.

«На працягу ўсяго працэсу мой сын сцвярджаў, што яго прызнальныя паказанні былі атрыманыя падчас першых допытаў пад катаваннямі і псіхалагічным ціскам. Хуткасць, з якой яны асудзілі і пакаралі смерцю майго сына, а таксама той факт, што проста перад вынясеннем прысуду былі звольненыя генеральны пракурор і міністр юстыцыі, даказваюць, што справа была чыста палітычная», — Любоў Кавалёва, маці Уладзіслава Кавалёва, расстралянага ў 2012 годзе за тэракт у мінскім метро.

Любоў Кавалёва. Фота: vitebskspring.org

 

3. Чаму мы павінны карміць забойцаў?

Само смяротнае пакаранне — нонсэнс. Тым больш вышэй мы ўжо гаварылі пра недасканаласць сістэмы беларускага правасуддзя. Акрамя таго, невядома, якое пакаранне больш жорсткае: расстрэл ці пажыццёвае.

«Умовы ўтрымання пажыццёвых зняволеных вельмі строгія. Я не ўяўляю сабе, які нармальны чалавек выйдзе з нармальнай псіхікай пасля 10 абавязковых гадоў, калі яго трымаюць самога ў камеры. І да іх ставяцца, як да жывёл. Нельга, каб чалавек ставіўся так да другога чалавека. Пакаранні ідуць адно за другім. Іх даводзяць да стану робата. Гэта ненармальна, што б ён ні зрабіў. Адносячыся так да людзей, мы самі становімся такімі», — выказаўся Бяляцкі.

Каля 300 асуджаных былі расстраляны ў Беларусі з 1991 года. У 90-х іх каралі дзесяткамі, з увядзеннем у Угалоўны кодэкс пажыццёвага зняволення іх колькасць рэзка паменшылася і зараз складае 3-4 чалавекі ў год.

 

4. Чаму гэтае пытанне тычыцца кожнага?

Сваякі асуджаных да расстрэлу гавораць праваабаронцам, што, галасуючы ў 1996 годзе за смяротнае пакаранне, не маглі ўявіць, што падтрымалі прысуд для блізкага чалавека.

Пакуты сваякоў — асобны момант. Сем’ям асуджаных на смерць не паведамляецца загадзя пра дзень пакарання. Цела ім не выдаецца, і месца пахавання трымаецца ў сакрэце. Яны літаральна вар’яцеюць ад таго, што не могуць прыйсці на магілу. Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый неаднойчы прыходзіў да высновы, што псіхалагічныя пакуты сваякаў асуджаных і пакараных у Беларусі прыраўноўваюцца да катаванняў.

Кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» была распачатая ў 2009 годзе сумесна з Беларускім Хельсінкскім камітэтам з мэтай атрымання грамадскай падтрымкі па пытанні аб адмене смяротнага пакарання ў Беларусі. Акрамя інфармацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў, кампанія факусуецца на прававой дапамозе сем’ям асуджаных.

Турэмная роба гамельчука Аляксандра Грунова, якога расстралялі 22 кастрычніка 2014 года за забойства сваёй знаёмай. 4 лістапада маці атрымала яго апошнюю вопратку і зразумела, што смяротны прысуд сыну выкананы. Фота: spring96.org

Recent Posts

Слуцкі радзільны дом усё ж закрылі. Цяжарных з усяго раёна адвозяць у іншыя гарады

У Слуцку больш няма дзе нараджаць дзяцей. Раней казалі пра рамонт, цяпер вывезлі мэблю і…

26.10.2025

«Колькі можна вывозіць свае вусатыя абавязкі ў вёску?». Беларуска звярнула ўвагу на праблему бяздомных жывёлаў

Жанчына расказала, што ў вёсцы Грушка на Брэстчыне шмат выкінутых катоў. Людзі іх пакідаюць, а…

26.10.2025

В Гомеле хотят снести частный сектор в Советском районе: люди против

Чиновники планируют снести старую усадебную застройку и заполнить район высотками. Жители опасаются потерять дома и…

26.10.2025

Валерый Карбалевіч: Сігналы афіцыйнага Мінска на размарозку адносінаў выклікалі новыя санкцыі

Рэжым Лукашэнкі канкрэтнымі дзеяннямі мусіць пераканаць Еўрапейскі Звяз, што ўзяў курс на размарозку адносінаў.

25.10.2025

Міжнародныя «чараўнікі» дабраліся да беларускіх храмаў. Іх выкрылі ў Нацыянальнай акадэміі навук

Чароўныя скрыні і свідраваныя святыні: у Беларусі з’явілася тэхналогія, якая нібыта «асушае сцены сілай поля».…

25.10.2025

Кладбище под окнами: жители Ракова жалуются на планы властей

Жители Ракова под Минском обеспокоены расширением кладбища прямо к домам. Местные пишут жалобы в сельсовет…

25.10.2025