Пасля выхаду на волю Сяргей Пятрухін пайшоў працаваць на «Брэсцкае піва». У яго забiралі мінімум палову заробку на аплату штрафаў і судовых пазоваў.
Рэжым Лукашэнкі так моцна баяўся пратэстаў перад прэзідэнцкімі выбарамі летам 2020 года, што ўжо ў чэрвені «прэвентыўна» затрымаў вядомага брэсцкага блогера, аўтара YouTube-канала «Народны рэпарцёр» Сяргея Пятрухіна.
Вясной 2021 года палiтвязня судзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і далі тры гады калоніі. У канцы снежня 2022-га ён вызваліўся і спачатку не збіраўся з’язджаць з Беларусі. Сяргей Пятрухін рашыўся на эвакуацыю толькі пасля таго, як 24 студзеня яго выклікалі ў міліцыю. Цяпер блогер у бяспецы i пачынае новае жыццё.
Журналісты BGmedia паразмаўлялі з Сяргеем Пятрухіным пра тое, як ён сядзеў за кратамі, жыццё ў Берасцi пасля выхаду на волю і працу на «Брэсцкім піве», «герояў» яго відэаролікаў і новы жыццёвы этап за мяжой. Гэта другая частка інтэрв’ю. Першую частку можна прачытаць па спасылцы нiжэй.
Чытайце таксама: «Я вельмi мала сядзеў, 2,5 гады — гэта не тэрмiн». Iнтэрв’ю з берасцейскiм блогерам Сяргеем Пятрухiным. Частка 1
— Як доўга вы працавалi на «Брэсцкiм пiве» да эвакуацыi з Беларусi? У якiм зараз стане прадпрыемства, якое пасля развалу СССР было на высокiм узроўні?
— Да, быў час, калi «Брэсцкаму пiву» не была патрэбна рэклама, яно прадавала само сябе. Я ведаю, што кiраўнiцтва гэтага прадпрыемства набудавала сабе кватэр, дамоў, усё было ў iх чоценька.
Зараз прадпрыемства мёртвае. Я там працаваў 7 месяцаў. Свае непасрэдныя абавязкi я выконваў прыкладна палову гэтага часу. Я стаяў на лiнii на вузле i адказваў за то, каб на ёй усё было добра, каб бутэлькi не падалi, каб заварочвала ўсё. Работа вельмi тупая. Гэта не стужкi здымаць, не кнiжкi пiсаць.
Летам быў сезон, тады была праца, мы налiвалi нейкiя салодкiя воды, энергетыкi. Пiва вельмi мала налiвалi, адзiн цi два разы. Не карыстаецца попытам брэсцкае пiва. Там нават няма адзела маркетынгу. А ўвесь астатнi час мы мялi вулiцу, калi было лета. Потым проста сядзелi. Мне гэта вельмi падабалася, таму што ў мяне было шмат часу займацца сваiмi справамi, вывучэннем замежнай мовы.
На прадпрыемстве было чыста, там быў нармалёны калектыў. Мне было камфортна. Калi сказалi, што трэба шукаць новую працу, то я вельмi разладзiўcя, таму што мне там спадабалася.
— Як вас туды прынялi? Палiтвязнi пасля выхада на волю нiдзе не могуць працаўладкавацца, доўга шукаюць працу.
— Мяне працаўладкоўвалi на ўзроўнi дырэктара цэнтра занятасцi. Я чатыры месяцы сядзеў i нiчога не рабiў, адыходзiў ад турмы. Потым вырашыў, што трэба iсцi працаваць, бо яны настойвалi. У мяне ж там была запазычанасць перад гэтымi «плешывымi i насатымi» мiлiцыянтамi па крымiнальнай справе.
Дарэчы, адзiн з тых мiлiцыянтаў зараз працуе ў выканаўчай iнспекцыi, я хадзiў да яго на адметкi. У мяне ж iскi i гэтаму прапаршчыку, якi зараз лейтынант, i астатнiм. Мусiць, з-за гэтага яны былi зацiкаўлены, каб я працаўладкаваўся.
У мяне было шмат забарон. Я не мог працаваць па спецыяльнасцi настаўнiкам. Я хацеў уладкавацца на пошту, быць паштальёнам, ганяць на ровары, размаўляць з людзьмi. Потым я хацеў працаўладкавацца ахоўнiкам у супермаркет, якi ў нас на Кавалёўцы. Таксама забаранiлi.
На «Брэсцкае пiва» мяне накiравалi па бронi, то бок я прыходжу, мне нельга адказаць. Гэта дзяржаўная сiстэма. I вось гэтым займалiсь на узроўнi замдырэктара цэнтра занятасцi. Яны кантралявалi, тэлефанавалi мне. Усё роўна грошы былi патрэбны: камуналку плацiць, алiменты. Ад 1 000 рублёў, якiя я зарабляў, адлiчвалася палова. На жыццё заставалася 500, 360, 400. 500 рублёў нават можа не разу i не было.
— Як за такiя грошы можна жыць у Берасцi i ўвогуле ў Беларусi?
— Мафiёзная дзяржава пабудавана такiм чынам, што яна рабуе сваiх грамадзян i вось з гэтых нарабаваных грошай выдае iм заробак. Яны рабуюць нас, а потым ты ходзiшь на iх працу, яны табе даюць грошы i зноў рабуюць. Я не ведаю, як людзi жывуць за такiя грошы. 1 000 рублёў — гэта яшчэ больш-меньш прыстойны заробак. Ёсць жа 600–700 рублёў.
Чытайце таксама: Власти вновь не смогли продать «Брестское пиво»
— А як жывуць людзi? Якiя настроi ў берасцейцаў?
— У мяне было мала кантактаў, але ў лазню хадзiў увесь час. У лазнi раней да майго затрымання шмат хто цiкавiўся маiмi фiльмамi. Калi вярнуўся туды, пра гэта нi слова. Пыталi толькi: як ты, Серж? Людзi зацiшылiся. Хто хоча патрапiць пад каток рэпрэсiй? Вядома, яны баяцца, што, не дай бог, у iх знойдуць нейкую фотачку з 2020 года цi яшчэ нешта. Але рэвалюцыю, што адбылася ў свядомасцi беларусаў, нiкуды не дзець. Напрыклад, ходзiць у лазню следчы Хачатран, якi мяне судзiў. Я стаю, а мне кажуць: «Глядзi, гэты вырадак прыйшоў». Вядома, яму адкрыта не скажаш, што ён вырадак.
Я бачыў, як людзi глядзяць на мiлiцыянтаў, якiя па гораду ходзяць. Iх проста кiдаюцца. Вось iдуць людзi, насупраць — мiлiцыянты, я ў людскiя вочы гляджу, а ў iх такая агiда. Яны пераходзяць на другi бок вулiцы. Такое успрыманне. Я думаю, што нiчога нiхто не забыўся.
Што тычыцца Берасця. Тая лёгкасць, той настрой, якi панаваў на Савецкай, яго няма. Людзi сядзяць у кавярнях, але гэтага куража няма. Да, людзi п’юць пiва, жыццё iдзе. Я гляджу на iх i думаю: «Няўжо яны таксама сядзяць з пiвам i падымаюць бакалы за палiтвязняў, за Беларусь?» Вось такое адчуванне.
У паветры вiсiць нешта важкае, невырашанае. Я не скажу, што напруга, але штосьцi важнае i цяжкае. Ад таго людзi не могуць, як раней. Памятаеце, як Савецкая гудзела? Такого няма. Ходзяць там расейцы за гэтым лiхтаршчыкам. Шмат было расiйскiх турыстаў перад новым годам.
— Зараз расiйскiх турыстаў асаблiва многа?
— Проста кiдалася ў вочы iх оканенне, аканенне. Але я супраць iх нiчога не маю, я не нацыст. Проста адразу чутна iх «о» i «а». Плюс яны такiя тыпа ў сябе дома, як бы занадта раскаваныя. Межу не пераходзяць, але бачна. Такое адчуванне ад iх, што «гэта наш горад, мы тут гуляем». Можа, я перабольшваю i стаўляся да iх як да агрэсараў. Я проста памятаю, што яны прадстаўнiкi акупантаў.
— Што яшчэ здзiвiла ў Берасцi, калi вы вярнулiся туды праз 2,5 гады?
— Нiшто не ўразiла, асаблiва так нiшто не змянiлася. Здзiвiлi новыя будынкi, дзе раней быў мiкрараён Аркадыя. Я паехаў на ровары на форт i выпадкова выскачыў у гэтым новым раёне, дзе я нiколi не быў. Я ашалеў, думаю, нiчога сабе. Ён такi вялiзарны. Там структура, дарогi, пераходы, крамы, усё было пабудавана, усё працавала. Не скажу, што мне такая архiтэктура падабаецца, але там цывiлiзавана.
— Можа што чуваць ад берасцейцаў пра новае гарадское кiраўнiцтва?
— Не ведаю. Але я заўважыў, што людзi, пра якiх мы з Кабанавым здымалi ролiкi, альбо пацярпелi ад нас, альбо пайшлi на падвышак, то бак стартавала iх кар’ера. Гэты «плешывы», якi збiваў людзей i не аднойчы, яму далi кватэру, ён пайшоў на падвышак. Таксама павысiлi Шчапёрка, Пясецкага, якi быў цiхаром. Вячорка, якi ажанiўся на дачцы Вайтовiча, якi павесiўся, ён зараз заняў месца Самасюка. Самасюк ужо начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Аднойчы было мерапрыемства ў мiлiцыi. Туды прыйшлi чыноўнiкi з гарвыканкама i «зараджалi» былым асудчаным такую тэму, тыпа сацыяльная дапамога, вопратку з сэканд хэнда ўзяць, такую фiгню. А пасля яны кажуць: «Зараз вы паразмаўляеце з нашымi ўчастковымi». I тут заходзяць Шчапёрка i Чарнавокi, два смешных чалавека, пра якiх мы столькi фiльмаў наздымалi. Тыпу яны распавядуць нам, як трэба быць прыстойнымi грамадзянамi. Яны дробныя бандыты, таму што парушалi закон, сведчылi, незаконна затрымлiвалi.
Вельмi шмат зараз у мiлiцыi маладых хлопцаў ходзiць. Патрульнымi цi непатрульнымi. Дзяўчыны да iх далучылiся, ходзяць там па парах. Я не ведаю, што трэба мець у галаве, каб у гэты час пайсцi туды працаваць. Але таксама лiчу, што гэта асобы, якiя не сфармавалiся нармальна. Няўдалыя як бы, таму што iсцi зараз у мiлiцыю — гэта ганьба.
Дарэчы, жонка начальніка АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста Каравякоўскага, які казаў, што гумавая дубінка не можа нанесці сур’ёзных траўм, працавала ў «падвале» ў ІЧУ. Я ўвогуле гэтага не разумею. Ён па сутнасцi кiраўнiк, а яго жонка працуе ў IЧУ.
Для мяне гэта яскравы мiлiцэйскi паказчык — нават сваю жонку кiнуў на «падвал», каб яна працавала ў IЧУ. Яны адзiн аднаго вартыя. Калi б я быў кiраўнiком РАУСа, i каб мая жонка працавала на гэтым дне, на «падвале», я бы тады проста не адчуваў бы сябе мужчынай. З iншага боку, я ж не мiлiцыянт, я нармальны чалавек.
Чытайце таксама: «Лидеров мы задерживали жестко». Начальник ГОВД Пинска рассказал о том, что происходило в ночь с 9 на 10 августа
— Як пасля выхада на волю вас сустрэлi ў Берасцi знаёмыя?
— Яны сказалi: «Сярога, нiкуды не лезь, мы не хочам праз цябе, каб у нас таксама было. Давай проста мы будзем з табой сябраваць, але толькi проста жыць». У гэтым плане мне было вельмi цяжка, таму што яшчэ матуля мая не падтрымлiвае мяне. То бок яна як мацi мяне любiць, но казала, што то, што цябе пасадзiлi, гэта правiльна, не трэба было гаварыць нiчога. Вось так.
Пра сям’ю вы ведаеце, у мяне яе няма. Жонка сабе i сыну памяняла прозвiшча. Калi я вярнуўся з турмы, не змог з iм усталяваць паразуменне. Мне вельмi ад гэтага прыкра.
Таму звычайна я быў адзiн. Хадзiў у лазню. Дарэчы, вось яшчэ адзiн паказальны момант. Калi я хадзiў у лазню раней, мяне вельмi часта частавалi пiвам. Я нават не ведаў, хто за мяне плацiў. А пасля турмы са мной нiхто не хацеў стаяць побач. Я адзiн раз зайшоў туды i ўсё зразумеў. Калi чалавек не хоча, каб я з iм стаяў побач, то я не буду i iншых ставiць у такую сiтуацыю. Пiва ў лазнi больш не пiў, пiў заўсёды ў хаце. Гэта было i бяспечней, i нiкога не напружваў.
— Пасля выхаду з калоніі вы больш за год былі на волі. Калi такi доўгi час гэта ўсё трымаеш у галаве, напэўна, цяжка ад гэтага неяк адысцi, уцячы ад думак, якiя кожны дзень сядзяць у галаве?
— Я ўцякаў не ад самаго сябе, а ад небяспекi. Уцякаць ад сябе можна i не перасякаючы нейкiх геаграфiчных адлегласцей. Я вельмi моцна спужаўся, што мяне могуць зноў кiнуць за краты з-за таго, што я не забяспечыў сябе бяспеку. Адна справа, трапiць туды за нешта сур’ёзнае, цi, прабачце мяне за пафас, загiнуць у бойцы за свабоду у краiне. Зусiм iншае — сканаць у гэтых нелюдзей, таму што ты не паклапацiўcя пра сябе, хадзiў i думаў, што цябе гэта не кране.
Са мной такое магло адбыцца, таму што я вырашыў з’ехаць у апошнi момант — 25 студзеня. Я думаў, што мяне не затрымаюць. А калi мяне ўжо вызвалi ў мянтоўню, то зразумеў, што гэта ўсё фiкцыя, што я нiчога не вырашаю, што мае жыццё нiчога не каштуе, што праз тыдзень я магу зноў быць у ШIЗА, у карцары, цярпець здзёк славесны.
— То бок, апошняй кропляй было тое, што вас выклікалі ў міліцыю?
— Мяне выклiкалi на нейкiя працэсуальныя фашысцкiя працэдуры, яны любяць запалохваць людзей i нагадваць iм, што тыя ў iх уладзе цалкам. У мяне ўзялi ДНК ватовай палачкай, потом сфатаграфавалi i ўсё. Гэта яны рабiлi год таму, калi я з турмы прыйшоў. Я не ведаю, навошта iм гэта яшчэ. Мусiць, у iх такая фашысцкая тэхналогiя нагадвання пра сябе i пра цябе, хто ты, а хто мы. Кожны год рабiць — гэта глупства.
Я вельмi паважаю тых людзей, якiя змагаюцца, якiя не баяцца. Але я для сябе не бачу сэнса паказваць iм, што я такi круты, што гатовы памерцi ў турме. Хаця у мяне такiя думкi раней былi: няхай садзяць, я застануся на сваёй зямлi. Але калi дайшло да справы, ведаеце, я проста перавярнуўся. Страх — гэта вельмi адмоўная эмоцыя, яна мяне захлiснула ў гэты момант. Страх перад турмой усё пераадолiў, я проста пабег. Яшчэ вялiкi дзякуй BYSOL, што ўсё так [эвакуацыя з Беларусi] было аператыўна.
Чытайце таксама: Алег Кулеша: «Мы ўцякалі з Беларусі, каб паўторна не стаць палітвязнямі»
— Якiя былi першыя адчуваннi, калi апынулiся за мяжой?
— Выдыхнуў. Зараз у мяне няма нiякага страху. Не трэба чысцiць тэлефон, сачыць, што глядзiш: «Народны рэпарцёр» цi яшчэ нейкi «экстрэмiсцкi» канал. Разумееце, гэта бегства ад дыктатуры, ад бандыцкай улады. Таму я моцна выдыхнуў.
Я не ведаю, што мяне чакала наперадзе, але ўпэўнены, што яны бы мне не даравалi. Такiя фашысцкiя сiстэмы не даруюць тым, хто iм супрацьстаяў. Тым больш, што мы супрацьстаялi даволi паспяхова з Аляксандрам [Кабанавым]. Шмат чаго iм нарабiлi прыкрага: i з пасад здымалi людзей, i садзiлi ў турмы.
Я не разумею, як так здарылася, што яны нас увогуле выпусцiлi [з турмы]. Ёсць рознiца памiж каментаром, за якi даюць чатыры гады, i намi. Мы з Кабанавым некалькi гадоў супрацьстаялi, напружвалi, паказвалi, што гэта не улады, а бандыты, што гэта мафiёзная дзяржава, якую трэба нейкiм чынам знiшчыць, у якой нельга жыць свабоднаму чалавеку.
— Як сябе адчуваеце пасля таго, як з’ехалi з Беларусi? У чым рознiца жыцця ў Беларусi i ў Польшчы?
— Я адчуваю сябе добра ў параўнаннi з тым, што было ў Беларусi. Як камень упаў з плячэй. Я разумею, што наперадзе мяне чакае шмат чаго складанага, але ўжо ўпэўнены, што не сканаю ў турме.
Чым адрознiваецца жыцце я зараз не магу сказаць, акрамя таго, што я адчуваю сябе вольным чалавекам. Пакуль жыву на усiм гатовым, сяжу ў хаце i вось даю iнтэрв’ю. Мы абмяркоўваем з Аляксандрам [Кабанавым] нашы далейшыя планы, выпрацоўваем стратэгiю, што нам рабiць далей. Вiдавочна, што кантэнт нам трэба мяняць, каб быць цiкавымi i патрэбнымi людзям. А гэта патрабуе вялiкiх мазгавых намаганняў.
— Якiя мовы зараз вывучаеце?
— На зоне я вучыў гiшпанскую мову, таму што я ее вучыў у школе. Мне было крыху лягчэй. Там я сядзеў разам з былым намеснiкам начальнiка мытнага паста «Маларыта» Дзмiтрыем Цыбай, якому у кастрычнiку 2015 года прысудзiлi 17 гадоў калонii за то, што ў цягнiку знайшлi 300 кг гашыша. Мы зышлiся на глебе гiшпанскай мовы, таму што ён мае маёмасць у Гiшпанii. У яго быў нармальны ўзровень гiшпанскай мовы. У яго быў цудоўны падручнiк, якi ён мне даваў карыстацца. Мы разам вывучалi мову.
Беларускую мову я таксама вывучаю. Перачытаў усю класiку. Мне сорамна прызнацца, што я толькi ў 50 гадоў пачаў чытаць Быкава, Караткевiча i iншых. Гэта проста ганьба. У сваё апраўданне скажу, што ў школе, дзе я вучыўся, нам казаў дырэктар, што Беларусь — гэта зямля, якую Расiя вылучыла беларусам, маленькаму народцу, каб яны там жылi.
Пра Вiтаўта я даведаўся толькi пасля армii. Канешне, я быў проста ватнiкам. Я вельмi удзячны лёсу, што прачытаў i чытаю цудоўных аутараў, лiтаратараў. Я вырашыў цалкам перайсцi на беларускую мову, таму што валодаючы, размаўляючы i прасоўваючы беларускую мову, толькi так я магу быць сапраўдным беларусам.
Я лiчу, што калi ты жывеш у чужой краiне, то абавязаны, калi ты цылiвiзаваны чалавек, вучыць мову i размаўляць на ёй. Калi жывеш у Польшчы, размаўляй па-польску. Гэта паказвае, якi ты чалавек. Я раней жыў у Польшчы i ведаў мову. Ужо прызабыў яе. Але зараз я вывучаю польскую мову ў дадатку Duolingo. Яшчэ вывучаю ангельскую мову.
Чытайце таксама: «Вскрывал себе руки, потому что мог вернуться инвалидом». Блогер Александр Кабанов рассказал, что пережил в колонии
Видео с акцией брестских чиновников опубликовал первый секретарь брестского отделения БРСМ. И он не был…
Делимся традиционной подборкой юмора, веселых картинок и острых замечаний по событиям прошедшей недели.
В рамках учений проверили готовность силовиков и техники к любым возможным вариантам развития событий во…
Женщина была далеко не единственной, кого заинтересовал телефон по привлекательной цене. На объявление откликнулись еще…
Все началось с поста жителя Пинска в одной из социальных сетей. Он опубликовал настоящий «крик…
Министр иностранных дел России уверенно заявил брестским студентам, что войну в Украине развязал НАТО, а…