У мінулы раз мы размаўлялі з кіраўніком Беларускага Моладзевага Хаба, адным з арганізатараў кампаніі BY_Help Алесем Лапко пра тое, як быў запушчаны ў сеціва мем пра ганцавіцкага даішніка, а таксама пра пераезд у Польшчу задоўга да пратэстаў 2020 года. Цяпер размаўляем пра тое, як Беларускі Моладзевы Хаб аб’яднаў мноства самых розных беларускіх ініцыятыў і арганізацый.
Читайте также: Каардынатар BY_Help, аўтар калажу пра ганцавіцкага даішніка: «Беларускаму «балоту» карысна ўбачыць польскую Бядронку»
У 2016-17 годзе Алесь Лапко ствараў першыя беларускія кам’юніці ў Варшаве праз інтэлектуальныя гульні, якія арганізоўваў. Да 2020 года былі праведзеныя два чэмпіянаты Польшчы па «Што? Дзе? Калі?» Прыязджала моладзь з 10 краін Еўропы. Алесь рабіў упор на беларускасць: праз гульні можна было даведацца штосьці пра Беларусь. Ён лічыць, што такія рэчы можна выкарыстоўваць як мяккую сілу.
Пра BY_Help і ByCovid19
Яшчэ да 2020 года Алесь удзельнічаў у ініцыятыве BY_Help і пазней стаў адной з публічных асобаў.
— Спачатку я ўключыўся ў BY_Help, калі яны збіралі сродкі на аплату штрафаў тым, што выходзіў супраць інтэграцыі з Расіяй у снежні 2019 года.
У жніўні 2020 года BY_Help стаў самай вялікай краўндфандынгавай кампаніяй, калі за некалькі дзён было сабрана 3 млн даляраў праз Facebook на пакрыццё штрафаў, адвакатаў. Таксама ўключылі ў свой мандат падтрымку рэпрэсаваных, якія пацярпелі ад гвалту сілавікоў. Да нас за ўвесь гэты час звярнулася каля 15 тыс чалавек.
Сёння ў тым ліку BY_Help займаецца падтрымкай палітвязняў, якія выходзяць з турмаў. Зараз будзе новая хваля, таму што шмат у каго тэрмін сканчваецца. Ім і псіхалагічная падтрымка патрэбная, і здароўе ў іх у турме наўрад ці палепшылася.
Увесну і летам 2020 года я таксама быў адным з каардынатараў ініцыятывы ByCovid19, займаўся камунікацыяй з лекарамі, з валанцёрамі, вёў сацыяльныя сеткі — рабіў тое, што мог рабіць, седзячы ў Варшаве.
Читайте также: «Мы обязательно выстоим». Посмотрели, как волонтеры собирают помощь Дому милосердия, что в деревне Именин под Кобрином
Адным з важных дзеянняў, плён ад якога можна адчуваць толькі цяпер, была камунікацыя з беларускімі дыяспарамі па ўсім свеце. Тады шмат хто хацеў дапамагаць лекарам унутры Беларусі, але не было такой магчымасці, таму што межы былі зачыненыя, па ўсім свеце дэфіцыт сродкаў асабістай абароны. А ў нас была такая магчымасць: мы праз свае кантакты оптам закуплялі пульсаксіметры, бескантактныя тэрмометры, якіх у Беларусі наогул не было. Дзякуючы дыяспарам, якія данацілі ў ByCovid19, — на той момант гэта быў самы вялікі краўдфандынг — мы закуплялі гэта ўсё і адпраўлялі ў Беларусь. Беларускія дыпламаты дапамагалі ў транспартыроўцы. Хто б падумаў, што праз некалькі месяцаў нехта з іх будзе ўдзельнічаць у фальсіфікацыі выбараў!
З канца сакавіка па ліпень 2020 года я кожнай раніцай, калі прачынаўся, думаў: калі ўжо КДБ прыйдзе да нашага актыву? Я думаю, тое, што яны палічылі: няхай дапамагаюць, а мы не будзем умешвацца — з аднаго боку, дало магчымасць рэальна дапамагчы, а з другога — адпусціла кантроль і прывяло да таго, што адбылося ў жніўні 2020 года.
Менавіта тады людзі зразумелі, што яны самі могуць шмат чаго рабіць, на што не здольная дзяржава. І адзінае, што патрэбна, каб беларусы жылі нармалёва — даць ім самім вырашаць, што яны хочуць, і не перашкаджаць працаваць. Проста даць людзям жыць самастойна без звышнагляду.
Пра Беларускі Моладзевы Хаб
— У 2020 годзе шмат што змянілася ў тым сэнсе, што розныя групы аб’ядналіся ў адну структуру, якую мы назвалі Беларускі Моладзевы Хаб. Мы аб’ядноўвалі актывістаў, валанцёраў, студэнтаў, дапамагалі студэнтам, якіх выключылі з беларускіх ВНУ, атрымоўваць стыпендыі, у тым ліку стыпендыі імя Кастуся Каліноўскага. Больш за 150 студэнтаў атрымала гэтую стыпендыю дзякуючы Хабу. У нас амаль 100-адсоткавае атрыманне стыпендый.
Дакументы павінны быць запоўненыя на польскай мове, хаця ва ўмовах на атрыманне веданне польскай мовы не стаіць. Чалавек сам не можа зрабіць гэта якасна.
Калі беларусы прыходзяць, і ў іх пытаюцца: «Раскажыце сваю гісторыю», яны звычайна кемлівага нічога не расказваюць. Ім могуць адмовіць, бо «Вы ж там не вельмі і актыўныя». А калі пытаешся, чым займаўся, ён кажа: ну вось быў назіральнікам, там дапамагаў, там ездзіў, там мяне затрымлівалі. «Чаму ж вы гэта не расказалі?» — «А я думаў, што гэта не важнае». Падрыхтоўка да сумоўя — вялікая праца, якой у тым ліку мы займаемся.
У вольны ад вучобы час беларускія студэнты не ведаюць, чым займацца, і часам ідуць па не вельмі добрых сцежках. Калі вызджаеш з канцлагера, ад бацькоў, у 17-18 гадоў, у краіну, дзе амаль усё дазволена — вельмі шмат спакусаў і шмат куды можна ўляпацца.
Але моладзь прыязджае зараджаная энэргіяй, хоча дапамагаць, нешта рабіць, і проста патрэбна прапаноўваць.
Мы робім розныя культурныя мерапрыемствы, школы актыўнага грамадзяніна, дзе расказваем і паказваем рэальныя прыклады дэмакратыі. Зноў-такі, беларусы, якія ўвосень 2020 года рабілі дваровыя чаты, раённыя ініцыятывы і г.д., мелі шмат жадання нешта рабіць, але не мелі грунтоўных ведаў. Яны не ведаюць досведу іншых краін і гарадоў.
Читайте также: Эмигрировавший в Польшу брестчанин Виктор Климус: «Даже сидеть в подполье и что-то делать стало практически невозможно»
Моладзь, студэнтаў таксама запрашаем валанцёрыць, асабліва калі пачалася вайна. Шмат патрэбна было дапамогі. Мы на два тыдні пераключыліся на працу 24/7. Зарам з BY_Help Беларускі Моладзевы Хаб арганізаваў падтрымку жытлом. Мы зрабілі дзве формы: адну для тых, хто можа прапанаваць пакой, ці кватэру, ці проста ложак, другую — для тых, каму гэта патрэбна. Мы рабілі акцэнт, што гэта будуць не толькі грамадзяне Украіны. Праз тое, што Беларусь стала краінай-суагрэсарам, мы баяліся, што палякі будуць негатыўна ставіцца да беларусаў і адмаўляць. Але не, павальнай дыскрымінацыі не было заўважана, а з адзінкавай побытавай мы змагаемся, і дапамагаюць у гэтым у тым ліку самі палякі.
Так мы дапамаглі больш чым тысячы чалавек знайсці жыллё.
Ужо праз некалькі гадзін пасля пачатку вайны каля 20 беларускіх арганізацый Польшчы стэлефанаваліся праз зум, склалі праграму дзеянняў і нават зрабілі зварот да ўкраінскага народу пра тое, што беларусы і беларускія арганізацыі ў Польшчы цалкам падтрымліваюць Украіну ў вайне з Расіяй і будуць дапамагаць чым могуць на тэрыторыі Польшчы, а таксама гуманітарнай і медычнай дапамогай ва Украіну.
Пра пераход у фізічную прастору
— У лістападзе 2021 года ў нас з’явілася сваё памяшканне, нават двухпавярховае, у цэнтры Варшавы на пляцы Канстытуцыі. Што немалаважна, гэта былы варшаўскі офіс польскай «Салідарнасці». Палякі яго добра ведаюць. У першыя дні, калі мы туды заехалі, людзі бачылі, што ўключана святло, і кожныя 15-20 хвілін хтосьці заходзіў і пытаўся: «А што ў вас тут будзе?» Я адказваў, што будзе прастора для беларусаў. І шмат хто пытаўся: «А што з вамі такое?» Падаецца, што ўсе ведаюць, аднак не ўсе ведаюць. Мы расказвалі і зараз расказваем, што хочам таго ж, чаго іх бацькі і дзяды дабіваліся ў 80-я гады. Ім гэта зразумела, яны кажуць: «Окей, поспехаў вам».
У хабе амаль штодня адбываецца па некалькі мерапрыемстваў. 80% — адкрытыя, куды могуць прыйсці ўсе жадаючыя. На сёння ў хабе больш за 30 беларускіх арганізацый і ініцыятыў. Частка з іх — тыя, што былі зачыненыя ў Беларусі. Гэта «Мова Нанова», «Мова Нанова Дзеткам», Беларуская музычная школа, акая аб’яднала беларускіх музыкаў і выкладчыкаў, тэатральныя заняткі для дзяцей і дарослых ад тэатра TUT, танцавальныя заняткі ад гурту «Яварына», лекцыі беларускіх гісторыкаў «Кава з гісторыкам». Зараз ствараецца школа беларускай дуды. Гэтую традыцыю важна не толькі захоўваць, але і працягваць. Для дзяцей робяцца заняткі па фатаграфіі, здымкам, блогінгу.
Читайте также: Усов об идеологии: «Мы боремся уже не столько против действий режима, сколько за психическое здоровье людей»
Раз на тыдзень у Хабе збіраюцца беларусы, каб разам пісаць лісты палітвязням — гэта важны жэст у бок тых, пра каго мы не забываем, але ж і неабходны рытуал для тых, хто адчувае віну, што не можа сёння раздзяліць цяжкі лёс нашых братоў і сясцёр.
Агульнадаступныя мерапрыемствы мы стрымім на YouTube — важна напаўняць інтэрнэт беларускім кантэнтам у процівагу расійскай і лукашэнкаўскай прапагандзе. Тэатр TUT запісвае дзіцячыя ролікі для ютуб канала «Люстэрка». Праводзяцца сустрэчы і інтэлектуальныя дыскусіі «Адказы для Беларусі», дзе эксперты і простыя гледачы з залі і стрыма могуць абмяняцца думкамі і знайсці адказ на тыя пытанні, якія сёння хвалююць грамадскасць.
Лекцыі гісторыкаў глядзяць каля 70% людзей з Беларусі. Зацікаўленасць зразумелая — калі лукашэнкаўскія ідэолагі перапісваюць гісторыю, беларусы шукаюць праўдзівыя крыніцы інфармацыі, а аўтарытэтныя гісторыкі з іменем робяць свой важны ўнёсак.
Мы стараемся ствараць умовы для іншых беларускіх ініцыятыў, прадстаўляючы бяспечную прастору для рэалізацыі сваіх задум, і самі працуем у рэчышчы беларушчыны, каб захаваць і развіць сваю нацыянальную ідэнтычнасць нават за мяжой, але не забываць пра беларусаў у Беларусі, робячы адукацыйны кантэнт, для якога няма межаў.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: