Андрэй Шарэнда змог выехаць у Літву ў ліпені 2021 года, збегшы з-пад хатняга арышту. У студзені, калі мы публікавалі размову з ім аб эміграцыі, Андрэй планаваў перавезці да сябе дзяцей. Цяпер сыны Славамір і Стах разам з бацькам у Вільні. Мы даведаліся, як сям’я адаптуецца ў новых умовах, пераносіць зняволенне жонкі і маці Паліны Шарэнды-Панасюк і захоўвае сувязі з родным Берасцем.
Читайте также: Андрей Шарендо: «Для Литвы даже ситуация с мигрантами с Востока не так важна, как поддержка белорусов в борьбе»
— Ад нашай мінулай размовы прайшоў амаль год. Як удалося ўладкавацца за гэты час, як адаптуюцца дзеці?
— Толькі праз восем месяцаў пасля таго, як я прыехаў у Вільню, я змог забраць дзяцей. Пачалася вайна, перасталі выдаваць візы так проста, быў абмежаваны ўезд. Толькі ў траўні я вывез дзяцей. Яны скончылі навучальны год у школе і садочку і без стрэсу, спакойна выехалі. Мы некалькі тыдняў пабылі ў Грузіі. У ліпені вярнуліся ў Вільню.
Усё трэба было пачынаць спачатку. Адна справа, калі я тут жыў сам, а іншая — калі сям’ёй трэба ўладкоўвацца. Вайна паўплывала на тое, што моцна падаражэла жытло і цяжка было яго знайсці. На кожную прапанову было 5-10 жадаючых.
Шукаючы кватэру, я прайшоў, як кажуць, праз усе віды булінгу. Збольшага ўсё сканчвалася тэлефоннай размовай. Была адгаворка, што я беларус і мы падтрымліваем агрэсію, не хацелі здаваць. Часам наадварот, казалі: «А, вы супраць Лукашэнкі? Мы вам не здамо». Але найбольш гаспадарам было нязвыкла, што мужчына з дзецьмі. Урэшце на пошук кватэры сышло два тыдні. Але ў самы апошні момант, калі здавалася, што ўсё складана, падышоў нармальны варыянт, і мы знялі жытло. Трохі даражэй, чым планавалі. Але пакуль спраўляемся.
Наперадзе зіма, Літва знаходзіцца ў энергетычнай блакадзе. Кошты на ацяпленне падвысіліся. Але заробкі ў Літве зараз таксама падвысіліся, ёсць варыянты падпрацоўкі.
Наступным крокам быў пошук дзіцячага садочка і школы. У канцы ліпеня — пачатку жніўня мы пачалі гэтым займацца. Сітуацыя з бежанцамі таксама паўплывала на тое, што школы і садочкі былі проста забітыя ўкраінскімі дзецьмі. Пару разоў давялося прыйсці папрасіць, патлумачыць сітуацыю, і малодшага сына без праблем прынялі ў садочак, які знаходзіцца літаральна каля дома. Ён ужо два месяцы ходзіць туды, яму падабаецца хадзіць. З імі займаюцца лагапеды і псіхолагі. Увогуле адносіны да беларусаў вельмі добрыя. Трэба сказаць, што Літва недалёка адышла ад спадчыны Савецкага Саюза. Садочак вельмі нагадвае беларускі. Але з усімі плюсамі еўрапейскага падыходу нейкага стрэсу няма.
Читайте также: «Страшно от счастья на лицах воспитательниц». Как продвигают параллельную реальность в брестских детсадах
Садочак расейскамоўны. Зараз такая сітуацыя, што ўсе расейскамоўныя садочкі збольшага занятыя ўкраінцамі і беларусамі. У групе каля 20 дзяцей, сем беларусаў, сем украінцаў. Астатнія літоўцы, таму што і для іх сітуацыя з садочкамі складаная. Але ніякіх праблем з гэтым няма.
Што датычыцца школы, то быў выбар праз тое, што ў Беларусі 11-гадовае навучанне, а ў Еўропе паўсюль 12-гадовае. Ведаю, што з гэтым складана ў Польшчы. Але ў Літве ўсё аказалася нашмат прасцей. Варта сказаць, што ў Вільні ёсць і беларускамоўная школа, але, на жаль, яна была цалкам запоўненая. У рэшце рэшт з’явілася месца ў расейскамоўнай школе каля дома, прычым яна ўваходзіць у тройку лепшых расейскамоўных школ у Літве. Старэйшы сын Славамір скончыў у Беларусі шосты клас, можна было ісці ў сёмы або ў восьмы. Большасць ідзе па парадку. Але Славамір добра вучыўся, мы паразмаўлялі з дырэктарам школы і вырашылі, што можна ісці ў восьмы клас. Пакуль спраўляецца без праблем, хаця па хіміі, фізіцы ідзе іншы год. Мы з ім літаральна некалькі дзён пасядзелі, паглядзелі праграму, якую яны прайшлі. Сярэдні бал у яго зараз каля сямі.
Адзінае, з чым ёсць праблема — ангельская мова. Тут яна вывучаецца на іншым узроўні з першага класа. Можа, давядзецца пазаймацца з рэпетытарам.
Што датычыцца літоўскай мовы, то за два месяцы знаходжання ў школе ён прыкладна дагнаў узровень таго, што я вывучыў за год.
Восьмы клас выпускны, ён будзе здаваць экзамены, але вызвалены ад экзамена па літоўскай мове і літаратуры, і гэта вялікі плюс. Пасля восьмага класа будзе бачна, куды яму ісці, ёсць варыянты расейскамоўнай, польскамоўнай і нават ангельскамоўнай школы.
— Раскажыце, калі ласка, што вядома пра Паліну.
— Зараз ідзе вялікі ціск на ўсіх палітвязняў. Не абышло гэта і Паліну. Трэба ўлічваць, што Паліна знаходзіцца хіба ў самай жорсткай пенітэнцыярнай установе ў Беларусі, у Рэчыцкай жаночай калоніі. Гэта калонія для жанчын-рэцыдывістак, якія здзейснілі другі раз асабліва жорсткае правапарушэнне. Там сядзяць забойцы, распаўсюдніцы наркотыкаў. Калонія славіцца вельмі строгай дысцыплінай. Зразумела, што гэтая сістэма адразу спрабавала Паліну зламаць. Па прыездзе былі прапановы падпісаць прашэнне аб памілаванні. За адмову яна адразу патрапіла на 20 содняў у ШЫЗА. Пасля выхаду яе паспрабавалі выцягнуць на працу. Аказалася, што ў гэтай калоніі шыюць толькі форму сілавікам, дакладней, памежнікам і Следчаму камітэту. Паліна наадрэз адмовілася выходзіць на працу, ну і пакаранні пайшлі адно за адным. З трох месяцаў знаходжання там яна 80 содняў правяла ў ШЫЗА.
Пасля чарговага выхаду ёй уручылі пастанову, што яна пераводзіцца ў так званае памяшканне камернага тыпу на тэрмін паўгады. Гэта ці не першы ў Беларусі такі вялікі тэрмін знаходжання ў ПКТ. Варта сказаць, што яно няшмат чым адрозніваецца ад карцару. Гэта аднамесная камера, паўпадвальнае памяшканне, вязень у гэты час не можа карыстацца сваімі асабістымі рэчамі, толькі сродкамі асабістай гігіены. Гэта ўмовы, параўнальныя з катавальнымі. Таксама абмяжоўваюцца закупкі ў краме да адной базавай велічыні. На 30 рублёў можна купіць толькі сродкі асабістай гігіены, аб нейкіх прадуктах мова не ідзе.
Таксама стала вядома, што праводзіцца праверка — «правапарушэнняў» Паліны хапае на тое, каб завесці на яе новы артыкул, сумна вядомы 411, па якім можна трымаць вязня за кратамі бясконца доўга.
Читайте также: На Полину Шарендо-Панасюк завели уголовное дело, продажа колбасного завода: Что произошло в Бресте и области 17 октября
Адносіны да Паліны — гэта помста рэжыму, помста сілавікоў і, магчыма, самога Лукашэнкі. Наколькі я ведаю, загады аб ціску на Паліну прыходзяць проста з Менску.
— Што з лістоў апошняе даходзіла ад яе?
— З таго часу, як Паліна туды патрапіла, ад яе прыходзяць толькі кароценькія лісты. Паліна піша вялікі ліст і дублюе яго кароценькім на паўстаронкі, дзе проста спіс, што ёй трэба выслаць, ці асабістыя просьбы. Мы доўга збіралі харчовую пасылку, якая адпраўляецца раз на тры месяцы, у Паліны фактычна — раз на паўгады. Мы яе даслалі, Паліна атрымала, і вось яна паехала ў ПКТ, і яе забралі зноў. Гэта быў вялікі ўдар больш для маці Паліны, якая некалькі месяцаў збірала гэтую пасылку.
У кароткіх лістах Паліна ўвесь час просіць даслаць ёй фотаздымкі дзяцей і распавесці, як яны ўладкаваліся. Але за гэты час і я, і Палініна маці, і мае бацькі высылалі некалькі дзесяткаў здымкаў з дзецьмі і падрабязныя лісты, як яны вучацца і ходзяць у садочак.
Проста гэтыя лісты не прапускаюць.
Але Паліна трымаецца і далей будзе трымацца сваёй лініі, нягледзячы ні на што.
— Як трымаецеся ва ўсім гэтым?
— Што датычыцца мяне, то ў мяне проста няма часу сумаваць. Жыццё ў эміграцыі прымушае чалавека шмат працаваць, вучыцца. У мяне гэта выглядае так, што я працую па восем гадзін, таксама ідзе курс літоўскай мовы, яшчэ я атрымоўваю другую вышэйшую адукацыю, вывучаю літоўскую бухгалтэрыю. Не таму, што я хачу тут застацца, а больш як удзячнасць той краіне, якая мяне прыняла, якая выхоўвае маіх дзяцей, якая дала мне другі жыццёвы шлях. Плюс справы з дзецьмі, трэба гатаваць сняданак, абед, вячэру. На нейкія дэпрэсіі проста няма часу.
Трымае тое, што мы разам з дзецьмі. Таксама трымае салідарнасць. Нам шмат дапамагаюць, нельга сказаць, што я сам усё раблю.
Я ўпэўнены, што мы тут у Літве ненадоўга, мы не робім планаў на год, на два. У любое імгненне, калі гэта можна будзе, мы гатовыя вярнуцца ў Беларусь.
— Ці хочаце вярнуцца менавіта ў Берасце? Ці застаецца час на ўспаміны пра яго, ці ўзгадваюцца нейкія месцы?
— Для мяне дагэтуль Берасце — родны горад. Не было дня, каб я не зайшоў на навіны берасцейскага рэгіёну. На жаль, не засталося нармальнай падачы навінаў, але можна хаця б паглядзець фота, як выглядае Берасце, як жывуць людзі. Заўсёды ў фэйсбуку ловіш фотаздымкі з Берасця. Дагэтуль я не пакідаў Берасце розумам.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: