Пружанская актывістка і праваабаронца Ганна Баран у лістападзе 2021 года была асуджана па справе «брэсцкіх карагодаў» на паўтара года пазбаўлення волі. Свой тэрмін адбывала ў гомельскай жаночай калоніі. 15 лютага 2023 года, цалкам яго адбыўшы, Ганна выйшла на волю і неўзабаве з’ехала з Беларусі.
Былая палітзняволеная расказала «Новаму Часу» пра акалічнасці ўцёкаў, адметныя дэталі справы «брэсцкіх карагодаў», цемрашальства ў брэсцкім СІЗА і гомельскай калоніі, здзекі сілавікоў пасля вызвалення, а таксама пра тое, чаму прыхільнікі дэмакратычных перамен абавязкова перамогуць.
Чытайце таксама: Вспоминаем, как брестчане два года назад водили знаменитый «хоровод». Из-за него власти осудили уже 132 человека
«Вы — асаблівая катэгорыя!»
— Ганна, нядаўна вы экстранна пакінулі Беларусь. Што падштурхнула вас да прыняцця такога рашэння і якім было ваша жыццё пасля вызвалення?
— З моманту, як я вызвалілася з-за кратаў, ні на хвіліну не адчула сябе свабоднай. Больш за дваццаць выклікаў у міліцыю і прыездаў сілавікоў дахаты. Дужа цікавіўся мной і крымінальны вышук, да маіх сваякоў прыязджаў ГУБАЗіК.
Увесь час у напружанні, увесь час ціск, запалохванне, цень людзей у пагонах, не было чым дыхаць. Быў выпадак, калі службоўцы спрабавалі ўзяць у мяне ўзор ДНК, але я назвала іх дзеянні незаконнымі і адмовілася.
Аднойчы мяне позвай выклікалі ў РАУС і пратрымалі на ганку на холадзе больш за гадзіну. У будынак так і не ўпусцілі. Як цяпер памятаю: ішоў моцны дождж, я ўся ззябла, валасы скруціліся ў ледзяшы. Калі да мяне нарэшце выйшаў чарговы супрацоўнік, я папрасіла, каб ён зрабіў пазнаку ў журнале, што я прыходзіла. Але зараз, кажу яму, я мушу сысці, бо, паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, «грамадзянін абавязаны клапаціцца пра сваё здароўе». У журнал мяне запісаць адмовіліся, сказалі яшчэ пачакаць на ганку, я сышла дамоў.
З гэтай нагоды я напісала скаргу на шэсць старонак, дзе падрабязна пералічыла, якія нормы закона былі парушаны службоўцамі — і Канстытуцыя, і закон аб працы органаў унутраных спраў, адпаведная дырэктыва, дзе напісана, што «кіраўнік дзяржаўных органаў, у тым ліку пракуратуры, органаў унутраных спраў абавязаны прымаць грамадзян у межах часу, неабходнага для выканання працэсуальных працэдур». То-бок я павінна чакаць толькі час, колькі аб’ектыўна мусіць ажыццяўляцца працэсуальнае дзеянне. На сваю скаргу я, вядома, атрымала звычайную адпіску.
На наступны дзень да мяне прыехалі тры супрацоўнікі — імкнуліся ўручыць мне новую позву. Я адмовілася яе браць, паколькі, паводле закона аб прафілактычнай дзейнасці, я павінна з’яўляцца ў праваахоўныя органы раз у месяц. Гэта чорным па белым прапісана ў заканадаўстве. «А вы мяне за гэты месяц выклікаеце ўжо шосты раз, — кажу ім. — Вашы патрабаванні — незаконныя, і выконваць іх я адмаўляюся».
Службоўцы пачалі страшыць, што пасадзяць мяне ў ІЧУ — за невыкананне законных патрабаванняў. Я адказала ім, што можна адразу ў калонію.
Праз некалькі дзён — знову візіт. Ажно чатыры чалавекі. Мне сказалі: «Збірайцеся, паедзем». Міліцыянты адвезлі мяне ў Барысаўскае РАУС і завялі да начальніка. Калі я зайшла ў яго кабінет, павіталася і прысела. Начальнік адрэагаваў вельмі агрэсіўна, маўляў, я не дазваляў вам садзіцца, устаньце.
«Вы не тая катэгорыя, каб садзіцца!» — закрычаў ён тады. «А якая я катэгорыя?» — запытваюся. «Вы — асаблівая катэгорыя!»
І гэты чалавек лічыць сябе мужчынам, афіцэрам?
Пасля пытання пра маё «злачынства» і майго адказу, што аніякага злачынства я не здзяйсняла і што дакладна ў будучыні буду рэабілітавана, начальнік РАУС загадаў падначаленым завесці мяне ў цэнтр занятасці. «Вы парушаеце закон. У нас у Канстытуцыі запісана права на працу, а не абавязак!» — паспела выкрыкнуць яму я.
У цэнтры занятасці, куды мяне даставілі пад канвоем, я распавяла пра сваю кваліфікацыю і працоўны досвед. У мяне тры дыпломы: юрыста, эканаміста і бухгалтара, я ўвесь час займала кіруючыя пасады, у тым ліку ў структурах дзяржслужбы. Па законе мне мусяць прапанаваць працу, што адпавядае маёй кваліфікацыі. А ўлічваючы, што я афіцыйна знаходжуся ў «спісе экстрэмістаў» і маю судзімасць, вядома, нічога годнага мне прапанаваць не здолелі.
Калі я выйшла з кабінета, то пачула, як спецыяліст цэнтра сказала міліцыянтам: «Ну вы ж разумееце, што яе ніхто ніколі не возьме на працу?..»
— Ціск з боку сілавікоў, як я разумею, з кожным днём усё ўзмацняўся…
— Я ўзгадала ўсяго некалькі эпізодаў. Было іх, вядома, нашмат болей.
Вельмі часта сілавікі, калі прыходзілі дахаты, патрабавалі даць ім мабільны на праверку. Я заўсёды адмаўлялася, як і ісці да іх без позваў. Праз гэта службоўцы страшылі, што знову мяне пасадзяць.
Апошняй кропляй стала масавая аблава ў Пружанах. У той дзень затрымалі шмат людзей. Інтуіцыя падказала мне, што неўзабаве прыйдуць і за мной. І на гэты раз дадому я ўжо не вярнуся.
Вельмі цяжка далося рашэнне аб эвакуацыі з Беларусі, да апошняга не хацелася гэтага рабіць, дужа хацелася застацца на Радзіме. Але разам з тым добра ўсведамляю, што іншага выйсця на той момант не было. Альбо эміграцыя, альбо турма.
Вялікі дзякуй маім блізкім, сябрам і службе эвакуацыі BYSOL — каб не ўсе гэтыя людзі, то, мяркую, я б ужо была за кратамі…
— Дзе вы цяпер знаходзіцеся і як сябе адчуваеце?
— Я ў Швейцарыі. Да ўлад гэтай краіны я звярнулася па міжнародную абарону. Пачуваюся нармальна, у бяспецы, аднаўляюся, пачала спакойна спаць па начах.
Чытайце таксама: «Дочка внутри не шевелилась». История брестчанки, которая на седьмом месяце убежала в Украину через леса и болота
«Перад вачыма карціна: юнак-сірата на каленях стаіць перад суддзёй»
— «Брэсцкія карагоды» — самая маштабная палітычная справа Беларусі па колькасці асуджаных. Людзей судзілі цэлымі сем’ямі. Наколькі ведаю, і ў вас адбылося вельмі шмат судовых пасяджэнняў. Пра якія самыя адметныя дэталі «карагоднай справы» вы б маглі ўзгадаць?
— «Брэсцкія карагоды» — мірная акцыя пратэсту, і ўсё «злачынства» ўдзельнікаў палягала ў тым, што на правядзенне гэтай акцыі не быў атрыманы дазвол улад. Ніякіх іншых дзеянняў, якія б маглі кваліфікавацца як «грубае парушэнне грамадскага парадку», людзі не ажыццяўлялі.
Дарэчы, тыя дзясяткі людзей, што 13 верасня 2020 года былі затрыманы АМАПам, былі асуджаны пасля па адміністрацыйнай справе ў розных судах і рознымі суддзямі. А пасля мірных пратэстоўцаў прыцягнулі яшчэ і да крымінальнай адказнасці.
Дык што, усе папярэднія суддзі, атрымліваецца, памыліліся? У першапачатковых пратаколах аб прыцягненні людзей да адказнасці апісваецца менавіта склад адміністрацыйнага правапарушэння і ёсць канкрэтная пазнака — «паколькі адсутнічае склад дзеяння, якое падлягае крымінальнаму пакаранню». Усе гэтыя пастановы ўступілі ў законную моц, а супраць людзей усё роўна завялі крымінальныя справы.
Пратэстоўцы былі настроены вельмі міралюбна, ішлі з адухоўленымі тварамі, з кветкамі, з дзецьмі, каляскамі, усміхаліся, спявалі песні. Усе сведкі на судзе казалі, што гэта было падобна на свята, выглядала на святкаванне Дня горада. Адзін кіроўца-сведка так і сказаў: «Я такіх прыгожых беларускіх песень, якія ў той момант спявалі людзі, нават ніколі і не чуў».
У часе пасяджэнняў я хацела паказаць усё блюзнерства беларускай судовай сістэмы, усю ступень яе дэградацыі, таму да кожнага пасяджэння рыхтавалася вельмі грунтоўна. Да ўсіх сведкаў у мяне быў складзены вялікі пералік пытанняў, я спісала пад гэта цэлы штодзённік.
«Ці бачылі вы з боку ўдзельнікаў мірнай акцыі агрэсію?» — пыталася я ў сведкаў. Яны казалі «не».
Падкрэслівалі, што ўдзельнікі паводзілі сябе мірна, культурна, добразычліва, што адчувалася атмасфера свята, дабра, любові і ўзаемапавагі. Такім чынам усё тое, што ў нас было напісана ў абвінавачванні, цалкам абвяргалася паказаннямі сведкаў.
У спецыялістаў, што ажыццяўлялі разлік так званага ўрону, я запыталася, чаму туды двойчы ўключаны заробак кіроўцы, чаму ўключаны даныя за ўвесь верасень, калі ў заключэнні гаворка ідзе толькі пра 24 верасня 2020 года? Адказаў я так і не атрымала.
Чатыры разы я заяўляла хадайніцтвы аб тым, каб запатрабаваць у тралейбуснага парку акты прастою, і чатыры разы атрымлівала ад суда адмову. Гэта было важна, бо ў вышэйзгаданы разлік уключылі прастой па 25 тралейбусах, але людзі знаходзіліся на скрыжаванні — і гэта пацвярджаецца відэа — усяго толькі паўгадзіны: з 16 гадзін 41 хвіліны да 17.11. Адкуль узяліся 25 тралейбусаў з недапрабегам 495 кіламетраў? Калі праз адвакацкую кантору, ужо пасля вынясення прысуду, я ўсё ж атрымала акт прастою, аказалася, што з 25-ці ўзгаданых тралейбусаў 19 выязджалі ў наш бок ужо пасля таго, як удзельнікі акцыі сышлі са скрыжавання і рух транспарту быў адноўлены, то-бок пасля 17 гадзін 11 хвілін.
Для мяне было прынцыпова важным даказаць і паказаць, што тое, у чым нас абвінавачваюць, не адпавядае рэчаіснасці. Я хацела, каб народ і свет ведалі праўду.
У дзеяннях пратэстоўцаў цалкам адсутнічае склад злачынства, бо адным з галоўных складнікаў у гэтым абвінавачанні абавязкова мусіць быць і «непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі». У судзе было ўстаноўлена, што ніхто з супрацоўнікаў МУС не выказваў нам ніякіх прэтэнзій у часе акцыі і не папярэджваў нас аб тым, што мы нейкім чынам груба парушаем грамадскі парадак.
Людзі сышлі з праезнай часткі адразу ж, як пачулі папераджальны сігнал вадамёта, то-бок яшчэ раз хацела б падкрэсліць — усіх асудзілі незаконна, бо ніякага непадпарадкавання не было.
Да гэтых часоў перад вачыма карціна, што дужа праймае сэрца: абвінавачаны юнак-сірата стаіць перад суддзёй на каленях і просіць аб літасці — не для сябе, а для падсудных шматдзетных бацькоў… Гэты выпадак адбыўся ў часе працэсу над вядомымі пружанскімі актывістамі Міколам Папекам і Аленай Гнаук.
А чаго вартыя гісторыі іншых пружанцаў, што выпадкова трапілі ў жорны сістэмы! Сямейная пара, шматдзетныя бацькі ішлі ў кафэ адзначаць дзень народзінаў, калі да іх падбеглі амапаўцы і пачалі цягнуць мужчыну ў аўтазак. Праз дужы стрэс жонку Юлію разбіў інсульт, цалкам паралізавала левую частку цела.
У выніку квітнеючая 32-гадовая жанчына стала фактычна інвалідам. Муж цягаў яе на сабе, бо яна не магла сама перасоўвацца. У шпіталі яе нават уводзілі ў штучную кому. І хто за гэта адкажа? Я пісала скаргі і з гэтай нагоды — і ў пракуратуру, і ў райвыканкам, і ў МУС, і дэпутату «палаткі» Аляксандру Ляўчуку, што прадстаўляе пружанскую акругу. І адусюль атрымлівала адныя адпіскі. Уся дэпутацкая дапамога, дарэчы, палягала ў тым, што «слуга народа» адказаў сям’і: «Я даслаў вам заказны ліст, але ён вярнуўся назад».
Ніхто ніякай праверкі па апісаных мною фактах парушэння правоў сям’і так і не правёў. А калі муж Юліі распавёў пра сітуацыю незалежным медыя, яго выклікалі ў Следчы камітэт і абвінавацілі ў тым, што ён узводзіць паклёп на праваахоўныя органы, і хацелі яшчэ яго прыцягнуць да адказнасці.
Што гэта, як не вайна з уласным народам?
Чытайце таксама: Брестчанин вернулся домой к маме, которая нуждается в уходе из-за рака. Теперь его судят по «хороводному делу»
«Напярэдадні арышту затрымлівалі 10 разоў»
— Вы сталіся адзінай жанчынай, асуджанай да пазбаўлення волі па гэтай справе. На вашу думку, чаму ўлады маюць такі зуб на вас?
— Пэўна, таму, што ўсе высілкі я скіравала на тое, каб выкрыць блюзнерства і крывадушша сістэмы, адкрыта гаварыла службоўцам тое, што пра іх думаю, пісала шмат скаргаў і хадайніцтваў, і, дарэчы, апошні, трынаццаты том крымінальнай справы, цалкам з іх складзены. Такой упартасці і напору сістэма мне, вядома, не даравала.
— Але ваша супрацьстаянне з пружанскімі ўладамі пачалося не з удзелу ў «брэсцкіх карагодах», а нашмат раней?
— Так. Пачынаючы з 2020 года я напісала больш за 200 скаргаў на дзеянні ўлад і праваахоўных органаў. Напярэдадні арышту мяне затрымлівалі 10 разоў, шмат разоў праводзілі ператрусы. У адказе на маю скаргу аб незаконных затрыманнях Пружанскае РУУС паведаміла нібыта прычыну: «вы былі затрыманыя 4, 5, 6, 8, 9, 10, 11, 12, 14 і 15 снежня 2020 года для правядзення прафілактычных гутарак». Ну, смеху варта.
Я нават звярнулася са скаргай у мясцовы выканкам — з просьбай даць мне дазвол на выхад у краму, на перамяшчэнне па горадзе. Гэта папросту нонсэнс ужо нейкі быў: мяне затрымлівалі кожны дзень.
Наступны раз затрымалі на свята Божага нараджэння — 7 студзеня 2021 года. Пасля мяне затрымалі на Дзень незалежнасці — у чэрвені 2021 года, змясцілі ў ІЧУ на трое сутак — у антысанітарныя нечалавечыя ўмовы з жахлівай ежай, дзе не хапала паветра, дзе ўсе курылі. Гэта затрыманне і змяшчэнне ў ізалятар я абскардзіла праз суд. Людзі ў мантыях палічылі, што ўсё было законна. Якая законнасць, калі супраць мяне не было распачата нават адміністрацыйнай справы… Ніякіх правапарушэнняў я не здзяйсняла і ніякіх законных падстаў для майго затрымання і ўтрымання ў ІЧУ не было.
Напярэдадні арышту ў мяне пяць разоў праводзіліся вобшукі і мне аніводнага разу не былі растлумачаны мае правы. Усе ператрусы праводзіліся з парушэннямі. У адным выпадку пратакол вобшуку ўвогуле не быў складзены. Службоўцы склалі толькі вопіс арыштаванай маёмасці. Хаця гэта грубейшыя парушэнні нормаў крымінальна-працэсуальнага права.
Аднойчы мяне забралі наўпрост з прыпынку ў аўтазак. Пасля нашы крэатыўныя беларусы на шыльдачцы з раскладам руху аўтобусаў так і напісалі: аўтазак.
— Як і калі вас затрымалі?
— Зрабілі хітра. Выклікалі па позве 30 кастрычніка 2021 года ў Пружанскі РАУС «у якасці асобы, супраць якой вядзецца адміністрацыйны працэс». Прапанавалі мне і яшчэ аднаму ўдзельніку мірнай акцыі Алегу Кулешу прызнацца ў тым, што мы ў верасні 2020 года бралі ўдзел у карагодах, абяцалі, што адразу адпусцяць дамоў.
Я адмовілася даваць якія-кольвек паказанні, спаслаўшыся на 27-мы артыкул Канстытуцыі. І ўсім раю рабіць тое ж самае — паказанні вам не дапамогуць, а толькі абцяжараць ваша становішча, у гэтай сістэме па-іншаму не бывае.
Мяне змясцілі ў ІЧУ. Умовы там былі блізкія да катавальных: халодна, мышы, клапы, вентыляцыя забіта брудам, пылам, цвіллю, праз гэта і брак паветра. Плюс шмат людзей кураць. Дыхаць увогуле не было чым. Відовішча страшнае, успаміны балючыя.
Перадачы нам не аддавалі, і на працягу трох дзён я нічога не ела, бо есці тую ежу было немагчыма.
Чытайце таксама: «Дойду до Верховного суда»: жительницы Пружан судятся с облисполкомом за право узнать, как они могли попасть на ВНС
«Мокрыя рэчы нам прапаноўвалі сушыць на галаве»
— Да вынясення пастановы апеляцыйнага суда вы ўтрымліваліся ў брэсцкім СІЗА. Што можаце распавесці пра гэту ўстанову?
— Там было і шмат добрых момантаў, як ні дзіўна. А менавіта — сустрэчы з палітвязнямі. Мы сталі вельмі блізкімі адзін аднаму, шмат праз якія выпрабаванні прайшлі разам. Кожны вечар з дзяўчатамі спявалі беларускія песні. Гэтыя моманты да сёння ўзгадваю з асаблівай цеплынёй.
Такія сустрэчы і такія сябры — гэта Божая ласка. Не магу зараз уявіць свайго жыцця без усіх гэтых людзей.
У СІЗА я пачала пакутаваць на высокі ціск: часта ішла кроў з носа, ванітавала. А медычная дапамога там была ніякая.
Аднойчы мне ўсё ж выклікалі «хуткую»: было так кепска, што не магла ўзняцца з нар. Але супрацоўнікі ізалятара не дазволілі медыкам забраць мяне ў шпіталь.
У СІЗА я працягвала пісаць скаргі, бо лічыла сваім абавязкам зафіксаваць усё беззаконне, парушэнне правоў, гвалт у стасунку да мяне і іншых. Праз сваю актыўнасць, вядома, мела праблемы з аператыўкай.
У следчым ізалятары нам забаранялі сушыць бялізну на батарэі. Толькі павесіш майткі — і адразу да вочка падбягае супрацоўнік-кантралёр, пачынае крычаць, каб усё знялі. Калі на адной з праверак мы звярнуліся да кіраўніцтва, маўляў, дык а дзе ж нам сушыць бялізну, то атрымалі адказ: «Сушыце на галаве».
Напярэдадні этапу ў Гомель у мяне забралі расчоску, малітваслоў, апеляцыйнае вызначэнне, канверты — карацей, усё самае неабходнае. Праз гэта я не мела магчымасці абскардзіць прысуд, бо не мела на руках папер. І каб атрымаць свае рэчы назад, мне спатрэбілася 4 месяцы. Я звярнулася з запытам і ў брэсцкае СІЗА. Адказ кіраўніка Лук’яновіча мяне шакаваў: паводле яго, я сама папрасіла супрацоўнікаў, каб тыя забралі ў мяне рэчы. Такі вось цынізм.
«Увесь час здавалася, што я — Аліса ў залюстроўі»
— Якім быў ваш час у гомельскай калоніі?
— Калі ўспамінаю гэта месца, то дагэтуль падаецца, што такога не магло насамрэч адбывацца, мой мозг і тады, і цяпер адмаўляецца прымаць тую жахлівую рэчаіснасць. Увесь час, пакуль знаходзілася там, адчувала сябе Алісай у залюстроўі — настолькі ўсё там здавалася ненармальным, нерэалістычным.
Першае, на што я звярнула ўвагу, калі размяркоўвалася з каранціну ў атрад, — клетка каля КПП. 21 стагоддзе, цэнтр Еўропы, а ў нас людзей саджаюць у клетку, як у сярэднявеччы.
У гомельскай калоніі мне далі найгоршае месца ў секцыі. Секцыя — гэта вялікі пакой, дзе пражывае каля 30 асуджаных жанчын. Напярэдадні размеркавання начальнік аператыўнай часткі Алёхін так і сказаў: «У мяне ёсць спецыяльная прапанова для яе».
Мая «шконка» знаходзілася каля дзвярэй, а на спальнае месца (у мяне быў другі ярус, як і ва ўсіх палітычных) немагчыма было залезці. Лесвіцы, вядома, не было. Увесь час даводзілася рабіць акрабатычныя практыкаванні, каб трапіць у ложак, бо не было прасторы, дзе б можна было паставіць нагу. Ва ўсіх у секцыі для гэтага былі адмысловыя перакладзіны, у мяне — не. Мой рост 168 сантыметраў, драўняная панэль, на якую трэба было ўзлезці, — больш за два метры. Як туды залезці? У мяне ўвесь час ногі былі сінія — такой цаной я ўзбіралася на нары.
Вельмі часта не было магчымасці нават папіць гарбаты. Стала няма. Тумбачка 40 на 40 сантыметраў, прычым не для цябе адной, а для дваіх. І гэтая тумбачка стаіць у такім месцы, да якога ты не можаш падабрацца — заціснута паміж металічнай шафай і «шконкай». Дзверцы шафы ўвесь час літаральна б’юць цябе па твары, бо зняволеныя ўвесь час гэтай шафай карыстаюцца.
І так кожны дзень, кожную хвіліну. Што гэта, як не здзек і катаванне?
Неяк увесь наш атрад прымусілі вынесці з барака металічныя «шконкі», і больш за гадзіну на санцапёку мы «вучыліся запраўляць спальныя месцы ў выглядзе канвертаў».
Чытайце таксама: Брестчанки, отсидевшие «сутки» в одной камере: «Все эти три дня мы пребывали в тревожной неизвестности»
«Усё, што б ты там не зрабіў, лічыцца парушэннем»
— У гомельскай калоніі чапляюцца да ўсяго. Нават ручку нельга даць у часовае карыстанне — могуць пакараць. Былі выпадкі, калі чалавека каралі за тое, што падзяліўся яблыкам, даў кавалак туалетнай паперы іншаму вязню.
На мяне навесілі парушэнне за тое, што аднойчы пазычыла каляжанцы гадзіннік. На камісіі па пакаранні мяне за гэта пазбавілі харчовай пасылкі. Начальнік калоніі Талсцянкоў сказаў тады: «Вы адмыслова далі асуджанай гадзіннік, каб пасадзіць яе на кручок і схіліць яе такім чынам да злачынных дзеянняў». Адметна, што пасля камісіі нас з той дзяўчынай не раз’ядналі: мы так і засталіся ў адным атрадзе, у адной секцыі. Калі я хацела пасадзіць яе на кручок, як выказаўся падпалкоўнік, то чаму нас тады пакінулі разам?
Аднойчы сяброўка намалявала мне паштоўку да дня народзінаў — васількі, шарыкі, цёплыя словы. Я ўжо акурат мусіла вызваляцца неўзабаве і здала свае паперы ў аператыўную частку. І тут мяне выклікае начальніца атрада Шумігай, пачынае крычаць і трэсці перад маім тварам самаробнай паштоўкай: «Якое нахабства!» Гэта ж рапарт! Адчужэнне-прысваенне, выкарыстоўванне працы іншай асуджанай з карыслівай мэтай!»
«Вы зараз сур’ёзна? — пытаюся ў яе. — Складайце рапарт, я буду абскарджваць яго ў судзе, і ўвесь свет даведаецца пра гэты маразм».
Неяк мне падкінулі рэчы іншай палітзняволенай — адбылося гэта пасля таго, як я напісала скаргу на незаконныя дзеянні супрацоўніка калоніі. А той палітычнай падкінулі мае. Адразу ж прыйшлі турэмнікі, абшукалі нашы каробкі ў капцёрцы і склалі на нас рапарты за нібыта «адчужэнне-прысваенне». І такіх танных правакацый у дачыненні да палітвязняў там адбываецца багата. У тым ліку такім чынам фабрыкуецца і сумнавядомы 411 артыкул — «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі».
Калісьці ў клубе адбылося калектыўнае абмеркаванне фільма, і адна з асуджаных сказала тады: «Калі б у мяне быў выбар — альбо знаходзіцца ў гэтай калоніі і штохвіліну праходзіць праз катаванні, альбо расстрэл — то я б, не задумваючыся, абрала апошняе».
Гэтыя словы гавораць самі за сябе.
Гомельская калонія — гэта пекла. Нечалавечыя побытавыя ўмовы, прадузятае стаўленне, пастаянны прэсінг. На сто чалавек чатыры ўнітазы, і адзін заўсёды абавязкова зламаны. Бясконцыя чэргі ў прыбіральні і ўмывальнікі.
Я жыла ў вельмі старым бараку. Мяркуючы па ўсім, ён не аднойчы гарэў і ніколі не рамантаваўся, вельмі дрэнны фундамент, з вокнаў увесь час сіфоніла. Каб заснуць, трэба было апранацца, як качан капусты: перад адбоем я нацягвала на сябе тэрмабялізну, гольф, цёплую байку, піжаму, цёплыя спартовыя штаны, дзве пары шарсцяных шкарпэтак, а паверх укутвалася ў цёплы махровы халат. Цела ніколі не адпачывала, увесь час зацякала, было скавана, немагчыма было расслабіцца, толькі высунеш нагу з-пад тонкай коўдры — яна адразу акалявае. Ты ўвесь час скручаны, як блінчык, скурчаны, апухаеш, ацякаеш. У секцыі няма чым дыхаць, бо трыццаць чалавек.
На фабрыцы каля майго працоўнага месца знаходзілася 10 прасаў, гэта пара больш за 100 градусаў. Летам тваё працоўнае месца — гэта тэмпература сорак і вышэйшая. Нібыта ў саўне пастаянна. Адна сукенка, і ты яе не можаш ні памыць, ні змяніць. Потны, брудны, мокры, смярдзючы, адчуваеш сябе горш за скаціну, бо не можаш нават памыцца.
Душ — 15 хвілін раз на тыдзень. А ў той, што ёсць у атрадзе, ніколі не ўбіцца, бо, паводле правіл унутранага распарадку, ім можна было карыстацца толькі 30 хвілін на дзень. Маю на ўвазе, што гэтыя 30 хвілін даваліся на цэлы атрад са ста чалавек.
Дарэчы, нават тых пятнаццаці хвілін у агульнай душавой ты фактычна не маеш, бо за гэты час яшчэ мусіш распрануцца-апрануцца (а ў зімовы перыяд гэта целагрэйка, кашуля, касцюм, панчохі, боты), часу на памыўку не застаецца, бо яшчэ ж і ваду трэба адрэгуляваць. Гэта не мыццё, а размазванне бруду па целе. І добра, калі ты паспееш толькі галаву памыць.
На фабрыцы ў мяне былі тапачкі жоўтага колеру. Вельмі хутка яны сталі чорнымі. І гэтыя пыл і бруд, як я не вымывала, з іх не выходзіў. Уявіце, усё гэта нам штодня трапляла ў лёгкія.
Чытайце таксама: В Пружанский райисполком отправили письмо с просьбой «выдать разрешение на посещение магазинов без задержания»
Забарона на ўсмешку
Выходзім калісьці з дзяўчаткамі са сталовай і чуем ор: «Што вы ўсміхаецеся?! Вы што, забыліся, дзе знаходзіцеся?!» Мы кажам: «Дык усміхацца ж не забаронена».
«Тое, што не прапісана ў правілах унутранага распарадку, забаронена», — такі адказ мы атрымалі ад супрацоўніцы рэжымнага аддзела Дашэўскай.
Увогуле службоўцаў вельмі раздражнялі нашы ўсмешкі. Але мы ўсё роўна ўвесь час усміхаліся і не падалі духам.
«… І з нянавісцю пачаў зрываць з нас жоўтыя трохкутнікі»
— Напярэдадні майго вызвалення адбыўся і такі выпадак: мы, палітвязні, стаялі на вуліцы і чакалі праверкі прафілактычнага ўліку. Прыйшоў супрацоўнік, які называе сябе афіцэрам. Яго прозвішча Драздоў. І пачаў з нянавісцю зрываць з нашых рукавоў жоўтыя трохкутнікі — так, што яны, гэтыя пластыкавыя трохкутнікі, аж трашчалі. Нават з каня толькі з мёртвага здзіраюць капыты. А мы жывыя людзі. Як супрацоўнік супрацьлеглага полу ён не меў права нават дакрануцца да мяне. Я ўжо не кажу пра чалавечы, этычны бок справы.
Датычна медычнай дапамогі ў калоніі. Калісьці ў мяне была высокая тэмпература і я пайшла ў санчастку. Доктар паказаў мне кавалак паперы, на якім было напісана маё прозвішча, і прамовіў: «Мне загадалі бальнічнага табе не даваць».
У атрадзе на стэндзе вісеў узор дакументаў, што трэба прыкласці да прашэння аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы, — уявіце сабе, у слове «апеляцыя» супрацоўнікі калоніі ўмудрыліся зрабіць ажно тры памылкі, напісаўшы яго як «оппеляция»!
І гэтыя людзі яшчэ нас чамусьці вучаць, імкнуцца нас перавыхаваць, разважаюць пра мараль!
Чытайце таксама: Парализована левая часть тела: 32-летнюю жительницу Пружан разбил инсульт после того, как в автозак забрали ее мужа
«Если вам так здесь хреново, валите отсюда!»
— Падчас вашага знаходжання за кратамі ці сустракалі вы супрацоўнікаў, якія ставіліся да вас калі не добра, то лаяльна?
— Хутчэй не, чым так. У асноўным стаўленне турэмнікаў да нас было, як да ворагаў народа.
У калоніі да кожнага палітвязня прыстаўлены так званы куратар па прафілактычным наглядзе. Мне давялося мець стасункі з намесніцай начальніка калоніі Аленай Лукомскай. Аднойчы падчас чарговай размовы я закранула тэму парушэння нашых правоў — права на перапіску, спорт, рэлігію, здароўе, права пісаць скаргі, паведаміла пра выпадак з бальнічным.
Лукомская слухала мяне без якой-кольвек цікаўнасці, гісторыі з бальнічным увогуле не здзівілася, а пасля вельмі агрэсіўна выкрыкнула: «Если вам так здесь хреново, то валите отсюда!»
І гэты чалавек носіць пагоны падпалкоўніка і лічыць, што ахоўвае закон. Які кашмар.
— Ці ціснулі турэмнікі на вас, каб вы пісалі прашэнне аб памілаванні і прызнавалі віну?
— Дзіўна, але не. Толькі аднойчы яшчэ ў каранціне аператыўнік запытаўся, ці прызнаю віну, я кажу, што не, бо ніякага злачынства не здзяйсняла. На гэтым тэма была закрыта.
Я думаю, што памілоўку ў мяне не выбівалі таму, што я бясконца пісала наглядчыя скаргі, дзе пералічвала 62 пункты, чаму лічу сябе невінаватай. Кожная скарга складалася як найменей з сарака старонак. Таму і пытанне з віной аўтаматычна адпадала.
«Ні пра што не шкадую»
— Чым для вас стаўся 2020 год?
— Ён цалкам перавярнуў маю свядомасць. Столькі людзей выйшла на вуліцы адстойваць свой выбар! Столькі беларусаў выказаліся супраць фальсіфікацыі выбараў, супраць гвалту, за дэмакратычныя перамены! А якія чэргі былі ў часе збору подпісаў, памятаеце? Гучна загучаў голас і беларускай дыяспары.
Нацыя насамрэч узнялася — і калі ўспамінаю пра падзеі дваццатага года, аж дух перахоплівае!
Калі б была магчымасць адкруціць час назад і вярнуцца ў мінулае, я б зрабіла тое ж самае. Я б абавязкова ўзяла ўдзел у пратэстах і абавязкова б публічна ўказвала ўладам на іх злачынствы, зноў і зноў пісала б усе гэтыя скрагі і адкрыта ў твар казала б ім, уладам, што яны ваююць з уласным народам.
Я ні пра што не шкадую. Час, праведзены за кратамі, не стаўся марным. Я сустрэла вялікую колькасць цудоўных, неверагодных людзей. Я стала яшчэ мацней. Ганаруся нашымі палітвязнямі і тым, як годна і цвёрда яны адстойваюць гонар беларускага народа, нават знаходзячыся ў палоне.
Душа баліць за кожнага суайчынніка, што праходзіць праз рэпрэсіі і здзекі. І ад гэтага болю сціскаецца сэрца.
Разам з тым узмацняецца пачуццё гонару за нашых людзей, якія змагаюцца за дэмакратычныя перамены.
Я пераканана, што мур хутка рухне. А пакуль што я буду працягваць рабіць тое, што рабіла, толькі ўжо з іншай тэрыторыі. Веру ў свой народ і непазбежнасць перамогі дабра над злом. Такі цудоўны, смелы, працавіты, шчыры, свабодалюбівы, неверагодны народ не можа не перамагчы цемру.
Чытайце таксама: Как с помощью портретов рассказать про политзаключенных беларусок? Показываем на примере проекта «Политвязынки»
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: