Блогер Daroha: «Не хочацца пазітыву, які будзе падавацца людзям у Беларусі неадэкватным»

28.02.2024 11:22 Валер Руселік. Фота з асабістай старонкі ў Facebook. Источник фото

Доўгі час Валер Руселік быў самым папулярным беларускамоўным блогерам. Для яго блогерства — гэта сродак пашырэння нацыянальнай жыццёвай прасторы.
Читайте BGmedia в:

Валер Руселік, якога беларускі інтэрнэт ведае пад нікнэймам Daroha, лічыць пачаткам сваёй эміграцыі лета 2020 года, калі перастаў ездзіць у Беларусь. На той момант на беларускіх блогераў ужо было распачатае паляванне, і Валеру паступілі першыя пагрозы. Хоць і да гэтага медыя-актывіст жыў пераважна за мяжой, ён ніколі не збіраўся з’язджаць назусім. 

Блогер прызнаецца, што гэты этап ягонай дарогі надзвычайна складаны. Усе планы былі звязаныя з Беларуссю, а цяпер яны парушыліся. А на днях Валер перамог у дэкляматарскім спаборніцтве да Дня роднай мовы, арганізаваным фундацыяй Tutaka, з вершам пра Радзіму, які пакідае гнятучае адчуванне. 

Паразмаўлялі з Валерам пра сэнс блогерства, сямейны эмігранцкі падтэкст і спосабы пераадолець беларускае маўчанне. 

— Як адчуванні зараз, праз два гады пасля пачатку поўнамасштабнай вайны і амаль праз чатыры гады пасля пачатку беларускага трэшу, калі пачынаць адлічваць з каронавіруса?

— Адчуванні так сабе. Вельмі складана. Апошнія гады паўтары я знаходжуся ў глыбокай дэпрэсіі. Бываюць такія ісціны, якія мы ўсе чуем стопяццот разоў з дзяцінства, аднак іх пераасэнсоўваем, калі прапускаем праз сябе. Гэта адбываецца праз нейкі час. 

Калі раней я мазгамі разумеў, што магу вельмі доўга не вярнуцца ў Беларусь або наогул, можа, не вярнуся — і не з-за таго, што не захачу, а з-за таго, што не будзе гэткай магчымасці, — то ўлетку 2022 года я прапусціў гэта праз сябе. Гэта было папросту жахліва. Адразу ўсе жыццёвыя планы зруйнаваліся, і дагэтуль я ў падвешаным стане. Я так разумею, што з падобным сутыкнуліся вельмі шмат тысяч беларусаў. 

Плюс калі чытаеш навіны з Беларусі, калі размаўляеш з блізкімі з Беларусі, нават не закранаючы грамадска важныя ці палітычныя тэмы, чырвонай ніткай праходзіць страх, а таксама безвыходнасць, якія пануюць сёння ў Беларусі. 

Чагосьці супер-радаснага цяжка сфармуляваць. Тады пачынаеш яго шукаць у нейкіх іншых рэчах: можа, не надта агульных, а хутчэй інтымных, прыватных. Больш канцэнтруешся на блізкіх, на сям’і. Спрабуеш наноў асэнсоўваць сябе і шукаць новае месца ў жыцці. 

У мяне ёсць яшчэ і сямейная паралель з гэтай сітуацыяй. У майго дзядулі, таты маёй мамы, родны брат калісьці вельмі даўно выехаў за межы Беларусі, з’ехаў у ЗША. Яны ўсё жыццё з братам стэлефаноўваліся. Не маглі пабачыцца. Толькі перад смерцю некалькі гадоў таму здолелі пабачыцца. 

Калі яшчэ і сямейная гісторыя накладаецца на агульнанацыянальную, то прыціскае вельмі моцна. Гэта адна з прычын, чаму я так доўга апошнім часам маўчу на сваім ютуб-канале Daroha. Не хочацца пазітыву, які будзе падавацца людзям у Беларусі неадэкватным. А седзячы за мяжою, распавядаць пра тое, як у Беларусі дрэнна, людзям, якія ўнутры гэтага дрэннага, — не зусім шчыра. 

Спадзяюся, гэтае маўчанне аднойчы перарвецца, калі я пераасэнсую, што ж з намі ўсімі адбываецца.

У мяне ўсе планы былі ў Беларусі. У 2019 годзе я збіраўся пад Горадняй збудаваць хату ў паўзакінутай вёсцы, дзе калісьці гадавалася мая мама. Адклаў на 2020 год, а там кавід, пазней — палітычная вакханалія, і ўсе планы парушыліся.

— У вас ёсць розныя пляцоўкі і вельмі розны кантэнт. Калі коратка, што з чаго і для чаго ўсё пачыналася?

— Калі браць мой ютуб-канал, то ён, бадай, адзін з самых старых у беларускім сегменце ютуба — з 2007 года. Сам ютуб быў створаны літаральна за некалькі гадоў да гэтага. Аднак свядома займацца блогерствам я пастанавіў у 2018 годзе. У 2019 годзе ўшчыльную заняўся. 

Ужо тады нараджалася хваля беларускіх блогераў і прыходзіла разуменне, што гэта выдатная пляцоўка, каб спрабаваць праз яе неяк змяніць сітуацыю ў Беларусі. Што гэта вельмі добрая пляцоўка для размоў з беларусамі, для прасоўвання ідэй на вялікую аўдыторыю. 

Мы пачыналі ў прыватнасці з Міколам Дзядком, які сёння палітвязень, рабілі сумесныя стрымы. У нас была ідэя задзіночвання ўсіх блогераў у вялікую блогерскую плынь. Уявіце: калі ў кожнага блогера аўдыторыя як райцэнтр у Беларусі, то гэта вельмі-вельмі шмат насамрэч. 

Акрамя сродку ўплыву на беларускую сацыяльна-палітычную, грамадскую сітуацыю, для мяне блог заўсёды быў і сродкам пашырэння беларускамоўнай, нацыянальна арыентаванай жыццёвай прасторы. Тады было нашмат меней беларускамоўных каналаў, і таму, маючы нават некалькі тысяч падпісчыкаў, я доўгі час заставаўся самым папулярным беларускамоўным блогерам. Гэта сведчанне не таго, наколькі я быў круты, а таго, наколькі вузкая была беларускамоўная прастора ў ютубе. На шчасце, яна развіваецца.

Калі ты яшчэ гаворыш па-беларуску пра рэчы, важныя для ўсіх беларусаў — і беларускамоўных, і расейскамоўных — то гэта як двух зайцаў забіць. Мне заўсёды здавалася, што гэта вельмі слушны шлях. Таму калі мне гаварылі: «Давай па-расейску, будзе больш аўдыторыя» — я ніколі не прыслухоўваўся да гэткіх парадаў. 

— У вашым жыцці беларуская мова была з самых ранніх гадоў ці з’явілася пазней?

— Як і ў многіх беларусаў, беларуская мова не была ад нараджэння мовай маўлення, але яна заўсёды дзесьці побач на перыферыі прысутнічала: у трасянцы, у асяроддзі сваякоў-вяскоўцаў. Аднак усведамленне беларушчыны да мяне прыйшло ў 15 гадоў. Гэта быў мой свядомы выбар. З 15 гадоў я перайшоў на беларускую мову абсалютна самастойна. 

— У вашым вершы, які вы прадэкламавалі, і ў іншых відэа прысутнічае тэма гнятучага маўчання. Пра што маўчаць беларусы, і ці дапамагае блогерства ўрэшце пачаць прагаворваць гэтыя рэчы?

— Безумоўна, блогерства — гэта спосаб прагаворваць Беларусь, прагаворваць беларускія сэнсы.

Пра што маўчаць беларусы? Ды пра ўсё? Нават калі ўзяць сённяшнюю сітуацыю (зрэшты, сітуацыя нарадзілася не сёння і не ўчора): беларусаў за беларускую мову проста ў публічным месцы могуць рэпрэсаваць — я сам двойчы сутыкаўся з гэтым яшчэ ў юнацтве. Ты не можаш публічна выказацца па-беларуску, не можаш выказаць бачанне сітуацыі, што точыцца вакол цябе. 

Беларусы — маўклівая нацыя. З аднаго боку, мы знямелі, амаль страціўшы сваю родную мову, перайшоўшы масава на расейскую, а з іншага боку, праз рэпрэсіі мы раскрываемся ў вельмі вузкім коле людзей, якім мы можам давяраць. Сітуацыя, якая неаднойчы ў нашай гісторыі здаралася, зноўку паўтараецца. 

Беларус, які маўчыць, — на жаль, больш звыклая з’ява за беларуса, які прамаўляе.

— Вы займаецеся цыклам відэа, дзе разбіваеце прыніжальныя стэрэатыпы пра беларусаў. А чаго беларусы не ведаюць пра сябе? Магчыма, сваіх здабыткаў, сваёй сілы?

— Калі казаць пра ўсіх беларусаў, то гэта зноў будзе стэрэатып. Мы не можам сказаць, што ўсе беларусы не ведаюць мовы, не ведаюць гісторыі, не ведаюць культуры, не ведаюць, што ёсць чым ганарыцца. 

Але, вядома ж, бяда ў тым, што вялікая маса людзей не ведае пра тое, што быць беларусам, не азіраючыся на іншых, — гэта абсалютна нармальна. Што ведаць сваю гісторыю і ганарыцца сваімі героямі без азірання хаця б на суседзяў — а ці не пакрыўдзіць іх, што мы кагосьці шануем, — гэта нармальна. Дастаткова паглядзець на тых самых суседзяў і пабачыць, што ў іх гэта окей — жыць у Польшчы і размаўляць па-польску. А як інакш? Жыць у Польшчы і ведаць польскіх нацыянальных герояў, польскую культуру, гісторыю — а як інакш? У Летуве тое самае, ва Украіне ў вялікай ступені тое самае. І гэта абсалютна нармальна. 

Не для ўсіх беларусаў, але для вялікай колькасці гэта застаецца незразумелым. Той жа самы цыкл відэа «Хрусь і папалам» пра стэрэтыпы, якія мы рабілі з камандай, і каналі «Вытокі» ў ціктоку — яны якраз пра гэта. Пра тое, што беларусам не трэба азірацца на іншых, не трэба саромецца свайго. Будзьце сабой, паважайце саміх сябе, і тады вас пачнуць паважаць іншыя. Гэта для мяне элементарныя рэчы.

— Што з усяго зробленага падаецца самым важным, адметным?

— Усё было адметнае. Хаця я б усё-ткі вылучыў цыкл выпускаў «ч/б», з якім я і пачаў сваё актыўнае блогерства. Я дагэтуль сустракаю людзей, якія мяне ведаюць дзякуючы гэтым выпускам, і якія гавораць, наколькі важна было для іх пабачыць, пачуць сфармуляваныя менавіта гэтак мае думкі. 

Напрыклад, амбасадар Беларусі ў далёкай лацінаамерыканскай краіне пры сустрэчы кажа: «О, рады з вамі развіртуаліцца. Я падчас падзей у 2020 годзе сядзеў і глядзеў вашы выпускі». Потым мы яго ведаем як аднаго з амбасадараў, які сышоў з сістэмы Лукашэнкі. І такіх падобных сустрэч багата. Гэта, канешне, вельмі цешыць. 

Гэты цыкл, мне здаецца, быў своечасовы ў 2020 годзе. Маючы тады толькі 3 тысячы падпісчыкаў, я атрымоўваў прагляды і па 100 тысяч, і па 200 тысяч, і па 320 тысяч. 

— Чаму Daroha?

— Дарога — гэта вельмі даўно. Via est vita — лацінскае выказванне, якое для мяне азначае вельмі шмат, маё бачанне гэтага жыцця. Дарога — гэта жыццё. Я сапраўды ўспрымаў жыццё як гэткі шлях кожнага чалавека.

Але ёсць і больш зямное тлумачэнне. Я калі абіраў сабе нікнэйм у інтэрнэце, то хацеў пісацца беларускай лацінкай, але гэтак, каб не было праблем са спецыяльнымі знакамі, гачкамі: ш,ч. І пры гэтым каб слова гучала па-беларуску. Слова «дарога», якое яшчэ і супала з маім бачаннем таго, што такое жыццё, для мяне ідэальна падыходзіць. 

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: