Прислать новость
Тихон Клюкач, Цiхан Клюкач, политзаключенный, брестчанин, Брест, Брестская газета

«Буду рабіць усё, каб сітуацыя ў Беларусі змянілася»: Гісторыя былога палітзняволенага берасцейца Ціхана Клюкача

11.05.2022 19:11 Ціхан Клюкач. Источник фото

19-гадовы Ціхан Клюкач распавёў, як за паўтара гады прайшоў праз суткі ў ІЧУ, чаканне суда ў СІЗА і 10 месяцаў у папраўчай калоніі.

2020 год назаўсёды змяніў жыццё берасцейца Ціхана Клюкача. У чэрвені ён скончыў гімназію №1, 25 ліпеня яму споўнілася 18 гадоў, а ўжо 9 жніўня яго ўпершыню затрымалі за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі. У пачатку верасня на вучобе ў каледжы ён пазнаёміўся з берасцейкай Сафіяй Малашэвіч. А 6 верасня маладыя людзі паехалі ў Менск, каб паўдзельнічаць у «Маршы еднасці». Улады Беларусі пакаралі іх за гэта вельмі жорстка — 1,5 гады калоніі Ціхану і 2 гады калоніі Сафіі. Праўабаронцы прызналі іх палітзняволенымі.

У пачатку сакавіка Ціхан цалкам адбыў свой тэрмін, а праз нейкі час з’ехаў з Беларусі. У інтэрв’ю «Брэсцкай газеце» ён распавёў, за што яго першы раз затрымалі, як працягваў удзельнічаць у акцыях пратэсту, чым скончыўся «Марш еднасці», як адседзеў 45 сутак у ІЧУ Берасця і Століна, як яму змянілі меру абмежавання, за што далі 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму, што з сябе ўяўляе ПК №15 Магілёва, хто там сядзіць, як уладкаваны побыт зняволенага і чаму хоча ўступіць у батальён імя Кастуся Каліноўскага. Ніжэй мы падрабязна распавядаем няпростую гісторыю берасцейскага хлопца.

Цiхан Клюкач, Тихон Клюкач, Брестская газета, Брест, политзаключенный брестчанин
Цiхан Клюкач падчас інтэрв’ю «БГ»

Читайте также: «Некоторым приходилось мыться в холодной воде»: Экс-политзаключенная брестчанка рассказала, как отбывала «химию»

Першы раз Ціхана затрымалі ўвечары 9 жніўня

Увечары 9 жніўня, пасля таго, як былі аб’яўленыя папярэднія рэзультаты прэзідэнцкіх выбараў, Ціхан разам са сваімі сябрамі прыйшоў у цэнтр горада. Па яго словах, гэтыя рэзультаты былі чаканымі, усе разумелі, што выбары сфальсіфікаваныя. Ужо тады ў падваротнях хавалася вельмі шмат міліцыянтаў і вайскоўцаў, але акцый пратэсту яшчэ не было.

«Тады мы выйшлі на Савецкую з боку Міцкевіча, вынялі БЧБ-сцягі і пайшлі па вуліцы. Нас было чалавек 10. А калі дайшлі да перакрыжавання з прашпектам Машэрава, то нас ужо было каля 300. Там нам перагарадзіў шлях ланцуг АМАПу. Я і яшчэ некалькі чалавек паспрабавалі арганізаваць сцэпку, але ў нас не атрымалася. У выніку мяне затрымалі», — узгадвае малады чалавек.

На волю ён выйшаў праз 10 сутак. За гэты час Ціхан пабываў у ІЧУ Берасця, з’ездзіў у ІЧУ Бярозы і вярнуўся ў Берасцейскае СІЗА. У той час сілавікі любілі развозіць затрыманых па розных ізалятарах Берасцейскай вобласці, таму што ў Берасці месца не хапала.

Ціхан планаваў пайсці вучыцца на мастака-мадэльера. 11 жніўня адбыўся экзамен па малюнку, які патрэбна было здаць, каб паступіць. Але ў той час ён сядзеў у ІЧУ, таму не мог на яго прыйсці. У выніку пра мастака-мадэльера прыйшлось забыць. Каб хоць кудысьці паступіць, Ціхан абраў прафесію цырульніка у Берасцейскім каледжы сферы абслугоўвання.

«Калі мяне затрымалі першы раз, то было адчуванне, што гэта ўсё хутка скончыцца. Тады ўсе верылі ў блізкую перамогу, якая здарыцца праз пару дзён. Калі мяне адпусцілі, я працягваў выходзіць на акцыі пратэсту. А калі затрымлівалі другі раз, то страшна не было, таму што я ўжо ведаў, што гэта такое», — распавядае берасцеец.

Цiхан Клюкач, Тихон Клюкач, Брестская газета, Брест, политзаключенный брестчанин
Ціхан восенню 2020 года. Калаж:«Бинокль»

Читайте также: «Лучше военный Киев, чем мирная Беларусь». Как брестчанин стал «двойчы уцекачом» и до сих пор завидует Украине

Больш за палову восені за кратамі і «Марш адзінства» у Менску, які прывёў да крымінальнай справы

1 верасня пачалася вучоба ў Берасцейскім каледжы сферы абслугоўвання. А ўжо 6 верасня Ціхан разам з аднагрупніцай Сафіяй Малашэвіч паехаў у Менск на «Марш адзінства». Там берасцейка балончыкамі распісала шчыты спецсродкаў загароджвання сістемы «Рубеж». У выніку сілавікі затрымалі Ціхана, а праз некаторы час і Сафію. Пасля ў сваім апошнім слове на судзе дзяўчына расказала, што Ціхан некалькі разоў прасіў яе адысці ад шчытоў, але яна не паслухалася.

Маладыя людзі прабылі ў РАУС і ЦІП на Акрэсціна тыдзень і выйшлі адтуль з падпіскамі пра нявыездз. Ім высунулі абвінавачванні па арт. 342 КК (удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асобаў). Пазней Сафіі высунулі абвінанвачванне яшчэ і па арт. 368 КК (публічная абраза прэзідэнта). Таксама іх адлічылі з каледжу.

Ціхан вярнуўся ў Берасце, але на свабодзе прабыў нядоўга. 26 верасня да яго дадому на размову прыехалі аператыўнікі Ленінскага РАУС. Яго затрымалі, а пасля некалькі разоў судзілі па артыкуле 24.23 КаАП [да абнаўлення КаАП гэта быў усім вядомы артыкул 23.34] за удзел у несанкцыяваных масавых мерапрыемствах. Усяго яму прысудзілі 45 сутак, а адбываць тэрмін давялося ў ІЧУ Століна і Берасця.

Цiхан Клюкач, Тихон Клюкач, Брестская газета, Брест, политзаключенный брестчанин
Ціхан i Сафія на «Маршы адзінства» у Менску
Цiхан Клюкач, Тихон Клюкач, Брестская газета, Брест, политзаключенный брестчанин
Ціхан i Сафія на «Маршы адзінства» у Менску

Читайте также: Нередко кричали «Слава Україні!»: Житель Барановичей отсидел в ИВС и рассказал, как силовики относятся к войне

Калі ў Ціхана з’явіўся інтарэс да малявання і што ён любіў маляваць у няволі

Свае здольнасці Ціхан выявіў яшчэ ў дзяцінстве. У мастацкую школу не хадзіў, маляваць пачаў сам. Практычна ўсе яго малюнкі звязаныя з гісторыяй Беларусі: часы ВКЛ, Рэчы Паспалітай, уваходжання ў склад Расійскай імперыі, паўстання Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага.

Ён добра ведае гэты перыяд яшчэ з 14 гадоў, калі самастойна захапіўся гісторыяй Беларусі. Пры гэтым хадзіць у школу Ціхану не падабалася, яму было там сумна. Але ўлюбёные прадметы усе ж былі – гісторыя Беларусі і беларуская мова.

Адны з самых вядомых малюнкаў Ціхана ў няволі —  партрэты лідара нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў Кастуся Каліноўскага, полацкага князя Усяслава Чарадзея, дэпутата Сойма Рэчы Паспалітай ад Навагрудскага ваяводства ВКЛ Тадэвуша Рэйтана, украінскага рэвалюцыянера Нестара Махно.

Дарэчы, падчас аднаго з судоў Ціхан пазнаёміўся з вядомым у Берасці краязнаўцам і гісторыкам Ігарам Бараноўскім. Пазней яны адседзелі разам 20 сутак у ІЧУ Століна. У лістападзе 2020 года, пасля выхаду на волю, Ігар Бараноўскі ў інтэрв’ю «БГ» распавёў пра тое, як сядзеў у адной камеры з Ціханам:

«У Століне са мной сядзеў цудоўны малады чалавек Ціхан Клюкач, якога за ўдзел у акцыях паспелі асудзіць на 45 сутак. Ён адзін з рэкардсменаў, але вельмі такі зацяты, вельмі спакойны і інтэлігентны, ён увесь час штосьці маляваў, вельмі многа чытаў. Трошкі піша вершы, наколькі я ведаю. Мне вельмі шкада, што ён трапіў у гэтую сістэму, каторая адбірае ў яго магчымасць жыць нармальна. Хаця гэта жыццёвы ўніверсітэт».

Тады Бараноўскі яшчэ не ведаў, што пазней Ціхану прысудзяць паўтара гады калоніі агульнага рэжыму.

Цiхан Клюкач, Тихон Клюкач, Брестская газета, Брест, политзаключенный брестчанин
Партрэт Кастуся Каліноўскага, які намаляваў Ціхан Клюкач для Ігара Бараноўскага. Фота: facebook.com/ihar.baranouski

Читайте также: Ігар Бараноўскі: «Салідарнасць – гэта самае галоўнае, што мы атрымалі за гэтае лета»

Выхад з ІЧУ, апошнія дні на волі і суд у Менску

Пасля 45 сутак за кратамі Ціхан выйшаў на волю, але дома прабыў нядоўга. 27 лістапада яго выклікалі ў Менск на допыт. Там пракурор паведаміў, што яму змяняюць меру абмежавання з падпіскі пра нявыязд на ўзяцце пад варту. Для Ціхана гэта было нечаканасцю. Яго пасадзілі ў СІЗА-1 на Валадарскага, а 3 снежня этапавалі ў турму №8 горада Жодзіна.

14 студзеня 2021 года ў судзе Кастрычніцкага раёна Менска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні Ціхана Клюкача і Сафіі Малашэвіч. Іх абвінавацілі ў тым, што яны распісалі балончыкамі шчыты спецсродкаў загароджвання на акцыі пратэсту 6 верасня (ч. 2 арт. 339 КК РБ), а таксама ўдзельнічалі ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ). Акрамя таго, Сафіі Малашэвіч высунулі абвінавачванне ў публічнай абразе прэзідэнта (арт. 368 КК РБ).

Падчас суда абвінавачванне адмовілася ад абвінавачвання Ціхана па ч. 2 арт. 339 КК РБ. Пракурор запрасіў для яго адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (па ч. 1 арт. 342). Абвінавачванне таксама перакваліфікавала ч. 2 арт. 339, згодна з якой абвінавачваюць Сафію Малашэвіч, на ч. 1 арт. 339. Такім чынам, шляхам спалучэння пакаранняў па трох артыкулах (ч. 1 арт. 368, ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 339) для яе пракурор запрасіў два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

22 студзеня суддзя Вольга Няборская вызнала Ціхана і Сафію вінаватымі па ўсіх артыкулах і прызначыла пакаранне, якое запрасіў пракурор. Больш падрабязна пра ход судовага працэсу можна прачытаць на сайце «Вясны».

Цiхан Клюкач, Тихон Клюкач, Брестская газета, Брест, политзаключенный брестчанин
Суд над Ціханам і Сафіяй у Менску. Фота: belsat.eu

Читайте также: Суд вынес приговор бывшим учащимся брестского колледжа, которые были на акции протеста у Дворца независимости

ПК №15 у Магілёве, у якой Ціхан адбываў пакаранне

У папраўчай калоніі №15 Магілёва Ціхан знаходзіўся з 1 траўня 2021 года па 7 сакавіка 2022 года. Спачатку ён працаваў у пякарні, дзе плацілі аж 9 рублёў на месяц. Для параўнання: на іншых працах плацілі па 2-3 рублі на месяц. Але мінус пякарні ў тым, што ў цябе ўвогуле няма выходных. Адзін тыдзень ходзіш у дзённую змену, другі — у начную. Пазней Ціхана перавялі ў цэх па вытворчасці дранкі. Там ён працаваў толькі ў будні.

«Штодня мы прачыналіся ў 6 раніцы. Потым была паўгадзінная праверка. Яе заўсёды праводзілі на вуліцы, прычым адміністрацыю не хвалявала, ці быў вецер, дождж, мароз або снег. Пасля праверкі мы снедалі і йшлі на працу. Там мы былі з 8 раніцы да 14 ці 16 гадзін дня. Пасля працы былі розныя рэжымныя мерапрыемствы, лекцыі, выхады ў бібліятэку і г.д. Вольны час у будні быў, але ён залежаў ад пэўнага дня», — узгадвае берасцеец.

Часу для чытання ў яго было не так шмат. У бібліятэцы ён намагаўся шукаць кнігі на беларускай мове. Прачытаў некалькі твораў Уладзіміра Караткевіча і Янкі Купалы. З замежных — Эрнэста Хэмінгуэя і Эрыха Марыю Рэмарка.

Ціхан распавёў, што падчас этапу ў калонію яму ўдалося пранесці пяць нумароў газеты «Новы час». Пры аглядзе асабістых рэчаў паставы кантралёр уважліва вывучаў усе паперы, складаючы іх у асобны стос. Калі ён адцягнуў увагу, Ціхан скарыстаўся момантам і пераклаў нумары газеты ва ўжо правераны стос.

«Я тады не ведаў, колькі ў калоніі стукачоў, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Я даў пачытаць «Новы час» некаторым людзям. А пасля таго пачалася вясёлая эпапея з ШЫЗА. Далі 10 сутак, потым дзень пагуляў, яшчэ 10. У выніку адседзеў 30», — распавядае ён.

Ціхан прызнаецца, што ў ШЫЗА сядзець значна складаней. Асабліва вясной, калі ацяпленне ўжо выключылі, а на вуліцы яшчэ холадна. У ШЫЗА нельга браць кнігі, нельга чытаць і пісаць лісты. Застаецца толькі цэлымі днямі хадзіць па камеры і займацца спортам. А маральна цяжка, таму што ты сядзіш там адзін, размаўляць няма з кім. ШЫЗА з вывадам на працу — гэта лёгкі варыянт, таму што можна паразмаўляць з людзьмі, падыхаць свежым паветрам, папаліць, калі паліш. Але Ціхана на працу не выводзілі.

Цiхан Клюкач, Тихон Клюкач, Брестская газета, Брест, политзаключенный брестчанин
Ціхан на волі. Фота з асабістага архіва

Читайте также: «Бумаги сразу полетели в мусорку». Полине Шарендо-Панасюк дважды предлагали написать прошение о помиловании

Лісты маглі пісаць толькі сваякі

Ціхан узгадвае, што ў СІЗА-1 на Валадарскага і турму №8 у Жодзіна лісты ішлі вельмі доўга. Але затое прыходзіла шмат лістоў ад незнаёмых людзей, якія выказвалі падтрымку, спачуванне і салідарнасць. І Ціхан мог пісаць ім у адказ. А ў калоніі ў Магілёве яго паставілі перад фактам: перапіска будзе толькі з блізкімі сваякамі, якія ёсць у асабістай справе. Лісты ад звычайных людзей палітзняволеным у калонію не даходзяць.

«К моманту выхаду з калоніі лістоў назбіралася даволі шмат. Апроч іх, я забраў Новы Запавет на беларускай мове, які мне яшчэ ў СІЗА на Валадарскага даслаў Зьміцер Дашкевіч. Усе астатнія рэчы я пакінуў у калоніі», — патлумачыў берасцеец.

Малюнкі Ціхану не дазволілі забраць, а іх было таксама шмат. Ён узгадвае, што дасылаў на волю толькі тыя, што маглі прайсці цэнзуру. Напрыклад, цэнзуру не прайшоў бы ні адзін малюнак у бчб-расфарбоўцы, з выявай «Пагоні» ці іншай нацыянальнай сімволікі. Усё гэта засталося ў калоніі.

«Пра карыкатуры на нашага былога прэзідэнта я ўжо маўчу. Адміністрацыя адносілася да іх вельмі кепска. Напрыклад, калі я сядзеў у Жодзіна, пры ператрусе ў мяне знайшлі малюнак Лукашэнкі ў фашысцкім мундзіры і надпісам «лукашызм = фашызм». За гэтую карыкатуру мне далі 10 сутак карцару. А яшчэ паставілі на прафілактычны ўлік як асобу, схільную да экстрэмісцкай або іншай дэструктыўнай дзейнасці», — узгадвае ён.

Цiхан Клюкач, Тихон Клюкач, Брестская газета, Брест, политзаключенный брестчанин
Адзін з малюнкаў Ціхана, на якім ёсць Лукашэнка

Читайте также: Посмотрите, как 18-летний Тихон Клюкач из Бреста, которого судят за беспорядки в Минске, нарисовал Кастуся Калиновского

Адміністрацыя калоніі баялася, калі палітзняволеныя размаўлялі паміж сабой

Ціхан распавядае, што ў першыя месяцы яго зняволення ў калоніі палітычных было няшмат. Адміністрацыя баялася, калі яны размаўлялі між сабой, намагалася спыняць камунікацыю і ціснуць на іх усялякім чынам. З часам палітычных ставала ўсё болей, адміністрацыя ўжо нічога не магла з імі зрабіць.

«Палітзняволеныя вельмі моцна адрозніваюцца ад асноўнай масы зэкаў, таму што гэта людзі з вышэйшай адукацыяй або людзі, якім чужы крымінальны свет і крымінальны светапогляд. Звычайныя зэкі, як ні сумна, — гэта быдла, без адукацыі і маральных прынцыпаў. Большасць іх супрацоўнічае з адміністрацыяй і гатова здаць чалавека за дадатковую пасылку ці званок», — тлумачыць берасцеец.

У спальным памяшканні ў калоніі разам з Ціханам заўсёды было некалькі стукачоў. Але былі і палітзняволеныя, з якімі можна было нармальна паразмаўляць.

Ціхан згодны, што выйшаў з калоніі іншым чалавекам. Ён стаў больш цягавітым і ўстойлівым да перападаў тэмпературы, можа спаць на чым заўгодна, нават на дошках. У ШЫЗА даводзілася спаць на драўляных нарах, матрасы там не выдавалі.

«Я паглядзеў на нашу сістэму знутры. На тую яе частку, якая дужа яскрава прадстаўляе нашую дзяржаву і на якую звычайна не надта звяртаюць увагу. Я лепш зразумеў, што з сябе ўяўляе рэжым Лукашэнкі. Я прыкладу ўсе свае сілы для барацьбы з гэтым рэжымам», — дзеліцца сваімі намерамі малады чалавек.

Цiхан Клюкач, Тихон Клюкач, Брестская газета, Брест, политзаключенный брестчанин
Партрэт Мікалая Статкевіча, які зараз малюе Ціхан

Читайте также: Политзаключенный по «хороводному делу»: «В СИЗО постоянно говорят, что мы теперь позор для своих семей»

Беларуская прапаганда настолькі ўбогая, што адразу зразумела, што было на самай справе

Ціхан распавядае, што інфармацыю ў калоніі можна было атрымаць толькі з дзяржкрыніц: АНТ, «Беларусь 1», «Беларусь 2», «СБ: Беларусь сегодня», іншыя дзяржаўныя газеты.

«Але беларуская прапаганда — гэта не расійкая прапаганда. Яна настолькі ўбогая, што адразу зразумела, што было на самай справе. У мяне не было такога, што ў нейкі момант я пачынаў верыць прапагандзе. Яна на мяне не ўздзейнічала. Зараз нават зэкі разумеюць, што па тэлевізары праўду не кажуць. Як бы яны ні супрацоўнічалі з адміністрацыяй, колькі б не стукалі, яны ўсё разумеюць. Нават сярод іх прыхільнікаў Лукашэнкі практычна няма», — тлумачыць берасцеец.

Пра тое, што Расія напала на Ўкраіну і развязала вайну, Ціхан даведаўся з некалькіх крыніц. Напрыклад, на некаторых радыёстанцыях былі даволі-такі нядрэнныя навіны «з прэтэнзіяй на адэкватнасць». Некаторыя радыёстанцыі ўключалі песні з ўкраінскай мовай. Ціхан хутка зразумеў, што адбылося, што гэта вайна, а не спецаперацыя.

«Аб тым, што з тэрыторыі Беларусі запускалі ракеты ў бок Украіны, я даведаўся дзесьці праз тыдзень пасля пачатку вайны ад людзей, якія хадзілі на званкі. Блізкія расказалі ім пра гэта», — узгадвае ён.

А ў Ціхана на працягу знаходжання ў калоніі было толькі тры кароткія сустрэчы з сям’ёй. Працяглых сустрэч яго ўвесь час пазбаўляла адміністрацыя.

«Калі я сядзеў у калоніі, то не думаў, што зраблю ў першую чаргу, калі выйду на волю. Думаць пра гэта не хацелася, хацелася выйсці як мага хутчэй. Свабоды хацелася больш за ўсё. Калі да сканчэння тэрміну заставалася колькі дзён, я адчуваў сябе спакойна і разумеў, што выйду», — дзеліцца малады чалавек.

Цiхан Клюкач, Тихон Клюкач, Брестская газета, Брест, политзаключенный брестчанин
Цiхан Клюкач падчас інтэрв’ю «БГ»

Читайте также: Попугали украинской армией, опровергли «фейк» о письме Макея: как российская пропаганда работает по Беларуси

«Праз два тыдні пасля вызвалення прыйшоў участковы і стаў дапытваць мяне наконт блакавання чыгуначных шляхоў»

7 сакавіка Ціхан выйшаў на волю. Яго сустрэлі мама і бабуля. Канешне, былі слёзы і эмоцыі. Былі планы з’ехаць з Беларусі, але ён спачатку хацеў паглядзець, што адбываецца ў краіне, ці ёсць якія магчымасці для таго, каб нешта змяніць і працягнуць барацьбу з рэжымам Лукашэнкі.

«Я адаптаваўся досыць хутка. Але ў мяне з’явілася пачуццё насцярожанасці. І яно пацвердзілася, калі літаральна праз два тыдні пасля майго вызвалення прыйшоў участковы і стаў дапытваць мяне наконт блакавання чыгуначных шляхоў. Гэты візіт канчаткова пераканаў мяне ў тым, што трэба з’язджаць. Таму што калі б я застаўся, то, верагодней за ўсё, паехаў бы на строгі рэжым па артыкуле, да якога ніякіх дачыненняў не маю», — распавядае берасцеец.

За той кароткі час, што Ціхан быў дома, ён не пазнаў Берасце. Зусім іншыя людзі на вуліцах, зусім не тыя адчуванні ад горада, што былі раней. Гэта не параўнаць ні з 2020-м, ні нават з 2019-м. Зараз Берасце змрочнае і сумнае. Нашмат меней стала людзей, якія хочуць неяк самавыразіцца. Па вуліцах ходзіць суцэльная шэрая маса.

«Я сумую па тым Берасці, па якім калісьці гуляў. Я сумую па Берасці 2020 года. А па тым, што там зараз, цяжка сумаваць. Гэта тая сітуацыя, якая зараз характэрная для ўсёй Беларусі. Краіна па сутнасці знаходзіцца пад акупацыяй. Цяжка сказаць, што зараз з сябе ўяўляе Беларусь», — гаворыць суразмойца «БГ».

Цiхан Клюкач, Тихон Клюкач, Брестская газета, Брест, политзаключенный брестчанин
Ціхан з маці. Фота з асабістага архіву

Читайте также: «Все те, кого встречала, спят и видят, когда вернутся домой на Родину»: брестчанка – о помощи беженцам в Вене

«Я буду рабіць усё для таго, каб сітуацыя ў Беларусі змянілася»

З пачатку красавіка Ціхан жыве ў Варшаве. Ён падаў заяўку на ўступленне ў батальён імя Кастуся Каліноўскага і спадзяецца, што яго туды возьмуць. Ціхан не баіцца ваяваць, гатовы прайсці навучанне і паехаць у зону баявых дзеянняў.

«Я не буду адчуваць сябе камфортна і спакойна, пакуль у Беларусі існуе рэжым Лукашэнкі. Вялізная колькасць маіх сяброў сядзіць. Дзяўчына, якую я кахаю, сядзіць у нечалавечых умовах. Таму я буду рабіць усё для таго, каб сітуацыя ў Беларусі змянілася», — тлумачыць берасцеец сваю матывацыю ехаць ваяваць ва Украіну супраць рассейскіх захопнікаў.

Па яго меркаванні, Лукашэнка зараз — гэта гаўляйтэр Пуціна. Таму перамога над Пуціным ва Ўкраіне — гэта першы крок да зменаў у Беларусі.

«Калі скончыцца вайна, а я шчыра веру, што яна скончыцца перамогай Украіны, тады, я спадзяюся, прыйдзе час вярнуцца ў Беларусь і зрабіць з Лукашэнкам тое, што ўсе беларусы марылі зрабіць яшчэ з 2020 года», — падсумаваў Ціхан.

Цiхан Клюкач, Тихон Клюкач, Брестская газета, Брест, политзаключенный брестчанин
Цiхан Клюкач

Читайте также: «Искупаю вину за участие Беларуси в войне»: Как брестчанка в гуманитарном центре помогает беженцам переехать в Испанию

Цiхан Клюкач, Тихон Клюкач, Брестская газета, Брест, политзаключенный брестчанин
Адзін з апошніх малюнкаў Ціхана
Цiхан Клюкач, Тихон Клюкач, Брестская газета, Брест, политзаключенный брестчанин
Адзін з апошніх малюнкаў Ціхана
Цiхан Клюкач, Тихон Клюкач, Брестская газета, Брест, политзаключенный брестчанин
Адзін з апошніх малюнкаў Ціхана
Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.