Больш за дзесяць гадоў Сяржук Гаўрыленка вядзе беларускамоўную перадачу «Віленскі сшытак» на Літоўскай тэлевізіі. Мы паразмаўлялі з Сержуком пра тое, чым запомнілася праца ў «БГ», як змянілася стаўленне да беларусаў у гэтым годзе, і ў чым розніца паміж дыяспарай і рэлакантамі ў Літве, дзе беларусы жывуць спрадвеку.
— З якім настроем сустракаеце надыходзячы 2023 год?
— Пасля ковіду ў 2019-ым годзе, крывавага жніўня 2020-га, пачатку вайны ў 2022-м я б ставіўся да Новага году хутчэй насцярожана. Зрэшты, пэўна, варта шукаць святло ўнутры.
Читайте также: «Прыляцелі з Кіева ў Вільню амаль што апошнім самалётам». Размова з берасцейцам, які распрацоўваў сайт Ціханоўскай
Амаль ужо прамінулы 2022 год Літоўская Рэспубліка абвесціла Годам Францішка Скарыны — пяцьсот гадоў таму ён, не зважаючы на тагачаснае ліхалецце вайны з Маскоўскім княствам, прыехаў з Прагі ў Вільню і выдаў тут «Малую падарожную кніжку». Гэта першая кніга, надрукаваная на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага і ўсёй Усходняй Еўропы. Справа ягоная пасля доўгага перапынку была працягнутая ў Берасці, дзе 460 гадоў таму з’явілася знакамітая «Берасцейская Біблія».
Іншы наш спакрэвіч, Мікола Гусоўскі, таксама роўна паўтысячагоддзя таму, хоць і страціў падчас чумы ўсіх сваіх фундатараў, знайшоў такі магчымасць выдаць у Кракаве славутую «Песню пра зубра».
На думку гісторыка Сяргея Абламейкі, у 2023-м годзе належыць адзначаць 160-годдзе новай, мадэрнай Беларусі — 1 лютага 1863 году Кастусь Каліноўскі стварыў Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі.
Прашчуры дзейнічалі насуперак, здавалася б, зусім неспрыяльным абставінам — можа, і нам не зашкодзіць глядзець на свет крыху больш аптымістычна? У рэшце рэшт, 2023 год — гэта і год святога Язафата Кунцэвіча.
— Вы чалавек, які за мяжой даўно. Як змянілася беларуская дыяспара з 2020 году? Якой была прыкладна колькасць беларусаў у Літве раней і якія настроі, погляды былі ў гэтых людзей?
— Асноўная праблема ў тым, што панятак «дыяспара» вельмі часта, асабліва ў сродках масавай інфармацыі, выкарыстоўваюць не зусім правільна, ня надта абгрунтавана. Тры прыкметы дыяспары — пражыванне часткі пэўнага этнасу па-за краінай свайго паходжання, устойлівасць этнічных груп у краіне пражывання і наяўнасць сацыяльных інстытутаў для падтрымання і развіцця сваёй ідэнтычнасці і супольнасці. Таму належыць адрозніваць паняткі «дыяспара» і «рэлаканты», «мігранты», «уцекачы», «перасяленцы». У беларускім асяродку, дакладней кажучы, у Facebook намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага, надоечы нават разгарэлася шырокая дыскусія: не ўсе беларусы, што апынуліся па-за межамі Радзімы, схільныя лічыць сябе часткай дыяспары.
У Літве сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што паралельна суіснуюць два паняткі: tautinė mažuma (нацыянальная меншасць) і tautinė bendrija (нацыянальная суполка). І не ўсе схільныя далучаць сябе да «меншасці», асабліва аўтахтоны гэтай зямлі. А беларусы жывуць у Літве спрадвеку. Яднаць аўтахтонаў і перасяленцаў у адну групу пад назваю «дыяспара» не выпадае.
Што да змен — пасля 2020 году беларусаў у Літве, вядома, пабольшала на некалькі дзесяткаў тысяч.
Статыстычныя падлікі рэгулярна праводзяць пэўныя ўстановы. За два гады перасяленцы, апрача палітычных арганізацый, стварылі некалькі грамадскіх суполак, праводзяць разнастайныя культурныя імпрэзы.
Читайте также: «Хороводник» Илья Егоров о возвращении в Беларусь: «Для чего мы тогда стояли и боролись за это все в 2020 году?»
Што да беларусаў Літвы, то бок тых, хто жыў тут задоўга да 2020 году, іхняя колькасць зменшылася. Паводле вынікаў перапісу насельніцтва 2021 году літоўскіх беларусаў усяго крыху больш за 28 тысяч — а яшчэ дзесяць гадоў таму паводле афіцыйных падлікаў іх было 36,6 тысяч. Сыходзіць старое пакаленне, асімілюецца моладзь. Але, не зважаючы на парадзелыя шэрагі, беларусы Літвы імкнуцца прыстасавацца да новых умоў, працягваюць вырашаць свае асноўныя задачы: выжыць, захаваць сябе, забяспечыць пераемнасць традыцый, падтрымліваць цесныя сувязі з новым пакаленнем. Не так проста рабіць гэта сваімі сіламі, без падтрымкі з «метраполіі», але яны даюць рады. На працягу трыццаці пяці гадоў у Літве дзейнічаюць Віленскі беларускі клуб «Сябрына» і Таварыства беларускай культуры. Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы рэгулярна, штогод праводзіць Святы беларускай песні, якія збіраюць спакрэвічаў з усіх куткоў Літвы і краін-суседак.
Віленская гімназія імя Францішка Скарыны — адзіная ў Літве навучальная ўстанова, што забяспечвае атрыманне поўнай сярэдняй адукацыі на беларускай мове.
Некаторыя арганізацыі ўжо, на жаль, перапынілі сваю доўгатэрміновую дзейнасць. Як, напрыклад, спачатку катэдра, а пазней — Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры на факультэце філалогіі былога Віленскага педагагічнага ўнівэрсітэта.
Што да поглядаў — некалькі год таму распаўсюдзілася выслоўе «Беларусь у нас адна, і нам няма чаго яе дзяліць». Вядома, гістарычную Радзіму шматлікія беларусы Літвы бачаць вольнай, незалежнай, моцнай і беларускамоўнай.
— Ці моцна змянілася, па вашых уражаннях, стаўленне літоўцаў да беларусаў у 2022 годзе з-за вайны ва Украіне?
— Сказаў бы, што рускамоўных «тожэ-беларусаў», як вызначаў Францішак Аляхновіч, пачалі ўспрымаць інакш. Калі чалавек вывучае мову тытульнай нацыі, дзяржаўную мову той краіны, у якой ён апынуўся, гэта, безумоўна, вітаецца. Пагатоў ухваляецца, калі чалавек ведае, выкарыстоўвае і шануе сваю мову. Беларуская мова — гэта выразны паказнік непрыналежнасьці да «рускага свету», які дазваляе гэта вызначыць тэрмінова, без паглыбленняў у тонкія матэрыі і высвятленняў адпаведных настрояў.
— Чым займаліся і займаецеся ў Літве?
— У Літве здаўна існуюць розныя СМІ, прызначаныя асвятляць грамадскае жыццё літоўскіх беларусаў. Адным з іх з’яўляецца беларускамоўная перадача на Літоўскай тэлевізіі. Яе заснавалі беларускія грамадзкія дзеячы, сярод якіх — Валянцін Стэх, Хведар Нюнька, Аляксей Анішчык і Лявон Луцкевіч. Першы выпуск перадачы пад назваю «Запрашае Сябрына» выйшаў у свет у траўні 1990 г. Пасля перадача неаднакроць мяняла сваю назву і працягласць. Цяпер яна называецца «Віленскі сшытак». На працягу амаль двух дзесяткаў гадоў яе стварала тэлежурналістка і паэтка светлай памяці Тацяна Дубавец-Сапач. Дарэчы, сваю кар’еру яна пачынала на тэлевізіі ў Берасці, у супрацоўніцтве з Міколам Пракаповічам. Пасля заўчаснай і нечаканай смерці Тацяны ў аўтааварыі у 2010 годзе працягваць рабіць перадачу прапанавалі мне. Апрача гэтага, я з 2006 году з’яўляюся чальцом рэдакцыі беларускай газеты ў Вільні «Рунь», рэдактарам якой доўгі час быў паэт Алег Мінкін — а ў ягоным жыцці таксама быў берасцейскі пэрыяд.
Читайте также: «Ставім мэту сабраць 500 тысяч беларусаў». Распрацоўшчык лічбавай Беларусі — аб першых поспехах і онлайн-дэмакратыі
— Калі з’ехалі з Беларусі і што сталася прычынай такога рашэння?
— Пасля заканчэння паляністыкі на філалагічным факультэце Берасцейскага дзяржаўнага ўнівэрсітэта ў 2005 годзе я працягнуў адукацыю ў Еўрапейскім гуманітарным унівэрсітэце, які тады толькі аднавіў дзейнасць у Вільні пасля гвалтоўнага закрыцця яго ўладамі ў Менску.
— Як трапілі ў «БГ», якія ўражанні засталіся ад працы?
— Супрацоўнікам «Брэсцкай газеты» мне пашчасціла стаць яшчэ студэнтам, напрыканцы пятага курса філфака БрДУ. Гэта быў новы досвед — я ў журналістыцы з 2001 году, пачынаў у перадачы для моладзі на Берасцейскім радыё. У газеце я пачынаў карэктарам, пасля перакваліфікаваўся ў журналіста.
З цеплынёю згадваю, што першы каляровы папяровы выпуск выдання пачынаў мой артыкул.
— З якіх мясцінаў Вы родам? Ці хочацца вярнуцца ў Беларусь і калі так, то пры якіх умовах? Што б рабілі, калі б вярнуліся?
— Вярнуцца на Радзіму хочуць, напэўна, усе. Іншая справа, што чым больш гадоў мінае, тым менш сэнсу ў вяртанні. Мая малая Радзіма — гарадскі пасёлак Дамачава, што за трыццаць шэсць кіламетраў ад Берасця. Іншай Радзімы я ня ведаю.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: