Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр распавяла BGmedia пра свой шлях да беларускай мовы, а таксама пра тое, як беларусізаваўся Офіс Ціханоўскай. Пра гэта можна прачытаць па спасылцы.
Чытайце таксама: Дарадца Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр: «Не памятаю, каб хтосьці сказаў: з заўтрашняга дня ўсе размаўляем па-беларуску»
Мы паразмаўлялі з Крысцінай і пра тое, як яна бачыць моўную палітыку ў новай дэмакратычнай Беларусі. Каб беларуская сапраўды стала дзяржаўнай, ці патрэбны прымусовыя меры? Што рабіць з тымі, хто ўсё жыццё размаўляў па-расейску і, магчыма, пры гэтым працаваў на дзяржаўнай службе? Пацікавіліся меркаваннем юрысткі.
Чыноўнікі, якія размаўляюць па-беларуску
— Цалкам разумею людзей, якія кажуць, што гэта будзе складана, таму што сама памятаю, як няпроста было пераходзіць на беларускую мову. Але я як юрыстка лічу, што трэба цалкам пераводзіць увесь дзяржаўны дакументаабарот на беларускую мову. А таксама каб чыноўнікі і ўсе людзі на пасадах былі беларускамоўныя. То бок дзяржаве трэба пачынаць у першую чаргу з сябе.
Канешне, патрэбны адукацыйныя праграмы ў школах, беларускамоўнае навучанне. Калі ў нас ёсць расейскамоўнае навучанне і толькі нейкія заняткі па беларускай у школе, гэта, канешне, складана. Але трэба разумець, што калі ты не вывучаеш нейкія прадметы на беларускай мове, гэта значыць, што ты іх ведаеш на нейкай іншай мове. Ёсць прадметы, якія я вывучала выключна на ангельскай мове. Мне бывае складана пра іх размаўляць нават па-расейску.
Таму, калі мы кажам пра змяненне стаўлення да беларускай мовы, тады трэба ўсю праграму паступова перавесці на беларускую мову. Але базава — гэта заканадаўчая база на беларускай, дакументаабарот, чыноўнікі, якія размаўляюць па-беларуску.
Працэс не будзе хуткім, але ён, мне падаецца, можа адбыцца. Калі паглядзець мае раннія інтэрв’ю па-беларуску, яны выглядаюць нейкімі аднабокімі. Калі зараз паглядзець і паслухаць, як я размаўляю, то гэта нашмат больш поўна, афарбавана. Канешне, гэта будзе забіраць час і высілкі.
Чытайце таксама: Міхаіл Кірылюк: «Хай хто-небудзь ужо нарэшце скажа: трэба вывучаць беларускую як замежную мову»
Я за тое, каб у нас была дзяржава, у якой ёсць свая мова. Гэта цалкам нармальна. Мы бачым, як гэта адбываецца ў іншых краінах. Не бачу перашкодаў для таго, каб вытраціць на гэта час, і каб усё атрымалася.
Расейская як дадатковая опцыя
Магчыма, мой праваабарончы досвед дыктуе, што дзяржава ў першую чаргу павінна задаваць тон, а не патрабаваць ад людзей. Калі сказаць: мы з гэтага часу размаўляем толькі беларускай, і не хвалюе, як гэта будзе, — то, канешне, створыцца момант напружання.
Асабліва я думаю пра людзей больш сталага ўзросту. Калі ўсё жыццё размаўляў расейскай, то гэта неверагодны стрэс. Канешне, трэба ствараць магчымасці, каб людзі маглі нешта вырашаць расейскай, але пакідаць гэта дадатковай опцыяй. Усё астатняе павінна быць на беларускай.
Для прыкладу, я патэлефанавала ў Польшчы ў Офіс па справах замежнікаў. На тэлефоннай лініі можна абраць мову, на якой вы хочаце размаўляць. Ёсць польская, ангельская, украінская і беларуская. І далей кажуць, што калі вы абралі такую мову, гэта не гарантуе вам, што вы будзеце размаўляць на гэтай мове. Я датэлефанавалася, і размова ішла на польскай. Для мяне не праблема, проста хацелася гэтую опцыю паспрабаваць.
Дзяржаўная мова ў краіне ўсё ж такі польская. Астатняе — дадатковыя опцыі, якімі, магчыма, вы зможаце скарыстацца.
Мне не блізкая пазіцыя «забараніць увогуле выкарыстанне расейскай», проста выкрэсліць. Для чаго існуе мова ўвогуле? Каб людзі маглі дамовіцца. Калі гэта агульная мова, якую ведаю я і вы, чаму мы не можам ёй карыстацца? Але калі казаць пра дзяржаву, то ўсё ж такі добра, калі ёсць адна мова абароту.
Канешне, нават насельніцтва Польшчы сталага ўзросту ведае расейскую. Але калі я прыходжу ў краму ў Польшчы, у мяне не ўзнікае пытанне, на якой мове мне звяртацца. Абіраю звяртацца польскай, каб была зразумелай мая думка.
Калі мы кажам, што ў сістэме павінны працаваць беларускамоўныя людзі, гэта не павінна быць адразу абмежаваннем для людзей, якія недастаткова валодаюць беларускай. Тут важна зрабіць усё не мерамі выключэння, бо цалкам расейскамоўныя людзі заўсёды хвалююцца, што іх увогуле выключаць са спраў у дзяржаве. Калі аб’яўляць нейкі конкурс на пасады чыноўнікаў, то можна для тых, хто не валодае дастаткова мовай, рабіць курсы падрыхтоўкі да дзяржаўнай службы, курсы беларускай мовы. Дзяржава павінна імкнуцца падтрымліваць усіх. Тых, хто не валодае, падтрымліваць любымі сродкамі, каб людзі вывучалі.
Прымірыць супрацьлеглыя групы
Часам я чую ў дыскусіях пра нейкую «караючую» функцыю, тыпу «мы адсеем гэтых і ўсё, не прымаем». Гэта няправільна. Пасля дэмакратычных перамен трэба імкнуцца да таго, каб уз’яднаць грамадства. Гэта функцыя дзяржавы — усімі магчымымі спосабамі аб’яднаць вельмі разрозненыя групы.
Я чую, што ў некаторых людзей ёсць такое ўяўленне, што калі дэмакратычныя сілы перамогуць, то тыя, хто на баку рэжыма Лукашэнкі, адразу быццам бы знікнуць з Беларусі. А гэта не так. І нам прыйдзецца ўжывацца ўсім разам на адной тэрыторыі адной краіны.
Таму не можа быць увогуле — ні ў моўных пытаннях, ні ў іншых — радыкальнай пазіцыі: робім толькі так, а другую частку грамадства не бачым. У пераходны перыяд будзе задача максімальна аб’яднаць, прымірыць супрацьлеглыя групы. Улічыць інтарэсы, прыйняць меры, каб усім ім дапамагчы жыць нармальна ў грамадстве.
Зараз гэта адна з фішак рэжыма Лукашэнкі: ёсць наша меркаванне, а ёсць тое, якое мы не заўважаем. Праз гэта ствараецца шмат праблем, і калі мы пойдзем такім жа шляхам, то, на жаль, нічога не атрымаецца. Нельга не заўважаць людзей і іх меркаванні. Гэта проста фундамент усяго.
Чытайце таксама: Кацярына Ваданосава: «Мы жылі ў вельмі камфортным, спакойным свеце — і думалі, што так яно і будзе далей»
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: