Анастасия Махомет

«Добрыя людзі таксама ходзяць ваяваць». Дабраахвотніца родам з Івацэвічаў — пра пратэсты, вайсковую медыцыну і «Брэста»

15.08.2022 06:15 Анастасія «Север» Махамет. Источник фото

23 лютага Анастасія сказала, што бамбіць Кіеў — занадта па-вар’яцку ў ХХІ стагоддзі. Але пасля ўсёй дзічы ў Беларусі і да гэтага адаптавалася.
Читайте BGmedia в:

Лекар батальёну «Волат» палку імя Кастуся Каліноўскага Анастасія «Север» Махамет нарадзілася ў Івацэвічах, скончыла Барысаўскі мэдычны каледж, тры гады працавала ў менскай радзільні № 1. Урэшце вырашыла паступаць у медычны ўнівэрсітэт, які ўдала скончыла. Не маючы нікога з медыкаў у сям’і (бацька — вайсковец, праз што сям’я часта пераязджала), з дзяцінства хацела быць лекарам. 

Цяпер прапаганда паказвае ролікі з былымі калегамі Анастасіі, але яны, па словах дзяўчыны, нават нічога кепскага пра яе сказаць не маглі. «Начмед лякарні проста сказала, што я сышла. Ну так, сышла. Некаторым людзям у нашым палку прыдумляюць мінулае, якога не было, а мне нават нічога не прыдумалі», — іранізуе Анастасія. 

Анастасия Махомет
Анастасія «Север» Махамет

Дабраахвотніца расказала «Свабодзе» аб актыўнасці на пратэстах, ролі жанчын на вайне і загінулых пабрацімах. Публікуем галоўнае.

Читайте также: «Я поставил на карту все». Последнее интервью с брестчанином, комбатом «Волата», который погиб под Лисичанском

— Раскажыце пра 2020 год, пра свой удзел у тых падзеях.

— Я была ў кампаніі юнакоў, якія стварылі першы студэнцкі незалежны прафсаюз у Беларусі — гэта быў прафсаюз БДМУ на базе Свабоднага прафсаюзу беларускага. Спачатку я была намесніцай старшыні, а потым старшынёй прафсаюзу. І свяціла тварам, і судзілася супраць універу, і супраць Міністэрства аховы здароўя. Натуральна, іншую пратэставую дзейнасьць даводзілася хаваць, хоць я ўдзельнічала ў маршах. Зрэшты, мне здаецца, што ўсе і так усё разумелі, пагатоў у мяне на руцэ тату з арнаментам, нібыта выпадкова падобнае да бел-чырвона-белага сцягу. Нават супрацоўнікі КДБ у мяне пра гэта пыталіся, а я адказвала, што гэта сымбаль агню — якія пратэсты?

— У рух за перамены вы прыйшлі на хвалі 2020 году ці раней?

— Я не займалася пратэставай дзейнасцю. Да 2020 году мне здавалася, што незадаволеных людзей вельмі мала. 

Я спрабавала ачалавечыць маленькае атачэнне вакол сябе. Мне здавалася, што ў большых аб’ёмах нешта рабіць сэнсу няма, бо нібыта ўсіх усё задавальняла.

Анастасия Махомет
Анастасія «Север» Махамет

— Скажыце як лекар: сітуацыя з каранавірусам паўплывала на пратэст 2020 году?

— Натуральна! Каранавірус і стаўленне да яго раззлавалі людзей. Памятаю: сядзела на карантыне, у маім атачэнні трое людзей з цяжкай пнеўманіяй, а нам расказваюць, што каранавірусу няма. Гэта, мякка кажучы, раздражняла.

— Здаецца, вы напісалі цэлую кнігу аб пратэстах у Беларусі.

— Усё так. Спачатку гэта былі гісторыі людзей пасля маршу 16 жніўня 2020 году. Дапісала кнігу ўжо ва Ўкраіне, пісаць у Беларусі чамусьці не ўдавалася. Героі выдуманыя, але гісторыі рэальныя. Усё адбывалася насамрэч, але з рознымі людзьмі. Я даўно пішу пад псеўданімам «Александр Верт», кніга ў вольным доступе.

— Калі прынялі рашэнне выязджаць з Беларусі?

— Я не хацела выязджаць. І да гэтай пары не ўпэўненая, што пагроза арышту для мяне была. Але былі нейкія непрыемныя званочкі: я заўважыла сачэнне, упэўнена, што хтосьці прыходзіў у маю кватэру, калі мяне там не было. Я баялася падставіць кагосьці. Шмат хто казаў: нават калі мяне арыштуюць, то я нічога не скажу. Я ў такое не веру. Ніколі нельга даць такую гарантыю. Хто яго ведае, якія ў іх будуць метады і як ты будзеш на гэта рэагаваць. 

З цяжкасцю я прыняла рашэнне з’ехаць з краіны. Цяпер аб гэтым не шкадую, бо апынулася на сваім месцы.

— Як з’язджалі?

— Праз Расею. Выехала цягніком у Маскву, а там села на маршрутку і даехала да Кіева, у лістападзе 2021 году такое яшчэ было магчыма. Пад Кіевам у мяне добрая сяброўка, я пражыла ў яе ўсю зіму. Я была на этапе легалізацыі дыпломаў, а паколькі прыехала да Новага году, то вельмі марудна ўсё афармлялі. Дзесьці ў сярэдзіне сакавіка мела атрымаць дазвол на працу. У выніку нічога не атрымала. Наколькі ведаю, беларускі бок так і не адказаў на запыт, ці мой дыплом сапраўдны.

— Як вы сустрэлі вайну?

— Напярэдадні гаварылі з сяброўкай, што вайна хутчэй за ўсё будзе, але ўсё абмяжуецца Луганскай і Данецкай абласцямі. Я яшчэ сказала, што бамбіць Кіеў — гэта занадта па-вар’яцку ў ХХІ стагоддзі. Урэшце стаю я 24 лютага на гаўбцы і думаю: «Ну ніхрана ж сабе! Як такое можа быць?» Але потым я палічыла, што ўсе пратэсты і ўся дзіч у Беларусі, той сюр, які ў нас адбываўся, — своеасаблівая прышчэпка, таму і да гэтага вар’яцтва можна адаптавацца хутчэй.

— Не было жадання сабраць рэчы і паехаць далей — у Польшчу ці куды яшчэ?

— Не. 24 лютага з сяброўкай і яе дачкой ад’ехалі падалей ад Кіева, тады абвесцілі камэнданцкі час на тры дні, як толькі ён скончыўся, то я паехала ў найбліжэйшы вайсковы камісарыят, а пасля пайшла ў тэрабарону медыкам. Пад канец сакавіка я перайшла тады яшчэ ў батальён Кастуся Каліноўскага. Яны шукалі медыка, а я тут побач, да мяне толькі на машыне пад’ехаць.

Анастасия Махомет
Анастасія «Север» Махамет

Читайте также: Добраахвотнік з Берасцейшчыны — пра тое, як закідваў «раёнку» яйкамі і як служыць ва ўкраінскай арміі

— Каб быць вайсковым лекарам, ці шмат вам давялося даведацца новага?

— Так атрымалася, што я шмат цікавілася вайскова-палявой хірургіяй. Шмат чытала адмысловай літаратуры. Тэарэтычных ведаў у мяне было дастаткова, але даводзілася нешта падвучыць, нешта адкрыць для сябе. Я працую на эвакуацыі, не аказваю дапамогу проста на полі бою. Таксама шмат каго вучу, арганізавалі курсы, як аказваць дапамогу, выбачайце, «з га…на і палак». Не было жгутоў, дык мы рэзалі роварную гуму, каб было хоць нешта. А цяпер мы ўжо нават можам носам круціць, што вось гэты турнікет ня дужа надзейны.

— Першага свайго параненага памятаеце?

— Першыя мае параненыя былі лёгкімі, хлопцы з кантузіямі, хто дакладна, нават не запомніла. Было шмат дробязяў. Нават здаралася, што хтосьці з байцоў парэзаў палец, і мне яго таксама прывозілі. Я часта на іх сваруся, што «трохсоцяцца» (раняцца. — Рэд.) на нейкай лухце на базе. Схадзіць у Севераданецк, вярнуцца цэлым, а потым парэзацца пры зборы чарэшняў. Ты дурненькі ці што? (Смяецца)

— А першы сур’ёзны выпадак?

— Гэта гібель «Волата» (Павел Суслаў. — Рэд.). Потым мы высветлілі, што ён атрымаў раненне, не сумяшчальнае з жыццём, але ён доўга быў у прытомнасці. Калі «Волат» трапіў да мяне, у яго ўжо спынілася сэрца, нейкім цудам яго завялі, адвезлі ў лякарню яшчэ з пульсам. Нават пачалі аперацыю, але сэрца спынілася паўторна. Там ужо і не спрабавалі больш, бо бачылі масштаб пашкоджанняў. Гэта «Брэст» тады эвакуяваў на пікапе «Волата», я таксама ехала з імі ў кузаве. Нас абстрэлвалі па дарозе, над намі лётаў «Арлан», такая сабе гісторыя была. Але я тады не заўважыла нічога, мне расказалі пасля.

— Што за чалавек быў «Волат»?

— Гэта такая постаць, якую цяжка ня вылучыць. Ён часта даваў вельмі важныя караценькія каментары. Многія пагаджаюцца, што ён быў такім «бацем» батальёну, хаця і быў усяго толькі камандзірам першай роты. Пару дзён з ім у адным акопе давалі болей, чым два месяцы «вучэбкі». Пасьля яго гібелі шмат было пад пытаннем. 

У той момант для мяне нават было нечакана, як праявіў сябе Ваня «Брэст» (Марчук, загінуў у канцы чэрвеня пад Лісічанскам. — Рэд.). Ён рэальна змог стаць камандзірам, аб’яднаў людзей, гатовых рассыпацца ад разгубленасці.

Калі батальён «Волат» толькі пачынаўся, то я не думала, што Ваня будзе такім класным камандзірам. У мяне ніколі так не вырашаліся пытанні, як з ім. Ён добра чуў, што яму казалі. Не заўсёды слухаўся, але ўнікаў у парады і прапановы. І рашэнні прымаў, узважваючы ўсё. Ён вельмі бараніў людзей, таму, як і «Волат», хадзіў першым. Ён не расказваў, як вам трэба ваяваць, а сам вёў у бой. У тыя дні мы гаварылі з Іванам, я прасіла яго паабяцаць, каб ён як мага сябе бярог. У батальёне ўсё круцілася вакол яго, нейкія сувязі будаваліся, але ўсё было вакол яго. Я яму яшчэ сказала, каб не хадзіў з адной гранатай супраць танку, а літаральна праз два дні адбыўся той бой. Ён быў вельмі сур’ёзным чалавекам, светлым. Гэта гісторыя пра тое, як добрыя людзі таксама ходзяць ваяваць.

Читайте также: «Ни вести бой, ни самостоятельно отходить он уже не мог»: Калиновец рассказал, как погиб Иван «Брест» Марчук

— Наколькі цяжка пасля такога далей рабіць сваё?

— Цяжка было ўсім. У той момант спачатку быў поўны ступар. Нам давялося цалкам пераструктураваць увесь батальён. Я прыняла рашэнне, што да 5 ліпеня не буду прымаць рашэння, што мне рабіць далей, бо была ў аглушаным стане. Тады яшчэ не было ні фотак, нічога, яны лічыліся зніклымі без вестак. Я разумела, што з такімі траўмамі «Брэст» мог выжыць. 5 ліпеня было рандомнай датай, але менавіта ў гэты дзень з’явіліся здымкі Івана. Я зразумела тады, што не магу сысці, не маю права. Проста не дарую сабе.

Анастасия Махомет
Анастасія «Север» Махамет

— Што самае непрыемнае на вайне?

— Унутраныя разборкі. Калі ёсць свае і чужыя, то ўсё зразумела. А ўнутраныя сваркі вельмі выбіваюць, асабліва калі яны тупыя. На шчасце, потым усё згладжваецца.

— А самае прыемнае на вайне?

— Калі яны вяртаюцца жывымі. Я памятаю, як адна аперацыя заканчвалася ў мой дзень нараджэння, і ў нас былі хлопцы, якія былі згубіліся, а пад ранак знайшліся. Яны мне зрабілі найлепшы падарунак на дзень нараджэння.

— У вайны «нежаночае аблічча»?

— У мяне не было такіх праблемаў. Хаця я чула, што «Волат» нібыта быў супраць жанчын на вайне. Хаця я асабіста гэтага не заўважала. Я — медык, я наўпрост не займаюся вайной. Ведаю, якую работу яны выконваюць, і мне цяжка ўявіць, што такое рабілі б жанчыны. Гэта фізічна цяжка. І трэба мець вельмі вялікую вытрымку.

— З якімі праблемамі вы як жанчына сутыкаецеся на вайне?

— Я вельмі лёгка да ўсяго прызвычайваюся. Лёгка сплю ў падвалах. Жылі ў Севераданецку два тыдні ў падвале, усе з такім «выдатным» пахам, што пасля гэтага гатовыя дараваць адно аднаму ўсё, калі мы цярпелі гэты смурод. Яны мяне вельмі берагуць, падкормліваюць салодкім. Я не здольная есці столькі салодкага, колькі яны мне прыносяць. Кожны з іх верыць, што жыццё будзе ня тое, калі не прынясуць мне цукерак. Пры гэтым кажуць: «Калі што, ты ж жыццё нам будзеш ратаваць». Я на гэта адказваю, што не хачу працаваць і ня трэба мне працу падкідваць.

— Адкуль ваш пазыўны «Север»?

— Папраўдзе нейкай гісторыі няма. Я часта мяняла акаўнты ў тэлеграме, у нейкі момант ты перастаеш задумвацца пра сэнс новага ніку, проста бярэш першае-лепшае слова. Я хацела, каб пазыўны нармальна гучаў, каб яго не паблыталі з іншым словам. І першае, што мне прыйшло ў галаву, — «Север».

Щенок
Шчанюк Анастасіі

— У нашу размову часта ўмешваўся ваш шчанюк. Раскажыце пра яго ў канцы гутаркі.

— Гэтага шчанюка я забрала падчас апошняй задачы. Назвала «Шэры». Каля нашай базы была маці і шасцёра шчанюкоў, адзін з якіх запаў мне ў душу. Я забірала яго як звычайнага дварняка, а мне цяпер кажуць, што гэта заходнесібірская лайка. Здаецца, я завяла вялікага паляўнічага сабаку (смяецца). Вельмі часта бяру яго з сабой на заданні, ён спакойна ездзіць у машыне эвакуацыі.

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: