Ігар расказаў «Брэсцкай газеце» пра свой жыццёвы шлях і чаму ён упершыню ў жыцці на цэлы месяц трапіў у ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ).
Вытокі
– Я нарадзіўся і вырас у Брэсце, усё маё жыццё прайшло на набярэжнай Мухаўца. Я і цяпер там жыву.
Першыя тры гады я вучыўся ў 13-й школе, заканчваў 20-ю, і мне было вельмі прыемна, што ў гэтых дзвюх школах, паводле пратаколаў, перамагла Ціханоўская.
Пасля заканчэння школы я паступіў на прыродазнаўчы факультэт БрДУ на спецыяльнасць «настаўнік геаграфіі і біялогіі». На апошнім курсе ўніверсітэта я працаваў настаўнікам у Яцкавічах (Брэсцкі раён), паўгода кожны дзень ездзіў з Брэста ў вёску. Мне там планавалася месца ў школе, у горадзе з гэтым было цяжка. Я ўзяў вольнае размеркаванне. Тады я працаваў у брэсцкім незалежным выданні «Шлях», якое мы спрабавалі выдаваць са старшынёй БНФ Уладзімірам Базаном, і паралельна працаваў метадыстам у брэсцкай філіі Беларускага гуманітарнага-адукацыйнага культурнага цэнтра, больш вядомага як Коласаўскі ліцэй у Мінску. Маёй задачай была арганізацыя навуковага працэсу. Потым ліцэй прыкрылі, спынілася фінансаванне.
Пасля я крышку працаваў на газету «Свабода», нават паспеў зрабіць пару рэпартажаў для «Беларускай маладзёжнай» на радыё. Планаваў са сваім сябрам, мастаком Уладзімірам Базаном, заснаваць выдавецтва, выдаваць кніжкі і газету «Шлях». На жаль, у 1997 годзе пасля рэферэндуму Валодзя заўчасна ў 40 год пайшоў з жыцця ад дзіўнай хваробы. Газета некалькі гадоў праіснавала, нават праз кіёскі прадавалася, а потым гэта ўсё заглухла, пачаўся ціск на прэсу. І я паступова перайшоў на царкоўнае выданне.
На 400-ыя ўгодкі Берасцейскай уніі кіраўнік царквы ў Беларусі апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек прапанаваў мне выдаць юбілейны нумар газеты «Царква». Грэка-католікі выдавалі яе спачатку ў Полацку, потым у Мінску, а потым усё заглухла. Для мяне выдаць амаль што часопіснага фармату нумар, прысвечаны Брэсцкай уніі, якая ў нашым горадзе была заключана, было справай гонару. Пасля гэтага пачалася мая праца ў грэка-каталіцкай царкве. Рэдакцыя пераехала ў Брэст, яе заснавальнікам стала грэка-каталіцкая парафія ў Брэсце, і мы выпускалі газету разам са святаром Ігарам Кандрацьевым. Многія гады газета выходзіла ў друкаваным фармаце, па падпісцы, і тыраж быў для нас вельмі добры. А цяпер мы толькі анлайн, наша аўдыторыя больш маладзёжная. Таксама я займаюся выдавецкімі справамі, вырашаю арганізацыйныя моманты, вяду сацсеткі.
Я – адзін з заснавальнікаў брэсцкай грэка-каталіцкай парафіі. Рэгістрацыя адбылася ў 1993 годзе, я стаяў ля вытокаў, калі яшчэ не было святара, але была царква ў Беларусі, прыязджаў айцец Аляксандр Надсан з Лондана. У мяне продкі праваслаўныя, але, калі далей капнуць ў нашых мясцінах, усе яны былі звязаны з уніяцкай царквой. Таму пошук веры, пошук сваёй царквы, сваёй супольнасці прывёў мяне да царквы, у каторай усё па-беларуску. Для мяне гэта важна. Я хрысціўся ўжо ў дарослым узросце.
У канцы 90-х апостальскі візітатар прапаноўваў мне стаць святаром. У 1997 годзе дзякуючы Сяргею Гаеку мне пашчасціла пабываць на прыватнай аўдыенцыі ў Яна Паўла II. На той момант ён быў ужо стары і нямоглы, але захоўваў гумар, быў адкрытым і простым. На мяне тая сустрэча вельмі моцна паўплывала і ўмацавала маю веру.
Важная частка майго жыцця – краязнаўства. Яно і ў царкву мяне ў свой час прывяло. Я вельмі люблю горад, у якім нарадзіўся. У 90-я мы з Ірынай Лаўроўскай стварылі грамадскае аб’яднанне «Стары горад». Для мяне гэта важны кавалак жыцця, гэта дух, каторым я жыву ўвесь час. Мы сабраліся вакол ідэі адраджэння, захавання кляштара бернардзінак на тэрыторыі крэпасці, збіраліся на акцыі па расчыстцы тэрыторыі з дзецьмі, з моладдзю, былі публікацыі ў прэсе, нейкія матэрыялы. Сёння глядзіш на многія рэчы і разумееш, наколькі мы пайшлі наперад. Шмат інфармацыі, якую можна знайсці, але чамусьці ў Брэсце з гісторыкамі ўсё сумна.
Грэка-каталіцкая царква нешматлікая у Беларусі, але з 90-х гадоў большасць вернікаў – людзі грамадска актыўныя, інтэлігенцыя, моладзь. То-бок яны заўсёды былі неабыякавая да адраджэння, і гэта асноўная прычына, чаму я там аказаўся. І вось у суполцы «Каталікі Беларусі», дзе ёсць таксама актыўныя рыма-католікі, мы дамовіліся, што нарэшце трэба, каб вера была не толькі на словах, але і на справах. Былі вялікія сумненні ў сапраўднасці выбараў, а сведчыць непраўдзіва хрысціянін не можа.
І вось перад выбарамі была распачата такая кампанія: звяртаць увагу на навуку каталіцкай царквы, на нейкія выказванні каталіцкіх іерархаў, святароў адносна таго, як мусіць паводзіць сябе хрысціянін, католік (у першую чаргу на выбарах), і азнаёміць з імі ў першую чаргу католікаў. Людзі маглі адчуць і зразумець, што хрысціянін не можа быць абыякавым, калі робіцца нейкае беззаконне, у прыватнасці на выбарах, ужо не кажучы пра тое, што ў нас было пасля выбараў.
Мая шматбаковая актыўнасць вылілася з маёй грамадзянскай пазіцыі. У 90-я я быў актывістам БНФ-Адраджэння ў Брэсце, у мяне было шмат звязаных з гэтым калег. У студэнцкія часы я быў актывістам і прымаў удзел у розных акцыях у інстытуце.
Краязнаўства, вера і грамадская актыўнасць – гэта тры кіты, на якіх я стаю.
Пра настрой перад выбарамі і неверагодных беларусаў
– Сапраўды, многія расчаравана глядзелі на выбары: маўляў, колькі можна іх праводзіць, усё роўна нічога не адбываецца. Але калі ў маі абвясцілі выбарчую кампанію, я сказаў: «Людзі, не закрывайцеся». Успомнім 1991 год. У сакавіку быў рэферэндум за захаванне СССР. Мы тады ўжо ведалі, што Прыбалтыка выходзіць з СССР, Украіна таксама. Што Беларусь? Незразумела. І вось 80% у Беларусі галасуе за захаванне СССР. Здаецца, такія ўпадніцкія настроі. Потым ідзе пагаршэнне сітуацыі, наезды на Гарбачова і г. д. і ў выніку ГКЧП. Здавалася, што ўсё кепска – далей ужо няма куды. А праз пару дзён, 25 жніўня, Беларусь абвяшчае незалежнасць. Бел-чырвона-белы сцяг, потым «Пагоня» становяцца нашымі дзяржаўнымі сімваламі. Тое, што здавалася немагчымым, у момант аказалася рэальнасцю. І я не скажу, што яно ўзялося ніадкуль. Я быў сведкам гэтых падзей у Брэсце, пасля путчу тут таксама быў вялікі мітынг.
І сёлета я казаў таксама: «Людзі, будзьце проста адкрытымі. Мы не ведаем, дзе той пункт, пасля якога ўсё павернецца і той свет, які даўно аджыў і не дае жыць нам па-людску, адыдзе». І калі з’явіліся нечаканыя (я думаю, для усіх) патэнцыйныя кандыдаты, я сказаў: «Вось ужо першыя неспадзеўкі». Трэба было быць гатовым да перамен, каб гэтым не скарысталіся ні Расія, ні нейкія цёмныя сілы. Тыя, хто выступае за беларускую незалежнасць, павінны быць гатовыя да ўсяго, як у 1991 годзе.
Так і адбылося. Тыя перамены, якія мы пражылі за гэта лета, настолькі змянілі наша грамадства, што мы, беларусы, – неверагодныя, нягледзячы на тое, што ў плане ўлады у нас усё па-ранейшаму. Але ў плане змены грамадства, свядомасці людзей я вельмі моцна ўражаны. На ўсё воля Божая, і калі няма людскіх сілаў, Ён можа змяніць тое, што змяніць, здаецца, ніяк не магчыма. Вось так я глядзеў на гэтыя выбары.
Читайте также: Брестский священник о белорусских протестах и президенте: «Власть – это дар от Бога, данный для служения людям»
Выбары і пасля выбараў
– У дзень выбараў я быў назіральнікам на ўчастку ў 15-й школе, якраз на праспекце Машэрава, дзе адбыліся сумна вядомыя сутычкі пратэстантаў і сілавікоў. Я чакаў вынікаў на сваім участку. Мяне чатыры разы выводзілі з будынку супрацоўнікі міліцыі. Камісія доўга не выносіла пратакол, яны выключылі святло ў школе і таемна пакінулі будынак. А вынікаў чакала каля пяцідзесяці чалавек.
На участку афіцыйна перамог Лукашэнка, хаця і з не такім вялікім адрывам, але веры гэтым вынікам не было, бо я бачыў, колькі людзей ішло галасаваць з белымі стужкамі на руцэ. Я настаўнікам казаў, калі мяне выдалялі: «Калі ў вас тут усё сумленна, чаму вы мяне баіцеся? Я паводжу сябе культурна, як калега, не кідаюся». Але гэта варожасць, падзел на «правільных» і «няправільных» назіральнікаў уражвалі.
Выбары былі сфальсіфікаваны, і я як хрысціянін, як чалавек з актыўнай грамадскай пазіцыяй не мог маўчаць, калі пачаліся акцыі пратэсту.
Калі мяне затрымалі, я і ў судзе, і ў размовах з міліцыянерамі падкрэсліваў, што я – законапаслухмяны грамадзянін і хрысціянін, які не можа не маўчаць, а хоча мірным спосабам, сумленна выказваць сваю пазіцыю, калі робіцца нейкая несправядлівасць. Прызнаюся шчыра: у апошнія гады я больш займаўся культурнай, краязнаўчай і царкоўнай дзейнасцю, думаў, што гэта кампанія пройдзе спакойна для мяне. Я быў адкрыты, але не мог уявіць, што гэта ўсё настолькі перавернецца, што будзе такі перакулены свет, што белае будуць называць чорным і наадварот.
Вядома, я, як кожны чалавек, баяўся быць пабітым, кінутым у нейкую каталажку, дзе цябе будуць зневажаць. Ніхто гэтага не хоча. Але ўнутрана я быў гатовы. І калі мяне 4 кастрычніка (дарэчы кажучы, у Дзень настаўніка) затрымалі, я маральна быў гатовы. Бо ўжо столькі людзей да мяне было затрымана і нават пабіта, што я спакойна гэта ўспрыняў, ведаючы, што я трымаюся праўды.
Але я не быў гатовы да таго цынізму, з якім сутыкнуўся падчас судовага пасяджэння. Я думаў, што суддзі – гэта адукаваныя людзі, якія павінны захоўваць закон, трымацца яго. І спадзяваўся, што вось гэтымі 72 гадзінамі, на якія мяне затрымалі, усё і скончыцца, магчыма, дадуць нейкі штраф. І мая першая рэакцыя на 15 сутак была вельмі эмацыйная. Я быў гатовы ў знак пратэсту распачаць галадоўку, але людзі, з якімі я змог пагаварыць яшчэ ў судзе, спынялі мяне: «Ігар, беражы здароўе, іх яно не цікавіць, яны цынічныя». У камеры, супакоіўшыся трошкі і памаліўшыся, я зразумеў, што сапраўды гэта не тая ахвяра, якую я павінен рабіць. Будзе больш карысна, калі я буду маліцца за сваю краіну за кратамі, пры гэтым захоўваючы сваё здароўе.
Дарэчы кажучы, калі мяне прывезлі пасля суда ў ізалятар, была пустая камера і на стале ляжаў маленькі «Новы запавет» на рускай мове і кавалак чорнага хлеба. І на паліцы быў «Новы запавет» і «Псалтыр». Я потым запытваў у многіх, хто сядзеў на сутках, ці сустракалі яны «Новы запавет» – усе казалі, што не. Для мяне гэта быў як знак ад Бога: калі ты вернік, ты мусіш захоўваць годнасць і маліцца за іншых.
Новы суд
– Калі я пачаў адсідку сваіх першых пятнаццаці сутак у брэсцкім ізалятары, на наступны дзень ці праз дзень прыйшоў намеснік кіраўніка РАУС Мікалай Самасюк. І ён асабіста цікавіўся, дзе працую, чаму пратэстую, дзе затрымалі. І ў мяне з ім адбылася досыць вострая дыскусія на тэму веры, грэка-каталіцкай царквы, маёй хрысціянскай пазіцыі. У размове з ім, а потым яшчэ са следчымі, каторыя мяне дапытвалі па справе карагодаў-вадамётаў, я пачуў столькі няпраўды пра каталіцкую царкву, пра мітрапаліта Кандрусевіча, пра айца Ігара Кандрацьева і зразумеў, як яны сябе накручваюць. І калі 12 кастрычніка я атрымаў новыя 15 сутак, быццам бы за ўдзел у мітынгу і шэсці 13 верасня, і зразумеў, што гэта з-за маёй хрысціянскай пазіцыі, з-за таго, што я імкнуся як вернік выкрываць усе гэтыя фальсіфікацыі. Гэта была помста. Гэты было нечакана для мяне, але я быў гатовы да новых 15 сутак. Хоць і непрыемна цэлы месяц жыцця страціць. Гэтае сядзенне – гэта проста марнаванне часу. Фізічна мяне там не зломяць, маральна тым больш. Я бачыў там шмат аднадумцаў, мы адзін аднаго падтрымлівалі і стараліся з гумарам прымаць тыя абставіны, у якія трапілі.
Пра ўмовы арышту
– Быт у ІЧУ – гэта аскепак гулагаўскай сістэмы. Я нават думаў: ну як гэта можна адрамантаваць, што ізалятар у Століне, што ў Берасці, што там можна паправіць. Тое, што яшчэ да суда ты трапляеш у горшыя ўмовы, чым у СІЗА, то гэта, вядома… Гэта напамін пра тое, ад чаго наша грамадства не адмовілася. У галовах многіх людзей застаўся кавалак таго свету, калі нашых продкаў рэпрэсавалі. Мала чым змяніліся гэтыя камеры. А тыя здзекі, якія многія ведаюць па Акрэсціна, асабліва падчас масавых затрыманняў 9 – 11 жніўня, гэта праява таго, ад чаго грамадства да канца не адраклося. У галаве гэтыя ГУЛАГ, Сталін, камунізм, і ад таго, што частка людзей таталітарна мысліць, мы дагэтуль пакутуем. На жаль, гэта частка аказалася пры ўладзе і карыстаецца ёю, як хоча, супраць людской годнасці, не кажучы ўжо пра нейкую справядлівасць. Тут нават элементарная чалавечая годнасць зневажаецца ў гэтых ізалятарах, не кажучы пра масавыя затрыманні, калі людзей збівалі ні за што. Ці нармальна ў XXI стагоддзі у цэнтры Еўропы біць, забіваць за погляды?
Я б сказаў, што праблема сённяшняга грамадства – не толькі і не столькі Лукашэнка і яго найбліжэйшае акружэнне, а тыя, хто выконваюць яго ўказанні. Як у сталінскія часы, былі тыя, хто ігнараваў, а былі тыя, хто спяшаўся наперад, не проста выканаць, а перавыканаць. І ў нас, на жаль, сёння я гэта назіраю.
Нашы турмы аказаліся забітыя і нас ужо з Брэста кідалі на ІЧУ ў раёнах. Мяне адправілі ў ссылку ў Столін. Я думаю, гэта асобны вопыт і для столінцаў, бо многія з іх не чакалі, нават супрацоўнікі, не кажучы пра выпадковых людзей, якія траплялі на суткі, што пратэсты працягваюцца і ў Брэсце, а не толькі ў Мінску.
– У Брэсце я быў 10 сутак, у дзвюх камерах. У мяне вельмі добрыя ўражанні ад маіх суседзяў. Звычайныя рабацягі, аўтаслесары, работнікі завода – я заўважыў у гэтых простых хлопцах сапраўдную мужнасць, сапраўдную гатоўнасць адстойваць справядлівасць, што б гэта ні каштавала. За гэта лета яны прынялі беларускія каштоўнасці – бел-чырвона-белы сцяг, Пагоню і стаўленне да дэмакратыі – як сваё. Як тое, за што яны мусяць змагацца ўсімі даступнымі сродкамі і ніякія арышты іх не зломяць. Пасля прыгавору 8 кастрычніка мне ў камеры трапіліся іншыя хлопцы: доктар-анестэзіёлаг Цімур Лозка, інжынер-праграміст вялікай IT-кампаніі Сяргей Вельгас. Яшчэ адзін хлопец, Руслан, працуе дальнабойшчыкам, а раней у яго была маленькая кавярня ў цэнтры Брэста.
Наша камера для мяне была такім зрэзам грамадства. Праўда, быў яшчэ Юра-алкаголік, які трапіў у вельмі складаную жыццёвую сітуацыю, але, на дзіва, не страціў унутраную прыстойнасць. Ён сеў на сем сутак за тое, што ўкраў два батоны каўбасы ў краме. Паўгода ён праводзіць у ізалятарах, яшчэ паўгода дзесьці туляецца. Але калі мяне выклікалі на допыт, я сказаў яму: на стале ежа, можаш браць, што хочаш, не пытацца. І калі я вярнуўся, то убачыў, што ён нічога без мяне не узяў.
Вопыт брэсцкіх зняволеных вельмі цікавы, мы прыемна бавілі час. Я вельмі ўдзячны тым, хто паспеў перадаць перадачы. Вядома ж, мы абмяняліся кантактамі.
У Століне са мной сядзеў Андрэй Прыстаўка, ён таксама адзін з рэкардсменаў у Брэсце. І другі хлопец, цудоўны малады чалавек Ціхан Клюкач, якога за ўдзел у акцыях паспелі асудзіць на 45 сутак толькі ў Берасці, а агулам на 60 сутак (зараз хлопец з’яўляецца фігурантам крымінальный справы, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем — заўв. рэд.). Ён адзін з рэкардсменаў, але вельмі такі, я б сказаў, зацяты, вельмі спакойны і інтэлігентны, ён увесь час штосьці маляваў, вельмі многа чытаў. Трошкі піша вершы, наколькі я ведаю. Мне вельмі шкада, што ён трапіў у гэту сістэму, каторая адбірае ў яго магчымасць жыць нармальна. Хаця гэта жыццёвы ўніверсітэт.
Я месяц на бачыў люстэрка, толькі два разы за ўвесь тэрмін удалося прыняць душ. Усё не па-людску.
Былі ў нас у Століне выпадковыя зняволеныя. Нас было ў камеры трое, і часам яшчэ два месцы запаўняліся, як правіла, на выхадныя. Столінцы – людзі своеасаблівыя. Тут любяць ездзіць без правоў, па шмат разоў сядзець за гэта, плаціць штрафы, далей ездзіць, зарабляць немалыя грошы. Мне цікава было з гэтымі людзьмі размаўляць. З павагай да нас, палітычных, ставіліся усе – і пастаянныя кліенты, і выпадковыя вязні.
Час праляцеў хутка. Кожны дзень чытаў, маліўся, чытаў «Новы запавет», «Псалтыр» – для мяне гэта важна. Кожны дзень зранку – псалом 26, каму цікава, можаце праверыць. Вечарам псалмы 139, 141 – там ёсць і пра нашу сітуацыю ў краіне, і пра несправядлівыя суды, і пра тое, што Гасподзь усё бачыць і што ўсё будзе нармальна ў нас. Вядома, было шмат цікавых размоў, але хацелася б іх весці на волі. Я атрымаў аграмадную падтрымку, салідарнасць у выглядзе лістоў, за што вельмі ўдзячны. Больш за 30 лістоў. Усе іх, безумоўна, чытаюць супрацоўнікі ІЧУ – тое, што нам пішуць і што мы пішам. Мне пісалі як вядомыя мне людзі, так і незнаёмыя: з Брэста, Мінска, Пінска, нават Санкт-Пецярбурга быў ліст. Вельмі прыемна было, што напісаў даўні знаёмы з Масквы. А яшчэ не менш за 9 чалавек мне пазней сказалі, што таксама дасылалі лісты, але я іх не атрымаў. Гэта вельмі важна – адчуваць падтрымку і там. Па вызваленні мне аддалі яшчэ некалькі лістоў. Былі перадачы. Тут вельмі шмат паспрыяла Аксана Дабрыянец.
З Брэста нас было восем чалавек: сем хлопцаў, адна дзяўчына. Магчыма, нас завезлі так далёка ад Брэста, каб мы засталіся без падтрымкі, але аказалася, мы прынеслі свой вопыт і пра тое, што робіцца ў нашай краіне, праз нас даведаліся многія столінцы, у тым ліку – праз лісты – і супрацоўнікі ізалятара: што мы прыстойныя людзі, якія хочуць дабра сваёй краіне. Мы сапраўды як тое насенне, нас раскідалі па ізалятарах, каб мы даносілі праўду і да людзей у тых мясцінах, дзе людзі можа менш смелыя, менш актыўныя, але таксама могуць праявіць сябе.
Салідарнасць – гэта самае галоўнае, што мы атрымалі за гэта лета і што мы павінны берагчы і развіваць. Наша салідарнасць – гэта ўсё. Няважна, якая там улада. Колькі яшчэ яна пратрымаецца, гэта пытанне часу. Пытанне, хто мы і за што мы, тут і цяпер. Што мы сведчым, што мы нясём у нашу краіну, у наша грамадства.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: