У мінулай размове з Кацярынай Ваданосавай мы закранулі створаную ёй у Беластоку Школу традыцыйнага строю. Па словах Кацярыны, адной з прычын такога рашэння стала анкалагічная хвароба і разуменне хуткаплыннасці жыцця, ад чаго з’явілася жаданне паспець падзяліцца ведамі і ўменнямі. Таксама спрычынілася і любоў да аўтэнтычных і якасных вырабаў, занадта складаных, каб іх рабіць на замову.
«Я разумею, што калі я буду працаваць так, як я люблю, то рэчы, якія я ствараю, будуць вымагаць за сябе вялікай платы, і далёка не ўсе на гэта гатовыя пайсці. Таму мне падумалася, што прасцей навучыць людзей ствараць строі згодна з уласнымі густамі і перавагамі, чым мне падладжвацца пад чыйсці густ, фінансавыя магчымасці і пажаданні», — распавяла BGmedia рэканструктарка, спявачка і тэлевядучая.
Чытайце таксама: Кацярына Ваданосава: «Мы жылі ў вельмі камфортным, спакойным свеце — і думалі, што так яно і будзе далей»
Гэтым разам паразмаўлялі пра тое, як беларусы рэканструююць строі родных мясцін у школе, якая працуе амаль з пачатку восені. Кацярына Ваданосава, выкладачка гісторыі па адукацыі, плануе, што да канца навучальнага года ўсе ўдзельнікі зробяць сабе базавы камплект традыцыйнага строю.
Переглянути цей допис в Instagram
— З якой перыядычнасцю праходзяць заняткі, і што людзі зараз вучацца рабіць?
— Напачатку гэта задумвалася як праца некалькіх груп, каб кожная група збіралася раз на тыдзень. У прынцыпе так і адбываецца, але з некаторымі акалічнасцямі, пра якія я раскажу пазней.
Кожная група, у якой некалькі чалавек, хлопцы і дзяўчаты, сустракаецца са мной у вызначаны час. Напрыклад, адна група збіраецца ў сераду ў 11:30, другая — па чацвяргах у 18:30 вечара, трэцяя, група выходнага дня, — а 10-й раніцы па суботах. Заняткі доўжацца дзве гадзіны.
Я сабе стварыла праграму: кожны занятак мусіў складацца з тэарэтычнай часткі і практыкаванняў. Напрыклад, мы праходзім дэкаратыўна-канструктыўныя швы. Спачатку я расказваю і паказваю, дзе яны выкарыстоўваюцца, у якіх рэгіёнах, якія бываюць. Паказваю на ўласных строях, паказваю слайды. Потым мы спрабуем гэта паўтарыць уласнымі ручкамі. У кагосьці атрымліваецца, у кагосьці не атрымліваецца. Потым вучні атрымліваюць хатняе заданне, ідуць шчаслівыя дадому, і хто мае сумленне, той спрабуе дома штосьці рабіць.
Зразумела, што я не стаўлю адзнакі. У мяне толькі ёсць сістэма «плюшак»: напрыканцы кожнага занятка кожны наведвальнік можа абраць сабе налепку. Я закупілася цэлай кучай налепак прыгожанькіх, вясёлых. Некаторыя вучні ўжо ўвесь тэлефон сабе гэтымі налепкамі паабклейвалі.
Але я нікога не магу прымусіць хадзіць на заняткі. Частка людзей ходзіць заўсёды, частка не ходзіць ніколі, частка — спарадычна. І атрымліваецца, што кожны чалавек мае свой уласны тэмп.
У мяне ёсць людзі, якія ўжо другую ці трэцюю кашулю вышываюць. Спачатку маме, сястры, дачцэ, потым сабе. Некоторыя на замову сталі рабіць. А ёсць тыя, хто да гэтага часу вучыцца ўцягваць нітку ў іголку.
Гэта складана, таму што прыходзяць людзі на занятак, і мне трэба ўдзяліць увагу ўсім. Часам мяне мучыць сумленне, таму што ёсць людзі, якім даводзіцца адну і тую ж інфармацыю слухаць некалькі разоў. Яны б пайшлі далей, але ёсць тыя, хто яшчэ знаходзіцца на пачатку шляху.
Переглянути цей допис в Instagram
Зараз мы дайшлі да таго ў нашых рэляцыях, што фіксаваны час заняткаў у нас застаецца, але я не спрабую ўсіх падагнаць пад адзін знамянальнік. Я прыходжу з неакрэсленай, аморфнай праграмай. Я знаю, на якім прыблізна этапе хто знаходзіцца. Зараз кожны ўжо раскроіў і вышывае кашулю, і мы робім паясное адзенне: нагавіцы, спадніцы. А яшчэ я раблю індывідуальныя сустрэчы, то бок дамаўляюся з уладальнікамі Беларускага хаба, дзе знаходзіцца школа, яны мне адмыкаюць па запыце памяшканне, я там сяджу і чакаю людзей. Некаторыя прыходзяць па дамоўленасці, некаторыя проста забягаюць як на гарбату. «А вось я на Allegro знайшла тканіну, паглядзі, якая лепш». Або: «Хачу вось гэтую вышыўку. Скажы, ці хопіць мне навыкаў, каб яе выкарыстаць».
Я у хабе зараз праводжу большую палову дня.
Напрыканцы лютага мы паспрабуем калектыўна сабрацца, бо ў нас будзе новая тэма — мы будзем вучыцца ткаць паясы.
Переглянути цей допис в Instagram
— Колькі зараз людзей ходзіць на заняткі?
— Напачатку было 33 чалавекі, але з цягам часу хтосьці сыходзіць або ходзіць вельмі рэдка, і атрымліваецца, што сталых наведвальнікаў зараз чалавек 18. Груба кажучы, чалавек па шэсць у кожнай групе.
Я лічу, што гэта вельмі файна, асабліва для Беластока. Гэта ж не Варшава, тут больш дробная кангламерацыя.
Чытайце таксама: “Бязмежжа” ў Беластоку: “…І ўсё менш ува мне мяне, і ўсё больш бязмежжа…”
— Які гендарны склад? Хлопцы падцягваюцца на такую справу?
— Хлопцы ёсць, але, зразумела, яны складаюць нязначны адсотак. Зараз у мяне тры хлопца, то бок адна шостая частка. Людзі рознага ўзросту. Ёсць мужчына, які робіць строй сваёй дачцэ, якой зараз гадоў 10. А ёсць мастак Яраслаў, якому 19 гадкоў ці, можа, 20. Самой малодшай з дзяўчат дзесьці 14. Яе тата запісаў на школу. Я пастаянна ў яе пытаюся, ці камфортна ёй, бо яна не сама прыйшла. Але ходзіць. Самай старэйшай за 60.
Я ўсіх успрымаю як дарослых людзей. І насамрэч не адчуваецца асабліва разбежка ва ўзросце. Гэта праца, не звязаная з жыццёвым досведам. А практычнага досведу, як практыка паказвае, што ў пенсіянераў, што ў 14-гадовых аднолькава. Канешне, людзі шытвом у наш век займаюцца вельмі рэдка. Таму ўсе ў роўных умовах.
— Калі прыйшоў чалавек, які не дужа трымаў іголку ў руках, за колькі прыкладна часу ён можа зрабіць сабе кашулю?
— Вось бярэм прыклад Яраслава. Ён ніколі раней не шыў і іголку ў руках не трымаў. Зараз у яго ёсць раскроеная кашуля, і ён вышывае манжэты. Канешне, за ім трэба вельмі пільна сачыць. Часам бывае, што ён прыносіць нейкі кавалачак вышыўкі, і аказваецца, што яго цяжка выправіць. І прыходзіцца думаць, што рабіць: пакідаць як ёсць ці ўсё пароць.
Але я думаю, што бліжэй да канца навучальнага года ён усё ж такі справіцца са сваёй кашуляй, і яна ў яго будзе гатовая.
Тут яшчэ вельмі важная такая справа, як натрэніраванасць рукі, тэмп. Мала проста навучыцца базавым прынцыпам: адзін крыжык мы робім, зачапляючы альбо дзве на дзве нітачкі тканіны, альбо тры на тры. Трэба яшчэ гэтых крыжыкаў зрабіць некалькі тысяч, каб зразумець, як найбольш эрганамічна іх рабіць, і проста набіць руку. Напачатку, канешне, усім цяжка.
Переглянути цей допис в Instagram
— Навучальны год доўжыцца да лета?
— Так. У мяне ёсць план, што да канца навучальнага года мы зробім базавыя элементы строю: для хлопцаў гэта кашуля, нагавіцы, пояс, для дзяўчат — кашуля, спадніца, фартух, пояс. Фартухі, хутчэй за ўсё, будуць не вышыванымі. Альбо мы іх будзем рабіць чыста белымі, а потым дзяўчаты будуць вышываць як хочуць, альбо з каляровай тканіны, як у некаторых рэгіёнах было прынята. Усё залежыць ад таго, строй якога рэгіёна кожны чалавек рэканструюе.
Адносна фартухоў, нам трэба будзе яшчэ павучыцца вязаць карункі шыдэлкам. Усё ж такі файна, калі фартушок хаця б беленькі, але з карункам.
Переглянути цей допис в Instagram
— Калі людзі выбіраюць строі, яны прывязваюцца да мясцовасці, дзе ў іх карані?
— Так. Прывязваюцца вельмі моцна. Часам даходзіць да абсурду. Паколькі гэта Беласток, то тут вельмі шмат гарадзенцаў. І ўсе хочуць рэканструяваць гарадзенскі строй. Нават вельмі вузка гарадзенскі, не панямонскі. А для яго толькі пара кашуль вышытых. Адну з іх я рэканструявала, з чорнай вышыўкай. Прытым што, хутчэй за ўсё, на Гарадзеншчыне яна з’явілася выпадкова, а належыць да стыку Магілёўшчыны і Гомельшчыны. І ў мяне чалавекі чатыры хочуць менавіта гэтую кашулю. Цяжка растлумачыць, што гэта будзе як у падлеткаў, мода на інкубатар, каб усе былі аднолькавыя.
Переглянути цей допис в Instagram
Чытайце таксама: Стваральнік бібліятэкі «Камунікат»: «Вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі з успамінамі, біяграфічныя кнігі»
Людзі, канешне, хочуць паказваць, адкуль яны родам. Часам гэтага цяжка дасягнуць. Калі чалавек родам з Гомельшчыны, з Веткаўшчыны, дзе багацейшая вышыўка, абсалютна адметны строй, а чалавек не ўмеў вышываць дагэтуль — цяжка растлумачыць, што «Давай мы зробім штосьці сярэднестатыстычнае, ты наб’еш руку, а потым будзем займацца рэканструкцыяй менавіта неглюбскага строю, напрыклад».
Гэта таксама звязана з выдаткамі. Адна справа — рэканструяваць сярэднестатыстычнае Панямонне, дзе небагата вышыўкі, дзе стрыманыя, бліжэй да гарадскіх, строі, і іншая — рэканструяваць тую ж самую Неглюбку, дзе адмыслова трэба шукаць ткача, які сатчэ панёву. Там насіліся толькі адмыслова сатканыя з пэўным узорам панёвы.
Таму некаторыя спрабуюць рэканструяваць строй больш-менш свайго рэгіёна, але з невялікімі адхіленнямі. Я спадзяюся, над намі не будзе стаяць ніякі этнограф з навуковымі ступенямі і пугай, які будзе казаць: «Ага, а у вас тут саян, але кашуля калінкавіцкая. Як там можна? Фу-фу-фу».
— Ці абіраў хтосьці строі з Берасцейскага рэгіёна?
— Ёсць пару людзей з Берасцейшчыны — Маларыта, Кобрын. Але гэтыя людзі пакуль не маюць трывалых навыкаў, каб заняцца, напрыклад, рэканструкцыяй маларыцкага строю. Там трэба вельмі замарочыцца, каб зрабіць гэта агромністы аб’ём вышыўкі і саткаць сабе спадніцу адмысловую. Плюс да таго кобрынскі, маларыцкі строі вельмі архаічныя. І, так бы мовіць, сучаснае ўспрыманне эстэтычнага адрозніваецца ад таго, якім яно было ў нашых продкаў. Атрымліваецца, што маларыцкі, кобрынскі строі мала каму падабаюцца на сённяшні момант.
Дзяўчынка, якая з гэтага рэгіёна, глядзіць больш на захад, напрыклад, у бок дамачоўскага строю. Ён абсалютна іншы, але больш сучасны, больш эстэтычны. Там гарсэцік прыгожы, кашуля з адкладным каўнерам.
— Ці ёсць адчуванне, што людзі ідуць у школу з камунікатыўнымі патрэбамі? То бок каб знайсці аднадумцаў, падзяліцца сваімі інтарэсамі.
— Ёсць пару такіх чалавек. Ёсць нават такія, якія ўжо ўмеюць вышываць. Яны ідуць у школу, каб тусіць.
Я вышываю даўно, шыю даўно, і заўсёды гэта было: «А зачем? Можно ж пойти купить. А во что это вообще ты одета? Что это за фигня такая?» А аказалася, што не адна я такая. Людзям падабаецца, цікава. І класна знаходзіць аднадумцаў. Прыносіць пячэнькі на занятак, папіць каву, паразмаўляць. Гэта як клуб.
— Якія ў вас планы на наступны год?
— Гарсэты, галаўныя ўборы, верхняе адзенне, абутак.
У нас ёсць пэўны дэдлайн — Купалле. Акурат гэта канец навучальнага года, трэба будзе выгуляць усё тое, што мы зрабілі, будзе фотасесія. Ну і хочацца, каб мы скарылі ўвесь Беласток сваімі купальскімі строямі. Тут ладзяць купальскі фэст, і не адзін, і ўсё гэта можна выгуляць, паказаць, пахваліцца.
— Ці хапае на гэтую справу сіл, ці дае гэта дастаткова аддачы, каб можна было працягваць? Ці не ператвараешся ў асобу, якая ўсім павінна і пастаянна на разрыве, каб справіцца з гэтай справай?
— Ёсць такая рэч. Я б схлусіла, калі б сказала, што гэта ружова і вясёлкава. Мне падаецца, тут спрацоўвае такая рэч — памятаеце у Марка Твэна Тома Соера, які фарбаваў плот? Пакуль гэта робіцца для душы, то гэта задавальненне. Як толькі ты маеш нейкія абавязкі, гэта ператвараецца ў працу.
Я, напрыклад, не магу сабе дазволіць паляжаць дома ў чацвер вечарам. Я стамілася на папярэдніх працах, але я ведаю, што мне трэба ісці, гаварыць, гаварыць, вучыць, паказваць. Я не маю права быць змучанай, сумнай. Канешне, часам бывае такое: «Госпадзі, куды я ўвязалася? Навошта мне гэта трэба? Магла б ціхенька сядзець і на замову ўсё рабіць». А потым думаеш: «Блін, ну цікава, што людзі знаходзяць сілы, час, каб прыходзіць да мяне на занятак. Тканіну купляюць, прыносяць. Давяраюць, каб я набытую за іх грошы тканіну нажніцамі рэзала».
З аднаго боку, гэта забірае шмат сіл. З іншага боку, гэта дае шмат імпэту. Гэта як з канцэртам. Я абажаю сцэну. Безумоўна, пасля любога выступу я выціснутая. Я ўсю сваю энэргію аддаю людзям, потым выпаўзаю літаральна. Але я без гэтага не магу.
Переглянути цей допис в Instagram
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: