Алесь распавёў BGmedia, што яго здзіўляе, што ўражвае і што дае пачуванне камфорту ў новым асяроддзі.
Алесь Чайчыц галоўная
Алесь Чайчыц — беларускі дыяспарны актывіст і даследчык, які з пачатку вайны жыве ў Нямеччыне. Журналісты BGmedia сустрэліся з ім у Мюнхене і задалі дзясяткі пытанняў пра ягонае жыццё: чаму ён пераехаў у Нямеччыну? Кім працуе? Чым займаецца ў вольны час? Якія мясціны ў Баварыі варта абавязкова наведаць беларусам? Відэаверсію інтэрв’ю можна паглядзець ніжэй.
Чытайце таксама: «Тое, што я раблю, карысна для беларусаў у выгнанні». Iнтэрв’ю з першай старшынёй Razam у Нямеччыне Марыяй Рудзь
— Колькі гадоў вы ўжо жывяце ў Нямеччыне і чаму пераехалі?
— Тут я ўжо тры з паловай года гэтым разам, а агульна мой стаж у Нямеччыне гадоў, напэўна, дзесяць. Я пражыў тут першыя гады жыцця, вялікую частку дзяцінства. Але гэта было 25 гадоў таму, і з таго часу я больш за 20 гадоў тут фактычна не бываў. І вось прыехаў у 2022 годзе.
— Чаму менавіта ў Нямеччыну?
— Я знайшоў тут працу і прыехаў сюды. Я працую на аддаленцы, таму мог з любога месца ў Нямеччыне працаваць. Але ў Мюнхене наш офіс, таму вырашыў пасяліцца дзесь тут паблізу.
— Кім вы працуеце?
— Я працую ў прыватнай вышэйшай навучальнай установе. Там я займаюся пытаннямі ўстойлівага развіцця і сацыяльнай адказнасці: каб мы як арганізацыя рабілі патрэбную справаздачнасць па экалагічнай і сацыяльнай тэматыцы, адпавядалі стандартам, атрымлівалі сертыфікацыі. Гэта сфера, у якой я працаваў яшчэ ў Расіі, дзе жыў перад гэтым. Ну і вось цяпер — тут.
— Якія ў вас амбіцыі на гэтай працы?
— Каб мы адпавядалі добрым стандартам, каб пра нас ведалі як пра сацыяльна адказную ВНУ. Каб нас любілі, каб намі былі задаволены ўсе нашы, як гэта прынята казаць, стэйкхолдары — зацікаўленыя бакі, з кім мы маем дачыненне.
— Раскажыце пра вашу грамадскую дзейнасць. Чым вы займаецеся? З якімі арганізацыямі супрацоўнічаеце?
— Я жыву далёка ад нейкіх беларускіх цэнтраў і грамадскіх структур. Таму я больш камунікую з людзьмі праз інтэрнэт. Раней пісаў артыкулы ў беларускія СМІ, цяпер ужо больш не пішу. Я падтрымліваю сувязь, скажам, з бібліятэкай імя Скарыны ў Лондане. Я некалі жыў два гады ў Лондане і быў там часткай мясцовай беларускай грамады, і цяпер таксама падтрымліваю кантакт. Гэта самы важны беларускі культурніцкі інстытут за мяжой. Вельмі важнае месца, і вельмі важна яму дапамагаць, як можна.
Удзельнічаю ў дзейнасці Латышскага таварыства ў Баварыі: мы маем латышскі хор, у якім я таксама спяваю.
Займаюся валанцёрствам з Мальтыйскім ордэнам: яны тут вельмі моцна займаюцца рознай дабрачыннасцю, сацыяльнай дапамогай, і ў нас у суседнім мястэчку ёсць раздача ежы для бедных людзей. Я там дапамагаю пару разоў на месяц. У супермаркетах ёсць нелiквід — добрая яшчэ ежа, але якую ўжо немагчыма прадаваць. Яны гэта аддаюць на дабрачыннасць, і мы раздаем людзям, у каго ёсць адпаведныя дакументы ад уладаў. Зараз гэта на 95% — украінскія ўцекачы. Пабачыць гэтых людзей — усё ж такі родныя нейкія людзі — таксама эмацыйна важна. Важна хаця б ім неяк дапамагчы і проста з імі перакінуцца хаця б словам.
— Вы ўдзельнічаеце ў мерапрыемствах беларусаў Нямеччыны? Бачыў, што ў кастрычніку прэзентавалі сваё даследаванне пра тапанімію беларускіх гарадоў.
— Маё даследаванне па тапаніміі беларускіх гарадоў я прэзентаваў сумесна з Прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Гэта даследаванне ў шмат этапаў, па кожным абласным цэнтры. Я пачаў з Менску, нядаўна Берасце прэзентаваў, і наперадзе — Гомель, які застаўся ў мяне апошні. Нядаўна быў кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Берліне, там я прэзентаваў Віцебск у рамках адпаведнага круглага стала.
Маё даследаванне прысвечана тэме дэкамунізацыі і дэсаветызацыі тапаніміі: як выглядае тапанімічны ландшафт беларускіх гарадоў з пункту гледжання вуліц Леніна, Дзяржынскага, Калініна, нейкіх расійскіх дзеячаў. Усё гэта — маркеры знешняга панавання: расійскага, савецкага. Ад яго пазбаўляліся ва ўсіх краінах — у нас у краінах Балтыі, у Польшчы, ва Украіне зараз актыўна гэта ідзе. І для Беларусі гэта пытанне таксама, я лічу, трэба ставіць і абмяркоўваць.
Таксама з Прадстаўніцтвам я абмяркоўваю праект рэгістра аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, якія ўтвараюць каштоўнасць для Беларусі і знаходзяцца за межамі краіны. Я гэта неяк так грувастка апісваю, каб не казаць «беларуская спадчына за мяжой», бо гэта часта сумесная спадчына з літоўцамі, з палякамі.
Ужо ёсць спіс з больш за 300 аб’ектаў — памятных адрасоў, магіл, будынкаў, помнікаў па ўсім свеце, што маюць дачыненне да Беларусі альбо створаныя беларусамі ці людзьмі, якія паходзяць з Беларусі і якіх таксама варта лічыць беларусамі. І я спадзяюся, што мы яму нададзім нейкі афіцыйны статус, хоць бы ў грамадскім вымярэнні.
У Беларусі ёсць афіцыйны спіс культурных каштоўнасцяў унутры краіны. І ёсць патрэба ў такім спісе па замежнай спадчыне. Я спадзяюся, што такая напрацоўка калі-небудзь будзе карысная Міністэрству культуры Беларусі альбо Міністэрству замежных спраў. Бо гэта вельмі добрая падстава для культурніцкай дыпламатыі: напрыклад, звярнуцца да ўладаў Гішпаніі і сказаць: «Вось, ведаеце, тут у гэтым горадзе жыў наш важны чалавек, мы б хацелі яму ўсталяваць памятную шыльду».
Інфармацыя пра такія месцы расцярушаная па розных крыніцах — па літаратуры, па Вікіпедыі, а ў адным месцы сабранага спісу няма. Таму цяпер вось такая база ёсць, і я спадзяюся, што гэтая напрацоўка каму-небудзь потым спатрэбіцца ў Беларусі.
Чытайце таксама: Колькі вуліц у Брэсце названа ў гонар расіян і чаму іх трэба перайменаваць: маштабнае даследаванне
— Якія рэчы вас здзівілі падчас гэтага пераезду ў Нямеччыну?
— Ёсць пэўныя рэчы, якія мяне гэтым разам здзівілі. Бо ўсё ж іншы ўзрост, іншыя ўмовы. Калі ты жывеш тут у дзяцінстве з бацькамі, якія ўсім цябе забяспечваюць — гэта адна справа. Іншая — калі ты сам прыехаў: ты сам павінен па-новаму вучыцца, як камунальныя плацяжы рабіць, як сабе банкаўскі рахунак адкрыць, якія страхоўкі патрэбныя, як зняць кватэру. Было нечаканым, што тут прынята здымаць кватэру без мэблі. У Маскве мы звыкліся, што табе даюць кватэру з усёй мэбляй. Добрая там мэбля ці дрэнная — гэта ці твая праблема, ці твой плюс. А тут — пустая каробка, і калі ласка, мэблю сам купляй.
Ну ці такі быў невялічкі культурны шок, да якога трэба было прыстасавацца — як тут усе на «ты» звяртаюцца. У нашым дзяцінстве ў Нямеччыне такога не было. У нас было да настаўніцы — на «вы», і дарослыя паміж сабой таксама на «вы». А праз 25 гадоў ужо культура такая, што людзі больш паміж сабой стасуюцца на «ты». Ці, можа, гэта ў Баварыі такая культура? Гэта было трошкі няёмка.
Хаця мне, можа, было прасцей, чым калі б я тут не жыў зусім. Бо я ўсё-такі меў пэўную сувязь з краінай і валодаў мовай. Калі цяпер прыязджаю ў Берлін ці ў Бон, дзе мы жылі, — там ужо адчуваецца, што гэта родныя мясціны. Паўсюль шмат знакаў, дробязяў: як аўтобус едзе, як бардзюр пакладзены на дарозе, як дрэвы растуць, птушкі — усё адразу вельмі знаёмае, роднае. Але вось Мюнхен і Баварыя ўжо аказаліся даволі чужым для мяне рэгіёнам, і тут трэба было дапасоўвацца, і, можа, я дагэтуль гэта працягваю рабіць.
— Дзе вы жывяце?
— Мне пашанцавала, што я магу працаваць з хоўм-офіса, таму мы глядзелі, дзе што ёсць. І мы не ў Мюнхене знайшлі — мы тут за горадам у мястэчку жывем. Але зноў жа пашанцавала, бо мы прыязджалі сюды без банкаўскага рахунку, без страхоўкі, без крэдытнай гісторыі, якія патрабуюцца, каб табе здалі жытло. І пашанцавала, што атрымалася знайсці добрае месца, добрую кватэру.
— Як вы адпачываеце ў Мюнхене? Як часта сюды прыязджаеце?
— Можа, раз у пару тыдняў прыязджаю. З большага — у сябе: у нас там прырода добрая, можна шпацыраваць хадзіць. Там прыгожыя палі, лясы, там замак стаіць, мост, рэчка — там вельмі файна. З большага там з сям’ёй.
— Падабаецца вам нямецкая, баварская кухня? Што-небудзь гатуеце?
— Вельмі падабаецца. Я пра яе менш ведаў перад тым, як сюды прыехаў. Што падабаецца… Цяжка сказаць, што больш за ўсё падабаецца. Яны добра курыцу гатуюць — Hendl — вельмі смачна. Вайсвурсты, канечне, класныя. Там ёсць правіла, як іх есці: трэба скуру зняць і з гарчыцай. Карацей, вельмі люблю.
— У вас праца, шмат грамадскай дзейнасці. А што вы яшчэ робіце ў вольны час?
— Адпачываю з сям’ёй, з дзецьмі. Тэлевізар паглядзець, YouTube, нешта пачытаць, нешта ў інтэрнэце паглядзець. Падарожнічаем не шмат. Вядома, цікава нейкімі такімі беларускімі праектамі заняцца. Раней артыкулы пісаў, зараз у вялікія фарматы перайшоў. Кніжку напісаў — даследаванне пра свайго латышскага прадзеда, які быў бальшавіком падчас рэвалюцыі. Увесь ягоны пакручасты лёс, як яму пашанцавала, што не рэпрэсавалі ў трыццатыя. Шмат даследаваў па архівах, па базах даных.
Зараз даследую таксама пра рэпрэсаванага брата маёй прабабулі, які быў камдывам на Далёкім Усходзе ў трыццатыя гады. У трыццаць сёмым годзе яго расстралялі падчас хвалі тэрору супраць савецкіх вайскоўцаў — там, дзе Тухачэўскі, Блюхер, ён таксама быў у гэтай групе. Вось пра яго зараз даследую. Дзякуй Богу, у інтэрнэце шмат алічбаваных кніг, газет — шмат крыніц ёсць. Думаю, што з гэтым матэрыялам зрабіць — у якім фармаце яго падрыхтаваць: ці вялікі артыкул, ці можа кніжачку маленькую, каб дзецям было… Каб быў нейкі маленькі ўнёсак у даследаванне гісторыі, як гэта ні прагучыць.
Таксама ў нас ёсць Нямецка-беларускае таварыства: арганізацыя, якая была заснаваная ў канцы дзевяностых. Гэта збольшага арганізацыя для немцаў, якім цікавая Беларусь. Там былі бізнесмены, навукоўцы, даследчыкі, грамадскія дзеячы, якія рабілі сацыяльныя праекты з Беларуссю. Зараз, канечне, складана рабіць усе сацыяльныя і іншыя праекты з Беларуссю. Але мы спрабуем таксама неяк трымацца.
Я вяду сацсеткі Нямецка-беларускага таварыства: раблю допісы пра выбітных немцаў у гісторыі Беларусі, пра даты, звязаныя з беларуска-нямецкімі дачыненнямі. Напрыклад, адкрыццё консульства камуністычнай Усходняй Германіі ў Менску, якое потым стала консульствам аб’яднанай Германіі, а потым амбасадай. Асобы, звязаныя з беларуска-нямецкімі дачыненнямі — гэта, напрыклад, Эмілія Плятэр, якая з немцаў паходзіла. Альбо біскуп фон дэр Роп, каталіцкі біскуп пачатку ХХ стагоддзя, немец, які спрыяў пашырэнню беларускай мовы ў касцёле.
— Раскажыце пра хор, у якім спяваеце?
— Гэта адзін з двух латышскіх хораў у Мюнхене. Такая ў нас спявальная культура: латышы — не вельмі вялікі народ, але нас тут хапае на два хоры. Я сябе лічу і латышом, і беларусам адначасова. З большага ў нас латышы, таксама пара чалавек немцаў — хто альбо жанаты/замужам за латышамі, альбо ў каго латышскія карані.
Хор — гэта вельмі ўтульны фармат дыяспарнай актыўнасці. Калі людзі збіраюцца разам — чым ім заняцца? Спяваць песні — вельмі файная рэч, усім раю. Шкада, што беларускага хора ў нас няма.
— Можаце назваць пяць мясцін, якія трэба абавязкова пабачыць беларусам у Мюнхене і Баварыі?
— У Мюнхене самае знакавае для мяне беларускае месца — на адной з цэнтральных плошчаў, Odeonsplatz. Там стаіць адна з самых прыгожых цэркваў — Царква тэатынаў, дзе пахаваныя баварскія манархі і князі. І там, на франтоне, на самым парадным і самым важным месцы вісіць наша старадаўняя літоўская «Пагоня» ў складзе аб’яднанага баварска-польска-літоўскага герба. Таму што, калі гэты франтон рабілі, жонкай тагачаснага баварскага князя была каралеўна Рэчы Паспалітай. І таму там аб’яднаны герб: герб Баварыі, герб Рэчы Паспалітай і, значыць, «Пагоня».
Ёсць тут таксама магіла паўстанцаў 1863 года, дзе пахаваныя некалькі чалавек. Там таксама герб паўстанцаў: арол польскі, «Пагоня» і арханёл Міхаіл. Я пакуль не высветліў, ці сярод пахаваных там ёсць каліноўцы, але прынамсі гэта ўдзельнікі таго самага польска-літоўскага паўстання. То-бок таксама знакавае для нас месца.
Ёсць у Мюнхене некалькі магіл беларускіх дзеячаў, хто працаваў на «Радыё Свабода», і некалькі адрасоў, звязаных з «Радыё Свабода», бо яно тут знаходзілася ўвесь час халоднай вайны. Прынамсі адзін будынак, дзе была рэдакцыя «Радыё Свабода», захаваўся.
Трохі далёка ад Мюнхена, амаль што на мяжы са Швейцарыяй, ёсць мястэчка Мітэнвальд, дзе стаіць помнік слуцкім паўстанцам, героям Слуцкага збройнага чыну. Яго паставілі беларускія ўцекачы пасля Другой сусветнай вайны. Там быў адзін з лагераў бежанцаў, і тамтэйшыя беларусы гэты помнік усталявалі. Вось такое ўнікальнае месца.
А з таго, што не звязана з Беларуссю, мне вельмі падабаецца Hofbräuhaus. Гэта вельмі турыстычнае месца, але пры гэтым яно сапраўднае. Яно вось «правільна» турыстычнае, без спрашчэння ці трывіалізацыі. Правільная кухня, правільнае піва, правільная атмасфера. Я там люблю бываць. А вось Oktoberfest я не люблю. Там турыстычна ў дрэнным сэнсе слова: занадта дорага, натоўпы. Але перавага жыцця ў Баварыі ў тым, што такія мерапрыемствы цягам года адбываюцца і па райцэнтрах. Я магу назваць прынамсі 2–3 такія падзеі: тое ж самае, але даступней і больш расслаблена, без натоўпаў турыстаў.
— Можаце назваць любімыя словы на нямецкай мове?
— Адно з маіх любімых слоў — beziehungsweise. Саюз, злучнік, які па сваім значэнні блізкі да «альбо» і «ці». Але гэта такое асаблівае «альбо» ў залежнасці ад папярэдняга кантэксту таго, што было сказана. Напрыклад: «у нас ёсць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія любяць гуляць у футбол (хлопчыкі) beziehungsweise ў лялькі (дзяўчынкі)». Яно адносіцца да пэўных катэгорый таго, што было пералічана перад гэтым. Неяк так.
Mittlerweile (між тым, тым часам), gegebenenfalls (пры магчымасці, калі прымяняльна). Мне падабаюцца словы, у якіх няма дакладнага перакладу ў беларускай мове. Гэта прыкольныя словы, якія часам у беларускую мову хочацца прыцягнуць.
Чытайце таксама: Немецкую деревню Эттельн признали лучшим «умным городом» в мире. Рассказываем, какие технологии там используют
— Чым беларусы падобныя да немцаў і не падобныя?
— Раней я думаў, што беларусы больш падобныя да немцаў. Я думаў, што беларусы маюць схільнасць да таго, каб планаваць, каб быў парадак, каб усё было арганізавана. Але нешта я апошнім часам у беларускіх арганізацыях, грамадскіх ініцыятывах, дзе я ўзаемадзейнічаю, я бачу… ну, проста адсутнасць гэтага. У тых жа расейцаў больш упарадкаванасці, больш нейкага такога структураванага падыходу, чым у беларусаў. Прыходзіш, бывае, на сход, а там няма ні парадку дня, ні вызначанай мэты: проста нешта абмяркоўваем, бясплённа і бессэнсоўна ходзім па коле. Я з такім сутыкнуўся, і чамусьці гэта мне апошнім часам кінулася ў вочы і здзівіла.
— Якія вы б далі парады беларусам, якія збіраюцца пераехаць у Германію, у Мюнхен, Баварыю?
— У Мюнхене вельмі дарагое жытло, у Баварыі вельмі дарагое жытло. Таму тут трэба падумаць двойчы на гэты конт. Танней, канечне, жыць дзесьці ў былой ГДР: Саксонія, Цюрынгія. Хаця там і бядней, і там можа больш постсавецкае нешта такое, але пры гэтым я быў вельмі ўражаны ад тамтэйшых гарадоў — там, насамрэч, вельмі чысценька і вельмі добра ўладкавана. Галоўнае — каб праца была. Ёсць праца — будзе ўсё астатняе.
— Можа, у вас ёсць нейкая памылка, якой вы хочаце падзяліцца, каб перасцерагчы беларусаў перад пераездам у Нямеччыну?
— Заўсёды трэба мець правільныя чаканні. Трэба разумець, што першы час будзе складана, будзе неўтульна, будзе ўсё незнаёмае, усё «няправільнае», усё не такое, як звыкла. Прычым гэта датычыцца дробязяў.
Тут, у Нямеччыне, такая асаблівасць: усё дарагое, але ўсё якаснае. І вельмі доўгатэрміновае. Ты здымаеш кватэру, і ты разумееш, што надоўга. Усе сыходзяць з таго, што ты тут пражывеш гадоў 5–10, а не тое, што «зняў — праз год нешта іншае знайшоў». Тут вельмі цэніцца доўгатэрміновае планаванне. І гэта тое, дзе праяўляецца той самы «нямецкі парадак»: запланаваць сустрэчу за два месяцы ў дакладны дзень і час — такое тут робяць. Гэта такая культурніцкая асаблівасць, якая нам не вельмі звыклая. Але, калі звыкнешся, гэта вельмі камфортна.
— Калі б была магчымасць адматаць усё назад, вы б прайшлі зноў гэты шлях? Я маю на ўвазе пераезд у Нямеччыну 3,5 года таму.
— Так. І я лічу, што мне пашанцавала ў вялікай ступені. Больш была верагоднасць застацца там, у Расеі, і было б маральна складана там жыць. Таму, канечне, так.
Чытайце таксама: Не только Берлин и Бонн: рассказываем, какие немецкие города раньше были столицей Германии
— Кажуць, што еўрапейцы больш закрытыя, чым мы, беларусы. З імі складаней пасябраваць. У вас ёсць сябры ў Нямеччыне?
— Я б не сказаў. Але я й сам вельмі закрыты, больш закрыты, чым яны. Таму тут — хто каго пераінтравертуе (усміхаецца). Мне камфортна з людзьмі нашай культуры — з беларусамі, украінцамі, расейцамі. Я з большага камунікую нефармальна з беларусамі, з расейцамі. Шмат анлайн, канечне, гэта адбываецца. Але атрымліваецца, канечне, і на тое ці іншае беларускае мерапрыемства з’ездзіць у Варшаву, у Вільню, — пару разоў на год абавязкова. Альбо тут часам таксама адбываецца. Таксама спрабую.
— Можаце разбурыць нейкі стэрэатып пра Германію? Можа, у вас быў які-небудзь стэрэатып, у які самі верылі?
— Ну, заўсёды ёсць стэрэатып пра нямецкі парадак і пунктуальнасць. Але калі паглядзець на нямецкую чыгунку — усе жартуюць, што гэта чыгунка ўвесь час спазняецца і недасканала працуе — дык дзе ж тая нямецкая пунктуальнасць? Таму гэта, скажам так, перабольшанне, як любы стэрэатып. Пра немцаў таксама прынята казаць, што яны строгія. А на самой справе яны расслабленыя і нармальныя, і дружалюбныя. Тут нічога такога няма.
— Некаторыя лічаць, што нямецкая мова злая і агрэсіўная. Што вы ім скажаце?
— Мне, як чалавеку знутры, цяжка з гэтым пагадзіцца. Я нямецкую мову не чую звонку. Я ў ёй існую, на ёй размаўляю амаль ад самага нараджэння. Мова як мова. Беларуская ці расейская, ці якая іншая мова таксама можа камусьці прагучаць як нейкая «не такая». Карацей, гэта не адпавядае рэчаіснасці, я лічу.
— Ёсць фэйкі беларускай прапаганды, якія вас у апошні час здзівілі альбо рассмяшылі?
— Я, дзякуй Богу, не сачу за беларускай прапагандай. Іх агульныя пуцінска-лукашэнкаўскія фэйкі, напрыклад, у тым, што тут нейкае засілле страшных мігрантаў. Што тут адначасова «нацызм», «праклятыя мусульмане», «чарнаскурыя» і «праклятыя геі». Усё гэта хлусня. Мігранты ёсць, але гэта вельмі розныя людзі. Большасць з іх — абсалютна нармальныя. Мы ж таксама міранты. Усе працуюць, усе плацяць падаткі, усе інтэгруюцца, жывуць разам. Гэта нармальна, добра і камфортна атрымліваецца.
Нейкага засілля «гей-прапаганды» тут таксама няма. Тут проста нармальнае стаўленне да ўсіх. Ёсць гучныя людзі з аднаго боку, ёсць гучныя людзі з другога. Але агулам тут проста нармальнае стаўленне да розных людзей: кожны са сваімі асаблівасцямі, кожны свабодны жыць так, як хоча. Тут гэта добра працуе. І ў любым выпадку лепш так, чым як у нас.
Наконт пагрозы традыцыйным каштоўнасцям я б на месцы лукашэнкаўскіх прапагандыстаў не пераймаўся. Усё з гэтым у парадку. Проста тутэйшы кансерватызм не крычыць пра сябе. Кансерватараў большасць, але яны вельмі ціхія. Яны проста прыходзяць і галасуюць.
— Калі б вы падчас размовы з чалавекам зразумелі, што ён верыць у фэйк беларускай прапаганды, куды б вы яму параілі з’ездзіць у Нямеччыне, каб ён пераканаўся?
— Мне прыгадываецца ў Франкфурце прывакзальны квартал. Гэта месца, з якога смяюцца і самі немцы: стэрэатып такі, што той раён — нейкае пекла на Зямлі. Што там спрэс нейкія наркаманы, бамжы, самалійскія піраты і так далей. Насамрэч, гэта вельмі цікавае месца. Так, там ёсць людзі, якія відавочна наркотыкі прадаюць. Але ўсё чысценька і паліцыя падтрымлівае парадак. Там шмат афганскіх крамаў — іх трымаюць афганцы, якія збеглі ад талібаў. Гэтыя крамы вельмі каларытныя, там прадаюцца нейкія рэчы, цацкі, стравы незнаёмыя, тавары з таго краю Зямлі. Свой уласны свет. І табе там камфортна. Там няма такога ўжо бруду і нейкіх жахаў. Культурны вопыт вельмі класны атрымліваеш і проста разумееш, што гэта ўсё не страшна, што ўсе людзі нармальныя. Я б усіх запрасіў там пабываць, каб развеяць стэрэатыпы.
Чытайце таксама: Обыски, допросы и угрозы посольству Германии: пропаганда и силовики атакуют региональные СМИ в Беларуси
Улады абяцалі аршанцам сучасны пляж з інфраструктурай на беразе Дняпра, аднак праект застаўся на паперы.…
18 из 123 освобожденных заключенных родились или жили в Бресте и области. Некоторых из них…
В Брестском парке культуры и отдыха снова оживает сказка — усадьба Берестейского Деда Мороза приглашает…
Беларуска абурылася ўмовамі пражывання ў санаторыі «Брэстаграздраўніца», бо рэальныя нумары не адпавядаюць фатаздымкам на афіцыйным…
Отдых в санаториях Брестчины на Новый год стал заметно дороже. Цены выросли, мест почти нет,…
Жыхарку Камянца абурае сітуацыя ў родным горадзе, дзе адзіны радзільны дом збіраюцца закрыць. Падобная сітуацыя…