Прислать новость
Тадэвуш Касцюшка

«Біў маскалёў», «быў боствам для народа». Як найславуцейшы выхадзец з Берасцейшчыны (не) стаў дыктатарам

04.02.2023 07:17 Калаж: БГ. Источник фото

Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка — самая парадаксальная фігура беларускай гісторыі. Дзеяч сусветнага ўзроўню, малавядомы і не зразуметы на радзіме.

На закаце Рэчы Паспалітай

Травень. Маёнтак Сасновіцы пад Люблінам. Стары занядбаны сад акрыўся зелянінай і ажыў, вечарамі заліваецца салавейка. Ды ўсё адно тут не зашкодзіла б усё добраўпарадкаваць, так сказаць, навесці ландшафтны дызайн. 

Пан Юзаф Сасноўскі запрашае маладога шляхціца, што нядаўна вярнуўся з Парыжа, даваць урокі жывапісу сваім дачкам Людвіцы і Кацярыне. Сасноўскі — тытулярны ваявода Смаленскі. Гэта значыць, што тытул у яго ёсць, хоць ваяводства «адціснула» Масква.  

Настаўнік выяўляецца дужа актыўным ды рознабаковым маладым чалавекам. Акрамя ўрокаў малявання ён узяўся за ўладкаванне парку, навёў дызайн адпаведна з перадавымі еўрапейскімі трэндамі: спраектаваў модную па тым часе зялёную альтанку, у якой усё больш і больш часу стаў праводзіць з чароўнай Людвікай… 

Крыніцы расходзяцца наконт таго, ці сватаўся Тадэвуш Касцюшка, ці не, ці выкрадаў Людвіку, ці не выкрадаў. Ёсць версія, што ў пошуках пратэкцыі ён распавёў аб сваіх пачуццях каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, свайму земляку (апошні кароль Рэчы Паспалітай таксама быў родам з-пад Берасця). Але той якраз і папярэдзіў бацьку Людвікі аб занадта настойлівым жаданні беднага шляхціца завалодаць магнацкай дачкой. Адна думка пра такі шлюб прыводзіла Сасноўскага ў лютасць. Да таго ж усё было вырашана: у выніку выйгрышу ў карты ды перадзелу маёмасці Людвіка павінна была стаць жонкай князя Станіслава Любамірскага. Так ці інакш Касцюшку было забаронена з’яўляцца ў Сасновіцах.

Партрэт Людвікі Любамірскай, выкананы Джузэпэ Грасі. Фота: wikipedia.org

Не маючы занятку на радзіме і асаблівага даходу ад родных Сяхновічаў, ён накіроўваецца ў Амерыку. Наводзіць дызайн фартыфікацыйных збудаванняў для галоднай і босай рэспубліканскай арміі, што ваюе за незалежнасць ад Англіі. 

Людвіка напіша яму за акіян праз некалькі гадоў, знаходзячыся ў шлюбе з Любамірскім: «Думкай я імкнулася да цябе, і толькі маё цела я аддала князю. Гэта я мовіла яму перад вянчаннем, а табе, Тадэвуш, кажу пасля вяселля і хачу цябе запэўніць, што сэрцам я заўсёды і да труны твая». І яна сапраўды будзе кахаць яго да канца дзён і шукаць сустрэчы, калі ён вернецца са сваёй амерыканскай славай. Апошні раз яны ўбачацца пасля паўстання, калі ён будзе ехаць у абозе ў расейскі палон. Сустрэча будзе доўжыцца тры хвіліны. Лежачы з прабітым казацкай шашкай чэрапам, ён так і не прыйдзе да свядомасці. 

Тадэвуш Касцюшка з ордэнам «Virtuti Militari» і знакам ордэну Цынцыната. Партрэт, выкананы Антоніем Алешчынскім. Фота: wikipedia.org

«Швед» з-пад Берасця

У кадэцкім корпусе было прывабліва славіцца забіякам. Тут міжволі «каваліся кадры» для будучага паўстання. Тадэвуш трапляе ў прэстыжную вайсковую навучальную ўстанову Варшавы дзякуючы пратэкцыі князя Адама Чартарыйскага. Род Касцюшкаў, нягледзячы на сваяцтва з каралеўскай дынастыяй Ягелонаў, бедны. Прапрадзед Канстанцін служыў пісарам у вялікакняжацкай канцылярыі Жыгімонта Старога, які ласкава зваў яго Касцюша. Адсюль і звонкае прозвішча. І адсюль жа — маёнтак Сяхновічы (сённяшні Жабінкаўскі раён). Лічыцца, што Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся 4 лютага 1746 года, хоць дата недакладная. Наконт месца нараджэння таксама ёсць спрэчкі — Сяхновічы ці маёнтак Марачоўшчына каля Косава (цяпер у Івацэвіцкім раёне). У любым выпадку — «нарадзіўся ліцвінам», як сам пра сябе казаў.

Сярод кадэтаў Тадэвуш набывае рэпутацыю выдатнага таварыша, і адначасова сяброў уражваюць ягоная не па гадах высокая мэтанакіраванасць і аскетызм. Ён падымаецца ў чатыры і, каб прагнаць сон, апускае ногі ў таз з ледзяной вадой па прыкладзе Карла XII. За што атрымоўвае мянушку Швед.

Парыж стае магчымым праз поспехі ў вучобе і атрыманую стыпендыю. Ёсць жаданне ўдасканальваць вайсковую навуку. Але афіцыйна чужынцы не маюць на гэта права, таму прыкрыццём стае Акадэмія жывапісу і мастацтваў. Зрэшты, і ў жывапісе Касцюшка выяўляе немалы талент. Кажуць, займіся ён гэтым сур’ёзна, і ягоны лёс мог бы быць іншы. Аднак пра скрыжаванні лёсу казаць пакуль рана. 

Палескае каханне

Першае вяртанне на радзіму — пасля Парыжа — яшчэ абяцала радасныя надзеі. Чаму сведчанне — гісторыя з Людвікай. Другое — пасля дзевяці гадоў у Амерыцы — навалілася ўсім цяжарам безнадзейнасці. Сяхновічы канчаткова прыйшлі ў заняпад і абраслі даўгамі. Рэзка акрэсліўся кантраст паміж убачаным «там» — вольнымі народамі, што адваявалі сваю дэмакратыю, — і феадальным застоем ды забітасцю тут. То быў адкат у мінулае. Між тым справа ішла да другога падзелу Рэчы Паспалітай. 

Некалькі гадоў Тадэвуш займаецца гаспадаркай, намагаецца зрабіць у родавым маёнтку маленькую рэвалюцыю і зрушыць яго з феадальных рэек. Ён палягчае павіннасці сялянаў. Але гаспадарчыя справы, загнаныя ў кут старэйшым братам Юзафам, ніяк не ідуць да ладу. 

У 1789 годзе Касцюшка атрымоўвае пасаду камандзіра брыгады ў польскім войску. Служыць у войску ВКЛ — недасяжная мара. Аднойчы, калі ягоная брыгада знаходзіцца ў Заходняй Украіне, ён сустракае ў старажытным мястэчку Меджыбож 17-гадовую Тэклю Журоўскую. Яна — дачка берасцейскага харунжага, што вывез сям’ю на адпачынак ды лячэнне. І другі раз — у 44 гады — Тадэвуш паддаецца надзеі здабыць сямейнае шчасце. Магчыма, гэта апошняя спроба пераламіць лёс ці забыць напалам расколатае каханне да Людвікі.  

Партрэт Тадэвуша Касцюшкі, выкананы Юліушам Косакам. Фота: skrypt.com

Але ў бацькі дзяўчыны, хоць ён і небагаты, амбіцый не менш, чым у Сасноўскага. Заслугі жаніха перад амерыканскай рэспублікай не залічваюцца. Наадварот, яны дадаюць абурэння: «Гойсаў па Амерыцы, як татарын па стэпе, нічога не прыдбаў». І зноў нязгода бацькі стае трагедыяй для дамы: Тэкля ўпадае ў адчай і потым да канца жыцця носіць медальён з выявай каханага. Па іншай версіі, справе перашкодзіла тое, што ў генерала закахалася маці нявесты. 

Перад навальніцай

У чэрвені 1792 года ў Рэч Паспалітую ўваходзіць 100-тысячнае расейскае войска, закліканае прарасейскай Таргавіцкай канфедэрацыяй. На чале аднаго з карпусоў — магнат Сымон Касакоўскі, што знаходзіцца на расейскай службе. Кароткая інтэрвенцыя доўжыцца два месяцы. 

Касцюшка не прайграе ніводнай бітвы супраць праўзыходных сіл Расейскай Імперыі. Тым больш яго шакуе загад караля скласці зброю. Панятоўскі вымушана прыядноўваецца да таргавічанаў і і спыняе ўсялякую барацьбу. Канстытуцыя, абвешчаная 3 траўня 1791 года, фактычна скасаваная. 

На прыяднаных да Расеі тэрыторыях зачытваецца ў цэрквах і касцёлах маніфест, дзе маляўніча апісваецца, як доўга імператрыца спачувальна назірала за «неустройствами и насилиями, происшедшими из раздоров и несогласий, непрестанно республику Польскую терзающих», і як клопат пра добрае для суседзяў вымушае яе вялікасць прыняць «участие в делах польских». Выказваецца заклаплчанасць з нагоды прыгнёту прававерных падданых імператрыцы з боку «недостойных поляков». Выходзіць на арэну і тагачасны міф пра «фашыстаў» — тлятворны подых Французскай рэвалюцыі ды якабінскі дух, што пагражаюць духоўным «скрэпам» праваслаўнай веры.

Касакоўскі прымае тытул польнага гетмана Літоўскага, ігнаруючы той факт, што пасада скасаваная канстытуцыяй, дэманстратыўна носіць расейскі мундзір. Ён стае самаўладным кіраўніком краіны, хутка ўзбагачае свой клан. Расейскія войскі прысутныя паўсюль, а паборы на пастой ды марадзёрства вядуць да таго, што «ветлівыя людзі» выклікаюць усё болей прыхаванага абурэння. Іхныя «подзвігі» ўвайшлі ў тую самую народную песню, што вядомая як гімн касінераў.    

Коней нам пазаязджалі.
Што хацелі, то і бралі.
Пойдзем жыва да Касцюшкі,
Рубаць будзем маскалюшкі.

Гарматны стрэл

Кажучы пра мэты паўстання і няпростыя стасункі Касцюшкі як «Вярхоўнага начальніка» з «якабінцам» Якубам Ясінскім як лідарам у ВКЛ, звычайна акцэнтуюць увагу на нацыянальных інтарэсах, забываючыся, што паўстанне было спробай рэвалюцыі, звязанай з падзеямі ў Францыі і Амерыцы. Гэта стала відавочна пасля ўзорна-паказальнага пакарання смерцю Сымона Касакоўскага адразу пасля захопу паўстанцамі Вільні. 

Якуб Ясінскі. Партрэт, выкананы Янам Марачынскім. Фота: wikipedia.org

У лепшых традыцыях Французскай рэвалюцыі асуджанага прывезлі на Ратушную плошчу пад бой барабанаў. У цішыні перад натоўпам зачыталі прысуд. Касакоўскі адправіўся на шыбеніцу ў жоўтым хатнім халаце, у якім яго захапілі ўначы за два дні да таго. Хоць самапрагалошаны гетман і прадчуваў грозныя падзеі, і прыкладаў ліхаманкавыя намаганні, каб іх прадухіліць, ягоны дом паўстанцы ўзялі амаль без супраціву. Варта ўжо была ў спісах паўстанцаў. 

Смерць Касакоўскага не абудзіла спачування да яго, аднак усім было зразумела, чыя фігура стаіць за гэтай публічнай дзеяй. Ясінскі мінуў кропку незвароту, калі абвесціў патрабаванне: кожны, незалежна ад думкі, мусіць маўчаць аб гэтым пакаранні пад пагрозай гэткай жа смерці. Да таго ж 33-гадовы палкоўнік адкрыта і палка падтрымліваў ідэі Французскай рэвалюцыі ў радыкальным варыянце. 

Касцюшка яшчэ на этапе падрыхтоўкі быў прызначаны Вярхоўным начальнікам паўстання і яго дыктатарам. Так любілі называць у той час людзей, што надзяляліся надзвычайнай уладай у надзвычайный момант; іранічна, што гэтае званне дасталася Касцюшку, хоць у нашым разуменні больш пасавала б Касакоўскаму ці, напрыклад, Сувораву. Касцюшка звазіў у Парыж радыкальны план абноўленай і пераўтворанай Рэчы Паспалітай у спадзеве атрымаць дапамогу. Францыя дэкларавала гатоўнасць падтрымліваць рэвалюцыйны рух у іншых краінах. Але справа не прасунулася далей за агульныя абяцанні. Будучым паўстанцам даводзілася разлічваць толькі на сябе. Ды й небяспечна было заяўляць пра сувязі з рэвалюцыйнай Францыяй, каб не згуртаваць вакол сябе манархічныя дзяржавы Еўропы. Праграма стала не такой радыкальнай. 

Абвяшчаючы, што не будзе змагацца «за адну шляхту», Касцюшка шукаў шлях да аб’яднання супярэчлівых інтарэсаў.  

Ці здавалася магчымым знайсці варыянт, каб паўстанне магло перамагчы? Вайсковы досвед генерала напэўна прымушаў яго трымаць у галаве не толькі тыя часткі расейскіх войскаў, што размяшчаліся ў краіне і былі параўнальныя па колькасці з польска-літоўскім войскам ды шэрагамі паўстанцаў, але і шматтысячную моц, што пазней насунецца з прастораў Імперыі пад кіраўніцтвам Ферзена і Суворава. Апошні ўжо даўно ірваўся «в Польшу», з якой, на ягоную думку, ён разабраўся б за 40 дзён.

«Быў гразой для ворагаў і боствам для народа»

Атрады касінераў зыгралі важную ролю ў першай перамозе Касцюшкі пад Рацлавіцамі — яшчэ да пачатку паўстання ў Літве. У адказ адразу ж пачалася інфармацыйная вайна: расейскі пасол Ігельстром дакладваў у Пецярбург, што Касцюшка камандуе «сволочью, вооруженной копьями и топорами, в пьяном виде».

«Бітва пад Рацлавіцамі», карціна Яна Матэйкі. Фота: wikipedia.org

Імя Касцюшкі мела магічны ўплыў на народ. Нягледзячы на тое, што літоўскае крыло паўстання імкнулася час ад часу адасобіцца ад цэнтральнага кіраўніцтва ў Варшаве. Менавіта Касцюшка, а не хтосьці з мясцовых лідараў, стаў героем міфаў. Пра яго складаліся легенды, напрыклад: «Кажуць, што ў Касцюшкі то быў такі плашч, што кулі яго не прабівалі: аднаго разу маскалі на яго знячэўку напалі, так ён не паспеў таго плашча злажыць, так яго чыста пасеклі і забралі».

Як уласціва міфам, параза тлумачыцца драматычнай выпадковасцю. Мабыць, нават у Напалеона не было такого падоранага народнай любоўю непрабівальнага плашча. 

Пра яго спявалі народныя песні. Па версіі адной з іх Касцюшка загінуў у бітве:

Вазьмі, маці, пяску жменю,
Пасей на каменю.
Калі той пясок узыдзе,
Касцюшка з вайны прыйдзе.

Ляціць воран цераз мора,
А лятучы, крача.
А хто ж майго Касцюшачкі
Магілку аплача.

Народная свядомасць надзяляла гэтага чалавека неабмежаванай сілай: «Касцюшка зваяваў бы свет цэлы, каб паны яго слухаць хацелі». Міхал Клеафас Агінскі казаў пра яго: «…Карыстаўся вялікай пашанай усёй Эўропы, быў гразой для ворагаў і боствам для народа; узвышаны да рангу Начальніка, не ведаў іншага гонару, як служыць Айчыне і змагацца за яе, заўсёды сціпла сябе паводзіў…, не насіў ніякіх знакаў вышэйшай улады, хадзіў у сурдуце з простага шэрага сукна і сталаваўся так, як звычайны афіцэр».

Магчыма, у тое лета барацьбы і спадзяванняў міфатворчасць запалала асабліва яскрава. Аднак лета змянілася восенню незлічоных стратаў. Задушыўшы паўстанне, імперская адміністрацыя вытраціла багата сілаў, каб сцерці вобраз героя з народнай свядомасці. І ў яе гэта атрымалася. У выніку Касцюшка, уганараваны па ўсім свеце, катастрафічна недаацэнены сваімі землякамі сённяшняга часу.  

Аб вызваленні Касцюшкі з расейскага палону таксама ёсць легенда: нібыта ён перад тым, як прынесці прысягу імператару Паўлу, здабыў зямлі з Літвы і насыпаў у боты. І абвесціў, што клянецца служыць зямлі, на якой стаіць. 

Скрыжаванне лёсу

Са звестак аб апошніх спробах Касцюшкі ўдзельнічаць у міжнароднай палітыцы мы ведаем, што ён не паладзіў з Напалеонам. Яму не імпанавала неабмежаваная ўлада ў руках аднаго чалавека і вяртанне да манархіі. І тут паўстае самае цікавае пытанне: а ці была ў яго самога магчымасць сабраць у сваіх руках неабмежаваную ўладу, як гэта рабілі рэвалюцыйныя лідары? І калі так, то ці мог быць іншым зыход паўстання? Ці ўдалося б згуртаваць разрозненыя групы і дабіцца перамогі ў краіне, хаця б ненадоўга? Ці было б гэта апраўданым?

Адказаць на гэтыя пытанні мы не можам, аднак ясна тое, што ён не зрабіў спробаў выкарыстаць народную пашану для зацвярджэння асабістай улады. Магчыма, гэта самы важны жыццёвы выбар, які дае ключык да разумення асобы генерала Тадэвуша Касцюшкі. 

Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Вашынгтоне. Фота: wikipedia.org

Ён правёў апошнія гады ў швейцарскім Залатурне. Людвіка Сасноўская пасля смерці мужа парывалася прыехаць да яго — але не паспела. Падобна, што яна так і не зразумела: і травень, і стары парк з салаўямі, і ўвесь папярэдні свет сышлі незваротна. 

А Юзаф Сасноўскі застаўся вядомы ў гісторыі толькі сваёй фразай: «Галубкі не для вераб’ёў, а дочкі магнатаў не для бедных шляхцюкоў». Што ж, у кожнага свае дасягненні. 

Помнік Касцюшку ў Марачоўшчыне (каля Косава). Фота 2020 года. Каля помніка з’явіўся і ўкраінскі вянок. Фота: Белсат
Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.