Categories: Общество

«Калi людзi вадзiлi карагод, я стаяў у сярэдзiне са сцягамі»: Алег Кулеша, былы палітвязень з Пружан

Жыхар Пружан Алег Кулеша атрымаў 1 год і 7 месяцаў па «карагоднай справе». У верасні 2022 года ён выйшаў на волю і паспрабаваў працягнуць жыць у Пружанах, але рэжым Лукашэнкі быў супраць. Пасля некалькіх затрыманняў Алег вымушана з’ехаў з Беларусі і ў красавіку 2023 года апынуўся ў Варшаве.

У інтэрв’ю BG.Media Алег Кулеша ўзгадаў падзеі 2020 года і «карагодную справу», распавёў пра суд і тэрмін у калоніі, выхад на волю і спробу наладзіць жыццё ў Пружанах. Таксама пружанец патлумачыў, чаму былых палітвязняў не бывае, падзяліўся іх праблемамі ў эміграцыі ў тым ліку на сваім прыкладзе і распавёў, як плануе жыць далей.

Алег Кулеша. Фота: BG.Media

Чытайце таксама: Жителя Пружан судят за репост статьи о Нине Багинской из экстремистского телеграм-канала

— Бандана — ваш адметны знешні атрыбут. Як даўно вы яе носіце?

— Амаль усё жыццё. Яно падзелена на два перыяда. У першым быў яшчэ сын, ён загiнуў. Адпаведна, пасля гэтага я яе не здымаю. Гэта ўжо было даўно.

— У інтэрв’ю «Нашай Ніве» вы распавялі, што галасавалі на выбарах у 1994 годзе, а ў наступны раз — ужо ў 2020-м. Калі вы пачалі сачыць за грамадска-палітычным жыццём Беларусі?

— Я адрознiваюся ад беларусаў, якiя прачнулiся ў 2020 годзе. У сваю бытнасць у мяне нават была мянушка «апошнi першы сакратар», таму што ў сваiм раёне ўзначальваў Беларускi Саюз Моладзi (БСМ, не блытаць з БРСМ). Але пасля таго, як адбыўся рэйдарскi захоп нашай арганiзацыi «лукамольцамi», я зышоў i ў палiтычным дзеяннi нiякага ўдзелу не прымаў. Райвыканкам хацеў, каб я ўзначальваў гэты «лукамол» дуркаваты. Я iм адказаў: «Прабачце, ў мяне ёсць дзецi, я не хачу, каб мне было сорамна глядзець iм у вочы». І зышоў на свой хлеб.

Я ўвесь час сачыў за палiтыкай. Чакаў, калi будзе «2020 год». I нават у 2020 годзе, калi схадзiў на выбары, думаў, што на гэтым усё. А тут дзяцюк прыбягае i кажа: «Дзядзька, нас там лупяць на плошчы». Тады я зразумеў, што калi ў Пружанах вось такое, то вяртання назад не будзе. Дзякуй Богу, што дажыў да гэтага моманту, калі прачнуліся беларусы.

— Што адбывалася ў Пружанах пасля 9 жніўня, наколькі актыўна выходзілі людзі?

— Так, як i ва ўсiх астатнiх гарадах, толькi ў нас не было кулявых расстрэлаў i гранат. Увечары 10 жнiўня на плошчы стаялi i чакалi людзi, iнтэрнэту не было. Нiякiх парушэнняў з боку людзей. Каб у Пружанах амапаўцы не пачалi гвалт, каб не бегалi за маладымі кабетамі з дзецьмі, то, мажлiва, у Пружанах усё б сцiхла. Яны самі вінаватыя ў тым, што народ абурыўся.

Людзей гэта дастала. Напрыклад, у Пружанах усе ведаюць гiсторыю Юлi Сахарчук. Яна iшла з мужам святкаваць яго дзень нараджэння. Анатоля затрымалi, а потом адпусцiлi, таму што пазналi яго. Ён працаваў у СТА, якi абслугоўваў Пружанскi РАУС. А Юлю разбiў iнсульт.

Дарэчы, 11 жнiўня я з’ездзіў у рэйс у Расiю. Бачыў калоны ЗIЛаў, якiх знялi з сховiшча. Там усе сядзелi ў цывільным. Iх была незлiчоная колькасць: 15-20 аўто — кiламетр — 15-20 аўто.

16 жнiўня ў Пружанах, як i ва ўсiх гарадах Беларусi, адбылося вялiзнае шэсце. Неабыякавыя людзi налiчылi, што каля тысячы чалавек удзельнiчала. Мiлiцыянты апошнi раз казалi мне, што было дзве тысячы чалавек. Але не веру, бо яны як сеюць, так i справаздачы робяць. Каля тысячы было. Што такое тысяча чалавек у Пружанах на плошчы? Гэта тое ж самае, што ў Менску выйшлi бы шэсць мiльёнаў. Вось у Менску жыве 1,8 млн, а выйшла б 6. Усё жыццё у Пружанах мог выйсцi адзiн-два, i то не заўжды. А тут выйшла столькi людзей. Ужо тады чулася слова «ганьба». А калi ўдзельнiчалi ў пратэстах, то неслi не толькi бел-чырвона-белы сцяг, але i cцяг Пружан.

Афiцыйны сцяг Пружан. Фота: https://evroflag.by

Калi мяне пытаюць, як было ў Пружанах, то я адказваю, што феерычна i больш моцна, чым у Менску. У нас быў свой «прыпынак перамен», туды прыходзiлi самыя мужныя людзi, пакуль Наталля Качанава не ўлезла. Нейкiя людзi, «змагары», да гэтага дачынення не маюць. У раскладзе руху напiсалi «19.00 аўтазак». Гэта мясцовая творчасць, якая паказвае, як людзi i тады, i зараз ставяцца да ўлады.

Надпiс «19.00 аўтазак» на прыпынку ў Пружанах.

Таксама ў Пружанах 16 жніўня з’явілася Каардынацыйная рада, на два дні раней, чым агульнабеларуская. У вераснi у нас адбыўся суд па адклiканню дэпутата Палаты прадстаўнікоў. У судзе не знайшлося месца для ўсіх людзей, таму паседжанне перанеслі ў актавую залу Палаца культуры. Гэта быў самы першы такі суд у Беларусi пасля выбараў. Суддзя вызначыў, што падставаў для адклікання няма.

Пасля пачалiся мае затрыманнi. Куды ні выйду, яны скрозь мяне затрымлiвалi. Падлятаюць i кажуць: «Антонович, едем выяснять твою личность. Проверим, настоящие ли у тебя документы, что ты гражданин Республики Беларусь». Я кажу: «Вось пашпарт». Ён адказвае: «Это ненастоящий паспорт». Тры гадзiны трымаюць, потым адпускаюць. Так было незлiчоную колькасць разоў. Потым па тэлефоннай сувязi ў райвыканкаме спытаўся, у якi час i па якiх вулiцах мне можна хадзiць па хлеб. Адказы былi феерычныя.

Чытайце таксама: В Пружанский райисполком отправили письмо с просьбой «выдать разрешение на посещение магазинов без задержания»

— Вас судзілі па «карагоднай справе». Што вы рабілі ў Берасцi 13 верасня 2020 года?

— Калi людзi вадзiлi карагод, то я там стаяў у сярэдзiне з бел-чырвона-белым сцягам i сцягам Пружан. Дарэчы, мяне i Ганну Баран затрымалi аднымi з першых пружанцаў па «карагоднай справе». Нам далi позву ў Пружанскi РАУС. Калi мы там апынулiся, то зразумелi, што нас вядуць кудысьці не туды. Звычайна вадзілі да ўчастковых, а тут павялі ў вышуковы адзел. Там сказалi, што за намi прыездзе берасцейскi ГУБАЗiК, далей нас адправяць на Акрэсцiна. Потым у ГУБАЗiКу ўсе рагаталi, пыталiся, што за вар’яты працуюць у Пружанскім РАУС. Адказаў, што гэта паўдуркі нейкія.

Ганна Баран. Фота: «Новы Час»

— Увосень 2020 года вы выйшлі на волю з берасцейскага ІЧУ. А другі раз па «карагоднай справе» вас затрымалі ўжо ў чэрвені 2021 года. Як вы думаеце, чаму?

— Я iх моцна дапёк. Блогер Андрэй Павук у адным з вiдэа нагадаў пра забойства дзяўчыны ў Пружанах. У гэтым вiдэа Андрэй затэлефанаваў на прамую сувязь да кагосьцi i спытаўся пра гэтае забойства. I вось у гэтым вiдэа згадвалiся словы па-беларуску. Яны [прадстаўнiкi улады] падумалi, што гэта я. На наступны дзень прыйшла позва з’явiцца ў Следчы камiтэт. Ужо зусiм па-iншаму ставiўся да мяне следчы. Адразу з’явiўcя станоўчы вынiк экспертызы па мне. Калi я ехаў туды, то разумеў, што альбо ўцякаць трэба, альбо iсцi да канца. Вырашыў iсцi да канца.

Па «карагоднай справе» асуджаных мужчын адпраўлялі ў калонію або на «хімію». Пасля затрымання вы разважалі над тым, які тэрмін атрымаеце?

— Я думаў, што мяне закатаюць на тры гады. Але мясцовая «качка», якая з намi жыла ў «хаце», сказала, што мне дадуць каля двух гадоў. У кожнай «хаце» жыве «качка», якая супрацоўнiчае з адмiнiстрацыяй. Наша «качка» нават потым не хавалася, кожнаму выракi раздавала i гэтак далей.

— Вас судзілі ў восьмай групе абвінавачаных па «карагоднай справе». Раскажыце, як праходзілі судовыя паседжанні?

— На судзе я нiчога не прызнаў i не збiраўся прызнаваць, таму што я нiчога не парушыў. Калi законы не адпавядаюць канстытуцыi краiны, то канстытуцыя пануе над усiмi законамi. Я яе не парушаў. А то, што у яго [Аляксандра Лукашэнкi] законы свае асабiстыя, то ўжо ў Беларусi ўсе ведаюць, што часам не да законаў.

Разам са мной судзiлi яшчэ пяць чалавек. Хтосьцi адразу прасiў мiлавання, быццам усё зразумеў i гэтак далей. Хтосьцi вёў барацьбу, хтосьцi пiсаў скаргi. Шмат хто наймаў адвакатаў. У мяне таксама быў адвакат. Было пять цi шэсць судовых паседжанняў. Справа займала шэсць тамоў: тры тома на мяне, тры — на iншых.

Летам 2021 года ўвялi закон, што дзень у СIЗА лічыцца за паўтара у калонii. Таму прыйшлося трошку цягнуть час. Рабiў гэта, каб свой срок меней адбываць на зоне. Цiкавiўся ўсiм, чытаў кожную паперку.

Лiчу, што лiтасцю для мяне было тое, што суддзя дала мне 50-годдзе сустрэць у «супакоi». Прысуд быў абвешчаны 6 кастрычнiка, а мой дзень народзiнаў — пятага. Мы згатавалі тарты з таго, што было. Селi за стол, пiлi гарбату. Было прыемна. Своеасаблiвае 50-годдзе. Яшчэ бацьку страціў, пакуль знаходзіўся ў СІЗА. Гэта дрэнна, не дачакаўся мяне бацька.

Падчас карагода ў Берасцi 13 верасня 2020 года

— Што казалі ў апошнім слове на судзе?

— На судзе я быў здзiўлены, што пракурор [дзяржабвінавачанне прадстаўляў Андрэй Манько] не ведаў, што поклiч «Жыве Беларусь!» пайшоў з верша Янкi Купалы «Гэта крык, што жыве Беларусь».

Астатняе слова пачаў з гэтага верша Янкi Купалы. Хацеў данесцi да пракурора, адкуль з’явiлася «Жыве Беларусь!» Потым прачытаў уласны верш «Жніво»:

Паглядзіце ў Берасці
Чэргі ля СІЗА —
Натварыла нейкая
Гадота-грамада.

«Прастытуткі» розныя
Танчаць карагоды —
І з таго краіна ўся
Стала з ног на рогі.

Вось зямную здзьвінулі
Гэткія брыдоты,
І таму АМАПаўцам
Час не да сумоты.

«Наркаманы» — сволачы
Боты паздымалі
І нагамі босымі
На лаву паўставалі.

Зноў сцягамі гойдаюць —
Нікчэмныя скаты.
А чаго чакаць яшчэ
Ад гэтай сраматы.

Толькі вось са сховішча
Прыгналі вадамёты,
Ды й шчэ ўсталявалі
На дахах кулямёты.

«Красаўчыкі» — наўвогул
«Любят свой народ»:
Будуць ведаць сволачы,
Як танчыць карагод…

Стаяць людзі з торбамі
Ў чэргах ля СІЗА.
Адбыліся выбары —
Стогне грамада…

— Калі вы пачалі пісаць вершы?

— Пачаў пiсаць вершы ў СIЗА. Нават не меў уяўлення, што на гэта здольны. Там шмат у каго прачынаюцца патаемныя здольнасці, так адбылося і са мной. Людзi кажуць, што яны нядрэнныя. У мяне iх няшмат. Тое жыццё, што пражыў. Апошнi верш ужо напiсаў у Варшаве:

Мне лісты твае патрэбны —
Думкі, сказы, мроі, словы,
Каб праз моры-акіяны
Весці мне па хвалях човен.
Каб пазбегнуць мрокаў сполах
І за зьзяючаю зоркай
Я да той старонкі роднай
Шлях пракласці змог па хвалях.
А яшчэ тваё каханне,
Каб стрымаць я здолеў ліха,
І дадому павяртанне
Скончыў я ў бухце ціхай.

Чытайце таксама: Асуджаная па «карагоднай справе» Ганна Баран: «Стаўленне турэмнікаў да нас было, як да ворагаў народа»

— Пасля суда вас этапавалі ў бабруйскую папраўчую калонію №2. Кім вы там працавалі?

— Спачатку я адбываў «каранцiн». Гэта, дарычы, у Бабруйску вельмi цяжка, таму што ты павiнен ўвесь час з ранку да вечара знаходзiцца на вулiцы ў спецыяльным шпацырным дворыку. I нiкога не хвалюе дождж, снег, мароз, спякота. Калi трапляеш у атрад, то гэта мае назву «паднялi». Тыдзень, мусiць, цябе не кранаюць, даюць «аддуплiць», куды ты трапiў і як сябе паводзіць. Калi разумеюць, што ты адаптаваўся, то тады ужо iдзеш на працу. Гэта прыблiзна праз 10 дзён пасля «каранцiну».

Як i ўсе, я адразу трапiў на гумавую вытворчасць. Гэта самая брудная праца, што iснуе ў бабруйскай зоне. Мы цягнулi з гумы драты. Гэтую гуму зона перарабляла ў такiя чатырохкутнiкi (пласцiны) i прадавала ва Украiну па 400 еўра за адзiн чатырохкутнiк. Але пасля пачатку вайны Украiна адмовiлася ад iх.

Усе вязні павiнны цягнуць адзiн кiлаграм гумы ў дзень. Палiтвязням лепей цягнуць крыху болей. На гэтую працу ходзяць усе, нават недарэкі. Насамрэч яна дрэнная і вельмі шкодная, але ў калонii яе афiцыйна зрабiлi простай працай. Гума ёсць розная. Але палітвязням даюць адно лайно, з якога танюткiя драты лезуць у цела. Адзiн раз я са скiвiцы выцягнуў паўтара сантыметра дроту. Ты не заўважаеш, як дрот залазiць у цела, таму што табе на працу даюць толькi абцугі i мясцовыя пальчаткi.

З-за таго, што ў меня быў «борг» [грашовая пазыка], аднойчы выклiкалi да опера. Ён прапанаваў мне напiсаць заяву, дзе я добраахвотна пагаджаюся аддаваць дзяржаве ўсё, што зарабляю на зоне. Але ён зразумеў, что я зарабляю 80-90 капеек у месяц, а бухгалтэрыя не пералiчвае да аднаго рубля.

Праз некалькi месяцаў мяне перавялi на прамзону. Гэта ўжо сваё прадпрыемства на зоне. На промцы я займаўся дрэваапрацоўкай, быў цесляром. Мы рабiлi мэблю. Час, калi яе рабiлi для IKEA, я не застаў. Яшчэ рабiлi скрыні пад выбухоўкi, снарады i гэтак далей.

Папраўчая калонія №2 у Бабруйску

Чытайце таксама: Как выясняется, заключенные исправительной колонии в Ивацевичах делали мебель не только для IKEA

— Кім вы працавалі пасля выхаду на волю?

— У Пружанах, як і па ўсёй краіне, для палiтычных ёсць два варыянты: альбо збiраць камянi на полі, альбо перабiраць яблыкi на яблыкасховiшчах. Калi пад прымусам міліцыянтаў дайшоў да кiрмаша вакансiй, то адразу сказаў, што ў мяне вышэйшая адукацыя i што раней працаваў выкладчыкам. Але дзяржаўныя пасады палітвязню забароненыя. Мне адразу паказалі, што я вораг «Беларусіяніі». Далей мне адмаўлялi ў працы ўсюды, нават у ЖКГ. У ЖКГ вельмі хісткае палітычнае становішча. Яны баялicя, што з iмi нешта здарыцца, калi палiтычны будзе падмятаць двары.

Нарэшце мне ў калгасе прапанавалi перабiраць яблыкi за 500 рублёў. Але ў мяне забяруць 70 адсоткаў, трэба будзе iснаваць прыкладна на 125 рублёў. Я спытаў: «Якi cацыяльны пакет?» Яны адказалi: «Твоим соцпакетом будет фуфайка».

Аднойчы мiлiцыянт, якi хадзiў да мяне амаль праз вечар, спытаўся, чаму я не iду працаваць у калгас за 3 000 рублёў. Потым я даведаўся, что заробак у гэтым калгасе сапраўды 3 000 рублёў. Толькi людзі на рукi атрымлiваюць 400-500 рублёў, таму што з іх утрымліваюць за усё: дохлых цялят i г.д. Але туды палітычнаму таксама няма шляху. У вёсцы 500 рублёў так i засталося. А за 500 рублёў пражыць немагчыма.

— Былы палітвязень з Берасця Зміцер Абрамук так апісаў свае эмоцыі пасля выхаду на волю: «9 траўня я выйшаў на вуліцу, а там усе ходзяць са стужачкамі на грудзях і з шарыкамі ў колерах дзяржсцяга. Гэта непрыемнае відовішча. Зразумела, што многiя сагнаныя з заводаў і прадпрыемстваў, але ўсё роўна гэта занадта шмат для «загону». Калі вы выйшлі на волю, то адчулі, што людзі змяніліся?

— Безумоўна. Але мяне гэта не здзiвiла. Так i павiнна было быць. Трэба разумець, што зараз iдзе вайна паміж беларусамі і фашысцкім рэжымам [Аляксандра Лукашэнкi]. Адбываецца генацыд нацыі. Аб гэтым нават чык-чырык [Лукашэнка] кажа, толькi не дагаворвае, што вядзе вайну са сваiм народам, што ён хоча знiшчыць беларусаў з мапы свету. На тэрыторыi Беларусi мы моцна прайграем у вайне. У ворага ёсць грошы, улада, сiлавiкi.

З часоў панавання ў Беларусі Расейскай імперыі беларусы заўсёды знаходзіліся ў стане выжывання: размовы i думкi патаемныя, галоўнае выжыць, каб захаваць сябе. Таму не трэба здзіўляцца, што зараз так. Быццам нiчога не змянiлася, але адчуванне i выгляд, што шмат што змянiлася.

Але некаторыя падзеi нават мяне здзiвілi. Я чакаў, што выйду з калонii, i мяне хтосьцi сустрэне свой. Далей я па вачах усё зразумею. Але калi я выйшаў, то нiкога не было, пустэча. Пасля выхаду на «волю» [Алег лічыць, што тэрыторыя Беларусі — гэта не воля] працягнуў жыць у Пружанах. Людзi, якiя мяне сустракалi, пераходзiлi на iншы бок вулiцы. А падысцi i руку пацiснуць лiчыцца ўжо як мужнасць, але былі і такія мужныя людзі. Засталiся яшчэ беларусы, якiя нiчога не палохаюцца. Адпаведна, нiчога не скончылася. Уражанне такое, што ўсё. Насамрэч гэта не так.

Калi мяне забiралi апошнi раз, то стаялi ўсе суседзi, смецце выкiдвалi. Я бачыў ганьбу на тварах гэтых людзей. Я з iмi сустракаўся раней. Яны памiж сабой размаўлялi тады пра iншае. Беларусы ставяцца з ганьбай да сённяшніх падзей. Мажліва, яны больш разумеюць, што жывуць пры фашыстах, чым беларусы, якiя з’ехалi. Таму паводзіны іх не дзіўныя.

Зміцер Абрамук. Фота: ПЦ «Вясна»

— Чаму вы ўсё ж такі з’ехалі з Беларусі прыкладна праз паўгады пасля выхаду на волю?

— Трэба мець разуменне, што калi ты быў асуджаны за палiтычныя погляды, то пасля выхаду на волю ўсё роўна скончыш тым, што цябе зноў затрымаюць, гэта 100 адсоткаў. Вось мой прыклад. Некалькi месяцаў было спакойна, а потым пайшло: трое сутак, суд, 40 хвілін на волі — і зноў паехаў. Таму што яны iначай не ўмеюць працаваць. Там увесь час так будзе.

Пры маiм апошнiм затрыманнi я казаў кэдэбэшнiкам, што яны не кемяць толькi аднаго: што мы [беларусы, якiя супраць рэжыму Лукашэнкi] тут ні пры чым. Казаў iм: «Вы ўжо нарабілi столькi, што вас проста не вытрымлівае i ганьбiць увесь народ, нават ябацькi». А яны: «Тебя не было — у нас было все тихо».

Як яны працуюць? Скралi ў кагосьці ровар. Опер злавіў злодзея, той адседзеў год, павярнуўся дахаты, жыве ў супакоi. А тут зноў крадуць ровар. Опер не будзе шукаць злодзея. Ён прыедзе да таго, хто сядзеў за ровар, закатуе i замардуе яго, і ўсё, справа вырашана. Тое самае i з палiтычнымi. Дзесьцi хтосьцi размаляваў у пушчы прыпынкi, а прыйшлi да мяне, таму што ў той час я быў адзiны ў Пружанах сядзелец па палiтычным артыкуле.

— Атрымліваецца, што палітвязню пасля выхаду на волю не дадуць жыць годна ў Беларусі і трэба з’язджаць, каб зноў не затрымалі?

— Я лiчу, што так. I яшчэ дадаткова вывозiць усю сям’ю. Палохацца гэтага не трэба, у эмiграцыi таксама людзi жывуць. Канешне, гэта складана. Больш складана чалавеку будзе ў Лiтве з-за моўнага неразумення. Але там шмат хто ведае i расейскую мову. У Польшчы прасцей, калi ты ведаешь нават беларускую мову. Усiм, галоўнае, не варта ехаць у Расею, таму што немагчыма збегчы ад гаўляйтэра праз сховішча ў яго гаспадара. Проста павернешся назад у кайданах.

Пружаны. Ілюстратыўнае фота

Чытайце таксама: «Начальник наслаждался психологическим насилием над женщинами»: Монолог осужденной по «хороводному делу» Елены Лыскович

— Разам з былой палітвязынкай Таццянай Астроўскай вы запісалі відэазварот, у якім распавялі пра праблемы з Каардынацыйнай радай. Што здарылася?

— Калi я апынуўся ў Польшчы, то зразумеў, што нiкому не патрэбны. Я пайшоў на акцыю ў Варшаве, паразмаўляў з Паўлам Латушкам, знайшоў Сашу Кабанава. Ён мне распавёў, што iснуе суполка палiтвязняў. Калi я далучыўся да яе, то праз некалькi тыдняў зразумеў, што трэба рухацца далей, што ўсё змяняецца.

Акурат у гэты час у Кардынацыйнай радзе з’явiлiся месцы. Прапанавалi зрабiць такiя давыбары. У суполцы палiтвязняў, у якой каля 80 чалавек, узнiкла прапанова прадставiць сваiх дэлегатаў. Пачалi абiраць кандыдатаў у КР. Там людзi з розных мясцiн, не толькi з Польшчы. Я паспрабаваў і набраў 42%. З’явiлася прапанова ад кожнага месца вылучыць па аднаму кандыдату. КР адказала, што мы ўсе iм не патрэбныя, што дастаткова аднаго спiкера ад нас.

Чаму так? Мы ж будуем штосьці дэмакратычнае. Наладзiлi суразмову з КР. У КР такое становiшча, што нiбыта i не супраць, а нiбыта мы iм і не патрэбныя. З-за таго ўзнiклi розныя хібы ў працы i наш зварот да КР. Недарэчнасцi, незразумеласцi i хiбы ўсплываюць на роўным месцы. Iх не павiнна быць, а яны існуюць. Гэта абавязкова павiнна вырашыцца. Насамрэч нiчога дрэннага мы не прапануем. На сёння з сямі кандыдаў у КР засталося толькі два, яны на медыяцыi.

— Чым займаецца супольнасць былых палітвязняў?

— Суполка не стаiць на месцы. Па-першае, яна хоць і закрытая, але ўвесь час пашыраецца. Па-другое, усе падзеі там ідуць дэмакратычным шляхам. Людзі маюць свой голас, якім карыстаюцца. Яна пойдзе на новы ўзровень. Лічу, што далей яе жыццё будзе ў якасці асацыяцыі. Ствараецца БАП (Беларуская асацыяцыя палiтвязняў) пад назвай «Да волі».

Калi з’явiцца асацыяцыя, то стаўленне да нас будзе зусiм iншае. Асноўны накiрунак нашай працы — тое, што мы ўмеем: сувязь з палiтвязнямi, праца с палiтвязнямi ў Беларусi, з iх сем’ямi, з тымi, хто з’ехаў, дапамога на ўладкаванне палітвязням за мяжой, супраца з праваабаронцамі і платформамі, якія дбаюць пра палітвязняў. У БАП будуць уваходзіць усе палітвязні з 1996 года.

Людзi ў нашай суполцы маюць вельмi багаты досвед. Напрыклад, Таццяна Астроўская ўратавала больш за 100 чалавек. Але трэба разумець, што на валанцёрскай працы людзі моцна выгараюць і для гэтага таксама патрэбны БАП. Колькi можна працаваць вось так?

На сёння разуменне, што такое палiтвязень, адсутнiчае. Праваабарончыя пляцоўкi лiчаць, што ў Беларусі ад 1 500 да 2 000 палiтвязняў. Але калi мы паглядзiм на справаздачы карнiкаў з Беларусi, то зразумеем, што на 2022 год узбуджана каля 12 тысяч крымiнальных спраў па палiтычных падставах. Вось прыкладна столькi ў нас палiтвязняў. Пра iх нiхто не ведае, нiхто не дапамагае, з iмi няма сувязi. А колькi людзей выходзяць i не ведаюць, куды сябе падзець!

Рэжым давёў да таго, што затрыманыя па палiтычных падставах баяцца, што iх прызнаюць палiтвязнямi, а iх родныя баяцца распаўсюджвання iнфармацыi i просяць праваабаронцаў не прызнаваць затрыманых палiтвязнямi.

Чытайте таксама: Родственники задержанных беларусов боятся признавать их политзаключенными. Объясняем, почему это все-таки нужно делать

— Вы падкрэсліваеце, што былых палітвязняў не бывае. Чаму?

— Былых палiтвязняў няма, гэты статус назаўжды з чалавекам. Нават калi атрымаеш рэабiлiтацыю альбо адбудзецца люстрацыя ў Беларусi, усё роўна застанешся палiтвязнем. Зона дае адбiтак на ўсё жыцце, нават калi адседзеў месяц. Людзi скалечаныя псiхалагiчна.

Лiчу, што статус палітвязня павiнен захоўвацца аж да моманту палітычнай рэабілітацыі, якая магчымая толькі пасля прыняцця ў вольнай Беларусі двух законаў — аб люстрацыі і палітычна рэпрэсаваных.

Чакаць, што палiтвязнi павыходзяць i будуць тут рабiць бiзнэсы i ўсё астатняе, не трэба. Асаблiва калi твая сям’я страцiла на цябе ўсе грошы, што былi ў гаманцы. Калi я выйшаў, то BYSOL прапанаваў мне 300 еўра! Я адседзеў 1 год i 7 месяцаў. А калi чалавек пяць гадоў адсядзiць i яму прапануюць 300 еўра? Чалавек, які сядзіць у калоніі, увесь час цягне грошы з сям’і. Яму патрэбныя перадачы, пасылкі, нават проста грошы на краму.

Палiтвязнi робяць у Еўропе зборы праз BYSOL і атрымліваюць грошы, якія яны запыталi. Гэта цудоўна. А што рабiць чалавеку, якi ў Беларусi знаходзiцца? Я зладзiў збор з Беларусi: не мог паказаць сваё фота, iмя i прозвiшча, распавесцi сваю гicторыю. Каб не ПЦ «Вясна», мне б людзi не сабралi i палову таго, што я праciў.

У паседжанні замежнага Сойму Руху салідарнасці «Разам» узялі ўдзел сябры Беларускай асацыяцыі палітвязняў. 1 ліпеня 2023 года, Варшава. Фота: «Белсат»

— Як вы ацэньваеце дапамогу былым палітвязням?

— Яна, безумоўна, iснуе, але недастатковая. Палiтвязням дапамагаюць месяц-два-тры. А сэнс з гэтых месяцаў? Напрыклад, каб павярнуцца да жыцця, патрэбна ад паўгода да года. А дапамога для нас разлiчана на месяц-два-тры. Тыя, хто сядзелi не на вялiкiх тэрмінах, уладкавалiся на працу. А калi стан здароўя не дазваляе?

Няма iнстытута дапамогi палiтвязням, няма разумення, хто такi палiтвязень. Няма такога, што чалавек атрымлiвае паперы ад КР, Аб’яднанага Пераходнана Кабінета, правааборцаў, што вось ты палiтвязень i гэта назаўжды, таму што мы яшчэ не перамаглi рэжым. Да вяртання дадому невядома колькi. I гэты час палiтвязень павiнны неяк уладкоўвацца. Вось у гэтым складанасць уваходжання ў асяроддзе, што вакол нас.

Пасля выхаду на «волю» я моцна страцiў зрок. Простыя акуляры толькi пагаршаюць зрок, трэба спецыяльныя. Але мне пашанцавала з тым, што мяне выводзіў BYSOL у дрэнным стане. Я трапіў пад фундацыю Linkin Media на лекаванне. Яны абяцаюць, што купяць мне акуляры. Мне пашанцавала, але я грукаўся ва ўсе дзверы. А як іншым? А калі б не грукаўся? А калi б у мяне было пасведчанне, што я — палiтвязень, то, мажлiва, фундацыi дапамагалi б па сваёй iнiцыятыве. Праца з палiтвязнямі наладжаная недастаткова. Плануем наладзiць яе праз асацыяцыю палiтвязняў.

Я зараз жыву за збор BYSOL, грошай засталося няшмат. Што будзе далей? BYSOL адказаў мне, што другi збор я зладзiць не змагу з-за правiлаў фонда. Я падаўся на мiжнародную абарону, адпаведна, афiцыйна нельга працаваць. Я занёс ва ўжонд 260 аркушаў па сваёй справе. Так там казалі: «О, годны пан». Але што з таго… Колькi будзе разглядацца мая справа? Колькi месяцаў яны будуць перекладаць мае паперы? Дай Бог, каб за два месяцы разгледзелi справу. А калi не? Калi за шэсць? Улады Польшчы даюць мне 750 злотых на месяц. На гэтыя грошы асабліва не пражывеш. Што рабiць? Iсцi ў жабракi? Мы гэтага дабiвалicя? Каб палiтвязень iшоў на нелегальную працу дзеля таго, каб дачакацца, пакуль атрымае мiжнародную абарону!?

Мой прыклад кажа аб тым, як у нас наладжана сiстэма барацьбы. Усё пачата, ўсё цудоўна, але ўсё дзесьцi губляецца, ўcё недапрацавана. У гэтым наша дрэнь, з-за гэтага мы прайграем. Няма iнстытуцыi. Вось з гэтым поглядам я падаўся да КР. Хачу паспрабаваць змянiць гэта, але не ведаю, атрымаецца ці не.

Зараз ужо пачынаюць забываць пра палiтвязняў. Украiнская вайна ў два разы для нас больш небяспечная, але наша вайна ў два разы больш цяжэйшая. Мы вядзем барацьбу за свабоду нашай краiны і яшчэ дапамагаем Украiне. У нас ёсць беларусы-добраахвотнiкi, iм таксама дапамагаем. У нас два фронты: Беларусь i Украiна. Так і павінна быць, бо як інакш, але аб сваіх клапаціцца не трэба забываць…

Як павяртаецца калiновец з Украіны? Я не ведаю, якiя ў iх магчымасцi i становiшча. Але я ведаю, як павяртаюцца палiтвязнi. Добра, калi ты медыйны, калi ты Вiктар Бабарыка. А калi ты Кулеша? То ты ўжо нiхто? Калi мы рабiлi апошнюю выставу ў Музеi Вольнай Беларусi, то наўмысна павесiлi фота палiтвязняў рандомна. Мы хацелi паказаць, што ўсе аднолькавыя: што Бяляцкi, што Бабарыка, што Зянковіч, што Карповіч

Дыскусія аб лёсе палітвязняў. Злева направа: Вольга Гарбунова, Аляксандр Кабанаў, Алег Кулеша, Вольга Паўлава, Святлана Ціханоўская, Таццяна Астроўская. Варшава, 14 чэрвеня 2023 года. Фота: BG.Media

Чытайце таксама: Международные организации оказались «импотентны»: Как с участием Тихановской прошла дискуссия о судьбе политзаключенных

Avtor1

Share
Published by
Avtor1

Recent Posts

«Нашему погранцу под глаз дал». Из Польши в Беларусь по Варшавскому мосту перебежал голый мужчина

По словам очевидцев, мужчина ударил под глаз беларуского пограничника. За это его сразу задержали, надев…

2 часа ago

Музей на дому: в Бресте продается квартира с картинной галереей. Рассмотрели ее поближе

Комнаты в трехкомнатной квартире в Южном напоминают выставку картин. Узнали, сколько стоит такой мини-музей. 

6 часов ago

«Опрашивали около 15 минут с проверкой телефона». Что пишут в чатах про допросы на границе Беларуси с Евросоюзом

Если силовики во время допроса находят в телефоне критику властей Беларуси и России, то могут…

7 часов ago

Брестчанина задержали за комментарии, на границе вернулись автобусные очереди: что произошло в Бресте и области 1 июля

А в Брестской и Гомельской областях продолжается внезапная проверка боеготовности. Подробности этих и других новостей…

18 часов ago

Что снится Лукашенко? Петкевич в ответе за переизбрание, фальшивый сигнал Западу и в доску свой Крутой

Лукашенко возобновляет игру на два фронта: последние кадровые решения показаны как сигнал Западу, но на…

2 дня ago

Тэст. Шампіньёны ці пячýрыцы? Апяты ці апéнькі? Як гучаць на беларускай мове назвы вядомых грыбоў беларускага лесу?

Баравікі, абабкі, імшарнікі... Назвы грыбоў мы часцей за ўсе засвойваем ад бабуляў-дзядуляў ці бацькоў разам…

2 дня ago