«Карагоднік» з Пружан Алег Кулеша: «Польскія памежнікі чулі беларускую — і за хвіліну правяралі»

15.08.2023 16:38 Алег Кулеша. Фота: BG.Media. Источник фото

У рэжымных аб’ектах беларускамоўныя людзі выклікаюць у супрацоўнікаў шаленства. Фактычна ўсё выглядае так, нібы дзяржаўная мова адна — расейская.
Читайте BGmedia в:

Былы палітвязень Алег Кулеша цалкам адмовіўся ад расейскай мовы, калі выйшаў з ізалятара ў 2020 годзе. Пазней пружанец адсядзеў год і сем месяцаў за ўдзел у берасцейскім карагодзе, вызваліўся восенню 2022 года, а ў красавіку 2023 з’ехаў у Польшчу. Паразмаўлялі Алегам і дазналіся, што будзе, калі размаўляць па-беларуску на зоне, як купіць трусоў у пружанскай краме і ад чаго ў 2020 годзе плакаў стары БНФавец. 

Нагадаем, што BG.Media піша пра людзей, якія перайшлі на родную мову на фоне драматычных падзей апошніх гадоў, калі статус беларусаў у свеце хістаўся ад «герояў» да «агрэсараў». 

Читайте также: «Калi людзi вадзiлi карагод, я стаяў у сярэдзiне са сцягамі»: Алег Кулеша, былы палітвязень з Пружан

Залік «кулямётам» 

— Калі пачынаць з дзяцінства, то вельмі проста: у мяне бабуля размаўляла па-беларуску і па-польску. Па-расейску амаль што не размаўляла. Другая бабуля жыла ў вёсцы і цалкам размаўляла па-беларуску, на сваёй выбітнай мясцовай мове. Яна жыла ў Белавежскай пушчы, а там своеасаблівы народ — дзегцяры. Яны складаныя, жорсткія людзі, і яны трымаліся за сваю мову ў тыя часы. 

У дзіцячым садочку мовы ўжо не было. У школе я вучыў беларускую, мабыць, амаль што найгорш у класе. Выкладалі дрэнна, хоць выкладчыкі і мелі пазначку «заслужаны настаўнік» Беларусі ці Савецкага Саюза. Але штосьці мяне вабіла, калі я сядзеў на ўроках беларускай мовы. Толькі саромеўся, як і ўся моладзь, бо тады агульнае перакананне было такое: калі ты размаўляеш па-беларуску, то ты «з дзярэўні». 

Калі я паступіў у ВНУ, мне вельмі падабалася археалогія. Я паступіў на гістарычны факультэт у Берасці. Для мяне стаў сцежкай Сафрон Паўлавіч Жлоба (выкладчык Брэсцкага дзяржуніверсітэта, вядомы этнограф. — Рэд.). Ён размаўляў і па-беларуску, і па-расейску, і па-цыганску нешта мог сказаць. Мова выкладалася ў інстытуце таксама дрэнна, ніхто на гэта не звяртаў увагі. Нібыта такое: патрэбна, каб было, і ўсё. 

Мяне, акрамя археалогіі, вельмі зацікавіла наша этнаграфія. У тыя гады з’явіліся новыя выкладчыкі, якія размаўлялі толькі па-беларуску. Я памятаю момант, калі мы казалі: «Пастаўце нам аўтаматам залік». А выкладчык казаў: «Зараз я вам кулямётам пастаўлю».   

Яшчэ не скончыўшы інстытут, я перавёўся на завочнае, таму што ў мяне нарадзілася дачка, і трэба было за нешта сям’і існаваць. Трапіў у школу. Выкладаў гісторыю Беларусі. Замдырэктара — прыемны вельмі чалавек, але заўсёды на маё «Добры дзень!» казала: «Нахалеру ты вітаешся па-беларуску? Спыняй ужо, размаўляй па-расейску».  

А ў сям’і ў мяне карысталіся і беларускай, і расейскай. Калі прымалася рашэнне, на якой мове вучыцца дзецям, мы штосьці з былой жонкай вырашылі: хай ідуць простым шляхам. Зараз разумею, што насамрэч проста адбывалася знішчэнне беларусаў як нацыі. Але ў доме заўсёды стаялі кнігі па-беларуску. Купляў, сачыў, усё чыталася.

Читайте также: «Прабачце за маю беларускую». «Карагоднік» Ілля Ягораў распавёў, як пераходзіць на родную мову ў Літве

Таксама ў маім асяроддзі з дзяцінства заўсёды было заведзена, што нельга ганьбіць беларускую мову. Патрохі мы ёй карысталіся. Гэта была больш местачковая мова. Нават калі я да цёткі ў Расею прыязджаў, яна мне казала: «Размаўляй, калі ласка, па-пружанску». То бок па-беларуску. Вельмі быў здзіўлены, калі тэлефанаваў да яе ў 2020 годзе, а яна кажа: «Глядзіце, дэбіл нейкі ці вар’ят — па-беларуску размаўляе!» Мяне гэта настолькі пакрыўдзіла — я думаў: што ж у вас там адбываецца такое? 

Неяк у 2020 годзе прыходжу да бацькі — а ён быў хворы, пасля інсультаў ужо не хадзіў — ён падымае адной рукой кнігу і кажа: «Вось бачыш, сыночак, я таксама чытаю, пераходжу і карыстаюся беларускай, таму што зразумеў, што гэта вельмі патрэбна нам». Шкада, што ён праз кавід, праз інсульты, праз адносіны дзяржавы да такіх людзей не дачакаўся мяне з зоны. Прыйшла ў СІЗА проста абвестка: «Мы пахавалі бацьку».

«Насамрэч нас катуюць расейцы» 

Калі быў у Берасцейскім ІЧУ ў 2020 годзе, праз тое, што сядзела «качка» (зняволены, які супрацоўнiчае з адмiнiстрацыяй. — Рэд.), размаўляць не было аб чым. Меў шанец пасядзець і падумаць, і нешта ў мяне ўключылася. Магчыма, я проста зразумеў, што насамрэч нас катуюць расейцы. Насамрэч у Берасці бегалі расейскія войскі. Магчыма, мы гэта ўсё калісьці даведаемся. Нейкі гонар і годнасць усярэдзіне мяне пераключылі. Стала крыўдна за тое, як мы жылі. Я выйшаў і наўпрост перастаў карыстацца расейскай мовай. 

Некалькі месяцаў з мяне ўсе рагаталі, бо фактычна ў Пружанах ужо ніхто не валодаў беларускай мовай. Але потым людзі самі сталі друкаваць улёткі па-беларуску. Я бачыў сталага ўзросту чалавека, які быў у нас у БНФ, — ён трымаў гэтую ўлётку, моцна плакаў і казаў: «Няўжо я дачакаўся да гэтага? Гэта моладзь перайшла!»  

Толькі зараз, у апошнія гады, мы пачынаем вучыць сваю гісторыю нанова. 

Зараз я і думаю па-беларуску, інакш не жадаю. 

«Уся зона ведае, што ён размаўляе па-беларуску»

Калі трапіў у СІЗА, пачаліся цяжкасці і хібы недарэчныя, смешныя. Калі ты размаўляеш па-беларуску, цябе наогул там ніхто не разумее. Але гэта вялізная праца, бо нават гэтыя карнікі зразумелі, што ёсць людзі, якія размаўляюць па-беларуску.

Калі я рабіў замову, пісаў: «папера для прыбіральні» — мне прыносяць «папку с кнопкой». Я кажу: «Давайце тую замову, дзе я пісаў: што тут напісана?» — «Ой, прабачце». Пабегла, прынесла «бумагу для нужника». Калі я пісаў «папяровы ручнік» — мне прыносяць асадку. 

Калі прыехаў у калонію, адразу сустрэў чалавека, які сказаў, што ён намеснік узначальваючага калоніі, але ён расеец, мае расейскі пашпарт, таму не разумее па-беларуску, і нам трэба знайсці нейкі кансэнсус. Для мяне было дзіўна: гэта рэжымны аб’ект, што там робіць чалавек з расейскім пашпартам? 

Па сто разоў на дзень я чуў: «Говори по-русски», «Спроси по-русски».

Калі трэба було рабіць справаздачу, я пачаў рабіць па-беларуску. У мяне паляцелі бруд і лаянка ад гэтых маёраў. Праз колькі хвілін мяне прымусілі рабіць справаздачу па-расейску. Я пачаў рабіць і забыўся слова «народзіны». Пакуль узначальваючы, «хозяйка», як кажуць па фені, не нагадаў: «Нахалеру табе гэта патрэбна, уся зона ведае, што ён размаўляе па-беларуску». Выгналі мяне. Сказалі: «Падпісвай, што ты не стаў на выпраўчы шлях, і ідзі адсюль». 

Прыйшоў у бібліятэку калоніі і ўбачыў, што ўсё, што мае дачыненне да беларускай мовы, раскідана невядома як. Дзесьці праз месяц самі зэкі наладзілі, стала асобная палічка. Я лічу, што гэта тая самая праца: людзі пачалі чытаць па-беларуску. Мы знайшлі і чыталі па чарзе Доўнар-Запольскага, Ігнатоўскага. Канешне, ніхто не перайшоў канчаткова на беларускую мову, але людзі на зоне пачалі думаць, што яна ёсць. 

Читайте также: Мова перамен. Айцец Ігар Кандрацьеў: «Каб душа чалавека мянялася, мы шукаем мову, якою ён жыве»

Вярнуўся з зоны — прыйшоў у краму, а там акурат трусоў пачалі прадаваць. А кажу: «А пачым у вас вось гэтыя трусы?» Яна пачынае рагатаць. Я кажу: «Вы шалёная ці што? Па-беларуску майткі — гэта тое, што вы апранаеце. А гэта, што ляжыць на прылаўку, мае назву трус».  

Прыходзіш у той самы РАУС — нібыта законы напісаныя так, што ты маеш права карыстацца беларускай мовай, і з табой павінны размаўляць на тваёй мове. А ў рэшце рэшт яны кажуць: «Мы таксама маем права карыстацца нашай мовай, расейскай, і вы павінны размаўляць з намі тою, на якой мы размаўляем».  

Не размаўляць па-расейску — гэта вельмі цяжка. Штосьці знайсці ў гугл-пошуку па-беларуску надта цяжэй, чым па-расейску. Ты пішаш па-беларуску — табе выдае па-украінску. Некаторыя тэлефонныя сістэмы, напрыклад, Xiaomi, калі маюць беларускую мову, то гэта ўсё недакладна зроблена. Здаецца, Польшча — сябры, якія нас падтрымалі, якія нас ратуюць ад гэтага Лукашэнкі, — а заходзіш у банкамат, і там ёсць украінская, расейская, польская і ангельская мова. І працягваецца ўсё тое, што працягвалася яшчэ з савецкіх і дасавецкіх часоў, з рознага боку.    

«У Бранскай вобласці па-беларуску размаўляем» 

Калі вершы ў мяне пайшлі, я пачаў іх пісаць па-беларуску. Гэта было ў СІЗА.

СІЗА — гэта такая турма, дзе ў чалавека адраджаюцца патаемныя здольнасці, магчымасці, на якія чалавек нават раней не звяртаў увагі. Я бачыў чалавека, які не ведаў, як трымаць аловак у руцэ, а ён сеў і пачаў маляваць вельмі прыгожа.

Шмат людзей казала яшчэ ў 2020 годзе: «А што будзе далей? Як жыць далей?» А я казаў наўпрост: «Жывіце. Выгадуйце дзяцей, каб яны ведалі, што яны беларусы. Жывіце так, каб у вас у жыцці засталася наша мова». Зараз на тэрыторыі Беларусі гэтага не будзе.  

Цікава, што шмат беларускай мовы захавалася на землях, якія зараз нам не належаць. Вазьміце Смаленшчыну, Браншчыну. Там вёска ўся размаўляе па-беларуску. Якась мяне супыніў ДАІ пад Смаленскам. А я ўзяў сабе на ўзбраенне: пачынаў з імі размаўляць па-беларуску, яны шалелі і ўцякалі. А тут стаіць і не шалее, са мной размаўляе. Я кажу яму: «Хлопчык, а ты адкуль?» — «А я з Бранскай вобласці, таму ты мяне беларускай мовай не спалохаеш, мы ўсе ёй размаўляем». Урэзалі мне тады штрафу, мандат выпісалі, і паехаў я плаціць, таму што хуткасць парушыў. 

Там мова захавалася, таму што не звярталі на гэта ўвагі, ці мала як хто размаўляе па сваіх вёсках. Уся ўвага была на тое, каб знішчыць гэта на тэрыторыі Беларусі. 

Алег Кулеша на дыскусіі пра лёс палітзняволеных у Варшаве ў чэрвені 2023. Фота: BG.Media

«Панства сядзіць і прыслухоўваецца» 

Палякі здзіўляюцца, калі гучыць беларуская мова. Калі ў 2017-18 годзе я працаваў на фуры і пад’язджаў да польскага памежніка, пачынаў размаўляць па-беларуску, ён падымае галаву і кажа: «Pan mówić po białorusku?» — «Так». У мяне не было ні чэргаў, нічога. За хвіліну правяралі. 

Гэтак дзесьці тут і засталося. У Польшчы, калі ты размаўляеш па-беларуску, гэта паказчык таго, што ты вядзеш барацьбу за сваю радзіму.

Читайте также: «Праз беларускую прынялі за дыверсанта». Добраахвотнік з Баранавічаў — пра пераход на мову падчас вайны

Нам дапамагае тая ж Украіна. Украінцы тут размаўляюць па-украінску. І палякі разумеюць, што ёсць украінская мова, адпаведна, павінна быць дзесьці і беларуская. Чуюць яе, канешне, менш, але чуюць. Калі едзеш у цягніку, некаторае панства сядзіць, назірае і прыслухоўваецца: «Во, халера, на якой мове яны размаўляюць!» Украінская, беларуская і польская мовы фактычна маюць адныя і тыя ж вытокі. 

Зараз ідзе гібрыдная вайна з беларусамі ў Беларусі. Адна з самых галоўных рэчаў, што мы можам зрабіць за мяжой, — гэта выхаваць беларусаў, адрадзіць нашу мову, адрадзіць нашу свядомасць, каб потым гэта ўсё прынесці ў вольную Беларусь. Пры вяртанні гэтага вельмі моцна будзе не хапаць. Адзіныя, хто можа гэта зрабіць, — мы, людзі, якія зараз знаходзяцца ў замежжы. 

Галоўнае — не страціць хвалю беларушчыны ў сэрцы сваім. Бо я — беларус. 

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: